Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

паплыла і скора згінула з вачэй. Тагды Сіад вярнуўся да бацькі і расказаў яму аб сваей прыгодзе і аб зароку, што наклалі на яго.

— Бедны мой хлопчык, — сказаў кароль, – баюся я за цябе. Ува ўсім сьвеце няма нават трох чалавек, якія ведалі-б, дзе знаходзіцца гэты Востраў Скарбаў. А калі ты і знойдзеш яго, дык хутчэй пазбавішся жыцьця, чым здабудзеш бутэлечку з жывой вадой.

Сіад адказаў, што калі другія, больш слаўнейшыя, людзі паклалі свае галовы за гэтую справу, дык і яму ня сорам згінуць за яе.

Кароль парадзіў узяць з сабой дзевяць разоў па дзевяць чалавек, калі ён мае ахвоту выпаўніць свой зарок.

— Не, — сказаў Сіад. — Я не вазьму і дзевяцёх чалавек. Толькі ты дай мне карабель, а мае браты Сэуд і Мітсэуд няхай едуць са мной. Калі ёсьць якая магчымасьць здабыць ад царыцы, што на Востраве Скарбаў, бутэлечку з жывой вадой, дык я здабуду яе з помачай Сэуда і Мітсэуда. А калі гэта немагчыма, дык не памогуць і дзевяць раз па дзевяцьдзесят дзевяць чалавек.

Кароль даў яму самы лепшы карабель з усіх, якія былі ў яго прыстані, а раніцай Сіад, Сэуд і Мітсэуд адправіліся ў дарогу.

Два дні і дзьве ночы яны плылі бяз ніякіх здарэньняў. На трэці дзень далёка на моры паказалася нейкая кропка. Скора яны зразумелі, што гэта карабель, які нясецца ім на спатканьне. Калі ён падплыў, яны ўбачылі, што карабель быў надта вялікі, а калі ён яшчэ бліжэй падплыў, дык яны разгледзелі, што на ім ёсьць толькі адзін вялізарны асілак, які ростам быў вышэйшы за ўсіх асілкаў Нарвэгіі.

Як толькі караблі параўняліся, асілак запытаўся ў Сіада, хто ён такі і па якому праву езьдзіць па чужым водам.

— Няма чаго мне ўстыдацца свайго імя, — адказаў Сіад. — Я — Сіад, сын нарвескага караля. А ты хто такі і па якому праву пытаешся мяне?

— Я — Асілак Вялікіх Мароў і ў гэтых водах не дазваляю плаваць нікому.