Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вось, — сказала яна, — залаты грэбень, які будзе на мне ўсю ноч; я прабуду гэтую ноч, ад паўночы да сьвіту, ні на зямлі, ні пад зямлёю. Ты павінен забраць грэбень у мяне ў гэты час, а раніцай аддаць яго мне, — і яна засунула назад у валасы грэбень і выйшла.

Беднаму Джэку прыйшлося прызнацца, што яму гэтай задачы ніяк ня споўніць. Дужа заклапочаны ён выйшаў у сад. Там ён спаткаўся з карлікам, які запытаўся ў яго аб тым, што здарылася.

Джэк расказаў сваю бяду.

— Ня журыся, Джэк, — сказаў карлік. — Пабачым, ці не дапамагу я ў тваей справе.

Карлік пасьля таго адыйшоўся, узяў свой Плашч-Нявідзімку і стаў чакаць паўночы каля дзьвярэй Каралеўны.

Роўна за мінютку да паўночы Каралеўна выйшла з свайго пакою з залатым грэбенем у валасох і пайшла да Пекла. А рыжы карлік абкрыўся Плашчом-Нявідзімкай і пайшоў за ёю.

Яна ні разу не затрымалася нідзе, пакуль не апынілася ў Пекле. А карлік пракраўся і туды за ёй. Д’ябал вельмі абрадаваўся, убачыўшы Каралеўну. Яны пацалаваліся, паселі радком і вясёла гутарылі. Дзеля таго, што карлік быў атулены Плашчом-Нявідзімкай, дык яны ня ўбачылі яго, а ён паціхеньку падбліжыўся, выхапіў грэбень з валасоў Каралеўны і ўцёк на зямлю, дзе і аддаў яго Джэку.

На другі дзень Джэк за сьнеданьнем падаў Каралеўне залаты грэбень. Яна так зазлавалася, убачыўшы грэбень, што ажно іскры брызнулі з яе вачэй.

Увечары яна паказала яму дыямэнтавы пярсьцёнак на сваім пальцы і сказала, што яна будзе ні на зямлі, ні пад зямлёй ад паўночы да сьвітаньня і што ён павінен у гэты час украсьць у яе пярсьцёнак, а раніцай зьвярнуць яго ей.

Яна выйшла, а Джэк пайшоў ў сад і думаў аб новай задачы, як раптам перад ім зьявіўся карлік і запытаўся, у чым справа.

Джэк расказаў яму.