Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На гэты раз яны ўжо ня стукаліся ў браму, а падганяючы коней залатымі шпорамі, пераскочылі праз замковыя сьцены.

Калі слугі і ваякі ўбачылі незнаёмых, пераскочыўшых праз сьцены на конях, падкаваных золатам, дык сталі зьбягацца з ўсіх бакоў, каб паглядзець на гэты цуд. Карлік, як-бы слуга Джэка, браў з Бяздоннае Кескі поўныя жмені срэбра і золата і кідаў у народ.

Слугі пабеглі да Каралеўны Ўсходу, каб расказаць аб прыгожым і багатым малайцу, які прыехаў у сваты да яе.

Яны расказалі ёй, як госьці пераскочылі праз сьцяну замка на конях з залатымі падковамі і як яны раскідалі жменямі золата.

Каралеўна загадала пазваць да сябе Джэка. Джэк уваўшоў і як толькі зірнуў на Каралеўну, дык быў зачараваны яе красой, бо ніколі яшчэ ня бачыў ён такіх чорных валасоў, такіх чырвоных шчокаў і вуснаў і такой белай скуры.

— Ты прыехаў у сваты? — запыталася яна ў Джэка.

— Але, — адказаў Джэк.

— Добра, — сказала яна. — Кожнаму, хто жадае мяне сватаць, я задаю тры задачы. Хто рашыць усе тры задачы, таму я і буду жонкай. Але-ж, калі ён не рашыць хаця аднэй з трох задачаў, яму сьцінаюць галаву. Ці згаджаешся на такую ўмову?

— Я на ўсё згодзен, — адказаў Джэк.

Тады Каралеўна павяла яго ў Сад Галоваў, дзе паказала яму трыста шэсьцьдзесят пяць рожавых кустоў; на трыста шэсьцьдзесят чатырох з іх замест кветкаў сядзелі чалавечыя галовы.

— Вось яшчэ адзін куст без галавы, Джэк, — сказала Каралеўна, — але не пазьней, як праз тры дні, я спадзяюся ўбачыць і тваю галаву на ім.

Потым яна зноў павяла яго ў замак і накарміла смачнай вячэрай. Пасьля вячэры Каралеўна ўстала, каб разьвітацца з ім і пажадаць добрае ночы. Яна пры гэтым дастала з галавы залаты грэбень і паказала яго Джэку.