Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ня журыся, — сказаў рыжы карлік, — я дапамагу табе.

Ён узяў свой Плашч-Нявідзімку і ўночы стаў зноў чакаць Каралеўну. Роўна за хвілю да паўночы яна выйшла з сваіх пакояў і памчалася, не затрымоўваючыся нідзе, проста ў Пекла, дзе Д’ябал радасна сустрэў яе. Ізноў, пацалаваўшыся, яны селі радком і вясёла гутарылі.

Рыжы карлік у сваім Плашчы-Нявідзімцы стаў ззаду яе і няпрыметна сьцягнуў пярсьцёнак з яе пальца. Не азіраючыся, карлік уцёк з Пекла на зямлю і прынёс пярсьцёнак Джэку.

А калі раніцаю Каралеўна прышла на сьнеданьне, Джэк падаў ёй праз стол яе дыямэнтавы пярсьцёнак. На гэты раз яна яшчэ больш зазлавалася.

— Добра, — сказала яна, — ты выпаўніў дзьве задачы, але трэцяй ты ўжо ніколі ня споўніш.

Увечары яна сказала Джэку: — Я прабуду гэту ноч ад паўночы і да сьвіту ні на зямлі, ні пад зямлёй, а раніцай ты павінен падаць мне вусны, каторыя я цалавала ў гэтыя часы. Вось цяпер-то мусіць я ўжо атрымаю тваю галаву, дзеля таго, што ніводзін меч, зроблены чалавечымі рукамі ня можа адрубіць гэтых вуснаў.

І выйшла.

Бедны Джэк зусім зажурыўся і пайшоў у сад. Прапала мая галованька, — думаў ён.

Ізноў спаткаўся ён з рыжым карлікам, які і запытаўся ў чым яго гора.

Джэк расказаў яму пра новую задачу.

— Ня журыся, я дапамагу табе, — сказаў карлік і прыпомніў Джэку, што ў яго ёсьць Бліскучы Меч, зроблены нялюдскімі рукамі.

Зноў карлік завінуўся ў свой Плашч-Нявідзімку, узяў з сабой Бліскучы Меч і стаў ля дзьвярэй каралеўны. Перад самай паўночай яна выйшла з пакояў і пайшла ў Пекла, а разам з ёю пайшоў і рыжы карлік, якога яна не магла прымеціць.

Д’ябал прыветна спаткаў Каралеўну і выцягнуў ёй губы для пацалунку. У той самы міг карлік вы-