Перайсці да зместу

Срэбра жыцьця (1925)/Мельнікі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Срэбра жыцьця Мельнікі
Апавяданьне
Аўтар: Кузьма Чорны
1925 год
У вёсцы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мельнікі (Чорны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мельнікі.

Берагі схаваліся ў змрочных туманах, і рэчка ў вясеньнім разьліве, як бурнае мора. Вада дрыжала пад ветрам, адлівала ад месяца срэбрам ды білася пад млыном буйнымі ўдарамі. Млын калаціўся, скрыпеў падлогаю ды гуў каменьнямі. Гул выбягаў за сьцены і тануў у шуме бурнай вады.

На дварэ было весела, а ў млыне было нудна.

Млын знадворку быў, як палахлівы злодзей: насупіўшыся пад старою страхою, ён хітра падморгваў адным сваім скупа асьвечаным вакенцам цёмным кустом у вадзе і ўсё баязьліва скрыпеў ды стукаў, слабы перад ракой. У сярэдзіне млын быў, як пыльная нара, у мучным пыле цёмна гарэлі пры сьцяне дзьве курныя лямпачкі, аганькі трасьліся ды ганялі палахлівыя цені з кутка ў куток.

І ад роўнага гулу каменьняў, і ад пылу, і ад цёмнага сьвету хацелася тут легчы ды заснуць у смак, пакуль ня сьціхнуць гусьці каменьні ды дзень не патушыць скупога агню.

Каля каменьняў, упёршыся кулакамі ў бокі, стаяў мельнік Нічыпар Курыла — чалавек грузны і тоўсты, з чырвоным аплыўшым тварам і доўгімі валасамі на чуць аблысеўшай галаве. Уся яго постаць выяўляла сабой грубую і дзікую сілу і здавалася, што, каб даў ён кулаком па гэтым камені, камень-бы раскалоўся — і стаў. Мельнік глядзеў, як круціліся каменьні, з самаўпэўненай усьмешкай праходзіў з кутка ў куток ды зноў станавіўся на адным месцы і думаў вясёлыя думы…

У цёмным кутку, на мяшкох жыта, спаў Кірылка — рабочы з саўхозу — шчуплы і рыжы чалавек, з рэдкаю пакудлычанаю бародкаю, у старым кажушку і ў вялікіх салдацкіх чаравіках. Гэта была самая крайняя процілегласьць мельніку і постацьцю і голасам, толькі ў твары Кірылкі было нешта агульнае, нейкая думка, якая магла затаіцца сама ў сабе.

Цэлы дзень Кірылка перакідаўся словамі з мельнікам і гэтае нешта сваё вельмі яскрава выявілася ў гэтай гаворцы. У мельніка яно выяўлялася ў хітрым бляску вачэй і ва ўхмылцы так:

— Я то, брат, з табой гавару, але ты проці мяне нуль. Сябраваць-жа лішне з табою мне няма чаго.

У Кірылкі яно выявілася толькі ў частым мірганьні чырвоных вочак і яно гаварыла: — Сьпяваеш то ты добра, але няма вельмі ўжо рахунку прыслухоўвацца тут да твае песьні. Пагавары трохі, пакуль я зьмялю ды адгэтуль паеду.

Гэта ўсё кінулася ў вочы сыну мельніка — хлапцу Міхасю. Ён часта падыходзіў да Кірылкі і загаварваў з ім…

Цяпер Кірылка, натупаўшыся за дзень у млыне, хроп у смак, працягнуўшы ногі на мяшку.

Мельнік абышоў каменьні, падумаў і вышаў на ганак. Сыры вецер дунуў яму вострым холадам у твар, заблытаўся ў валасох ды шмыгануў зьнячэўку за каўнер. А пасьля мацней загуў у полі. Зьлева ад ракі поле гінула ў сьветлым змроку ды сваім прасторам весела глядзела мельніку ў вочы.

Мельніку ня трэба было кашляць, але дзе было дзець сілу, якая прасілася на двор; хоць-бы крыкнуць, ды няма на каго і чаго. І мельнік, кашлянуў:

— Гых, гых!..

Кашаль быў, як звон у вялікі чыгун, і далёка пашоў ён па ветры.

Было весела мельніку. За рэчкай хоць ляжала поле, адышоўшае цяпер ад яго пад усю вёску, але яшчэ частка хутара засталася, застаўся і млын. Млын захаваў за iм важнасьць i гонар. На гэтым трасучым ганку мельнік — важная асоба, як даўней дваранін. Ды гэта ўсё ня важна. Важна пачуцьцё, што тут старшы, што гаспадар…

Мельнік увашоў у млын і яшчэ паслухаў, як гудуць каменьні… Кірылка заварочаўся на мяшку.

— Эй, ты, э, уставай! — грунуў мельнік.

— Кажаце ўставаць? А чаго?

— Ну, як спаў?

Мельнік падышоў бліжэй. Кірылка падняўся і быў лахматы са сну і сьмешны ў цёмным кутку.

— Ідзі, муку выбірай; разаспаўся нешта ты, браце, сягоньня!

— От, паспаў трохі

— Спаць — яно добра. Ваш брат, як я пагляджу, любіць усё жыцьцё праспаць. Скажы, ці баліць калі аб чым клопатам твая галава? Хіба вы людзі! Вы на гатовым, вамі арудуюць, а вы…

— А чорт яго ведае, — адказаў Кірылка, а сам падумаў: „Няхай ты згары, зноў з гаворкаю вяжацца“.

— Я заўсёды стаяў цьвёрда на зямлі, — грымеў словамі мельнік, — гэта нічога, што ў мяне хутар адабралі, я ўсё-ж гаспадар сам сабе. Я калі тупну нагою, хоць можа ніхто не баіцца, але я ўсё-ж тупну.

Кірылка адчуваў, што мельніку няма чым хваліцца, што няма ў яго моцы і сілы тае, як даўней у жыцьці, і толькі гэта ўсяго, што млын у яго ў руках. Але й адчуваў яшчэ Кірілка, што гэта ў мельніка ад сілы, ад здароўя гэтыя словы. Што трэба было яму пакрычаць, пасьпяваць ці раскалоць сукаватую калоду, а ён вылівае сілу ў грымучых словах. Кірылка маргаў вачыма, маўчаў, слухаў ды нічога ня памятаў з гаворкі мельніка.

А ў мельніка гуляла па твары сытая ўсьмешка і, адчуваючы яе, Кірылка жмурыўся ды апускаў вочы ўніз. І ўсё думаў ён, каб як гэта скарэй эмалоць ды пайсьці дадому. Да дня яшчэ далёка. Ісьці прыдзецца змрочным ветраным полем.

Вецер будзе сьпяваць вясёлую песьню, зазіраць холадам у вочы, поле будзе шумець леташнім чорным быльнікам на межах, а гэта ўсё так прывычна Кірылку. І будзе яно любым пасьля кпінаў і насьмешак мельніка, глыбока захаваных у яго гаворцы і ва ўсёй яго постаці…

Кірылка пашоў выграбаць муку.

Задняя сьцяна трашчала ад ветру; чутно было, як кіпела вада, ды поле сьпявала радасныя песьні бурнай ночы. І ўяўлялася, што там, за гэтаю старою, пыльнай сьцяной, з неба, з-за рэдкіх хмар лінуліся на зямлю ручаіны яснага змроку, зьмяшаліся з белым туманам і загулялі ў дзіка вясёлых скоках па звонкай вадзе. Паплавы прытаіліся слухаць гэтую бурную мэлёдыю зыкаў, а поле адгукнулася роўнымі песьнямі. Усё ж разам мела ў сабе, нават і ў сваёй вясёласьці, адзнакі глыбокай за дзікай зямлі і кустоў, на якой і сярод якіх спрадвеку прывык лічыць сябе вялікай сілай здаровы мельнік — Нічыпар Курыла.

Думкі ў Кірылкі пачалі плысьці роўна аб полі, аб ветры, аб мяшкох з мукою, аб саўхозаўскіх плугох, якія трэба будзе заўтра памагаць кавалю правіць. І мянялася ўсё ў галаве павольна, як-бы ад пачуцьця, што жыцьцё будзе бясконца доўгім, яму канца-краю ня відаць, і яшчэ многа чаго зробіцца, многа перадумаецца. І ўсё, што будзе, ёсьць і робіцца — мае свае прычыны і законы.

Кірылкавы думкі разагнаў звонкі рогат на другім паверху млына. Кірылка пачуў голас мельнікавага хлапца, і яшчэ больш нечыя галасы загулі мацней, грануў зноў зычны рогат, а пасьля ўдвух хвацілі баявым мотывам:

Мельнік меле і пытлюе,
Адвярнецца й пацалуе,
Г‘эх!

„Зноў, мусіць, ліха ім, пра мельнікава вясельле гавораць“, падумаў Кірылка. „Там весялей“. Скарэй-бы муку, выграблі, — сказаў сам сабе Кірылка.

— Што кажаш?! — грунуў мельнік, падыходзячы да Кірылкі.

— Нічога. Так сабе, мука, кажу, вельмі марудна выграбаецца.

— Хто табе не дае спрытней выграбаць?

— А хто мне можа перашкодзіць?!

Мельнік упёрся ў бакі кулакамі і пашоў зноў на ганак. Кірылка выграб муку й палез на гару к хлопцам. Было ў яго нецярплівае жаданьне слухаць і рагатаць ад вясёлых гаворак.

На версе хлопцы сядзелі на пустых мяшкох цеснаю кучаю. Было іх два — з вёскі з-за ракі, а трэці — Міхась. Хлопцы чакалі, каб хутчэй малоць, і гаварылі з Міхасём аб ім і яго бацьку.

Кірылка доўга міргаў вачыма перад імі, тупаў на адным месцы, пакуль сеў, і думаў, што з яго зараз-жа пачнуць сьмяяцца хлопцы. А тыя перавялі на яго вочы ды зноў загаварылі:

— Дык ён, — гаварыў Міхась павольна расстаўляючы словы, — як толькі пачнецца раніца, дык і пачынае сваю гаворку каля мяне. Ужо два тыдні дыхнуць не дае — усё ўгаварвае мяне ісьці ў прымы к Ільлюкевічу. Усё думае — мяне тым саб‘е, што там хутар, як маёнтак.

— К Ільлюкевічу!? — умяшаўся Кірылка, а пасьля, засароміўшыся свайго пабабску танклявага голасу, сьціх і заміргаў вочкамі. А пасьля паківаў на бок галавою ды сам сабе з захапленьнем сказаў ціха:

— Гэта ж у Ільлюкевіча адных авечак поўсотні будзе. Дурны, калі яшчэ не захоча ў прымы ісьці.

— А ты што? — запытаў Міхася вясёлы голас.

— А я нічога. Згарыць ён няхай з сваім Ільлюкевічам. Яму не патрэбен ні я, ні Ільлюкевічавы прымы, а толькі хоча ён збыць мяне з дому, каб толькі не перашкодзіў ніхто яму зноў ажаніцца.

— І-і-і, чацьверты раз?! — ня выцерпеў Кірылка, — значыць, ён у сабе яшчэ сілу чуе. Вось, значыць, даўнейшыя людзі якія!..

— Ну, а цяперашнія? — са сьмехам запытаў адзін з хлапцоў.

— Што цяперашнія! — радасна адказаў Кірылка, цяпер у трыццаць год ужо не чалавек, а смаркач. Нашто вам што, у мяне ёсьць кум каля Пясочнага, дык самая пара яму жыць, а ён дыхавічны й плюгавы… Была, значыць, такая справа. Паехаў ён, значыць, быў раз, у гэтае, а там якраз салдат перагэтае. Ну ён сюды туды, бачыць — ідзе к яму мундзер-ахвіцэр і гэтае…

— Ну, а як жа ты? — запытаў голас у Міхася, ня слухаючы Кірылкі.

І Міхась пачаў гаварыць:

— А я думаю пакінуць бацькаўскі хутар, няхай ён праваліцца, няхай ён. Усё зьбірае, хоча ўвесь сьвет глынуць, а на чорта гэта чалавеку.

— Як то на чорта? — ня выцерпеў Кірылка.

— Чорт яго бяры з усім, — гаварыў Міхась, — думаць толькі аб тым увесь век, што ты бачыш на тры крокі вакол сябе, закапацца ў авечкі, ды складаць грошы чорт ведае на што і каму.

— Эх ты, мазюр, — сказаў сам сабе пад нос Кірылка: — дабраў розуму. Ужо ён нешта лепшае ўведаў!..

— Як толькі пачнецца дзень, дык і пачынаецца. Сам хоча, каб я быў, якім ён хоча, а між тым у прымы выпраўляе, каб не перашкаджаў яму. Ды яшчэ хоча мяне на свой капыл перарабіць, запісаўся я ў сельска-гаспадарчы гурток, а ён мяне за гэта, як іржа жалеза, точыць. На што табе, кажа, гэта?

І раптам павысіўся ў Міхася голас, стаў непазнаваемы. Адчулася ў ім глыбіня думак і пачуцьцяў, яшчэ няроўных, нявытрыманых:

— Гэта-ж пражыў я 20 год на сьвеце, тут на хутары ў бацькі, і ніколі ня было ў мяне здаваленьня. Бацька абставіў сябе кадушкамі жыта і, радасны на ўсё жыцьцё, сьмяецца над усім сьветам, а мне хоць-бы як вырвацца на той бок гэтых кадушак. Яшчэ зьяўляецца ў яго думка пачаць гандляваць коньмі.

— А дзе-ж ты дзенешся, калі пойдзеш ад бацькі?

— Зараз мяне возьмуць у армію, — панізіў голас Міхась, — гэта і будзе пачатак таму, што мяне адарве ад чортавага хутара. Гэта ж увесь век так можа прайсьці ў вечных думках, як-бы гэта пабольш выцягнуць адусюль адусюль багацьця, як-бы гэта прыбраць к рукам усякага, хто табе на вочы пападзецца. Ды яшчэ як зьбяруцца ў доме да бацькі швагры ды кумы… Загэтым і ўцякаю заўсёды на вёску к людзям.

І раптам у Кірылкі шавяльнулася нешта ў грудзёх. Ад няпрывычкі думаць, думкі заблыталіся, толькі адчуў ён смутна, незразумела, што гэта ж б‘ецца нешта тут, як-бы ў няволі:

Вось сьпяваюць ветры на палёх; па леташвінім іржышчы слаўна йсьці будзе дадому дось віткам і будзе ўсё ў чалавека добра і радасна. А гэта тут-жа ходзіць чалавек, тое-ж самае слухае і бачыць, ды рвецца некуды. На адной зямлі нек усё пляцецца, блытаецца“.

Тады Кірылка падняўся і захацеў гаварыць хлопцам аб тым, як ён ніколі нічога ня меў, а заўсёды весела й лёгка хадзіць яму і палявымі дарогамі, і кладкамі цераз рэчку. Не стаіць у яго кадушак дома з жытам, а ён тут весела меле; там яго ўсе ганяюць…

Але й словы ў Кірылкі зблыталіся, і ён сказаў хлопцам:

— Але-ж і вецер на дварэ ўсходжваецца. Гэта ж гэтак сіберна сьцяна трашчыць. Мусіць, пачнуцца дажджы, цёпла вельмі-ж.

Пасьля пачуў голас Міхася:

— У арміі пагляджу сьвету й людзей…

— Ну, а ён такі праўда, з гэтаю Ганнаю, бацька твой? — пачуўся голас.

— Праўда. Наняў быў, значыць, у найміткі, а гэта мяне ўжо выправіць к Ільлюкевічу хоча, а сам ажаніцца.

— От, браткі, мацак! — сказаў Кірылка.

У яго ўжо прашоў востры настрой і зьявіўся звычайны: сьмяяцца над усім сьмешным і сумаваць перад усім сумным. А хутчэй усяго рабіць від, што ён гэтакі.

І разам зарагаталі хлопцы з Кірылкавых слоў. Ужо яны адчулі, што Міхась — хлапец іх, што калі ён прыдзе да іх у комсамольскую ячэйку, яны яго там шчыра спаткаюць. Зьявілася ў іх блізасьць да Міхася і як бы вышаўшы з нейкага кутка, давіўшага іх цеменьню, ім стала зусім весела.

— Але Кірылка адразу зьмікіціў, што твой бацька мацак. Як гэта ты, Кірылка, гэтак усё пазнаеш, дзе што й да чаго! Лоўкі ты, Кірылка…

— А мне што, — адказаў трохі прыціхшы кірылка, — маё дзела старана, я не мяшаюся ў чужыя справы. Я адно часам слова прыстаўлю. Я-ж кажу, маё дзела цялячае…

Мацней затрашчала сьцяна, і вецер прынёс аднекуль здалёк сабачы брэх ды галасы пеўняў. Кірылка зашпіліў каўнер і пашоў уніз да мельніка. Хлопцы пачалі спускацца за ім. Ужо ім зноў хацелася сьпяваць, жартаваць з мельнікам, або плысьці па бурнай рэчцы проці вады…

Усё таксама роўна ўнізе гулі каменьні, і мельнік, Нічыпар Курыла, узяўшыся ў бакі хадзіў і моцна стукаў ботамі па старой падлозе. Твар у яго быў зусім чырвоны і трохі прыпухшы пад вачыма, — мусіць, ён толькі што адагнаў ад сябе дрымоту. Пасьля ён стаў зноў над каменем і, як-бы думаючы нешта лёгкае, дрымотнае, глядзеў, як ён круціўся ды зьліваўся ў вачох у гладкае шэрае кола…

У млын прыбегла Ганна — круглая постаць і чорныя вочы. Ёй, мусіць, ня спалася дома або ўстала досьвіткам з празьмернай руплівасьці. Як гаспадыня, агледзела яна цёмныя куткі ў млыне, агледзела хутка ды загойдала станам, ідучы да каменьняў.

— Што ты дзядзька, — маргнуў адным вокам хлапец, стаўшы каля мельніка, — пахаваў тры жонкі ды бярэш чацьвертую?

— Ну, а што, бярэ бог, бяру й я.

І сам ухмыльнуўся мельнік, разам з рогатам хлапцоў.

Ганна вінавата глянула на ўсіх і паволі пашла на ганак.

— Як ты аб гэтым думаеш, Кірылка? — сказаў хлапец.

— Што ты ў мяне пытаеш, пытай у яго, маё дзела — старана.

І маргнуў Кірылка на мельніка, а Мельнік ужо быў у дзьверах — выходзіў на ганак.

Міхась маўчаў на мяшкох.

Голас у Кірылкі стаў сьмялейшым, як-бы жартаўлівым трохі:

— Што ты, Міхась, думаеш тут. Табе — самы раз жаніцца, бачыш, бацька, якім казаком зрабіўся.

Давай яму раду, давай, — зарагаталі хлопцы.

— А што думаеце, — апраўдваўся Кірылка, — Ільлюкевіча дачка — уг-га, дай божа на ўсякага добрага.

— А калі я яе ня люблю, — хмура махнуў рукою Міхась і сур‘ёзна глянуў на хлапцоў.

— От, абы чалавек, я вам, браткі, скажу, — пачаў уваходзіць у ролю Кірылка, як я быў маладым, дык, каб мне столькі здароўя, колькі я праўду кажу, што трафлялася часам, як той казаў…

Боўтнула моцна вада пад падлогай і перарвала Кірылкавы словы. А пасьля пачулася ціхая гаворка на ганку

— Я яго выпраўлю ўсё роўна ў прымы, тады усё пойдзе як мае быць, — гаварыў мужчынскі голас.

— Дык неяк нядобра. Усё ж сын ён табе, а выходзіць, што ты зжываеш яго з роднага дому, — баязьліва сказала жанчына.

— Што там сын; я яго не таплю, на згубу, яго не вяду, а пускаю па чалавечай дарозе. Там-жа ў прымах будзе яму цэлы хутар, чаго яму яшчэ трэба. Я, што-б там ні было, даб‘юся гэтага…

Тады Кірылка ўбачыў, што ўсе ў млыне чулі гэта. Ён з урачыстым выглядам глянуў на ўсіх, падняўшы многазначна палец угору, як-бы хочачы сказаць:

— Той чалавек, што на ганку, мае вялікую жыцьцёвую практыку. ўсякага можа пусьціць па добрай дарозе.

А разам з тым і сабе зробіць выгаду.

— Выводзяцца цяпер гэткія лоўкія людзі, — сказаў ён, памаўчаўшы.

Тады падняўся з мяшкоў Міхась — пануры і цёмны ад змроку. Падышоў ён бліжэй да дзьвярэй і стаў.

І зноў загаварыў мужчына на ганку, ціха й рашуча:

А там ён будзе на новым сваім хутары гаспадарыць і наш хутар і яго будзе адна гаспадарка. Разам будзе, як маёнтак, а запісаны будзе на дваіх. Вось тут і політыка. Выгаднае дзела…

Міхась, ківаючыся ў бакі, падышоў да хлапцоў, глянуў на Кірылку, як-бы шукаючы ў людзей спачуваньня ці дапамогі. Пасьля для нечага абышоў каменьне, рашуча пашоў на ганак.

— Няўжо ты, бацька, думаеш, што гэтак і будзе, — пачуўся голас Міхася, трохі заглушаны ветрам.

— А як-жа йначай можа быць, — ужо не сказаў, а грунуў словамі бацька.

— Усяк іначай, толькі ня гэтак!

— Толькі гэтак!

— Калі так, я сягоньня зусім пакідаю дом разам з тваімі хутарамі.

— Ня дуры галавы, блазан.

Голас у Міхася стаў раптоўна нэрвова-дрыжачым і праразьлівым:

— Ты ня дуры маю, хто табе даў права нада мною…

Кірылка радасна пацёр рукамі, на пальчыках скоранька пашоў к дзьверам і радасна азірнуўся на хлапцоў. Быў у яго такі выгляд, як-бы ён адчуваў перад сабою вялікую ўцеху, якая напоўніць усё жыцьцё бяскрайнаю лёгкасьцю й шчасьцем. Хлопцы спакойна пашлі за Кірылкам.

— Дык дзе ты дзенешся, каму ты патрэбен; думаеш, цябе там недзе чакаюць? Такіх гультаёў, як ты, цяпер хоць канавы масьці.

У голасе мельніка адчуваўся фаталістычны спакой чалавека, упэўненага ў тым, што толькі ён адзін гаворыць і робіць усё, як належыць.

— Я з табою больш гаварыць не хачу, — сказаў ужо штучна-спакойным голасам Міхась, — я ня буду з табою жыць, калі ты такі бацька.

— Дык што, я табе ня бацька? Ты чуеш, што я табе кажу?

— Сабака брэша, вецер носіць, — адказаў Міхась і пашоў з ганку.

Мельнік рвануўся наперад, схваціў Міхася за плечы i ўзвалок назад на ганак. Міхась ткнуў яго ў грудзі і абодвы замітусіліся на халодным і цёмным ганку. Хлопцы выскачылі на ганак, каб умяшацца, а Кірылка шмыгнуў назад у млын:

„Трэба быць у баку ад усяго, а то яшчэ ў гэтую кашу ўмяшаюць“, думаў ён, маё дзела цялячае…“

— А божа-ж мой! — крыкнула на ганку жанчына і ўбегла ў млын.

Убачыўшы яе цёмную постаць, Кірылка палез на верх…

Хутка на ганку ўсё сьціхла. Міхась з хлапцамі пашлі ў сьветлы змрок раньняга досьвітку, а пад мельнікавымі нагамі цяжка заскрыпела старая падлога млына. Ён знашоў у цёмным кутку заплаканую Ганку і пачаў ціха з ёю гаварыць.

— Чаго гэта на ганку шум быў? — сказаў паціху Кірылка, сходзячы з гары.

— Чаму табе?!А нам

— Так, маё дзела старана, я задрамаў быў трохі на версе, а пасьля чуў крык нейкі. Я думаў, са сну можа гэта што зламалася тут, ці якая іншая бяда, ды хутчэй давай злазіць на ніз — можа памагчы што, думаю сабе, трэба.

— Ідзі ты к…! — крыкнуў хмурна мельнік.

— Дзень нахапіўся скора, — адказаў Кірылка, а вы чаго злуеце?

І пашоў выграбаць апошнюю муку. І стала зноў на душы ў яго спакойна і лёгка. Зноў прыпомніў ён саўхозаўскія плугі, сырыя межы полі ды вецер над пустым полем.

Хутка выграб ён апошнюю муку, закруціў на шыі парваны шаль, кіўнуў мельніку галавою і пашоў у саўхоз па фурманку. І ўжо думаў, што мельнік вялікі практык у жыцьці.

„А Міхась? — зьявілася раптам новая думка.

— Ат, што галава, то розум, — сказаў ужо моцна Кірылка ў адказ на гэтую сваю думку і махнуў рукою.

А пасьля ўжо, узышоўшы на іржышча, несьвядома адчуў, што ў Міхася праўда. Хацеў гэта прапусьціць скрозь думкі, ды думкі зблыталіся. І ужо ціха ішоў ды слухаў, як за ім шумела рака, а ў саўхозе скрыпеў калодзезь ды пеўні сьпявалі.