Перайсці да зместу

Срэбра жыцьця (1925)/Срэбра жыцьця

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Срэбра жыцьця
Апавяданьне
Аўтар: Кузьма Чорны
1925 год
Мельнікі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Срэбра жыцьця (Чорны, апавяданьне).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Срэбра жыцьця

I

Рыжая барада трасецца, у бакі ходзіць ад дробнага сьмеху.

— Гы, гы!.. Вучыць. Дзьмухні, кажа, на агонь — пячы ня будзе. От, зараз як дзьмухну за такую раду галавешкаю ў рыла, дык навучыш… Гы, Гы!..

І зморшчаны рогатам і гарачынёю адсоўваецца ад агню чырвоны, шырокі твар.

— Гэта-ж не агонь, а твая, дзядзька, уласная барада цябе гэтак смаліць…

— Гы, гы!..

Злаваць прабуе рыжы дзядзька, ды нічога ў яго ня выходзіць. І зноў ён рагоча. І ўсе з ім. Дрыжыць ад сьмеху яснае ад агню кола назямлі.

— Гы, гы, гы!..

Трашчыць агонь сухімі суччамі. То расьсьцелецца нізка — прыпадзе да зямлі, то шыбане раскудлычанай галавой угору. Выхватвае з чорнага змроку чырвонае калясо дзядзькавага твару, разам з тварам — запэцканыя гразёю боты.

З боку бясформенная куча — пераблытаныя ногі, рукі і галовы, паднятыя калені; шырокія сьпіны.

Горш яшчэ моршчыцца дзядзька, пхае чорным сукам у боты:

— Т-ты, э-э!.. Т-ты! Боты адцягні ад твару, а то ў нос дае. Распусьціў свой дзёгаць ці ворваль перад самым носам, хоць сякеру вешай… Чым ты іх мажаш, чорт цябе ведае, гэтыя свае шкрэбалы?!

Каля агню паднімаецца галава. Пара насьмешлівых вачэй колюць мякка рыжага дзядзьку. Зноў чуваць стрыманы сьмех. Узьнімаюцца ўгору калені і боты паволі адпаўзаюць назад.

— Мікіта дзядзьку з ботаў у нос дух пусьпіў!

— Сьвяты дух Мікіта распусьціў!

— Х-ха!

— Гы, гы!

Між кустоў, баязьлівых, цёмна-дрыжачых, ходзіць рогат з дымам. Трасецца агонь, трасецца ноч. І здаецца ад рогату — пустадробнага трашчаць косьці ў суставах.

— Не пацягайся так, дзядзька — на кускі разарвешся!

— Эх-х-г-х!..

Голас у дзядзькі шурпаты:

— Мікіта, глянь ты, адно, на зоры — за поўнач пераваліла?

— Пераваліла.

Вострым пахам махоркі цягне ад агню — клінок даўно брытай барады ўткнуўся ў зямлю, цыгарка — у жар.

— Г-гых!..

І трэснулі зноў косьці ў суставах.

Усхваціўся Мікіта, пашоў у кусты. Рыжы дзядзька за ім.

Абодва яны як-бы старшыя тут. Старшымі то іх ніхто ня ставіў, але вышла так, само зрабілася.

Бежанцы яны ўсе; дзесяць чалавек іх пры агні. Цэлы год яны разам. Тут яны тры тыдні блыталіся па прыгародных вёсках, касілі ў саўхозе атаву, жылі там у саломенай будцы за садам, пры рэчцы. А потым Мікіта з рыжым дзядзькам успомнілі пра леташнюю працу ў гэтым горадзе і павялі ўсіх на знаёмае месца.

— Ды хіба вы, таварыш, нас ня памятаеце, гаварыў Мікіта загадчыку работ на чыгуначнай станцыі, — мы-ж тут месяцаў два летась былі, тую, вунь, горку скопвалі.

А хто вас ведае, — гаварыў той, — у мяне за год тысяча вас перавернецца. Што, я павінен памятаць кожнага ці што?!

Ды як-жа нас забыць? — устаўляў слова дзядзька: — Мы-ж з Мікітам бадай што адны ўсе шпалы на пуці паразвозілі.

— З якім яшчэ Мікітам?

— Ну, а са мною, — весела абзываўся Мікіта, падступаючы бліжэй і тыкаючы пальцам сабе ў грудзі.

Уся яго высокая і тонкая фігура выяўляла ўпэўненасьць, што цяпер яго абавязкова прыпомняць.

— Колькі вас усіх?

— Дзесяць чалавек…

Цераз гадзіну, яны сядзелі ў таварным вагоне і грызьлі хлеб з гуркамі, а к вечару зацягнуў іх паравік за дзесяць вёрст, на паўстанак. Вагон і астаўся ім прытулкам.

Кожную раніцу прывозілі ім некалькі вагонаў пяску, і днём высыпалі яны яго на дарогу. А сягоньня падвязьлі іх бліжэй да гораду, вёрст на пяць. Маленькі паравічок „Кукушка“ сьмешна фыркнуў, засьвістаў нешта баявое і ўцёк у горад, зацягнуўшы за сабою іх вагон. І яны засталіся ў кустох, у дашчанай будцы.

Заўтра яны зробяць апошнюю працу і тады завязуць іх куды-небудзь іначай. Яны прывыклі да новых мясцоў, і куды іх не завязуць ім усё роўна, цікава нават новае ўбачыць.

II

Абшар зямлі — як мора, змрок і сьвет — як хвалі.

Дзень ідзе.

Паўзе з празрыстага поля.

За пяць вёрстаў — горад сонна абазваўся новаму дню. Зазваніла нешта жалезам і абарвалася, крыкнуў нехта хрыпла, сіплым стукам, кінуўся раптам угору і ўпаў.

Дрэмлюць кусты, тлее вугальле. Агонь пацягаецца ў перадсьмертнай млосьці, патухне і блісьне, патухне і блісьне. У кустох сьмяецца вада ранешнім сьмехам:

— Люг-бр-люг-бр…

Тухне агонь і дрэмлюць людзі.

Мікіце ня сьпіцца.

Шырокаплечая жыкетка яго рудзее сукном на граніцы кустоў і поля, пры цёмных рэйках дарогі. Гульліва памахваецца ў руцэ дубец бярозы. Глядзяць вочы цераз шэрань зямлі…

Апошняя праца і новае месца!

Нешта ёсьць у слабым адсьвеце новага дня, у няроўным абрысе гораду, за полем, у вострым паху асеньняга імху, у кустох, што прашло скрозь нутро ў Мікіты, адагнала ад яго сон і зьвязалася з гэтым.

Новае месца!

Цямнеюць на сьветла-жоўтай істужцы дарогі рэйкі, пашлі яны ў новае месца. Прападаюць яны на граніцы зямлі і неба. Там чуць відзен узгорак, і, здаецца, стаўшы на яго, убачыш усю зямлю.

Некалі, даўно, прырос быў моцна Мікіта да паласы зямлі і да аднэй хаты. Як адарвалі яго ад гэтага — быў ён як зьвязаны, адчуваў тое моцнае, што зьвязала, прыкавала яго. Раскавалі Мікіту час, новыя месцы, варункі жыцьця… Недзе далёка прапала для Мікіты паласа зямлі і старая ўласная хата, зьявілася ў яго да гэтага абыякасьць. І часта, несьвядома для яго самога, зьяўляецца ў Мікіты прагнае жаданьне моцна прыпасьці да ўсяго таго, што ёсьць на зямлі, напоўніць усю зямлю істотаю сваёю, абхапіць усіх сваёю радасьцю існаваньня, усім сказаць аб ёй.

На кожным кроку зямлі ў жыцьці радасьць. Уваходзіць у Мікітавы грудзі пах сырое зямлі, прэлай ад імху ў кустох, золата падгніўшага лісьця.

Пранізаў пах Мікіту вясёлаю думкаю аб працы каля сырога пяску ў сонечны дзень.

Несьвядома для яго, недзе далей за думкаю, закалацілася ў ім нешта вялікае, глыбокае, падняло яно ўсю істоту над зямлёй, напоўніла вясёласьцю сьвядомасьць аб жыцьці.

Вольнаму чалавеку лёгка на зямлі!..

Сонны голас шурпата паўзе з пад вогнішча праз кусты ў густую раніцу:

— Г-гэ, Мікіт-та-а!.. Дзе ты?!

Круглым каменем падаюць крокі, шморгаюцца па зямлі.

Разам з Мікітам вырастае шырокая фігура рыжага дзядзькі.

Трэ‘ каравыя рукі ад нецярплівасьці дзядзька:

— Гых-ты! Апошняя праца…

Лазяць па кустох галасы:

— Уставай, ты, гэ-э!..

— Паднімайся, Кірыла!

„Уставай, падымайся, рабочы народ!..“

Песьня прарвала ціш раніцы, мотыў заскакаў над палянкай, расстаў у вільгаці.

III

І вось няма ўжо нічога: стала зямля шэрай лапінай і ўцякае, стала неба імглою залатога сьвету i сыплецца — прападае, сыплецца — прападае. Усё некуды гіне. Есьць, астаецца й шырыцца-расьце рух цела, мокрая гарачыня ў ім і ў вачох-залатыя дарогі пяску з вагонаў. Скочваюцца гэтыя дарогі ручаінамі ўніз, захвацілі толькі сабой чалавечыя вочы і адны, адны ўвашлі ў іх людзі…

Людзі ў працы, поўны ёю.

На пярэднім вагоне дзядзькава барада зьлілася з золатам пяску, адзначае грудзі ад яго задзёртая ўгору камізэлька. За дзядзькам шыбка ходзяць вострыя Мікітавы плечы. На поўных вагонах — голавы й рукі, голавы й рукі — мятусяцца і ўзьлятаюць. Срэбра лапат — як сава на чырвані неба.

Галасы — як дзіцячая гульня:

— Ух!..

— Сы-с-сып!..

— Яшчэ раз, гоп!..

— Ш-шух. Хватай дошку ўверх!..

— Ух!..

Дзядзька рад. Адарваўшыся ад пяску, азірае ён ружовую асеньнюю раніцу і людзей. Раніца — гулка-пустая, далёка-звонкая; людзі — сьмешна-вёрткія, поўны дзяціным свавольлем.

Насьмешліва кладзе дзядзька руку на вочы, узіраецца ў задні вагон:

— Го-го, Кірыла, бяры, бяры-ы!..

— Бяру-у!.. — далятае голас здалёк.

Пусьцеюць вагоны, саскакваюць людзі на зямлю. Задні вагон грануў іржавую песьню калёсамі: пхунулі яго па рэйках гуртом хлопцы…

З гораду чуваць звон і бразганьне. Загрымела жалезам за мостам, ухнула і пракацілася па бакавой пуціне.

Кірылаў голас ня мог дагнаць:

— Скоры пашоў!..

І толькі задні вагон цягніку зеленьню сьцяны бліснуў за гарой.

Нявіннай шуткай, насьмешліва, плывуць галасы:

— Хватай, дзядзька, бараду ў жменю ды давай — дагонім!..

— Ня слухай, не хватай бараду ў жменю — пальцы асмаліш!

— Язык высунь — скарэй дагоніш!

Ходзіць крык са сьмехам над зычнай зямлёю.

І раптам прапала буйная вясёласьць…

Апусьцелі вагоны, адышлі людзі ў кусты.

„Новага месца“ чакаюць…

Зноў трашчыць агонь, шыпіць на ім сала. Дым ядлаўцу кінуўся раптоўна за куст, вецер рвануўся і схмурніў дзень.

Думкі ў дзядзькі — як вада ў ціхай рэчцы:

„Вось тут я, на гэтым кавалку зямлі, — дома, у другім месцы буду вечарам — і там буду дома. Нічога ў мяне няма, што-б прыкавала мяне к аднаму, малому кавалку зямлі“.

І недзе, у пачуцьцёх, несьвядома для думкі, зьяўляецца:

„Значыць, усё, што на зямлі, мне роднае…“

Мікіта задрамаў у дашчанай будцы.

Хлопцы гудуць галасамі.

Вецер вужакай прапоўз па зямлі, зноў разганяць стаў хмары.

Наводшыбе ад усіх, сьпіною ў ядлоўцавы куст, Кірыла ўпёрся, повен радасна-вясёлай думкі-журбы. Вочы яго шырокія, увашлі проста у поле. За пацямнеўшым іржышчам, на гары — горад, праткнуў неба камінамі-трубамі, вышкамі, зацягнуў яго густым дымам вугольным.

„Ці гэта дым, ці хмары“, думае Кірыла і ня думае, а адчувае.

Вецер сушыць на Кірыле пот, а вочы — на гары.

Чуваць чуць-чуць з гораду звонкі гул, пры горадзе на полі калышыцца нешта шэрае. Чуваць, як гранула песьня. Раптам апусьцілася прыпала к зямлі.

— Тр-р-рах!

І толькі дымок сіняй пялёнкай закалыхаўся ды зноў бліснулі штыкі.

Горад мацней гудзе, калоціцца ўжо песьняй — музыкай жыцьця.

Кірыла апусьціў круглыя вочы, шапку ссунуў набок.

Напявае журботна весела:

Пад гарою й на гары,
Таўкуць кашу камары…

Усё нутро ў Кірылы сьпявае.

Радасны вецер асьцярожна бярэ песьню, пераносіць за кусты, на цёмнае іржышча і разьвязвае ў прасторы…

І ўзяло нешта Кірылу за сэрца.

Голас у яго звонкі, малады, чуваць далёка:

— Вось каб гармоню сюды, эх, ты ёст іх маліна!..

Лахматыя голавы падняліся пры агні. Miкіта сонны вылез з будкі.

„Гармоню куплю, абавязкова“, сьпее ў Кірылы думка па дарозе к агню.

Дзядзька дзеліць пры агні печанае сала, трасе рыжай барадою…

Вецер перамог: хмары сышлі, і неба гульліва плюнула асеньняй зямлі золатам сьвету.

IV

— Гэй, зьбірайся ў горад, праца на станцыі будзе!..

Сьвісток паравіка пабудзіў сонных, голас падняў на ногі. Лезьлі ў вагон, сонна пацягваючыся яшчэ.

Дзень гас.

Стары, растрыбушаны вагон не пасьпяваў бегчы за жартаўлівым паравіком. І стагнаў іржавымі калёсамі і дном скрыпучую песьню-крык:

— Пачакай, пачакай!..

Быў гульлівы настрой у людзей у вагоне.

З пяць хвілін — пяць вёрстаў.

Горад.

Горад у вячэрнім змроку: запальваюцца агні, гудзе людзкі муравейнік. На станцыі бразгае жалеза, шыпіць і клякоча пара. Далей — гусьцей запоўнілі змрочнае неба дымам трубы-коміны. Сухая восень вечарам ухмыльнулася гораду.

І думае Мікіта:

— Эх, зямля! эх, горад! Жыцьцё ты маё вольнае. Сягоньня я тут, заўтра я там. Абшар ты мой вольны зямлі. Радасьць людзкога жыцьця, бясконцнае захапленьне існаваньня.

На станцыі будынкі глядзяць сур‘ёзна. Міма іх калышыцца ў паветры цёмнаю чырваньню нешта шырокае. Гарохам сыплюцца дзеці, зьвіняць песьняй:

„Жура-жура-журавель!..“

Малы ззаду астаўся, выбіўся з радоў, у дзіцячым захапленьні забыў усё і бясконца цягне, порстка і падзіцячаму няроўна:

— Зюра-зюра-зюра-зюра-зюра…

Раптам зьмяла песьню капэля духавой музыкі…

Горад жыве і звоніць…