Разьвітаньне вам, горы Каўкаскія
І крыніцы жыцьцёвай вады!
Вы дарылі мяне цёплай ласкаю,
Бударажылі ў сэрцы уздым.
Захапляўся я воляй арлінаю,
Захапляўся прыгожасьцю чар,
А цяпер-жа за кожнай хвілінаю
Адчуваю, што я — не ўладар,
Толькі госьць, ды і то неспадзеваны;
Ды і то на хвіліны — ня дні,
Але ласкаю цёплай абвеены;
Яе доўга гарэць-муць агні.
Шмат чаго перажыць давялося мне,
Шмат чаго ня ізьведаў яшчэ,
Але сэрца зьвініць сугалосьсямі
Ўсё ямчэй, і ямчэй, і ямчэй.
Разьвітаньне вось хутка астатняе
З тым усім, к чаму толькі прывык.
Разьвітаюся з ласкаю братняю
І схілюся я ніжай травы.
Гэта — сон, гэта — мара салодкая,
Што так ціха, бяззычна прашла,
Што ў крыві забурліла паводкаю
І у сэрцы адбітак знашла,
Рад я, рад усяму перажытаму —
Непакойна-буйному, цішы.
Я вярнуся к шляху свайму бітаму,
Раскажу я пра гэтую шыр,
Раскажу я пра зыкі зурновыя,
Пра буйное вясёласьці гмах,
Панясу ў Беларусь песьні новыя
Ды дзікарскі усходу размах.
Чараваўся лязгінкі я скокамі,
Ад якіх уздрыгала зямля,
Плакаў часта я сьлёзамі горкімі,
Калі слухаў пра сьпеў Шаміля.
Гэты сьпеў — адгалосак мінулага,
Што ўціскала ня толькі Усход —
Гэта боль сэрца кожнага чулага,
Хто хварэў за свой край і народ.
Дык я рад, што цяпер ўсё пяройдзена,
Што зьнялася з пагляду чадра.
Я зрабіў ў гэты край уваходзіны,
А спаткаў ён мяне, як сястра.
Разьвітаньне вам, горы Каўкаскія
І крыніцы жыцьцёвай вады!
Буду помніць надоўга ўсе ласкі я,
Толькі быць-бы, як вы — маладым!
|