Спатканьні (1925)/Песьні зурновыя/З ёю я спаткаўся…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дзесь-та чутны… З ёю я спаткаўся…
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1925 год
Разьвітаньне
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зь ёю я спаткаўся, як цьвілі вяргіні…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З ЁЮ Я СПАТКАЎСЯ…

З ёю я спаткаўся, як цьвілі вяргіні,
У садох Каўказу у сьпякоты дні.
Загарэўся ў вочах яе агонь сіні,
А у маім сэрцы звон струн зазваніў.

Я ў яе спытаўся, куды шлях трымае,
Як сама завецца, чаму тут адна?
Расьцьвілася кветкай, кветкай ў пору мая
І сказала ціха: хіба не пазнаў?

Моцна я зьдзівіўся, а пасьля успомніў,
Што яна мне блізкая, мо‘ нават, радня:
З ёй калісь-та разам засявалі гоні,
Дзе цяпер напеўныя песьні жней зьвіняць.

І таму ня дзіва, што адчуў я радасьць,
Што у вочах сініх агонь зазіяў.
Адхлынула з сэрца дзён мінулых здрада,
Гэта была мэта — мар маіх маяк,

І пашоў я з ёю простаю дарогай,
Сьцежкай неразлучнай цераз горы ў сьвет…
Абступілі з ласкай сьпелых ніў разлогі,
Каб спаткаць у новым жыцьця харастве.