Перайсці да зместу

Спадчына (1922)/VI/Ня ўсе дома

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дрэмле Юрка Ня ўсе дома
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Душачка шынкарка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ня ўсе дома.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




«НЯ ЎСЕ ДОМА».

Мы ад дзеда аж да ўнука,
Як дзе бачым што ня так,
З вечнай тычымся навукай,—
І гаворым, хоць няўзнак,—
Ці сваёму ці чужому:
«Ня ўсе дома, ня ўсе дома!»

*

Знаў хлапца, Арцёмам зваўся,
Меў тады семнаццаць год;
Бедзен, нерахман здаваўся,
Кемкі-ж быў, каб яго звод!
А плялі ўсе на Арцёма:
«Ня ўсе дома, ня ўсе дома.»

*

Ад стыдлівасьці ён нейкай
Да карчмы ня знаў дзе сьлед;
За апошнюю капейку
Купіць кніжак ці газэт.
І тут валяць на Арцёма:
«Ня ўсе дома, ня ўсе дома»!

*

Вось сабе дзяўчыну мае,—
Стаў вяселейка спраўляць;
Беднавата «маладая»,
Гаспадыня-ж—пашукаць!
Тут ізноў ўсе на Арцёма:
«Ня ўсе дома, ня ўсе дома!»

*

Стаў жыць з жонкай удваёчку
Працавіта небарак—
На сям‘ю сваю дзень, ночку,
Як мурашка, проста так…
А ўсе валяць на Арцёма:
«Ня ўсе дома, ня ўсе дома!»
Вось і ў школу ходзяць дзеці,—
Кожны чыст, абмыт, абшыт,
Сам ня хвор і лапці ўзьдзеці
І заціркаю быць сыт.
І тут валяць на Арцёма:
«Ня ўсе дома, ня ўсе дома!»

*

Сходзяць годы за гадамі,
І Арцёма хоць на «ўра!»
Ён з сынамі, як з дубамі,
Статак, коні, моц дабра!
Аж сягоньня на Арцёма
Штось ня кажуць: «ня ўсе дома!»