Перайсці да зместу

Спадчына (1922)/IV/Яна і я/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
8. Ворка 9. Беліць палатно
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
10. Сяўба

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




9. БЕЛІЦЬ ПАЛАТНО.

Чачоткавы зрабіў ёй пранік ёмкі,
З аздобамі і ручкай гладкай.
І палатно панёс з ёй да пагонкі,
Дзе сажалка была і кладка.

Усю трубу укінулі ў вадзіцу;
Яна, свой скінуўшы каптанік,
Кашулю паткасаўшы і спадніцу,
Ўзыйшла на кладку, ўзяўшы пранік.

І пярыць стала мокра палаценца,
Складаючы на кладцы ў складкі,
На ножкі пырснула і на каленцы
Вадзіца, як раса на градкі.

Распырсківаліся, як іскры, пырскі,
Мігцелі ўсюды многацьветна,
На гладзі воднай рысавалі крыскі
І ніклі ў гладзі няпрыметна.

Бліскучыя агністыя праменьні,
Купаючыся ў сажалчыным версе,
К маёй галубцы ў мёдным уміленьні
Туліліся і грэлі персі.

Так палаценца мілая бяліла.
Вадзіцай, пранікам на кладцы,
Пасьля сабе на плечы узваліла
І слаць нясла на сенажатцы.

Нясла. Вада па ёй цурком сьцякала.
І на аселіцы ля плоту
Тканіну мыту распускала.
Цяперка сонца ўжо работа!

Бяліся наша палатно, бяліся,
Як дзень, як месяц бледны, бела,
Як бела малако ў глінянай місе,
Як та саломінка пасьпела!