Саха мая зусім ужо гатова,—
Зрабіў к ёй новенькую плаху,
Нарогі павывострываў нанова,
Даў на паліцу тоўсту бляху.
Вось толькі коніка ў яе упрэгчы,
Махнуці пугаю нягрозна,
Ў загоне на рагач крывы налегчы,—
Барозна пойдзе за барознай.
Сьняданьне зьелі з ёю у дваёчку—
Каб сыта—трудна пахваліцца,
Хлеб падзялілі разам па кусочку,
Сьцюдзёнай запілі вадзіцай.
Пашоў з сахой, пусьціў нарогі ў гоні,
Нагамі толькі конік мой цярэбе,
І сьцелецца загончык пры загоне,
Аж сонца цешыцца на небе.
Вам, людзі, што сваёй рукою белай
Зямлі ня кратаеце сэрца,
Не дагадацца цераз век свой цэлы,
Як сэрца чалавека б’ецца.
Таго, які увосень, ці вясною,
Зямлі сахой чапае грудзі,
Або зярно хавае бараною,
Каб вырасла, для вас-жа, людзі.
У важны час заворкаў, ці засеўкаў,
Імша абходзіцца сьвятая,
Душа сяўца лунаецца, як дрэўка,
Якому вецер ліст зрывае.
Арыце, сейце, людзі, хто што можа,
Старым ці новым абычаем!
А вашу працу доля упрыгожа
Шчасьлівым, буйным ураджаем.
|