Ўжо на зямлю ляглі праталіны,
Сьнягоў спаўзае зімавая бель,
Узгоркі сьвецяць—як апалены,
Вада ў лагчынах жаліцца, як шмель.
Дзе-не-дзе глянула нясьмелая
Пралеска вочкамі на божы двор,—
Людзкіх сьлёз кветка сіня-белая
Шукае сонца днём, а ночкай—зор.
Крылатыя стварэньні з выраю
Па млечнаму пуці плывуць, як шнур,
І творачы малітву шчырую,
Сваіх шукаюць кінутых пячур.
Спагаднае сьвятло нябеснае
На колькі вёрст зьвялічыла свой шлях,
Па нівах промені пачэсныя,
Як лён той, сьцелюцца ў жывых агнях.
І ў хатку заглядаюць промені—
Дармо што нізкія ваконцы ў ёй,—
Гуляюць радасна па коміне
Бліскучай і вясёлаю сям’ёй.
Па ложку, па пасьцелі ласяцца,
Цалуючы яе і мой гарачы твар,
Як тыя ветрыкі на пасецы,
Гуляючы ў пякучы летні сквар.
Устань, галубачка бяскрылая,
Заспаны зоры-вочанькі пратры,
Зьбяромся з думкамі і з сілаю
Жыцьця парадак валачы стары!
Праталіна лягла на гонейка,
Збудзілася пралесачка ад сна…
Устань, устань, маё ты сонейка!
Залатаструнна йграе ўжо вясна.
|