Спадчына (1922)/IV/Яна і я/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
1. Стрэча 2. У хаце
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
3. Праталіны

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




2. У ХАЦЕ.

У хаце ўжо маёй будзь гаспадыняй,—
Няма ў мяне нікога проч цябе,
Сядзь на пачэсны кут, мая багіня,
І будзем думы думаць аб сабе.

Палац мой, бачыш, хоць і небагаты,
Але я сам яго узбудаваў,
Сам сьцены вывеў, клаў на кроквы латы
І сам пад стрых саломай пакрываў.

Ня выбіты атласам сьцены, лавы,
Падлога не заслана дываном
Турэцкім, што сваёй красой яскравай
Гарыць, зіяе, як той жар агнём.

Над печкай, што стаіць каля парога,
Не працавалі мудры рэзьбяры,
Сам з гліны зьбіў яе й з пяску сырога,
Ды вапнай пабяліў разы са тры.

Вось ложак зроблены маёй рукою.
З смалістай сосны дошкі выслаў ў ім;
Пасьцель пуховую пасьцелем мы з табою,
Каб мягка спаць было нам абаім.

У ночнай цішы, ў любым упаеньні,
У патаеньні ад жыцьця, людзей,
Агонь душу і сэрца распрамене,
Агонь гарачых, злучаных грудзей.

І многацьветныя акружаць нас вясёлкі,
Маланкі залатыя замігцяць.
А думкі нашы, верныя саколкі,
Да неба з добрай весткай паляцяць.

Так мілаваньне к шчасьцю сьлед атчыне,
А мілаваньне—над царамі цар,—
І будзеш век маёй ты гаспадыняй,
А я твой вечна буду гаспадар.