Вясна, вясна! О, колькі ў табе шчасьця!
О, колькі радасьці прыносіш ты з сабой!
Умееш ты ў душы агонь раскласьці
І грудзі распаліць агністай барацьбой.
Святлом сьвет цэлы заліла гарачым,
Раскінула з зялёнасьці жывы шацёр
На ўсім зямлі абшары доўга-сьпячым
На сваіх кроснах выткала чароўны ўзор.
О, цешся з гэтага сама, вясна ты!
Ўжо славу блаславяць цяпер усе тваю—
Зямля і неба, і вецер крылаты,
І я красе тваёй сваю даль аддаю.
Гэй, ажыло зямлі старое папялішча!
Зайгралі рэчкі, плечы выраўнаваў бор,
Спраўляе птушак жвавы рой ігрышча
І падлятае з радасьцю чуць не да зор.
І думка ў высь ляціць на вольных крыльлях,
Як-бы самому богу мела расказаць
Аб тых нягаданага сьвята хвілях,
Якім вясна яе умела шчараваць.
Ляці, імчыся, думка, вышай, далей,
Як вокам стрэліць можна у блакітну даль!
Схапі стуль песьню з пяруновай сталі,
І прынясі мне волю сільную, як сталь!
Я песьняй мілую сваю праслаўлю
Паміж народамі сваіх, чужых зямель,
Каб не загінула, як кветка, у безпраўю,—
Жыла й тады, як ляжа ў вечную пасьцель.
А воля мне жалезная патрэбна
За крыўды маёй мілай помстай заплаціць,
Што гаравала так яна бясхлебна,
Што ланцугамі мусіла шмат лет званіць.
|