Перайсці да зместу

Спадчына (1922)/IV/Пахаваньне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Яна і я Пахаваньне
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Быў гэта сон…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пахаваньне (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАХАВАНЬНЕ.

Пахаваў я сярод злому
Ў пушчы песьню аб шчасьці—
Так глыбока, скуль нікому
І ніколі ня ўкрасьці.

А каб хто аб гэтай справе
Не сказаў дрэнным сказам,—
Хаўтуры-памінкі справіў
З пушчай, з ночкаю разам.

Быў і вецер на магіле
На абрадку бядачым,
І русалкі не забылі—
Шчырым плакалі плачам.

А цяпер адно паставіць
Толькі памятку важну,
Каб нябошчыцу праславіць,
Каб праславіць, як княжну.

Хай прыходзіць ка мне тая
Чараўніца-дзяўчына,
Праз якую так спраўляў я
Гэты сховы-ўспаміны.

І з грудзей маіх гарачых
Няхай выдзярэ сэрца,
Ды на трох нажох стаячых.
Хай нясе і сьмяецца.

Як паложыць на магіле,
Дзе аб шчасьці сьпіць песьня
Само сэрца ў тэй-жа хвілі
Загарыцца, ускрэсьне.

І гарэці вечна будзе
На тым схове-пасадзе,
І дадуцца дзіву людзі,
Як кахаў я папраўдзе!

13/VII—1915 г.