Гэткім шчырым каханьнем яе атуліў,
З гэткай ласкай глядзеў ў яе сумныя вочы,—
Як і сонца ня туліць расквечаных ніў,
Як і зоры людзям ня ўглядаюцца ўночы!
Так пясьціў, так галубіў галубку, яе,
Так цяпліў сваім сэрцам сірочым ёй грудзі,—
Як і маці ня песьціць дзіцё—як спаўе,
Як і вогнішча зьзябнутых грэці ня будзе!
Столькі песень над песьнямі ёй я напеў,
Столькі думак злажыў аб ёй важных, таёмных,—
Як і бор гэтак з ветрам шумець ня шумеў,
Яе і век гэткіх дум не злажыў для патомных!
Гэткі ў сэрцы сваім збудаваў ёй пасад
І такую ўзлажыў ёй з каханьня карону,
Як і неба з зямлёю, на божы загад,
Ня прыдбаюць такіх ні кароны, ні трону!
Так уславіў яе ў славу сонца і зор,
Так маліўся дзень, ноч к ёй мальбою нябёсаў,—
Як і мудрасьць ня ўславіць ўсясьвету прастор,
Як і каня ня моліцца ўлетку да росаў!
Утварыў з яе шчасьце з-над шчасьцяў сваё—
Чарадзейную княжну з аповесьці дзіўнай,
І пад ногі ёй кінуў жыцьцё сваё ўсё…
.........
А яна? А яна была толькі… дзяўчына!..
|