Перайсці да зместу

Спадчына (1922)/III/Ўвесь да дна…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У бяссонную ноч Ўвесь да дна…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Блізкім і далёкім
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ўвесь да дна…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЎВЕСЬ ДА ДНА…

Ўвесь да дна, трэба выпіць свой келіх жыцьця,
Ці з вадой жыватворчай, ці з ядам;
З роўнай меркай чакаць вечнаты й нябыцьця,
Заадно абыймацца з анёлам і гадам.

Не мяркуйся свой быт давясьці да канца,
Ня скрывіўшы ні каплі душою,—
Не сягоньня, то заўтра ўпрагуць малайца,
Запішчыш і здружышся з таўпою.

Днём з агнём не задумай ты праўду знайці,
Паспытаць, што за смак гэтай праўды,—
Бо што зробіш, як знойдзеш, ты з ёю ў жыцьці?
Сам спужаешся гэтакай знайды!

Хтось там скажа, што церні на шляху ляглі,
Што сіротам дзьме вецер у вочы,—
Ну, дык будзь цернем сам, будзь сын верны зямлі,
Віхрам будзь і бушуй сярод ночы!

Кажуць, кветку стаптала быдляча нага…
Няхай топча, і ты рабі тое;
Сам Анцыхрыст ня пойме, што нельга, што льга…
Ты ня стопчаш—цябе стопчуць ўдвое.

Мо’ захочацца сэрца, каханьня, пяшчот…
Плюй, бо йнакш аплююць і самога.
Ліжы золату рукі і карк гні, як скот,—
Купіш ўсё: сястру, брата і бога.

З сонцам, з зорамі ўздумаеш абратацца, жыць,
Вольнай птушкай лунаці па сьвеце…
Сьмейся!.. Лепш вось старайся ты з катам здружыць,
Калі горшых ня хочаш пут меці.

Бачыш, косьці па полі зьбірае груган.
І твае так калісь зьбіраць будзе…
Дык жыві-ж з сабой сам ці цьвярозы, ці п’ян,
І з людзьмі так жыві, як і людзі.

Ўвесь да дна выпівай чорны келіх жыцьця,
Ці з вадой жыватворчай, ці з ядам:
З роўнай меркай чакай вечнаты й нябыцьця,
Заадно абыймайся з анёлам і гадам.

4/II—15 г.