Ўвесь да дна…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Ўвесь да дна…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1915
Крыніца: http://rv-blr.com/literature/2673#31483


Ўвесь да дна трэба выпіць свой келіх жыцьця,
      Ці з вадой жыватворчай, ці зь ядам;
З роўнай меркай чакаць вечнаты й небыцьця,
      Заадно абымацца з анёлам і гадам.

Не мяркуйся свой быт давясьці да канца,
      Не скрывіўшы ні каплі душою, —
Не сягоньня, то заўтра ўпрагуць малайца,
      Запішчыш і здружышся з таўпою.

Днём з вагнём не задумай ты праўду знайсьці,
      Паспытаць, што за смак гэтай праўды, —
Бо што зробіш, як знойдзеш, ты зь ёю ў жыцьці?
      Сам спужаешся гэтакай знайды!

Хтось там скажа, што церні на шляху ляглі,
      Што сіротам дзьме вецер у вочы —
Ну, дык будзь цернем сам, будзь сын верны зямлі,
      Віхрам будзь і бушуй сярод ночы!

Кажуць, кветку стаптала быдляча нага…
      Няхай топча, і ты рабі тое;
Сам Антыхрыст ня пойме, што нельга, што льга…
      Ты ня стопчаш — цябе стопчуць ўдвое.

Мо’ захочацца сэрца, каханьня, пяшчот…
      Плюй, бо йнакш аплююць і самога.
Ліжы золату рукі і карк гні, як скот,
      Купіш ўсё: сястру, брата і Бога.

З сонцам, з зорамі ўздумаеш збратацца, жыць,
      Вольнай птушкай лунаці па сьвеце…
Сьмейся!.. Лепш вось старайся ты з катам здружыць,
      Калі горшых ня хочаш пут меці.

Бачыш, косьці па полі зьбірае груган
      І твае так калісь зьбіраць будзе…
Дык жыві ж з сабой сам ці цьвярозы, ці п’ян
      І зь людзьмі так жыві, як і людзі.

Ўвесь да дна выпівай чорны келіх жыцьця,
      Ці з вадой жыватворчай, ці зь ядам;
З роўнай меркай чакай вечнаты й небыцьця,
      Заадно абымайся з анёлам і гадам.

(1915)