Сон (Шаўчэнка/Купала)
Сон Паэма Аўтар: Тарас Шаўчэнка 1844 Арыгінальная назва: Сон Пераклад: Янка Купала Крыніца: https://knihi.com/Taras_Saucenka/Son.html |
Дух истины, его же мир не может прияти,
яко не видит его, ниже знает его.
Иоанна, глава 14, стих 17
У кожнага свая доля
І свой шлях шырокі:
Той муруе, той руйнуе,
Той нясытым вокам
За край свету зазірае,
Ці няма краіны,
Каб заграбаць ды з сабою
Ўзяць у дамавіну.
Той тузамі абірае
Ў сватняй хаце свата,
А той спадцішка ў куточку
Точыць нож на брата.
А той, ціхі ды цвярозы,
Богабаязлівы,
Нібы кот той, падкрадзецца,
Выжджа нешчаслівы
У цябе час, дый запусціць
Пазуры ў пячонку,—
І не прасі: не вымаляць
Ні дзеці, ні жонка.
А той, шчодры ды багаты,
Цэрквы ўсё муруе;
Ды так бацькаўшчыну любіць,
Так па ёй гаруе,
Ажно з яе, небарачкі,
Як ваду, кроў точыць!..
А ўся брацця маўчыць сабе,
Вытрашчыўшы вочы!
Як ягняты: «Няхай,— кажа,—
Можа, так і трэба».
Так і трэба! Няма Бога
На зямлі, на небе!
А вы ў ярме падаеце
Ды нейкага раю
На тым свеце шукаеце?
Няма раю — знаю!
Шкода й працы! Падумайце:
Ўсе на гэтым свеце —
Жабраняты, цараняты —
Адамавы дзеці.
І той... і той... Ну, а я што?
Вось што, мае людзі:
Я гуляю, банкятую
Ў нядзелю і ў будзень.
А вам нудна! А вам шкода!
Яй-богу, не чую.
Не крычыце! Я сваю п’ю,
А не кроў людскую!
Вось ідучы так каля тыну
З банкету п’яны уначы,
Я меркаваў сабе йдучы,
Пакуль даплёўся да хаціны.
А ў мяне дзеці не крычаць
І жонка не лае,—
Ціха, як у раі.
Усюды Божжа благадаць:
І ў сэрцы, і ў хаце.
Вось жа лёг я спаці.
А падпілы ўжо як засне,
Дык хоць з гармат страляці —
І вусам не маргне.
Дый сон жа, сон, надзіва дзіўны,
Сон мне прысніўся:
Найцверазейшы бы упіўся,
Скупы скарэда даў бы грыўню,
Каб паглядзець на тое дзіва.
Ды чорта з два!
Гляджу: так быццам бы сава
Ляціць лугамі, берагамі, ды нятрамі,
Ды глыбокімі ярамі,
Ды шырокімі стэпамі,
Ды байракамі.
А я за ёю, ды за ёю,
Ляту й прашчаюся з зямлёю:
«Бывай, свет! Бывай, зямліца,
Непрыязны краю!
Мае жудасныя мукі
Ў хмарах пахаваю.
А ты, мая Украіна,
Гаротная ўдоўка!
Я ляцець да цябе буду
З хмары на гамонку.
На гамонку ціхасумну,
На раду з табою;
Апоўначы падаць буду
Густою расою.
Параімся, пасумуем,
Пакуль сонца ўстане,
Пакуль твае краскі-дзеці
На ворага стануць.
Бывай, родная мая ты,
Удава-нябога!
Гадуй дзетак; жыве праўда
У госпада Бога!»
Ляцім... гляну — ўжо світае,
Край неба палае;
Салавейка ў цёмным гаі
Сонца сустракае,
Ціхусенька вецер вее,
Стэпы, нівы дрэмлюць;
Між ярамі над ставамі
Вербы зелянеюць,
Пахіліліся сады ў дол;
Таполі паволі
Стаяць сабе, нібы варта,
Ды гамоняць з полем.
І ўсё гэта, ўся краіна,
Спавіта красою,
Зелянее, ўмываецца
Дробнаю расою.
Спакон веку ўмываецца,
Сонца сустракае...
І няма таму пачатку,
Няма яму краю!
Ніхто яго не дагледзіць
І не разруйнуе...
І ўсё так... Душа мая ты!
Чаго ты сумуеш?
Душа мая убогая!
Чаго марна плачаш?
Чаго табе шкода? Хіба ты не бачыш,
Як людзей катуюць, крыўдзяць сірату?
Дык глянь, падзівіся! А я паляту
Высока, высока за сінія хмары;
Няма там улады, няма там і кары,
Там смеху людскога і плачу не чуць.
Вунь глянь — у тым раі, што ты пакідаеш,
Латаную світку з калекі знімаюць,
Са скурай знімаюць, бо нечым абуць
Княжат недарослых. А вунь распінаюць
За падаткі ўдоўку, а сына куюць,
Удоўкі няшчаснай ядынага сына,—
Ядыну надзею! — ў войска аддаюць!
Бо войска, бач, мала! А вунь дзе пад тынам
Апухлае дзіце галоднае мрэ,
А маці пшаніцу на паншчыне жне.
А вунь — бачыш? Вочы! вочы!
На што вы здаліся?
Чаму змалку не высахлі,
Слязьмі не зліліся?
Гэта ля тыноў пакрытка
З байструком вандруе,—
Бацька й маці адракліся,
Чужыя ганьбуюць!..
Старцы нават цураюцца!..
А паніч не знае:
З дваццатаю, недалетак,
Душы прапівае!
Ці Бог бачыць з па-за хмараў
Нашы слёзы, гора?
Можа, й бачыць, ды падмогі —
Як і з гэтых гораў
Векавечных, што паліты
Крывёю людскою!..
Душа мая убогая,
Горанька з табою!
Уп’ямося атрутаю,
Ў лёдзе ляжам спаці,
Пашлём думу аж да Бога,
Яго распытаці:
Доўга йшчэ на гэтым свеце
Катам панаваці?
Ляці ж, мая дума, крывавая мука!
Забяры з сабою ліхі ўсе датла —
Сваё таварыства! Ты з імі расла,
Кахалася з імі; іх цяжкія рукі
Цябе спавівалі. Бяры ж іх, ляці,
Ды па ўсім па небе арду распусці!
Хай чарнее, чырванее,
Полымем павее,
Няхай рыгаюць зноў змеі,
Трупам зямлю грэе,
А без цябе я дзе-небудзь
Сэрца пахаваю
Ды тым часам пашукаю
На край свету раю.
Ізноў ляту па-над зямлёю,
Ізноў прашчаюся я з ёю.
Цяжка маці пакідаці
Ў непакрытай хаце,
А йшчэ горш на слёзы, латы
Яе пазіраці.
Ляту, ляту, а вецер вее;
Перада мною снег бялее;
Бары, балоты, дзе ні глянь,
І ўсюды пустата, туман.
Людзей не чуць,— не знаць і следу
Людское страшнае нагі.
І вораг мой, і друг блізкі,
Бывайце! Ў госці не прыеду!
Упівайцеся, балюйце!
Я ўжо не пачую,—
Адзін сабе навек-векі
Ў снезе заначую.
І пакуль вы дазнаеце,
Што йшчэ ёсць краіна,
Крывёй, слязьмі не паліта,
То я адпачыну...
Адпачыну...
Ажно чую —
Загулі кайданы
Пад зямлёю... Пагляджу я...
О народ паганы!
Скуль ты ўзяўся? Што ты робіш?
Чаго ты шукаеш?
Пад зямлёю? Не! Ўжо, мабыць,
Сябе не схаваю
І на небе!.. За што ж кара?
І за што мне мукі?
Каму што зрабіў калі я?
Чые злыя рукі
Душу ў целе закавалі,
Сэрца запалілі
І сілаю гругановай
Думы распусцілі?
За што пакутую — не знаю,
Сябе сам караю!
Калі кончыцца пакута?
Канца дачакаю? —
Не бачу й не знаю!!
Заварушылася пустыня...
Як бы там з цеснай дамавіны
На той астатні страшны суд
За праўдай мерцвякі ўстаюць.
То не трупы, то не суду
Прасіць ад пакуты!
Не, жывыя гэта людзі,
Ў кайданы закуты,
З нораў золата выносяць,
Каб горла, як скрутам,
Ненасытнаму заткнуці!..
Катаржане гэта!..
А завошта? Хіба знае
Ўсемагутны... Дзе там!
Вунь дзе злодзей штампаваны
Кайданы валоча;
Ён разбойнік катаваны,
Зубамі скрыгоча,
Таварыша, недабітку
Зарэзаці хоча!
Паміж імі, зацятымі,
У кайданы убраны,
Цар сусветны. Цар волі, цар,
Штампам увянчаны!
Ў муцы, ў катарзе — не просіць,
Не стогне, не плача!
Раз дабром нагрэта сэрца —
Будзе век гарачым!
А дзе ж твае думы, ружовыя кветкі?
Гэтак дагляданы, выкаханы дзеткі?
Каму ты іх, дружа, каму перадаў?
Ці, можа, навекі ў сэрцы пахаваў?
О, не хавай, браце! Рассып іх, раскідай!
Ўзыдуць, расці будуць і у людзі выйдуць!
Ці йшчэ пакута, ці ўжо будзе?
Будзе, будзе, бо халодна,—
Мароз розум будзіць.
Ізноў ляту. Зямля чарнее.
І дрэмле розум, сэрца млее.
Гляджу я: хаты над шляхамі,—
То гарады са ста царквамі;
А ў гарадах, бы жураўлі,
Замуштравалі маскалі:
І адзеты, і абуты,
І кайданамі акуты,
Муштруюцца... Далей гляну,—
У даліне, як бы ў яме,
На багне горад віднее;
Над ім хмараю чарнее
Туман цяжкі... Далятаю —
То горад без краю.
Ці то турэцкі,
Ці то нямецкі?
А можа, гэта і маскоўскі!
Цэрквы ды палаты,
Ды паны пузаты.
І не аднюсенькае хаты!
Змяркалася... Агонь — агні
Кругом запалалі,—
Аж спужаўся... «Ура! Ура!
Ура!» — закрычалі.
«Цю-цю, дурні! Агледзьцеся!
Чаго вы так рады?
Што, гарыце?» — «Экой хохол!
Не знает параду!
У нас парад! Сам изволит
Сегодни гуляти!»
«Ды дзе ж яна, тая цаца?»
«Вон видишь — палаты».
Пхнуся я; аж землячок, бач,
Дзякую, прызнаўся,
З бляшанымі гузікамі:
«Дзе ты здзесь узялся?»
«З Украіны». «Так як жа ты
Й говорить не ўмееш
По-здешнему?» — «Ну не, кажу,
Гаварыць умею,
Ды не хочу». «Экой чудак!
Я все входы знаю:
Я служу тут; калі хочаш,
В дворец попытаюсь
Цябе ўвесці. Только знаешь,
Мы, брат, просвешчэнны,—
Не поскупись полтинкою...»
«Цур табе, нікчэмны
Каламару!..» Невідомым
Стаў ізноў, як быў я,
Дый прапхнуўся у палацы.
Божа мой! Святыя!!
Дык во рай дзе! А як густа
Золатам абліты
Блюдалізы! Аж і сам вось:
Высокі, сярдзіты,
Выступае. А з ім побач
Царыца нябога,
Бы засушаны апенек,
Тонка, даўганога,
Ды на ліха йшчэ ківае
Тупа галавою.
Дык вось жа тая багіня?!
Ліханька з табою!
А я, дурны, не бачыўшы
Цябе, ляля, й разу,
Ды паверыў тупарылым
Тваім вершамазам.
Вось жа дурны! А йшчэ й біты!
На квіток паверыў
Маскалю. Ну, і чытай тут,
І дай ты ім веры!
За багамі — панства ў срэбры,
Ў золаце без меры!
Як раскормленыя свінні —
Мардатыя, пузатыя!..
Аж пацеюць, а тоўпяцца,
Каб то бліжай стаці
Каля самых: можа, ўдараць
Або хвігу даці
Благаволяць; хоць маленьку,
Хоць паўхвігі, абы толькі
Пад самыя пыскі.
І у рад усе пасталі,
Нібы без’языкі —
Ані бзынкнуць!.. Цар балбоча;
А дзіва-царыца,
Бы та чапля паміж птушак,
Скача, бадзярыцца.
Доўга ўдваіх пахаджалі,
Як сычы надуты,
Ды цішком штось размаўлялі —
Здалёку нячутна —
Аб ацечастве, здаецца,
Ды новых пятліцах,
Ды аб муштрах шчэ навейшых!..
А потым царыца
Села моўчачы на зэдлік.
Бачу: цар падходзіць
Да найстаршага... ды ў морду
Яму як закоціць!..
Аблізаўся небарака,
Ды меншага ў пуза —
Загуло аж!.. А той сабе
Йшчэ меншага туза —
Паміж плечаў; той — меншага,
А меншы — малога,
А той — дробных, а драбнота
Ужо за парогам
Як кінецца па вуліцах,
Дый давай мясіці
Недабіткаў праваслаўных,
Тыя ж — галасіці
Ды прагчыся... Ды як раўнуць:
«Цар наш бацюшка гуляе.
Ура!.. Ура!.. У-р-а-а-а!»
Зарагатаўся я, дый годзе;
А й мяне даўнулі
Такі добра. Перад ранкам
Сцішыліся гулі;
Толькі там-сям хрысціяны
Па вуглах стагналі
Ды, стогнучы, за бацюшку
Госпада благалі.
Смех і слёзы! Вось пайшоў я
Горад азіраці.
Ноч як дзень там. Паглядаю:
Палацы, палацы
Па-над ціхаю ракою;
А бераг абшыты
Ўвесь каменнем. Дзівуюся,
Быццам з тропу збіты!
Як зрабілася яно во
З лужыны такое
Гэта дзіва!.. Бо крыві тут
Выліта людское —
Без нажа нат. А па той бок
Цвярдыня й званіца,
Як завостраная швайка,—
Аж не надзівіцца.
І дзілінгае гадзіннік.
Далей пазіраю —
Аж ляціць конь, капытамі
Скалу разбівае!
На кані сядзіць ахлапам
Ў свіце — ці без світы,
І без шапкі. Нейкім лістам
Галава павіта.
Конь на дыбах,— вось-вось рэчку,
Вось-вось пераскоча.
А ён руку прасцірае,
Бы свет увесь хоча
Заграбсці. Хто ж такі гэта?
Вось сабе й чытаю,
Што на скале накавана:
«Первому вторая»
Гэта выставіла дзіва.
Цяпер жа я знаю:
Во той первый, распінаў што
Нашу Украіну.
А вторая даканала
Ўдаву-сіраціну.
Каты! каты! людаеды!
Наелісь абое,
Накраліся. А што ўзялі
На той свет з сабою?
Цяжка, цяжанька мне стала.
Так, нібы чытаю
Гісторыю Украіны!
Стаю, заміраю...
А тым часам — ціха, ціха
Ды сумна спявае
Штось нябачана такое:
«А з горада, а з Глухава
Палкі выступалі
З рыдлёўкамі на лінію.
А мяне паслалі
На сталіцу з казакамі
Наказным гетманам!
О Божа наш міласэрны!
О цару паганы!
Цар пракляты, подла-хітры.
Аспід прагавіты!
Што зрабіў ты з казакамі?
Балота засыпаў
Благароднымі касцямі;
Паставіў сталіцу
На іх трупах катаваных!
ў цёмнай цямніцы
Мяне, вольнага гетмана,
Голадам замучыў
У кайданах... Цару! цару!
І Бог не разлуча
Нас з табою. Кайданамі
Скованы са мною
На век-векі. Нялёгка мне
Лунаць над Нявою!
Можа, Ўкраіны далёкай
Ўжо няма — не знаю...
Паляцеў бы, паглядзеў бы,
Дык Бог не пускае.
Масква выпаліла, можа,
І Дняпро спусціла
Ў сіне мора? Раскапала
Курганы-магілы —
Нашу славу. Божа мілы!
Зжалься, Божа мілы!»
Дый замоўкла; пазіраю:
Бела хмара крые
Неба шэрае, а ў хмары —
Бы ў гаі звер вые.
То не хмара — бела птушка
Хмараю зляцела
Над царом тым масянжовым,
Галасіла, пела:
«І мы скованы з табою,
Людаед з бярлогаў!
На судзілішчы на страшным
Мы закрыем Бога
Ад вачэй тваіх пражорных.
Ты нас з Украіны
Загнаў голых і галодных
У снег на чужыну,
Дый парэзаў, а з скур нашых
Сабе баграніцу
Пашыў жыламі тугімі,
І заклаў сталіцу
Ў новай рызе. Падзівіся:
Цэрквы ды палацы!
Весяліся, кат пракляты,
З крывавае працы!»
Разляцеліся і зніклі.
Сонейка ўставала,
А я стаяў, дзіваваўся,
Ды аж страшна стала.
Бедакі ўжо паўставалі,
На працу спяшылі,
Маскалі ўжо на распуццях
Муштроўку рабілі.
Краем вуліц паспяшалі
Сонныя дзяўчаты.
Ды не з дому, а дадому!..
Пасылала маці
На ўсю ночку працаваці,
На хлеб зарабляці.
А я стаю, пахіліўся,
Ў думках разважаю:
Як то цяжка хлеб штодзённы
Людзі зарабляюць!
Вот і брація сыпнула
У сенат пісаці
Ды падпісываць, ды з родных
З бацькі, з брата драці.
А між імі й землячкі тут
Сям-там праглядаюць;
Па-маскоўску так і рэжуць,
Смяюцца ды лаюць
Бацькоў сваіх, што іх змалку
Дзэкаць не наўчылі
Па-нямецку — а цяпер тут
Кісні во ў чарніле!
П’яўкі, п’яўкі! Можа, бацька
Астатню карову
Прадаў жыдам, пакуль выўчыў
Маскоўскае мовы.
Украіна! Украіна!
Вось жа твае дзеткі
Твае злітыя чарнілам
Маладыя кветкі.
Маскоўскаю балбатнёю
Ў нямецкіх цяпліцах
Заглушаны!.. Плач, Украйна,
Бяздзетна ўдавіца!
Пайсці хіба, паглядзеці
Да цара ў палацы,
Што там робіцца? Прыходжу —
Дворня (стаў ўзірацца)
Стаіць радам, сапе, храпе,
Насы панадзьмала,
Як індыкі, і на дзверы
Коса паглядала.
Адчыніліся во й дзверы —
І як бы з бярлогі
Мядзведзь вылез. Ледзьве-ледзьве
Пераносіць ногі;
Ды адуты, пасінеў аж:
Пахмелле праклята
Яго мучыла. Як крыкне
На самых пузатых,—
І пузатая ўся хеўра
Ў зямлю паляцела!
З ілба вылупіў ён банькі,—
І ўсё задрыжэла,
Што было там. Як шалёны,
На меншых гукае —
У зямлю й тыя. Ён да дробных —
Тыя прападаюць!
Ён да чэлядзі — і чэлядзь,
І чэлядзь прапала.
Да маскаляў,— маскалікі,
Толькі застагнала,
Пайшлі ў зямлю. А на свеце
Усё, бы ў нейкім цудзе!
Я гляджу, што будзе далей,
Што рабіці будзе
Мой мядзведзік! Стаіць сабе,
Галаву панурыў,
Небарака. Дзе ж прапала
Мядзвежжа натура?
Як той коцік — такі смешны!..
Я аж засмяяўся!
Аж пачуў ён, ды як зыкне,—
Я перапужаўся
І збудзіўся...
Вось якое
Ў сне пабачыў я там
Дзіва дзіваў! Гэта ж толькі
Сніцца дурнаватым
Ды п’яніцам. Не крыўдуйце,
Браткі дарагія,
Што не сваё расказаў вам,
А то, што сасніў я.