Перайсці да зместу

Сон у пуні

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ярэм Дуб Сон у пуні
Абразок
Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч
1924 год
Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 25, 18 верасьня 1924 г., б. 3, № 26, 21 верасьня 1924 г., б. 2
Сябры лесу

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XXXI.
Сон у пуні.

Чаму так цяжка стогне вецер за вакном?

Чаму галіны так нізка гнуцца да зямлі?

Чаму так цяжка на душы? Чаму нейкі сум мяне апанаваў, неяк жудасна робіцца… Божа мілы! Калі-; скончыцца гэта ночка над старонкай маей?

Калі Ты зьлітуешся над намі?

А вецер зноў так страшэнна завыў, рвануў галіны, сарваў колькі жоўтых лістоў і панёс іх у цёмную даль.

Божа Справядлівы!

Ты чуеш, як моляцца людзі Табе, Ты чуеш іх стагнату і сьвіст над імі бізуна, Ты бачыш іх сьлёзы і кроў…

Дык чаму-ж, Ты, Божа справядлівы, ня спыніш нашай мукі, чаму?

Ось кроплі дажджу ў шыбу вакна часта загрукалі, засьвяціліся і, Божа мой мілы, я пазнаў!..

Гэта ня кроплі дажджу!

Не, не, ніколі! Гэта сьлёзы! сьлёзы!..

І выбег я з хаты.

Бег, як мог…

Вецер рваў на маёй галаве валасы, гнаў мяне, і чуў я голас у ім…

«Куды бяжыш? Навошта? Усё роўна ад іх нікуды не ўцячэш! Яны тутака разам з табою! Паглядзі!»

Я бег, і ня прыкмеціў, як апыніўся ў бура-чорнай вадзе. Наўкола мяне цёмныя хвалі жыгалі. Чуўся толькі плёхат вады. А голас нейкі ўсё шаптаў:

«А што бачыш? Куды ўцякаў? Ня мог на сьлёзы глядзець, а цяпер у чым апыніўся, ў чым стаіш? Паглядзі!»

І глянуў я на чорныя хвалі, якія ўжо біліся ў грудзі мае…

Дык ось якія гэта хвалі! Дык ось у якое я трапіў мора!

Былі гэта крывавыя хвалі…

Было гэта крывавае мора…

Усё вышэй і вышэй падымаліся яны…

Жудасна робіцца мне…

Няма ратунку! Няма!

Наўкола цемната…

Ось ужо чую я смак крыві на вуснах, зараз захліснуся…

Божа, ратуй!…

* * *

Я прачхнуўся. Халодны пот пакрыў мой лоб.

* * *

— Дык гэта быў сон! — праняслася ў мяне думка і, зьлезшы з сена, выйшаў я з пуні, глянуў на неба. Тамака высока-высока ляцелі гусі.

Дзяргач.