Перайсці да зместу

Ярэм Дуб

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ціха ўночы Ярэм Дуб
Абразок
Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч
1924 год
Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 24, 14 верасьня 1924 г., б. 3, № 25, 18 верасьня 1924 г., б. 2-3
Сон у пуні

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XXX.
Ярэм Дуб.

Ужо было далёка за поўнач, калі я, нарэцще, з грэблі схіліў на знаёмую сьцежку, якая вяла да хаткі лясьніка Ярэма Дуба. Прайшоўшы шагоў з пяцьсот, паказалася хата.

Нізкая хатка быццам урасла ў зямлю, быццам старалася схавацца ад людзкога вока, але той, хто ведаў да яе чуць прыкметную сьцежку, знаходзіў яе і заўсёды спатыкаў у ёй шчыры прытулак.

Было так і гэтым разам.

Падайшоўшы да нізкага вакна, я нагнуўся і стукнуў два разы…

Пачуўся ў хаце брэх сабакі а за ім, быццам з-пад зямлі пачуўся голас:

— Дзяргач, заходзь!

Гаспадар быў, як відаць, у хаце і ня спаў ужо. Я абайшоў хату, адчыніў дзьверы, і нахіліўшыся, ўлез у сялібу Ярэма.

— Як маецеся, дзьдзька Ярэм, — павітаўся я з ім.

— Як бачыце, жыву ды гасьцей чакаю, — адказаў ён, моцна сьціснуўшы маю руку.

— Але як гэта вы адважыліся ісьці адзін уночы гэтулькі вёрст! — ківаў ён галавой.

— Ну, сядайце, дый ось закусеце, чым Бог паслаў, дый ось падмацуйцеся ялаўцовым настоем, — гудзеў ён басам, наліваючы ў шклянку нейкую цёмную жыжку.

— А вы што-ж самі? — зьвярнуўся я да яго.

— Я ўжо, але для дарагога гасьця — пацягну, — адказаў Ярэм.

Я выпіў. Прыемная цяплыня прайшла па ўсіх, як кажуць, жылках…

Мы пілі і закусавалі, гамонячы.

Ярэм Дуб быў вельмі цікавы чалавек. Ен належаў да тых яскравых тыпаў, якіх захаваў у сваім гушчары лес, якіх лёс жыцьця змусіў прайсьці школу жудасную, цяжкую…

Ярэм быў высокі, спрытны і досіць малады на свае гады. Чорная барада рабіла яго твар суровым, а вочы заўсёды гарэлі нейкай загадкай для тых, хто яго ня знаў. Аб такіх кажуць: «ня дай Божачка спаткацца з ім у лесе!» Але я сам прыйшоў да яго і, нават, ідучы па грэблі, меў салодкую думку, што спаткаю яго…

— Як справы, сынок? — зьвярнуўся ён да мяне, — ня злуйце, што гэтак вас называю, але сэрцам чую, што ўсе вы мае дзеці, — казаў ён, гледзячы на мяне.

— Чаго-ж злавацца, дзядзька, вы маеце права гэтак мяне называць, здаецца не адзін год ужо знаемся; — а дзе-ж Карп, Сымон? — запытаўся я ў яго.

— Нешта вы не пра ўсіх цікавіцеся, глядзеце, ня дасьць нам з вамі добрага сьнеданьня, што пра яе запомнілі, — засьмяяўся Ярэм, міргнуўшы ў цёмны бок хаты, дзе нехта чымсь шамацеў.

Я пачуў, як зачырванеў, але гэтага ніхто ня бачыў…

— Вылазь! вылазь, Алеся! дый рыхтуй нам чаго смачнага, — сьмяючыся гудзеў Ярэм.

— Як маецеся, «Елачка»? (гэтак у хаце празывалі Алесю), — зьвярнуўся я ў цемнату хаты, адкуль ішло шаматаньне.

— Цяпер ужо няма чаго пытацца, зараз самі пабачыце, — пачуўся адтуль прыемны галасок, нібы скрыўджаны, і хутка дзеўчына падыйшла да нас.

У хаце пачынала сьвятлець.

Пачыналася зарніца.

— Ось, і я, — сказала яна, падаючы мне руку.

Я павітаўся і зьдзіўленна глядзеў на яе.

— Што не пазналі, думалі ўсё, што «елачка» застанецца «елачкай», а туг ось ужо і праўдзівая елка, — сьмяючыся казаў Ярэм.

— Гады бяруць сваё, — дадаў ён, устаючы.

— Ну, «елачка», ты, тутака займі гасьця, а я зірну на хлапцоў, ці ўсё ў іх там добра, дый звары што-кольвек, а мо’ адпачыць хочаце, дык яна вам пакажа месца, — сказаў Ярэм, ужо выходзячы з хаты.

Я глядзеў на Алесю і ня верыў сваім вачам. За два гады часу яна выглядала гэтак прыгожа, што мне здавалася, быццам яе нехта падмяніў, З маленькай «елачкі» яна зрабілася стройнай харошай дзяўчынай…

У чорных прыгожых вачох было столькі нейкіх незразумелых думак, далёкіх, глыбокіх, як мора. Чорная каса ляжала на чырвонай станусе.

Яна была вельмі прыгожая.

Гэтакую прыгожасьць хаваў ад людзей лес.

— Што, мо’ не пазнаецё мяне, што гэтак глядзіцё па мяне? — зьдзіўленна глянуўшы на мяне, сказала яна.

— Не, ня тое, — адказаў я, — але за гэты час вы, «елачка», зрабіліся саўсім ужо, як мае быць, дзеўчынай, ая, ось, прынёс вам, як заўсёды, стужак, цукерак і казкі, а вось бачу, што трэба ўжо ня казкі, а больш паважныя кніжкі, — адказаваў я ёй.

— Гэта нічога, давайце стужкі, цукеркі і казкі, я ўсё гэта люблю вельмі, — засьмяяўшыся, адказала яна, прымаючы ад мяне падарункі.

— Кніжак іншых я дастану ад Карпа і Сымона, — казала яна далей.

— Ну, я бачу, вы змарыліся. Хадзем, я вас завяду на сена, — сказала яна, бяручы мяне за руку.

Мы ўсталі і выйшлі з хаты.

Ужо першыя праменьні сонца весела гарэлі залацістым агнём па касматых шапках соснаў, грабоў і дубоў.

Лёгкі ветрык патроху калыхаў галіны бярозкі і нейкі вельмі прыемны сьпеў птушак стаяў у паветры…

— Чуеце, як заліваюцца, — паварочаваючы да мяне сваю галоўку, сказала Алеся.

Мы прыселі на бервяно.

— У нас тутака прыгожа, вельмі прыгожа, асабліва раніцай, калі ўсё пачынае ажываць пасьля ночы…

— Ну, няма што вам дакучаць, ідзеце ось у тую пуню, тамака сьвежае сена, дый адпачывайце наздароўе. А як будзе гатова сьнеданьне, прыду будзіць, а пакуль. ось памажэце занясі шакалёў, — скончыла яна гутарку і пачала зьбіраць шакалі.

Я пачаў ёй памагаць. Праз мінют з пяць я назьбіраў вялікую кучу шакалёў, зьвязаў крайкай і панёс ў хату.

Алеся ішла наперадзе, кажучы:

— Ось, дзякую вам, толькі не кажэце бацьку, што змусіла вас працаваць.

Хутка шакалі былі ў хаце, а я апыніўся ў пуні на сьвежым, з прыемным пахам, сене. Цераз шчыліны я бачыў, як з коміна хаты падняўся сіненькі дым, выйшла з хаты Алеся з вядром, пасьля вярнулася пасучы ваду, а потым быццам яшчэ нехта прайшоў у хату з стрэльбай, і я ня прыммеціў, як заснуў…

Дзяргач.