Перайсці да зместу

Сонечны паход (1929)/Там, дзе ціхі Нёман…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Поэма блакітнага возера Там, дзе ціхі Нёман…
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Ціхі Нёман
Іншыя публікацыі гэтага твора: Там, дзе ціхі Нёман…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТАМ, ДЗЕ ЦІХІ НЁМАН…

Сум асеньнім лісьцем сьцелецца…
Каму скажаш, выплачаш каму?
Правяла мілога за аселіцу, —
Павялі яго за краты-мур.

Не сказалі слова мне, паганыя,
І за што? Куды яго бяруць?
Толькі помню — шабляю паранены
Быў мой мілы, калі гналі ў пуць.

Сум асеньнім лісьцем сьцелецца…
Ой, галосіць вецер-ліхадзей!
Праглядзела вочкамі аселіцу,
А з няволі мілы — ўсё ня йдзе.

А вясною раньнем сонечным,
Калі птушкі плакалі ў лясох,
Ясны дзень і цёмну ночаньку
Ткала я мілому паясок…

Ткала ніткамі чырвонымі,
А здавалася — шлях мілага ў крыві…
Ён нядоўга будзе заняволеным,
Радасьць хочу ў поясе завіць.

Веру хутка мілы зьвернецца,
Белавежжа шэпча мне аб тым…
Хтось у сэрца кінуў зернетка,
Каб расьці надзеям залатым.

Раптам — стук! У вочках зелена…
Шабля вострая на сонцы зіхаціць…
Трапятала птушкаю падстрэленай,
Не хацела дзеўчына з хаты йсьці.

Сум асеньнім лісьцем сьцелецца,
Каму скажаш, выплачаш каму?..
Мілага ня стрэла за аселіцай…
Павялі яе за краты-мур.

А вятры у полі забуянілі,
Ой, як птушкі плакалі ў лясох…
І дзяўчыну шабляю паранілі,
Бо чырвоны ткала паясок…

Гэта песьня сёньня складзена
Пра дзяўчыну горадзенскіх ніў…
Аб краіне, ворагам украдзенай,
Там, дзе ціхі Нёман забурліў.