Перайсці да зместу

Сонечны паход (1929)/Поэма блакітнага возера

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вайна і Беларусь Поэма блакітнага возера
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Там, дзе ціхі Нёман…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Паэма блакітнага возера.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПОЭМА БЛАКІТНАГА ВОЗЕРА

Зьняволеным братом Заходняй Беларусі

Моладзь зайздросьціла поэтам, што для іх
Мілей усіх вянкоў і лаўраў дарагіх
Вяночак з цьмянай мяты ды васількоў тым болей
Што родная жняя зьвівала ў родным полі.Адам Міцкевіч.

Балоты, лясы, вазёры.
Гэта ў мінулым ты — Беларусь…
Але я — пад новым сузор‘ем
Лёсу твайму дзіўлюся.

Ніяк не загоіш на целе
Ранаў глыбокае зьяньне,
Чужынцамі і багацеямі
Ты сёньня яшчэ асьмяяна.

Цябе, бач, сягоньня крыжуюць,
За праўду тваю цябе судзяць…
Са смуткам у сэрцы гляджу я,
Ад болю сьціскаюцца грудзі.

За што? За якую там здраду
Ты зносіш няволю і зьдзекі? —
За тое, што хоча з пагардай
Назвацца твой сын чалавекам?

Аднак-жа ня згасьне паходня,
Якую нясуць
Табою каханыя дзеці…
Дзьмі, вецер-злачынец, з заходу,
Паходня пажарам засьвеціць…

А хто яны? Хто яны судзьдзі,
Краіна мая, мая маці?..
Якая адплата ім будзе,
Як кліч ты свой кінеш —
— Паўстаньце!..

Нёман апіража стан твой
Чырвонай істужкай,
Крыві не ўбярэ зямля…
Беларусь!
Ты іншага родзіш
Касьцюшку,

Каб паўстаньнем
паном
назаляў!
У Варшаве,
Кракаве,
Вільні
Прачытаюць
загад
адзін,
Што ў няволі
жыць
не павінны
Ні адной
гадзіны!
Той загад —
прыгавор
зладзеям,
Што судзілі
людзей
у палоне…
Прыгавор вам,
багацеі,
Пішуць
сягоньня
мільёны!

Балоты, лясы, вазёры
Крывёю даўно заліты,
Але я —
Пад новым сузор‘ем
Сьпяваю аб возеры
Вечна блакітным.

На балоце —
Возера гэта адно,
Ніхто не запоўніць крывёю, —
У сэрца людзкім яго дно,
А хвалі — ў магутным развою.

Пачуцьці, надзеі
І ўсе лятуценьні
Зьліліся ў яго берагох…
Час мінулы
Пужлівымі ценямі
На блакіце яго не разьлёг.

То крыніца адвечнае сілы
У кайданы закутых людзей,
Яна песьняй зьвініць,
Што сэрцу так міла,
Чую словы:
А хто там ідзе?

І блакітнага возера хвалі
Данясуць нас у сонечны сьвет,
Ну, а там — на новых скрыжалях
Поэму дапіша новы поэт.