Перайсці да зместу

Сонечны паход (1929)/Вайна і Беларусь

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Польскім барацьбітом Вайна і Беларусь
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Поэма блакітнага возера
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вайна і Беларусь (Чарот).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВАЙНА І БЕЛАРУСЬ

Сягоньня сэрца мне ня ные,
хоць захад шле вайны пагрозу…
Чакаю жудаснай вайны я, —
рыхтуй, краіна мая, сьлёзы!..

Рыхтуй ты сьлёзы, кроў, ахвяры,
гарматы, газы, кулямёты…
У віхры новага пажару
хай сьвет спазнае — хто ты!

Хто ты,
што зьдзек цярпела,
няволяю жыла стагодзьдзі?!.
А сёньня ты гукаеш — годзе
дзікай вайны вярцець пропэлер!..
.............
Мы верым!
і быць так павінна! —
Надыходзіць час помсты, адплаты…
Беласток, Варшава і Вільня
ня зруйнуе мужыцкія хаты.
Ня страшна сіла нам
Лёндону і Бэрліну,
і Рыму, і Нью-Ёрку…
Сьмела пройдзем сьмерці даліну,
даліну, кручы і ўзгоркі.
.............

Сягоньня сэрца мне ня ные,
хоць захад шле вайны пагрозу…
Чакаю жудаснай вайны я, —
пральлеш ты, Захад, свае сьлёзы!..

Пральле там сьлёзы ня мужык,
не пролетар-рабочы…
Заплача той — вайны хто хоча,
і ён з вайною разам зьнікне.

Ты, Беларусь, на рубяжы,
але ніколі не загінеш, —
ты не адна — усім скажы!
Масква чырвона, Украіна,
краіна вольных гор — Каўказ,
краіны Дальняга Усходу…
Калі вайна — то раз-па-раз
мы кінем кліч свайму народу!
Народу, вольна што жыве
на ўсходзе поўначы і поўдні…
І Захад хутка зружавее
У дзень вайны — дзень непагодны.
.............
За цябе, Беларусь, горда
пастаю на варце ля мяжы…
Утаймую шляхецкія орды,
буду жыць — ці ня жыць!..
..........
Колькі загінула,
колькі забіта
тваіх, о, краіна, дзяцей!..
А сёньня на полі,
што крывёю заліта,
радасьць цьвіце!..
Буйным, залатым зернем
калосіцца шчасьце гаротных…
Ніколі, ніхто ня верне
няволю майму народу!

Няхай жа і брат, што ў палоне
дзікай шляхецкай арды,
нашу радасьць адчуе сёньня,
гэтай песьняю дух свой уздыме.

Ніхто, ніхто ня хоча вайны!..
Ну, каму з нас ахвота памерці?!.
Але сэрца у кожнага ные,
бо жыцьцё ўсё-ж пасвойму верціць…

А я? Я вайны не прарочу,
войнаў і так адбылося бяз ліку…
Але ты, Беларусь,
вайны хочаш — ня хочаш,
а павінна быць Вольнай, Вялікай!