Эх, ты, песьня-песенька,
Зрушыш сэрца волата,
А ня тым, што весела
Сыплюць словы золатам.
Крыўды шмат расьсеяна,
Крыўдай сьвет замучаны…
Сёньня я асьмеяны,
Сёньня я засмучаны.
Сыплюць словы золатам
Ў сэрца жалам колюцца…
Ад цяпла мне холадна,
Дума, ты нявольніца.
Праўду плачаш песьняю,
Слова скажаш мудрае…
Што-ж ты не пацешыш нас,
Сонца златакудрае.
Ты плывеш дарогаю,
Там, дзе шыр блакітная,
Кпін ня чуеш ворага, —
Я табе завідую.
Але сонца промнямі
Зоры затуманіла…
На зямлі сягоньня мы
Сьвецім зоркай раньняю.
На цябе, о, сонейка,
З матыгой ня сунуцца, —
Мая-ж песьня звонкая
Чуе кпіны вуліцы.
Сыплюць словы ласкавы,
Ў сэрца жалам колюцца…
Адкажу я казкаю:
Пройдзе ўсё, загоіцца…
Шмат хто нездаволены
Маёй песьняй думаю,
А я песьняй вольнаю
Гэта ўсё раздумаю.
Пташка песьняй раньняю
Будзіць лес азелены…
Ў сэрца я паранены,
Вольны птах падстрэлены.
Але песьні гучныя,
Нашы песьні — вольніца…
Нашто быць засмучаным, —
Пройдзе ўсё, загоіцца.
Сёньня радасьць плёскае,
Ў сэрцы песьні — воля там…
Хай-жа людзі жорсткія
Сыплюць словы золатам.
У жыцьці ўсё вынесу,
Мне ня страшны ворагі,
Песьняй радасьць выплесну, —
Ўсё, што сэрцу дорага.
Гэй, вы, песьні-песенькі,
Мной вы не асуджаны…
Ветрам вы разьнесены
Па краіне ўзбуджанай.
Гэй, вы, песьні гучныя,
Майго сэрца — вольніца…
Нашто быць засмучаным,
Пройдзе ўсё, загоіцца.
|