Перайсці да зместу

Сонечнымі сьцежкамі (1925)/Сузор’і/Лісты

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ Нікому ня буду верыць… Лісты
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1925 год
⁂ І ў нязнанай цьмянай далі…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Лісты (Дудар).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛІСТЫ

I

Я ня веру ні чарам, ні лёсу:
толькі знаю — ляжацьму ў магіле,
Калі песьня ў калосьсях галосіць —
з сэрца шэрая немарасьць гіне.

Песьня — вежа, што неба мяжуе;
песьня — сэрца зялёнай зарніцы.
У залатыя пяскі Чарджуя
паляглі бліскавіцы ніцма.

Што мне сноў жалобныя звоны —
я ня веру ні чарам, ні лёсу.
Вольным посьвістам, гоманам вольным
песьні сонца ў калосьсях галосяць,

Хай імгла па аржанішчы ляжа,
хай туман — украсай кудзебнай.
То ільняная садзь анталяжай
заімжыць пад празрыстым небам.

II

Вы прышлі з далёкіх ваколіц,
вы прынесьлі далёкія песьні.
Загубіў залатую падкову
на шурпатым аўсянішчы месяц.

Гадоў не адна ўжо сотня
праняслася над нашым полем.
Вы казалі: „У ціне балотнай
не растуць кіпарысы ніколі!“

А прышлі-ж вы, прышлі здалёку,
вы прынесьлі далёкія песьні:
і затупаў нячутым крокам
па шурпатым аўсянішчы месяц.

За акном зарыдала катрынка,
А я-б лепш паслухаў гармонік,
Каб былі, каб былі ў мяне крыльлі,
я-б за песьняй паляцеў ў пагоню.

III

Наша песьня — з балота ды з лесу.
Наша песьня — з кудлатых імшараў.
Мне ня жаль, што сарвалі завесы
з непазнаных імглістых чараў.

Я люблю нашы сінія казкі
такімі, як іх складалі…
Бусел над пуняй крылом заляскаў
дый панёсься ў бяскрайныя далі.

Многім многа яшчэ раскажа
наша песьня з кудлатых імшараў:
ў ёй саткалі мы тонкую пражу
з непазнаных імглістых чараў.

Вось і ўпала з вачэй заслона.
Мы пазнаць непазнанае хочам.
Лягу я на зялёным улоньні —
буду слухаць, як песьня стукоча.