Перайсці да зместу

Сонечнымі сьцежкамі (1925)/Пра сябе/Помніш?..

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ Не шкадую… ⁂ Помніш?..
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1925 год
Менск
Іншыя публікацыі гэтага твора: Помніш? Хмары чмарыя зьвіліся…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




∗     ∗

Помніш? Хмары чмарыя зьвіліся,
вечар пеніўся тугой-атрутай,
нашых думак кволае лісьце
трапяталася ў нетрах смутку.

Можа й нам — недапетай песьняй
з камнем на шыі — на дно.
Бо, здавалася, сэрцу цесна,
думкі мучыў балючы надлом.

Мы любілі і шмат любілі —
аддавалі цела і душу;
а ўчарайшае, хоць і заглохла быльлю,
а ўсё роўна за горла нас душыць.

Не ганяйся, поэт, за зданьню,
ня губляй залатыя словы,
бо напевам адным разудалым
цяжка вырваць жыцьця заломы.

Толькі як ні гусьцеюць цені,
як ні хмурыць шэрань аблічча —
усё роўна — агні лятуценьняў,
думкі ў новыя далі клічуць.

І тады, калі прыдуць другія,
засьпяваюць інакшыя песьні —
зноў вярнуся ў свае берагі я,
каб жалейку на дрэва павесіць.