Перайсці да зместу

Сонечнымі сьцежкамі (1925)/Горад/Менск

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ Помніш?.. Менск
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1925 год
⁂ Вуліца, шырокая вуліца…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Менск (Дудар).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МЕНСК.

Ня пісаў я ніколі летапісаў
і пісаць, напэўне, ня буду…
Пазварочвала бура слупы ўсе,
а ў дарозе ўсё роўна ня зблудзіш.

Што капацца ў архівах стагодзьдзяў
ды трывожыць заснуўшую цень…
Паглядзі, як жыцьцём карагодзіць
сэрца Белае Русі — Менск.

То ня месяц з-за хмар прычаліў
ды над Сьвіслаччу лёг у траву.
Будавалі Менск палачане,
будавалі на сваю галаву.

А Менск толькі бровы нахмурыў,
ашчацініўся стрэламі труб.
Глянь-жа, глянь, як пад белым мурам
за слупом бліскавічыць слуп.

А мядзяныя дроты бальконам
напяваюць пра сьвята жыцьця.
Пахаваліся па стайнях коні —
самалёты над Менскам ляцяць.

Сонца золатам ў дах барабаніць
адбівае сталёвы рытм…
Як у казцы — вясёлая раніца
вечарамі на бруку гарыць.

Дзе вы, дзе, мінулыя годы!
Вам ня ўстаць з-пад конскіх падкоў,
А цяпер вось грымяць заводы.
Будзяць горад сотні гудкоў.

Хай другія па сьвеце брадзяжаць
ды шукаюць багатых зьмен.
Ах, як многа, як многа кажа
беларускаму сэрцу Менск.