Сонечнымі сьцежкамі (1925)/Пра сябе/Не шкадую…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ Завяжу я… ⁂ Не шкадую…
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1925 год
⁂ Помніш?..
Іншыя публікацыі гэтага твора: Не шкадую, нічога не шкадую…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Не шкадую, нічога не шкадую —
ані раніцы, ані жытнёвых ніў.
Няхай вецер па пушчы шнуруе,
над дарогай гудуць авадні.

Мне ня жаль ні хвоек, ні бярозак,
мне ня жаль трубы пастуха…
Кажуць людзі, што я страціў розум —
зажурылася над хаткаю страха.

Не здарма мая старая маці
ставіць сьвечкі перад вобразам штодня,
просіць бога, каб памог сынку стрымацца
і агнямі загарэцца каб ня даў.

Эх, матуля!.. Нічога не шкадую —
ні лясоў, ні аб‘імшэлай хаткі,
бо знашоў айчыну я другую
у сталёвым лёскаце варстатаў.

І палаюць агнямі думкі —
Беларусь — недасяжным узвышшам
Захад з Усходам злучылі рукі;
шоўкатканае поле трактар вышыў;

Не змаўкае заводаў рэха…
Гэта ўсё намі з бою ўзята…
Не маліся, матуля, за сынаў грэх,
за палёты ў вясёлае заўтра.

Бач, маю краіну маладую
агарнулі брыльлянцістыя агні…
Не шкадую, нічога не шкадую —
ані раніцы, ані жытнёвых ніў.