Пад вечэр к пану на расплату
Мужыкі зыйшліся ў хату.
Стаяць, гамоняць ля парогаў
Тут часам пан таго, другога
Ад грамады к сабе паклічэ,
Зірне у кніжку, грошы злічэ,
Аддасць бяз крыўды, чыста, гладка;
Але прыйшла такі загадка.
Як раз Грыгору, як на тое,
Замест трох дзён злічыў пан двое,
Бо не ўчытаўся, глянуў скоса,
Праз што спрэчацца давялося.
Грыгор па своему рахуе —
Рублём ўсё болей, а пан злуе,
Ажно меняцца стаў у твары.
Нарэшці, ўздзеўшы акуляры,
Пан стаў у кніжку прыглядацца
І змоўк і годзі ўжо спрачацца:
Падаць казаў сабе і Грышку
На міравую па кілішку. Во, сербануўшы трохі гары,
Грыгор хваліць стаў акуляры.
Нарэшце гэтак адмачыў
(Хмель, бытцам, розум замуціў):
„Во, дай-жэ, Божэ, мой паночку,
Здароўя гэтым шкляным вочкам:
Лепш панскіх сьвецяць, каб не зглазіць,
А тые хай хоць павылазяць!“
|