Пан ды пану слаў гасьцінец — поўну торбу ракоў.
Даў пры гэтым ліст і кажэ: „Не пазьніся-ж, Якоў!“
— „Добра, пане!“ Во, назаўтра, толькі днець зачало,
Якоў торбу ўспёр на плечы баржджэй, як папала.
Ліст укінуў за кашулю, глынуў квасу з жбана
І папёрся с тым гасьцінцэм пасланцом да пана.
Дзень пагодны, сонцэ с поўдня і пячэ, і смаліць;
Якоў з ракамі па шляху без аддышкі смаліць;
Дзёр, як мог, аж зьліўся потам, змок, знібыткаваўся,
Мінуў поле, ў бор зялёны ледзьве ўжо дабраўся:
Ледзьве торбу здалеў скінуць, так прыстаў з дарогі;
Усё чыста адабрало: плечы, крыж і ногі,
Сьверб па скуры упацеўшай бегае, як блохі,
Згаладаў ён, дух чуць зводзіць. Рад спачыць хоць трохі,
Лёг, пад ёлкай расцягнуўся і салодка дрэме —
Сонцэ з верху, як агнішчэ, прыпекае ў цемя.
Якоў сьпіць, раскінуў ногі, ляжыць, як завала,
Язык выткнуў цераз зубы, як вужака джала.
Сьпіць, сапе, храпе, мармочэ, стогне, як авечка.
А тым часам ракі неяк вылезьлі з мяшэчка.
Праз гадзіну іх не стало: ўсе у чыстым боры.
Распаўзліся па мураўцы — хто, куды, каторы.
Ужо сонцэ нізець стало, як прачнуўся Якоў.
Хваць за торбу!.. аж пустая — чуць ён не заплакаў.
Кляў, іх каяў — нема карысьці. Што пачаць — ня знае:
Ні лавіць іх, ні ліст несьці, — стаіць, пагледае.
Думаў, думаў і наважыў пану ліст адносіць —
Адпрашуся, трохі змоўчу, калі загалосіць.
Гэтак мысліць. Праз гадзіну быў ужо у пана;
Даў у рукі ліст, с самога льецца пот, як с крана.
У дрыжаку, жар кідае; моцна зябіць стало —
Гэтак Якова неўдача раптам разабрала, Адыйшоўся. Ля парога жджэ, мо пан што схочэ.
А тым часам здалёк войстра пазірае ў вочы.
Што тут будзе? А ўжо з страху дзівы надаліся:
Бачыць, бытцам усе ракі на пянькі зыйшлісяў;
Як бы чуе іхні лопат… дый дарма трывога —
Пан і ліста перэгледзеў, не спытаў нічога,
Бо быў пэўны, што гасьцінец перэняты паняй,
А наш Якоў дык баяўся сам прызнацца раней.
А цяпер саўсім патрэбы не было казаці,
Калі пан і сам пра ракоў не пытае ў хаце.
Так і стало. Кожны думаў, кожнаму здалося…
Досыць, толькі пан ткнуў грыўню і пры гэтым просіць:
„Ты-ж падзякуй свайму пану ад мяне сэрдэчне
За гасьцінец і за памяць. Не забудзь, канечне!
Праз іх ласку, скажы пану, заўтра зьем прысмакоў“.
Як быў смутны, дык так раптам звесялеў наш Якоў:
„Панок мілы! Ці-ж то ракі ўжо прыйшлі да пана?
Дзякуй Богу! Яны ў лесе распаўзліся з рана.
Я ўжо думаў: яны зблудзяць, каб іх безгалоўе.
Аж, бач, не. Дык, мой, паночак, ешце на здароўе!“
|