Саўка Смык, прадаўшы збожэ, пасьпешаў да хаты; —
Ехаць шмат было дарогі, а час пазнаваты.
Толькі каня выцяў пугай, рынак абмінае,
Чуе: з-заду крычыць нехта і рукой ківае:
„Затрымайся, калі ласка. Памажы ў патрэбе.
За дабро сваё адплату будзеш мець у небе.
Падвязі мяне старога, зрабі ласку, пане,
Вельмі-ж трэба, каб да дому трапіць мне заране“.
Збедаваўся, разстагнаўся, давёў Саўку к жалю.
Хоць каню за цяжка трохі, ня мог слухаць далей: —
Добра, кажэ. Сядай, едзем — весялей ў дарозе!“
Згарнуў сена, мех падкінуў, прымасьціў у возе.
Едуць разам. Каб час сцерці, павялі размову.
Стаў тады купец хваліцца, што каня, карову
Прадаў сходна. Цяпер мусіць з грашыма ў кішэні
Сам ісьці пяць міль да дому, а ноч — як у жмені,
Ужо блізка падыходзіць, сонца дагарае.
Саўку ёкнуло у сэрцэ. Прыйшла мысь благая —
Дармаеда купца—хціўцу, што прывык к чужому,
Напужаць хоць раз ды добра, едучы да дому.
Едуць мілю і другую, трэйцю ўжо мінаюць.
Саўка жартам купца страшыць, плясьці пачынае:
Скажы, пане, ці ты знаеш гэтую дарогу?
І ці чуў калі часамі, што шмат людзей Богу Сваю душу тут аддалі пад нажом здадзеёў,
І што ў лесе, гдзе мы едзем, такіх дабрадзеёў
Ёсць не мала“. Той спужаўся, просіць, каб вярнуцца,
Ледзьві ўжо сядзіць на возе, лыткі аж трасуцца.
Саўка, нібы пацешае, купцу кажэ ціха:
„Пане, надта не пужайся, даець Бог мінем ліха,
Я тутэйшых ўсіх зладзеёў абміну у ночы.
А калі і затрымаюць, распытаць хто схоча,
Скуль, куды і што с сабою я вязу да хаты,
Я патраплю атказаць ім. Толькі, пане, платы
Не шкадуй мне. Я надумаў. Гэтак будзе к ладу:
Пана ў мех свой усаджу я, сам прыткнуся к заду.
Скажу — шкло вязу ў Замошэ, калі хто спытае“.
Купцу з страху дух заняло, галавой матае.
Толькі гэтак між сабою радзяцца, мяркуюць,
Аж здалёку хтось азваўся. Купец гэта чуе —
Просіць Саўку хутчэй з страху патрымаці торбу,
Ды баржджэй улез, схаваўся, лёг у версе горбам.
Саўка мех зьвязаў вузламі. Сам чуць сьмех стрымае,
Сьцяў зубамі моцна вусны, каня паганяе.
Добра штука удалася, — лепей і ня трэба:
Купец ў торбе, ноч глухая і як сажа неба…
„Стой, — крычыць, зьменіўшы голас, — стой! Куды ты едзеш?
Затрымайся, а то сьвету зараз не угледзіш!“
Потым кажэ сваім тонам: „А мае-ж паночкі,
Пасагу вязу ў Замошэ, для каханай дочкі“.
А зладзей ня хочэ слухаць, вельмі нецярплівы,
Крычыць злосна: „Давай грошы!“ (Саўка тон звяглівы
Лоўка зноў зьмяніў і гэтак, што пазнаць аж трудна).
Купец з страху сабе мысьліць — „пэўне будзе брудна“.
Але чуе, што вазака лгаць ім не праміне:
Кажэ, грошы ён ня мае апроч шкла — начыньня.
Во, у торбе; дый стаў з імі сьмела агрызацца.
„Добра, кажэ здодзей, ўбачым, будзем дазнавацца“.
І пад тое Саўка пугай купца выцяў жыва
Так, што пэўне не ўцалела на тым мейсцу гніда.
Але страх змагае болі — той цярпець стараўся,
Крыкнуў „дзынь… нь… нь…“ і шклом пабітым нібы адазваўся.
Саўка пугай зноў па торбе шмаргануў з разгону.
Купец піснуў: „дзынь… нь… нь…“ праз сьлёзы і дрыжыць ад гону.
Сьцебануў ешчэ раз трэйці Саўка праз сваволю,
„Дзынь… нь… нь…“ так сама купец крыкнуў, не ўстрымаўшы болю.
Годзе здзеку! Саўка нібы стаў ужо ў зашчыту:
„Што ж ты, гад, прыстаў так пільна — ўсё начыньне збіто! Калі злезу зараз з возу дый калом угрэю —
Будзе грошэй тут у волю для цябе, зладзею“.
Сам затупаў па дарозе, нібы даганяе,
Рад купец, што верх вазакі, лёгка уздыхае.
Лежаў ў торбе моўчкі, думаў: „што, каб не пагроза?“
З морг абегшы, Саўка злосны павярнуў да воза.
Нібы з лаянкай праўдзівай ў перэдку садзіцца,
Сячэ пугаю канягу і далей імчыцца.
А ўжо ранніца, сьвятлее. Едуць з вярсту ціха.
Вазак кажэ: „Лезь пан з меху, ўжо мінулі ліха.
Я сяк—так абараніўся, нехай чорт іх ладзіць;
Тая вёска недалёка, гдзе пан мусіш злазіць“.
— „Ну, мой мілы, ўмееш трапіць“, — купец рады кажэ,
„З лайдакамі так спрэчацца рэдка хто адважэ.
Будзь так ласкаў, зайдзі ў хату“, купец Саўку клічэ,
Сам шэпочэ штосьці з жонкай, ў руцэ грошы ліча.
„Хоць чым кольвек, ну, хоць чаркай, я цябе частую,
„А за ўсё перш-на-перш дзякуй і рубель плачу я!”
Саўка выпіў, выцер губы, с павагай ад’ехаў.
Пасьля доўгі час, як ўспомніць, паміраў ад сьмеху…
|