Перайсці да зместу

Радасны будзень (1935)/III/Снапок аўса

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вецер лётае, вецер гойсае Снапок аўса
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1935 год
Дрыжыць, калоціцца дрыгва

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СНАПОК АЎСА

Мне сказала маці: выжні
Ты цялятам асакі…
Калыхаўся ціха здрыжнік
Ля блакітнае ракі.

Мне сказала маці: туга
Натапчы і прынясі…
Гаманіла неба з лугам,
Гаманіла з лугам сінь.

Маці мне сказала: ў хату
Ты астатняе усып…
Жалі ў полудзень дзяўчаты
Недажатыя аўсы.

Па балотах і аблонях
Я зялёнага шукаў…
Сенажаці збілі коні
I пасохла асака.

Па дарозе невядомай
Беглі кветкі і раса…
І да матчынага дома
Я прынёс снапок аўса.

1927 г.