Перайсці да зместу

Радасны будзень (1935)/III/Вецер лётае, вецер гойсае

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Штандар чырвоны, штандар чырвоны Вецер лётае, вецер гойсае
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1935 год
Снапок аўса

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вецер лётае, вецер гойсае,
Вецер ўвечары будзіць быль…
Мая дзіўная бегла босая,
Бегла босая на кадрыль.

Плот і весніцы. Хаты сонныя.
Ў небе досвіткі. Ў сэрцы рань.
Ночка бегала, як палонная,
Мітусілася, нібы здань

Гумны шасталі, пелі вішнямі —
Спевы вабілі жыць і жыць…
Былі кволымі, былі лішнімі
Словы вострыя, як нажы.

Толькі мне тады сінь русалкаю
Усміхалася у трысці,
Толькі мне тады за заранкаю
Так хацелася ў даль брысці…

Над уцехамі і над крыўдамі
Зоры лёталі і цвілі…
Мы кахаліся, мы і кідалі,
А сустрэўшыся — зноў ішлі.

Мая дзіўная біла ножкамі
Краскі росныя і траву…
Дні разбегліся між дарожкамі,
Марам здрадзілі і жніву.

Вось затым было над балотамі
Мусіць гэтулькі і журбы…
Вецер гойсае, вецер лётае,
Вецер ўвечары будзіць быль.

1927 г.