Перайсці да зместу

Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю/Уплыў на сьмяротнасьць «запушчанасьці» захворваньня

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Заключэньне Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю
Уплыў на сьмяротнасьць «запушчанасьці» захворваньня
Аўтар: Савелій Рубашоў
Уплыў опэрацыйнага ўмяшаньня на хірургічную смяротнасьць

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Б. УПЛЫЎ НА СЬМЯРОТНАСЬЦЬ «ЗАПУШЧАНАСЬЦІ» ЗАХВОРВАНЬНЯ.

Наступным па сваім значэньні фактарам з умоў, што робяць уплыў на хірургічную сьмяротнасьць, зьяўляецца стан захворваньня, або, як я яго называю, «фактар запушчанасьці». Ён мае ўнівэрсальнае значэньне — і для усіх этыолёгічных груп захворваньняў, і для ўсіх лёкалізацый захворваньня. Кожны хірург мае так шмат даных у гэтых адносінах, што не даводзіцца траціць шмат слоў на асьвятленьне гэтага моманту.

Значэньне фактару запушчанасьці (інакш кажачы часу) для вострых выпадкаў настолькі ясна і ілюстравана ўжо вышэй на многіх выпадках, што я абмяжуюся тут толькі некалькімі лічбамі. Для апэндыцыту Бовэр і Клярк (Філядэльфія) выяўляюць гэта значэньне вельмі дэмонстрацыйна: у 1922 г. — сярэдні лік гадзін дастаўкі хворага пасьля пачатку яго захворваньня — 85,2 — сьмяротнасьць — 9,6 проц.; у 1923 г. — сярэдні лік гадзін — 49,5 — сьмяротнасьць — 1,53 проц.

Гольдэн дае такія лічбы для ілюстрацыі значэньня раньняй дыягностыкі і раньняй опэрацыі пры ілеусе. У выпадках, ім асабіста дыягнозаваных і опэраваных, ён меў на 51 выпадак 6 проц. сьмяротнасьці, а ў 84 выпадках, атрыманых ад іншых урачоў, дзе прайшло шмат часу ў хістаньнях — 27 проц. сьмяротнасьці.

Пэрытоніты паводле Гарэ[1] даюць пры опэрацыі.

Праз 12 гадзін -28 проц. сьмяротнасьці
24 " -63 " "
36 " -87 " "

Зьмяшчаю невялічкую табліцу проц. сьмяротнасьці пры пэрфоратыўнай язьве страўніка.

Гадзіны опэрацый Красінцаў Мануілаў Пальк Гертле
1-6 5,5 проц. 7,68 проц. 10,5 проц. 48 проц.
6-9 20 " 53,3 " 50 " 54 "
9-12 40 " - - -
12-24 46 " - - 79 "
24-48 71 " 100 " 80 " 93 "
больш 48 100 "

Значэньне раньняй опэрацыі і зьвяртальнасьці хворых пры пэрфоратыўнай язьве яшчэ лепш дэмонструецца данымі Петрашэўскай: да 1914 г. сьмяротнасьць была — 62,9 проц.; у 1914—1928 г. г. — 37,2 проц. Пры гэтым процант раньніх опэрацый да 1914 г. 19,6, ад 1914 г. — 40 проц. Раньняя зьвяртальнасьць павялічылася ў два разы; сьмяротнасьць зьменшылася амаль у два разы.

Гэтыя, так званыя, вострыя хваробы намі дастаткова разгледжаны раней і таму спыняцца больш на іх няма патрэбы. Але трэба яшчэ раз падкрэсьліць, што побач з траўматычнымі і безадкладнымі выпадкамі, мы сустракаем яшчэ больш хронічных выпадкаў, у чым вінаваты часткова самі хворыя, а часткова ўрачы.

У разьдзеле пра пухліны я ўжо паказваў лічбы нэопэрабільных ракаў. Фукс-Панэк у 1928 апублікаваў работу, дзе даводзіў, што на 1.717 выпадкаў нэопэрабільных ракаў віна хворага або ўрача мела месца ў 1.282 выпадках.

Запушчаныя пляўрыты, апэндыцыты, холецыстыты, холянгіты і т. д. сустракаюцца заўсёды ў практыцы хірурга. Значнасьць зьнясіленасьці і няўстойлівасьці ў такіх запушчаных хворых відаць з таго, што часам і так званыя «пробныя» опэрацыі канчаюцца сьмерцю. Напр., у Вазьнясенскага на 243 выпадкі сьмерці 15 сьмярцей было ад «пробных» опэрацый, г. зн. 6 проц.

Уплыў такога моманту, як агульная ўстойлівасьць відаць напр., з наступных даных. Абухоўская больніца дала сьмяротнасьць:

у 1913 г. 3,8 проц.
" 1917 " 7,9 «
» 1918 « 11,1 „
“ 1919» 13 "

Гэта павялічэньне сьмяротнасьці прыходзіцца тлумачць амаль выключна няўстойлівасьцю ў галодныя гады.

Побач з такім фактарам, як характар самога захворваньня, гэты момант — запушчанасьць захвораваньня — адыгрывае другую па важнасьці ролю. Ва ўзьнікненьні самога захворваньня часам вінаваты такія моманты, якія ляжаць па-за нашым узьдзеяньнем; у адносінах да запушчанасьці захвораваньня мы знаходзімся ў іншых умовах. Першым і самым важным фактарам змаганьня з такою запушчанасьцю трэба лічыць добрую організацыю блізкай да насельніцтва мэдычнай дапамогі; у паасобку дыспансэрны мэтод зьяўляецца дастатковай гарантыяй таго, што захворваньне будзе выеўлена ў самым пачатку яго разьвіцьця. Для правільнага хірургічнага значэньня вельмі важна вызначыць тую мяжу, дзе павінна быць спынена консэрватыўнае лячэньне і дзе трэба распачаць опэрацыйны мэтод. Хірургія вымушана з жалем

адзначыць, што опэрацыйны мэтод лячэньня шмат якіх захвораваньняў разглядаецца яшчэ і да гэтага часу, як выключэньне, і іменна гэты погляд параджае шмат непаразуменьняў у той галіне, пра якую ідзе гутарка. Такім чынам і атрымліваюцца сотні хворых, якія зьяўляюцца да хірурга або тады, калі ўжо немагчыма што-небудзь зрабіць, або тады, калі опэрацыйнае ўмяшаньне для хворага зьяўляецца небясьпечным. Атрымліваецца зачараваны круг: кепскія вынікі запозьненых опэрацый адпужваюць хворых і ўрачоў і «слава» опэрацыі, як «крайняга сродку», замацоўваецца ўсё больш. У гэтым пункце, зразумела, неабходзен рашучы пералом, якога можна дасягнуць выключна сумеснай работай тэрапэўта і хірурга і вялікай растлумачальнай работай у адносінах да хворых. Посьпехі хірургіі ў сучаснай стадыі яе разьвіцьця — хірургіі масавай — на бліжэйшы пэрыод будуць залежыць не ад прогрэсу самой хірургіі, а, галоўным чынам, ад стварэньня спрыяльных да яе адносін сярод мас насельніцтва.

З мерапрыемстваў, якія маглі-б радыкальна зьмяніць справу, мабыць, трэба назваць іншае разьмеркаваньне спэцыяльнасьцяй, чым гэта мае месца ў сучасны момант. І сапраўды, цяпер ужо ёсьць цэлы рад спэцыяльнасьцяй, прадстаўнікі якіх уладаюць і консэрватыўным і опэрацыйным мэтодамі лячэньня. У гэтых спэцыяльнасьцях можа ўзьнікаць пытаньне пра больш консэрватыўны ці больш радыкальны кірунак у справе лячэньня, але ніколі ня можа ўзьнікнуць конфліктаў, якія часта бываюць пры «перадачы» хворага тэрапэўтам хірургу. Магчыма, што надышоў час, каб падзяліць мэдыцыну па органах і сыстэмах з тым, каб урач уладаў адначасова і хірургічным мэтодам. Тады зьнікне гэты шкодны падзел на «тэрапэўта» і «хірурга» з усімі яго пасьледзтвамі, як навукова-мэтодолёгічнымі, так і бытавымі, якія прыводзілі часта да таго, што мы, хірургі, называем «запушчаным выпадкам».

  1. Спасылка на артыкул у Англійскай Вікіпедыі — Carl Garré