Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю/Расстройствы жыўленьня і зьмяшчэньні Заключэньне
← Хваробы селязёнкі | Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю Заключэньне Аўтар: Савелій Рубашоў |
Уплыў на сьмяротнасьць «запушчанасьці» захворваньня → |
Заключэньне
Найбольш вызначаючым сьмяротнасьць фактарам зьяўляецца само захворваньне — у сэньсе яго сутнасьці — па-першае, і лёкалізацыі — па-другое. Пасьля падрабязнага разгляду сьмяротнасьці пры цэлым радзе захворваньняў, наўрад ці ёсьць патрэба зноў суміраваць гэтыя даныя, тым больш, што на лічбы, паданыя вышэй, я гляджу хутчэй як на прыкладныя паказальнікі, чым як на матэматычныя вялічыні. Вывады-ж з паданага матэрыялу настолькі зразумелыя, што не патрабуюць асаблівага падкрэсьліваньня.
З пяці галоўных груп захворваньняў на першым месцы, па сваёй небясьпечнасьці, стаяць пухліны, а з іх галоўным чынам, пухліны ўнутраных органаў — мазгоў, страўнічна-кішачнага тракту і яго залоз і т. д. Сапраўднае змаганьне са сьмяротнасьцю ад злаякасных пухлін магчыма толькі пасьля разьвязаньня проблемы раку і значыць, ляжыць у галіне навукі; зараз-жа нашы паліятыўныя мерапрыемствы зводзяцца да захадаў соцыяльных агульнай профіляктыкі, больш раньняга дыягназу і больш радыкальнага опэраваньня.
Група аномалій зьяўляецца сваяасаблівай. Яна дае вялікую сьмяротнасьць ад дзьвёх прычын: несумяшчальнасьць аномаліі з жыцьцём і агульны кепскі стан выродлівага організма. З прычыны гэтага такія дзеці гінуць вельмі рана. Тыя, што выжываюць, аднак, кепска пераносяць нашы хірургічныя мерапрыемствы. Малая колькасьць гэтых прыраджоных аномалій параўнаўча з іншымі захворваньнямі дае права ня спыняць на іх асаблівай ўвагі.
Па небясьпечнасьці на другім месцы пасьля пухлін стаіць група траўм. Змаганьне тут павінна весьціся, галоўным чынам, ў галіне соцыяльнай: папяраджаньне траўм, асабліва цяжкіх, лепш за ўсё разьвяжа пытаньне. Далей, трэба палепшыць організацыю падачы першай і канчатковай хірургічнай дапамогі, наблізіць яе да насельніцтва, асабліва да організаваных груп і паскорыць у часе.
Дзьве групы — запальных захворваньняў і расстройства жыўленьня — стаяць прыблізна на адным узроўні ў сэньсе сьмяротнасьці. Запаленьні сэрозных абалонак воласьцей, абсцэсы ўнутраных органаў — у аднэй групе і ілеус у другой групе — галоўныя ворагі, супроць якіх павінна быць накіравана ўся вастрыня клінічнага вывучэньня.
Пры сучасным стане лячэньня сакрэт зьмяншэньня сьмяротнасьці заключаецца ў тых жа момантах — набліжэньні хірургічнай дапамогі да насельніцтва і пропагандзе раньняга опэраваньня.
Так разьмяркоўваюцца ў сэньсе небясьпечнасьці гэтыя пяць асноўных груп. Але сьмяротнасьць залежыць яшчэ ад лёкалізацый. Мабыць ня мае сэнсу спроба выразіць у лічбах коэфіцыент сьмяротнасьці ў залежнасьці ад лёкалізацыі процэсу; у асноўных-жа рысах гэта зразумела кожнаму.
Мельнікаў прабаваў падзяліць усе хірургічныя захворваньні на пяць груп:
I група — дае 65 проц. сьмяротнасьці — хваробы мазгоў, сэрца, лёгкіх;
II група — дае да 30 проц. сьмяротнасьці — гарляк, трахея, хрыбетнік, параненьні жывата, кішкі:
III група — дае да 20 проц. сьмяротнасьці — зашчэмленыя грыжы, печань, страўнік;
IV група — дае да 10 проц. сьмяротнасьці — вострыя апэндыцыты, остэоміэліты і т. д.
V група — дае да 1 проц. сьмяротнасьці — усе іншыя процэсы
Яснай зьяўляецца надзвычайная схэматычнасьць такога падзелу, і я лічу лішнім станавіцца на гэты шлях. Можна сказаць толькі адно: пры аднолькавых умовах паражэньні ўнутраных органаў і сэрозных абалонак больш небясьпечны, чым паражэньні іншых органаў і частак цела; з унутраных органаў — асабліва небясьпечны — захворваньні і пашкоджаньні галаўных мазгоў, сэрца, унутрыбрушынных органаў.