Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю/Пашкоджаньні чэрапу
← Пашкоджанні | Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю Пашкоджаньні чэрапу Аўтар: Савелій Рубашоў |
Пашкоджаньні хрыбетніка → |
Пашкоджаньні чэрапу.
Траўмы чэрапу заслугоўваюць разгляду ў першую чаргу, як па сваёй адноснай частасьці, так і па сваёй небясьпечнасьці. Сярод зломаў касьцей наогул, зломы чэрапу адыгрываюць ня такую ўжо вялікую ролю ў сэньсе частасьці (ад 1,45 проц. да 3,8 проц.); у апошніх германскіх статыстыках на 275.450 зломаў налічваецца 9.036 зломаў чэрапу, г. зн. 3,4 проц.; але ў госьпітальных ўмовах гэтыя лічбы большыя — 10-19 проц.
Розныя пашкоджаньні галавы наогул зьяўляюцца цяжкімі. Калі ўзяць больнічныя лічбы, дык сьмяротнасьць роўная — 5,2-6,5-12 проц. У Сакалоўскага (Менск) гэты процант роўны — 10%, у мяне — 11 проц.
Калі-ж узяць толькі зломы чэрапу, дык процант рэзка павялічваецца. Найбольшыя абсолютныя лічбы мы маем у Германіі:
тут за 4 гады на 30.598 выпадкаў злому чэрапу было 7.283 сьмерці, г. зн. 24,2 проц. — кожны чацьверты хворы гіне. Аднак, сюды ўваходзіць, бясспрэчна, і частка больш лёгкіх выпадкаў, бо калі ўзяць толькі больнічныя лічбы, дык яны большыя. Найменшую лічбу дае Дзікінсон — 29 проц.; у большасьці яна вагаецца паміж 32-39 проц., нават даходзіць да 50 проц. (Эвоян). Оратор (1930 г.) лічыць сьмяротнасьць пры пашкоджаньнях чэрапу роўнай — 15 проц. Старыя лічбы (Бэтанія 1843 г.) даюць яшчэ большы процант — на 49 выпадкаў — 32 сьмерці — 64 проц. Брэн на 470 пашкоджаньняў чэрапу сабраў 165 сьмярцей, г. зн. процант сьмяротнасьці — 35 (1881—1901 г. г.); у Ваўковіча сьмяротнасьць пры зломе чэрапу была — 25 проц.: у мяне на 54 выпадкі зломаў чэрапу памерла 18 чалавек, г. зн. — 33 проц. Часам сустракаем і малы процант. Напр. у Сакалоўскага (Менск) — 12 проц. Гэты малы процант я тлумачу выключна больш лёгкім матэрыялам.
Зломы асновы чэрапу зьяўляюцца яшчэ больш цяжкімі. Праўда, Лесен дае 12 проц., Кеню[1] — 15 проц.; але гэтыя лічбы зьяўляюцца выключэньнем; з іншых мне вядомых лічбаў, найменшая — 29,8 проц., найбольшая — 76 проц. Амэрыканскія лічбы — 39,8 проц.; 52 проц.; 69 проц., Ваўковіч дае 40 проц.
Зломы скляпеньня даюць меншыя лічбы — 13,3 проц.; 35 проц; 46 проц. Вельмі цяжкімі зьяўляюцца зломы адначасова скляпеньня і асновы чэрапу: так Эвоян дае 40 проц. сьмяротнасьці, Картэр — на 160 выпадкаў — 59,6 проц.
У параўнаньні з вышэй паказанымі лічбамі, лічбы Мельнікава — процант сьмяротнасьці ад зломаў чэрапу да вайны — 6,4 проц. і 8,4 проц. — пасьля вайны, — для мяне зьяўляюцца зусім незразумелымі.
Сумныя лічбы даюць агнястрэльныя раны мірнага часу: на 15 выпадкаў, напр., — 12 сьмярцей (Зьвераў, Інстытут Скліфасоўскага). У маім матэрыяле — на 10 выпадкаў памерла 5 чалавек (неопэраваных). Прычыну цяжкасьці гэтых параненьняў трэба, мабыць, бачыць у блізкай адлегласьці, на якой наносяцца параненьні, бо гэта ў большасьці выпадкаў — самагубствы. Мой уласны вопыт пры пашкоджаньнях галавы такі: пашкоджаньні чэрапу складаюць галоўную частку хірургічных захворваньняў чэрапу ў звычайнай больнічнай абстаноўцы; у мяне сьмяротнасьць — 81 проц., г. зн. 4/5 выпадкаў; большасьць гэтых параненьняў, на шчасьце, не пранікаюць у поласьць мазгоў (4/5), толькі 1/5 з іх — пранікальныя (32 на 161); ад непранікальных ран чэрапу сьмяротных вынікаў не здараецца: так, на 129 выпадкаў мы ня мелі ніводнай сьмерці (з гэтага ліку 19 опэравалася):
пашкоджаньні мяккіх частак чэрапу | 87 |
вытненьні чэрапу | 20 |
пашкоджаньні касьцей чэрапу (зломы) | 22 |
УСЯГО | 129 |
Пранікальныя-ж параненьні даюць такі малюнак:
пашкоджаньні скляпеньня чэрапу, якія пранікаюць ў мазгі: 13 | з іх не опэравана 3 | сьмяротных вынікаў 2, |
опэравана 10 | " " " 4 | |
Зломаў асновы 8 | не опэраваны | сьмяротных вынікаў 6 |
Агнястрэльных параненьняў чэрапу - 10 | не опэравана 7 | пам. 5 |
опэравана 3 | пам. 0 |
Опэрацыі не рабілі ў безнадзейных або, наадварот, у лёгкіх выпадках.
Пранікальныя раны даюць вельмі вялікую сьмяротнасьць: на 32 выпадкі - 18 сьмярцей, г. зн. памерла больш палавіны. Калі ўзяць процант сьмяротнасьці ў адносінах да агульнай колькасьці пашкоджаньняў, дык сьмяротнасьць будзе роўнай 11 проц. (18 на 161).
Гэта вялікая сьмяротнасьць залежыць выключна ад цяжкасьці пашкоджаньняў. На 19 чалавек не опэраваных - не опэраваліся толькі найбольш лёгкія і найбольш цяжкія - памерла 14 чалавек (г. зн. ⅔); на 13 чалавек опэраваных памерла 4 чалавека (г. зн. ⅓).
Пашкоджаньні чэрапу на маім матэрыяле зьяўляюцца пераважна вынікам трох момантаў: бойкі, профэсыянальнай траўмы, выпадковых пашкоджаньняў.
На 161 выпадак, - было пашкоджаньняў, атрыманых у бойцы - 81; профэсыянальных траўм - 33, сярод якіх 18 пашкоджаньняў ад сельскагаспадарчых прылад; 42 пашкоджаньні былі выпадковымі; 5 пашкоджаньняў - вынікі самагубства (агнястрэльнае параненьне).
Не заўсёды сьмяротны вынік пры пашкоджаньнях чэрапу зьвязан з велічынёй параненьня; часам прычынай сьмяротнага мэнінгіту ці абсцэсу можа быць параненьне самае нязначнае.
Што можа хірург супроцьпаставіць гэтай жахлівай сьмяротнасьці?
Не гаворачы ўжо пра звычайныя мерапрыемствы па доглядзе за ранай і пра опэрацыйнае ўмяшаньне пры пэуных паказаньнях, - некаторыя настойваюць на самых радыкальных адносінах — безадкладнай трэпанацыі, лічачы, што пры гэтым нічога ня траціцца, а выйграць можна ўсё.
Якія-ж вынікі ў абаронцаў такога радыкалізму?
Лічбы адных гавораць за такое ўмяшаньне, лічбы другіх — за больш асьцярожны падыход.
Так Картэр, маючы агульны процант сьмяротнасьці — 39, пры опэрацыі мае — 37,2 проц. Мікстэр у неопэраваных мае сьмяротнасьць — 58,3 проц. у опэраваных — 43,4 проц. (пры зломах асновы), Эвоян на 17 опэраваных — 80 проц., на 18 опэраваных — 40 проц.; (злом асновы). Сакалоўскі на 54 опэраваных — 15 проц.; Эвоян на 22 опэраваных — 15., а на 10 неопэраваных — 5 сьмяротных выпадкаў, г. зн. 50 проц. (скляпеньне), але ў другой сэрыі — 54 опэраваных — 22 сьмерці, г. зн. 40 проц., 26 неопэраваных — 20 проц. З другога боку, Макрэзі — на агульную суму выпадкаў мае 39 проц. сьмяротнасьці, а з опэраваных — 59 проц.; Дзікінсон консэрватыўным лячэньнем дасягнуў 9 проц. сьмяротнасьці замест 55 проц.; у Інстытуце імя Скліфасоўскага на 18 неопэраваных выпадкаў памерла 2, г. зн. 12 проц. і т. д. Мне здаецца, што вынік залежыць ад паказаньняў. Неопэраваныя паказваюць большую сьмяротнасьць ад таго, што яны асабліва цяжкія, і іх іменна таму не опэруюць і т. д.
Што рашаючым момантам зьяўляецца, бязумоўна, не опэрацыйнае ўмяшаньне, відаць з табліцы Картэра (1927 г.) дзе ў аднаго і таго-ж самага аўтара, пры аднолькавых умовах лячэньня хворых, вынікі былі наступныя:
- на 389 выпадкаў —
- на 106 траўм чэрапу бяз страты прытомнасьці, сьмяротнасьць — 7,2 проц.
- на 106 траўм чэрапу са стратай прытомнасьці, сьмяротнасьць — 16,7
- на 177 траўм чэрапу з доўгачасовай стратай прытомнасьці сьмяротнасьць 68 проц.
Характарна, што ў матэрыяле Сакалоўскага, які меў 12 проц. сьмяротных вынікаў, — 78 проц. усіх пашкоджаньняў здарылася ў часе бойні і ня было ніводнага агнястрэльнага параненьня; у мяне, пры 33 проц. летальных вынікаў, пашкоджаньняў ад бойкі было толькі 50 проц. і мелася 10 агнястрэльных параненьняў (на 54 выпадкі); у Эвояна, дзе пашкоджаньні атрыманы на нафтавых промыслах — 50 проц. сьмяротнасьці.
На сваім матэрыяле я атрымаў такія лічбы: не опэравалася 19, памерла — 14, опэравалася 13, памерла — 4.
На першы погляд вывад можа быць такі: опэрацыйны спосаб дае лепшыя вынікі. Але справа ў тым, што не опэраваліся іменна найбольш цяжкія хворыя, якія пасьля некалькіх гадзін знаходжаньня ў клініцы паміралі; опэрацыі-ж рабіліся ў выпадках менш цяжкіх.
Наогул, пры ўважлівых аналізе малых лічбаў сьмяротнасці выходзіць, што і яны ня вельмі малыя. Прыклад — лічбы Сакалоўскага, у якога пры опэрацыйным лячэньні пранікальных ран чэрапу выжывала 85 проц. Вылічаецца гэты процант так: на 54 опэраваных памерла 8 чалавек. Але з гэтых 54 опэраваных — 5 опэравана з прычыны эпілепсыі і паралюшаў праз доўгі час пасьля пашкоджаньня, г. зн. у групу сьвежых пашкоджанььняў іх залічыць нельга. Далей указана, што ў 16 выпадках пашкоджаньняў цьв. мазг. абалонкі ня было. Калі адлічыць гэтага 21 чалавека, дык застаецца 33 выпадкі, і процант будзе ўжо не 15, а 24, г. зн. звычайны процант сьмяротнасьці ад параненьняў чэрапу (гл. вышэй.)
Вывады такія:
З траўматыкаў з пашкоджаньнямі чэрапу гіне да 25 проц.
Гэтыя хворыя паміраюць у першыя 12 гадзін — ад цяжкасьці паражэньня і вялікіх крывазьліцьцяў; у першыя 24 гадзіны — ад павялічэньня ціску ў мазгох; потым ад інфэкцыі.
Вынік залежыць галоўным чынам ад цяжкасьці пашкоджаньня; наўрад ці ў гэтым факце шмат што можна зьмяніць опэрацыйным умяшаньнем, хоць яно ў значнай меры засьцерагае ад разьвіцьця інфэкцыі.
- ↑ Верагодна, маецца на ўвазе Эдуард Кеню (Édouard Quénu) — французскі хірург — Заўвага ад Вікікрыніц