Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю/Запаленьні Заключэньне
← Хірургічны тубэркулёз | Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю Заключэньне Аўтар: Савелій Рубашоў |
Злаякасныя пухліны → |
Заключэньне.
Запаленьні выклікаюцца мікробамі, і з гэтага пункту гледжаньня зьяўляюцца таксама захворваньнямі «выпадковымі», як і траўмы. Таму ў ідэале дапушчальна і сапраўдная профіляктыка гэтых захворваньняў у сэньсе вызваленьня асяродзьдзя, у якім жыве чалавек, ад прысутнасьці мікробаў, або хоць-бы вызваленьня ад іх — найбольш пагражальных пунктаў. Гісторыя эпідэмічных і інфэкцыйных захворваньняў зусім яскрава паказвае на такую магчымасьць; наша хірургія з яе асэптыкаю зьяўляецца ня менш бліскучым доказам гэтай перамогі. І калі мы зараз яшчэ маем вельмі шмат такіх захворваньняў, дык прычына гэтага, як відаць, у тым, што цэлы рад профіляктычных мерапрыемстваў намі яшчэ ня можа ажыцьцяўляцца.
На зьмяншэньне сьмяротнасьці ад запальных захворваньняў мы можам разьлічваць таму, што ў соцыялістычным грамадзтве больш культурныя і нормальныя ўмовы жыцьця падвысяць агульны ўзровень здароўя і, значыць, супроціўляльнасьць організма; вынік-жа запальнага процэсу ў вялікай меры залежыць ад апошняй. Вялізарнае значэньне страты гэтай супраціўляльнасьці організма мы бачылі апошні раз у часе сусьветнай вайны, калі цяжкасьць цячэньня інфэкцыі тлумачылася, апрача раду іншых прычын, — рэзкай стомленасьцю і зьнясіленасьцю воінаў.
Вельмі вялікае значэньне для выніку запальных процэсаў мае сваячасовае скарыстаньне лекавых мерапрыемстваў. Калі траўма дзейнічае аднакраць і хутка, і мы маем перад сабою толькі яе канчатковы вынік, дык пры запаленьні справа стаіць інакш: яно рэдка бывае маланкападобным па хуткасьці, для разьвіцьця яго дзеяньня патрэбен час і мы можам яго спыніць ці паслабіць, калі толькі мы зьявіліся яшчэ ня вельмі позна.
З прычыны гэтага, разьвіцьцё мэдычнай дапамогі і набліжэньне яе да насельніцтва павінны абавязкова выклікаць зьмяншэньне сьмяротнасьці ад запальных захворваньняў. Прогрэс у гэтых адносінах зьяўляецца нясумненым. Я прыпамінаю вялізарныя флегмоны канцавін, даводзіўшыя да ампутацыі або нават піэміі, якія я нярэдка бачыў 20 год таму назад у гарадзкіх амбуляторыях; цяпер я іх бачу вельмі рэдка. І калі яны яшчэ бываюць на вёсцы, дык прычына гэтага толькі ў адсутнасьці там пакуль што мэдычнай дапамогі ў належным разьмеры.
Пры цяжкіх траўмах нярэдка бываюць і цяжкія інфэкцыі; калі зьменшыцца колькасьць першых, дык гэта дасьць колькаснае зьмяншэньне сьмяротных вынікаў пры інфэкцыі.
Раней я ўжо гаварыў пра значэньне сваячасовасьці ўмешваньня ў справе зьмяншэньня сьмяротнасьці ад пэрытонітаў, пляўрытаў, апэндыцытаў і цэлага раду іншых запальных захворваньняў.
Наступным фактарам, які будзе садзейнічаць змаганьню са сьмяротнасьцю пры запальных захворваньнях, зьяўляецца радыкалізм нашага ўмяшаньня — пашырэньне хірургічнага мэтоду на рад захворваньняў.
Далейшая доля змаганьня прыпадае на самую стэрыялізуючую тэрапію і біолёгічныя мэтоды змаганьня з інфэкцыяй. На гэтым фроньце атрымана ўжо ня мала перамог і далейшыя спробы, зразумела, скончацца посьпехам.
Усе гэтыя даныя, узятыя разам, дазваляюць з надзеяй на посьпех глядзець на пэрспэктывы змаганьня са сьмяротнасьцю ад хірургічных запальных захворваньняў у будучыні.