Рэйнскі вадапад

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Рэйнскі вадапад
Верш
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1923 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 2, ліпень 1923 г., б. 1-2
Кельнскі Сабор

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




В. ЛАСТОЎСКІ.

Рэйнскі вадапад.

Як вар,
укруг скалы
што высіцца сярод ракі,
кіпіць, — рычыць, валва
і пеніцца, як вепр дзікі
калі яго ў княі аступіць смыч.
Пс… во ў голкаце, чыйсь кліч,
чыйсь плак цяжкі чуваць!
То зборанай валвы апошні рык
распачны!
Ня ўздымецца яна ўжо зноў
ў напружаньні змагарным:
ў ручве ціхім і марным,
у забудзі ей суджана сплываць.
Змаганьне, гон, сталока…
Ціж толькі для таго ўся гэта склока
каб грываю трахнуць
адзіны міг?!

.............

У гроце камяннай,
панад шалёнаю кіпежай,
стаялі мы, з табой, Іване,
ўслухаючысь ў змагарны гуд;
і ты сказаў з задумаю ў вачах:
„Во так шуміць нязмоўчна бор
у нас і дождж аб дах
ў бязсонлівыхъ начах“…
І ты хацеў каб бор гудзеў
табе пад вечны сон…
Адзін стаю я зноў
над сьпенянай валвой;
спаміны ціснуцца навалай…
Тутніць у жылах кроў…
І я дрыжачаю рукой,
з сьвятарнаю пашанай,
пасьцерты ўжо дажджом
твой надпіс паднавіў.
І мне здалось,
што быў ты, зноў, са мной…
І быў ткі, мусі,
як дух змаганьня
Беларусі.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.