Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/III/210
← 209. Сонэт | 210. ⁂ Рыцар Няшчасьце, што скрозь езьдзіць пад маскай маўчком Верш Аўтар: Поль Верлен 1927 год Арыгінальная назва: Bon chevalier masqué (1881) Пераклад: Максім Багдановіч |
211. ⁂ Трэ‘ нам, бачыш, усё між сабой дараваць → |
210.
Рыцар Няшчасьце, што скрозь езьдзіць пад маскай маўчком, З сэрца старога струёй люнула яркая кроў; З губ маіх вырваўся крык, бліск маіх зрэнак пагас; Рыцар пад’ехаў бліжэй, ціха каня затрымаў, Цяжка у рану маю палец акуты ўхадзіў; Таркнуў халодны, як лёд, палец у сэрца маё, Сэрца бяз кропелькі зла, сэрца бяз кропелькі шкод, Бледны, дрыжачы, я ўсё-ж веры даць шчасьцю ня мог, Рыцар-жа зноў на каня сеў, галавою кіўнуў, Вось што я чуў ад яго, вось што я чую ўвесь час: |
Увагі
[правіць]Пераклады з Вэрлена друкуюцца з дзьвёх крыніц. Дзевяць нумароў — з газэт (№№ 223 і 230 з „Нашае Нівы“ 1913-га г.; №№ 211, 213, 215, 216, 219, 220, 224 — з „Нашае Будучыны“ 1923 г.; астатнія дванаццаць нумароў — чарнавых аўтографаў. Усе яны канчаткова да друку былі падрыхтаваны поэтам ў 1912-м годзе (ліст А. Луцкевіча ад 3-VI—25 г. з копіямі некаторых вершаў і лістоў поэты). Парадак друкаваньня перакладаў прыняты Літаратурнай Камісіяй той, які быў вызначаны самім поэтам у пісьме да рэдакцыі „Н. Нівы“ ад 31-VII-1912 г. (дадаткі да ліста А. Луцкевіча ад 3-VI—25 г.). З пералічаных поэтам у гэтым лісьце вершаў не знашлося толькі аднаго — „Ракаўкі“, а ў канцы групы перакладаў з Вэрлена дадзены яшчэ адзін пераклад („Млоснасьць“ пад № 216), перадрукаваны з „Н. Н.“ 1913-га году, якога няма ў сьпісе поэты.
Пераклады з Вэрлена зроблены месцамі добра і з боку перадачы зьместу і з боку набліжэньня да мастацкага стылю орыгіналу. Але некаторыя месцы павінны быць прызнаны ня зусім закончанымі і нават няяснымі ў сэнсе, што прыходзіцца аднесьці часткаю на орыгінал, часам даволі складана скомпанаваны, а часткаю на няўдалы пераклад. Да гэткіх ня зусім ясных месц у ўвагах даецца роўналежны тэкст з орыгіналу па выданьні „Euvres complètes de Paule Verlaine. Tome premier. Paris. 1911.“
210. Рыцар Няшчасьце… Выдаецца з аўтографу, які захаваўся ў папцы з чарнавымі рукапісамі (IV, № 3, 13). Пераклад вершу P. Verlaine „Bon chevalier masqué qui chevauche en silence“ з разьдзелу „Sagesse“.
(Разьдзелы вершаў П. Вэрлена паказваюцца з вышэйпамянёнага выданьня).
Перакладзены асклепіадаўскім вершам (гл. в. „Памятнік“ № 199).