Рунь (1914)/У лазьні
← Рунь | У лазьні Апавяданьне Аўтар: Максім Гарэцкі 1914 год |
Атрута → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: У лазьні. |
У лазьні.
Вучэнь апошняго кляссу каморніцкаго вучылішча, казённы стыпэндзіянт Клім Шамоўскі, к Калядам прыехаў у-двору[1] і ужо другі тыдзень жыў у бацькавай хаці ў роднай вёсцы Мордалысаве.
Якраз у трыццаць першы дзень сьнежня, перад Новым Годам, дзядзька Якуб, дамяўшы сваю пяньку, выпаліў лазьню, каторых ў Мордалысаве на 25 двароў ёсць ажно дзьве.
У вечэры Клімаў брат Пархвір напаіў коні, падаваў жывёлі, прыйшоў у хату і пачаў рыхтавацца у лазьню. Знайшоўшы апоркі і сеўшы на калодачку разуваць лапці, загаманіў ён.
— Дзядзька лазьню ужо вытапіў. Гатова. Збірайцеся хутчэй. Ты, тата, бяры вядро і йдзі; тымчасам і я пайду с хлапцамі; трэба па венікі на вышкі узлезьць. А Клім што гэта сядзіць? Ай ты ня пойдзеш сяньня у лазьню, — запытаўся ён у брата.
Клім палажыў на палічку «Нізшую геодезію» Біка і «Песьні жальбы» Я. Коласа, што дагэтуль былі у руках, нечэга задумаўся, аткінуў з лобу свае доўгіе валасы і троху памаўчаўшы, атказаў:
— Я й сам ня ведаю, іці мне, ці-то ўжо не пачынаць. Колькі гадоў ня мыўся я у вашых лазьнях, адвык. Але памыцца сягоньня не вадзіла-б: цела пачынае сьвярбець.
— Што ты гэта, Клімачка, — загаварыла яго маці. — Чаму-ж табе не схадзіць у лазьню? Праўда гразнавата яна, вады цёплае саўсім німа, а халодная ў панаўцы на канаве надта мутна, але ўсё ж-такі, тое-гэта папарышся, костачкі пагрэіш свае, мо й на душы палягчэіць крыху табе. Ідзі, ідзі, сынок.
Бацька напрануў дублёнку, надзеў дзіравые валенкі і прыстоіў, пакуля Клім выймай с кішэні ключыкі, ножык, партманэцік з грашамі і старым пер’ім «рондо», каб не згубіць дабро ў лазьні. — «Хутчэй!» — казаў яму маленькі пузыр, брат Саўка, а ён, атчапіўшы кішэнны гадзіннік, адзягнуў маткіну шубку і выйшоў с хаты.
Лазьня была за гоні ад вёскі, каля заплыўшае канавы, што была некалі, пакуль шчэ паны жыдом лясоў не прадавалі, рэчкай. Ліпела яна сабе на узгорку, і пакуль Клім узабраўся на гэты узгорачэк, два разы паваліўся і абскрабаў аж да крыві руку аб мёрзлы сьнег. Саўка патскочыў каля яго на аднэй назе, падняў яму кавалачак мыла, крыкнуў: «Хор на Бабінавічы!» і шыбка пабег паперад усіх к лазьні. Там ён кумільгом укаціўся у прымыльнік і сказаў дышкантам, як тое рабілі вялікіе басам, або тэнарам.
— Па́ра — лазьня, лёгкі дух!..
Адзін с хлапцоў-сярэднікоў, што прыйшоў туды раней, да Саўкаваго віншаваньня ў адзін тон дабавіў колькі слоў і к слову «дух» прыкладна атпаліў такое слаўцо, што дзед Кузьма абазваў яго сынам ведамаго усім брахліваго стварэньня.
Клімаў бацька пайшоў к панаўцы, зачэрпнуў асьцярожна беражком ведра, каб не замуціць саўсім, мутнае з лёдам вады, утапіў у ваду бярозавы венік, каб размяк і лепей яго было спарыць, і, схіліўшыся над вядром, пабрыў у лазьню усьлед за Клімам. А той, убачыўшы там старых, каторые распратываліся а іншые атдыхалі на мяліцах, папарыўшыся даволі, сказаў:
— Добры вечар! — і азірнуўся дзе б яму прыхіліцца.
— Міласьці просім! атказаў яму салдат Захар Какста.
— Капеек на восем, — дагаварыў нейкі скалазуб. Садзіцеся во ладнае мяйсьцінка, Клім Раманавіч, — загаманілі голые, барадатые «мужы» ў цямноці, бо сьветла ў прымыльніку паліць, знаць, не знайшлі патрэбным і варушыліся, хто як мог, упоцемку.
Прымыльнік быў плятнёвы, і скрозь пляцень дуў вецер. Пад нагамі — мяльлё. Каля сьценак лежалі раскірачыўшы ногі, самадзельные мяліцы. Кліму было гразна, нячыста, непрытульна. З лазьні сюды то й глядзі, выскаківалі чырвоные, што ракі, здаволеные ласуны да парэньня. Адтуль нёсся гул…
«Ліха іх ведаіць, як яны тут мыюцца, — думаў Клім, шукаючы мяйсьцінкі, дзе-б схаваць шубку.
Старые гаманілі пра тое-сёе, хто колькі шпал ад жыда звёз на рэку Вяхру і іншае.
«Але што-ж гэта я? Ці я не радзіўся сам у Мардалысаве, ці сам не купаўся у гэтай гразі, не бачыў усякаго бруду?» — так думаў Клім. «Не, гэта-ж я ні злуюся, чаго-ж гэта я?..» І увайшоў у лазьню.
Вачам стала горка ад дыму. Нагам было ёдка стаяць на гразнай сьцюдзёнай зямлі. Галава ударылася аб шост. Жарыня была на версі, як у пеклі. Ня можна было нічога разгледзіць.
— «Жчах, жчах, жчах, жчах…» работалі венікі. — «Ого-го-го-го» — рагатаў нехта, лезучы на палок. — «Паддай, паддай… Яшчэ горстачку… ліні паўкружачкі на печ… Братцы, ад’жалейця паўчаўхірачкі… Духу мала, духу німа, гэй духу!» Аж стон лунаў у лазьні. Павярнуцца думаў Клім, — нейдзе: паўнютынька лазьня людзей. На нізу у гразі блазнота… Іншы плакаў ад дыму, ці йшчэ ад чаго і цёр вочы кулакамі, і плёскаў гразнай вадой. Але й тую яму нехта забараніў браць, казаў: «Злётай прынясі сам.» Іншы сядзеў непарушна, ушчаміўшы галаву паміж ног. Той шчыпаўся, той штурхаўся, той жартаваў — мацаў некаго на вачох, кажучы: «Ці еў балазе?»
— А, та-а-атачка, а а-ай, а до-о-ос! — сквірчэў малы хлопчык, як мага, на ўсю сілу, а добры бацька дзержаў за шыю с пэўнасьцю, што агоўтаіцца, і гарачым, як полымя, венікам сьцебаў з усіх бакоў. — «Дай сьпінку, дай жываток, йшчэ трошку, ну, ну, ну, дурненькі, не плач жэ; дос, дос, ня бойся… Ато, брат, камлём заеду, хочыш», — дабавіў ён ўрэшці і злаяўся. А побач с Клімам два нехалюзых хлопчыкі сварыліся за нешта.
— Во-охці, охо-хо-о — чуць жывы выкаціўся у прымыльнік нейкі дзядок.
— Як тое было, як тое будзіць, ось табе на, крычэў Юрка, і раптам зняцеўку — бах! паўнюсенькі карэц вады на маленькую печ. Аж камяні загурчэлі, засіпела вугальля і с палка пасыпаліся, як бульба, слабейшые. А крапчэйшые, стойка вядучы справу сваю, пільна запрацавалі рукамі.
— Госпадзі, памілуй! Божухна, злітуйся! Мірам Навышнему памолімся, — прыгаварываў адзін у помач рукам, а другі, трэйці, чацьвёрты ня грэбавалі і самай бруднай лаянкай. Аж прыкра зрабілася Кліму ад гідкіх слоў, што насіліся у цёмным, гарачым, свойабразным пеклі — гэтай лазьні.
— Во калі ашалелі мужычкі, — мудрыў салдат Какста, цёпаючыся венікам.
Нехта шукаў на шосьціку сваю кашулю і зваліў у самую гразь чужые штаны.
— Саўка! зьбегай, сынок, вады: гару, саўсім гару… Хутчэй бяжы… А, Клім, лезь на палок, паўзі, парся, — гукаў Раман.
Клім палез, абпёк ляжку на гарачым палку, плакаў ад дыму і, махаючы венікам, праклінаў, скрыўджэны, і лазьню, і тых глуздоў, хто пабудаваў яе такую. «Жывуць-жа людзі» — думаў ён: «Лес пад бокам, жыды у пана адваевалі яго за даўгі і прадаюць колькі гадоў; і селяне кожнагодна пускаючы на гарэлку рубельчыкі і жывучы сярод лесу, маюць лазьню… каб яна, даруй Божэ, згарэла на чыстым полі гэткая».
— Духу паддайце, гэй, хлопцы! — са скуры пнуўся стары Мікіта.
— Ужывай, дзядзька! Пагрэйся, — атказаў «вясёлая галава, а гнілые кішкі» малец Яхім, і — чох! паўведра на печ.
— Холадна! — упінаўся Мікіта.
— І так гарым, — буркнуў Клім, седзячы каля яго і льючы халодную ваду на галаву. Ён успомніў, што Мікіцёнак Панас кождын дзень пьець «ханджу», як ваду, а Язэп мажыць ею ногі ат прастуды. Успомніў ён, Бог знае к чаму, што матка корміць вяпроў у хаці, і у хаці гразка. Дрэнна…
— Запанеў наш каморнік, пышэн надта Клім Раманавіч, духу баіцца… А мне, мужыку, любата, — крычэў Мікіта.
— «Які тут чорт «запанеў», — злуваў Клім. «Сьвіньні, а ня людзі», — думаў ён злосна на ўсё бадай Мордалысава. «Я вёз дамоў кніжкі, каб чытаць ім, а яны кожны вечар, кожна сьвята гуляюць у карты у Мікітавай хаці, а на кніжкі не зьвярнулі ніякай увагі… Шчэ казалі, — разумцы! — што «некалі ім займацца панскім дзелам…» І толькі гэты «сьвяты» Хлімон прасіў пачытаць, бажаў паслухаць што-небудзь «бажэственае» ды бабы гаварылі, каб ён, Клім, прачытаў ім «сьлёзна-жаласна». І што ні ступнеш, — чуіш дурацкае: «Запанеў, запышеў, гардзіцца».
— Падажджы, патрывай, Клім. Пахвір вады чыстае с калодзежа зараз прынясець. Будзем абдавацца.
— Добра, тата, тут буду — сказаў, а сам, не маючы ужо сілы вытрываць шалёнаго жару, па́ры і разам холаду каля ног, таксама вялікаго клуму, гоману, лаянкі, выйшоў, як пьяны, у прымыльнік, схапіў адзежу і рупна, як слухалісь рукі, пачаў не абдаўшыся і с прыліпшымі на целі лісьцямі ад веніка, надзевацца.
«А грэх мне казаць «дурацкае», дзе толькі цемната», — гваздом сядзела у галаве яго непазбытная думка. «Скуль жа ведаць гэтаму старому вяскоўцу, «прыгонніку» Мікіці, што ён, Клім, вучыўся не дзеля таго, каб «загрэбаць» грошы, што ён іншы, што ён жа не чураецца вёскі, любіць яе і шануіць, як родны сын, што ён хочыць кіравацца усімі сіламі, каб бачыць яе цьвярозай, сьветлай, здаволенай жыцьцём ды сумленнай, што ён «запанеў», але зусім не так, як думаіць Мікіта… І лацьвей ім, — думаў Клім далей, — стрэляць у вочы «запанеў», ведаючы вагу свае векавечнае працы мужыцкае, а хай бы яны пабачылі боль сэрца і смутак душы у мяне, прымача у «панстві» і пасынка вёскі, і яны лепей паехалі-б с сахою на родные палеткі, чымся адарваўшыся ад дзядоўскіх сяліб вісець у новым і невыразным паветры…»
Кашуля не надзевалася, нечым дрэнным пахла. Шапку шукаў Клім і ніяк ня мог знайсці у дакучлівай, прыкрай цемні прымыльніка.
— Братцы, што гэта, я-ж акалеў саўсім: кажыця, хто ўзяў мае штаны, — пытаўся дзядзька Якуб, хныкаючы з лазьні і назад у аднэй кашулі. — Хто тут? — узбіўся ён на Клімавы ногі.
— Я — адгукнуўся Клім і узноў засумаваў.
Старые аддыхалі, седзючы на мяліцах, напратываліся, абуваліся. Гаварылі аб Новым Годзі, успаміналі, што было цікаваго у Старым. Хто ішоў у двору, казаў:
— Дзякую за пару, за дух, за добрую лазьню, хто тапіў, хто й ваду насіў, усім шаноўным паном-гаспадаром. Дабранач!
Клім прыслухаўся к роўнаму голасу старога дзеда Банадыся, каторы бытцым восенны дождж у вокны, барабаніў:
— …Ато вось, браткі мае, дык шчырая праўда. Чуў я гэта ат самого Панаса Дземянка, што служыў у аднаго заможнаго гаспадара, але, ня тут будзь казана, у вялікаго ведзьмака. Але й казаць мо далей ня трэба?
— Кажы ужо, кажы, зацеваў Мікіта, — ато абцугі прынясём, словы с цябе цягнуць пачнём.
— …Паехаў Панас нешта раз з гаспадаром у дровы. Прыехалі у цёмны-цёмны лес, якіх цяпер і ня знайдзіш. Гаспадар і кажыць яму: «Ты папільнуй тут коні, а я хутка зьвярнуся», — і пашоў некуды. А Панас ня дурэнь, троху пабавіўся ды паціхеньку усьлед…
— Клім, во твая шапка, — шэптаў Саўка, надзеваючы жупан і слухаючы апаведаньне дзеда Банадыся.
…А гаспадар, крыху адыйшоўшы, — кулдык! чэраз пень перэкаціўся і пабег… Чым? Ваўком. — «Ага, думаіць Панас, — грашы Богу, ваўкалачэ»; троху пагадзя і ён перэкулдыкнуўся праз пень і, — да душы ня лгу, сам Панас казаў, — і ён пабег ваўком, але разумеў усё, якбы і чэлавек. Далей зірк ён: выскачыў гаспадар на поле, схапіў барана са стадка ды ў лес. На ліха тут дагледзіў ён Панаса, сцяміў усё, сам перабег чэраз пень яшчэ, і зрабіўся чэлавекам, а на Панаса наклаў такое закляцьце, што той тры гады прабегаў зьверам: раз чуць не забілі яго людзі, бо ён, хоць і прыкра, а еў, каб ня умерці з голаду, што і усе звяры…
Йшчэ далі нешта гаварыў Банадысь, але Клім ня слухаў больш і пайшоў з лазьні.
Быў ціхі вечар. На высокім небі зьялі зорачкі, ліў пазычэным сьветам месяц. Скрыпеў пад нагамі сьнег. «Заўтра Новы Год…»
І неяк невясёла, невясёла было Кліму, «запанеўшаму», як казаў стары Мікіта. Думкі плылі, чэплялісь адна за другую, роем мітусіліся у галаве. Беларусь, Беларусь, чым ты была і чаго ты во даждала?..» Звінела ў адным баку. І што с табою будзе? плыло ў другім.
А зорачкі блішчэлі так хораша на небі. І скрыпеў сьнег… І мерные тужлівые вершы ляцелі з неаткуль:
Мой родны край, краса мая, |
І задумаўся Клім. І пеялася неяк па іншаму:
Мой родны край, краса мая, |
Пад ложэчкаю шчымела нешта незнаёмае.
Мой родны край, як ты-ж мне мілы, |
І ляцелі думкі. І дрыжэлі струны душы дзіўна-маркотным гукам.
Мой родны край, як ты-ж мне мілы, |
«Эгэ-ж, уцяміць, пазнаць, зразумець ніколі ня здолііш» — быў чуцен шэпт. «І хіба!. Што?..»
«Але ж не адрэкацца, ня быць здраднікам, а любіць, шанаваць родную Бацькаўшчыну павінен, доўжан…» быў другі шэпт. «Люблю… ці ж не люблю?.. А страшна яно роднае… чым?..»
І спархмурнеў Клім, сігаў[2] шпарчэй па скрыпучым марозным сьнегу. Ляцела думка: «Мой родны кут, люблю цябе бяз меры!» і забавілася яна, не ўцекала.
— Ці не захварэла твая галава, Клім, пасьля лазьні? — спытаўся бацька.
— Палепшаіць, — атказаў сын.