Перайсці да зместу

Рунь (1914)/Рунь

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Рунь
Апавяданьне
Аўтар: Максім Гарэцкі
1914 год
У лазьні
Іншыя публікацыі гэтага твора: Рунь (Гарэцкі, апавяданьне).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Рунь.

(Памяці друга).


Ад аўтора. Не падумайця, людзі добрые, што ў апаведаніўку гэтым выдумка хітрая, пляцень мастацкі… Не!

Яўна парушаючы законы пісьменства кра­снаго, пішу я тут аб тым, што запраўды было. Пішу без прыкрасы самай маленькай; пішу так, як праходзіць цяпер яно, мінулае, прад вачамі духа майго.

Карыстаючы з аўторскіх правоў, пішу тут успамін дарагому, незабытаму таварышу…

Я ведаў вялікіе сілы яго душы маладой і крыштальную чыстату гэтай душы.

Я ведаў… I я павінен расказаць братом беларусам, якую, можэ, сілу, што была паміж нас, страцілі мы.

Ці ж-ткі страцілі, Божэ?

Гдзе то цяпер ты, мой любы Ўладзімір?

Гдзе ён, брацьця мае?

Ня думайця, што нябошчык ён. Скуль гэта ведаць? Я-ж блізкі яго сябра, і я ня ведаю, ці на тым сьвеці ён, ці на гэтым?

Для свае радні і знаёмых — ён памёр. I так думаюць, што ён зрабіў самагубства. Так многіе лічуць, ведаючы яго сільны і арыгінальны характар.

У паліцыі ж запісана каротка: «Ўладзімір З[1] — прапаў бяз весьці».

Даходзюць, што ён утапіўся, цела ж яго не знайшлі.

А я, мяркуючы па яго натуры, успамінаючы яго думкі і перэбіраючы у галаве некаторые словы, думаю, што ён — жыў!

Жыў і куець долю новаго чэлавека (беларуса) у далёкай Амэрыцы альба у Аўстраліі.

Цяпер (хоць гэта выглядзіць троху сьмешна, але заліваючыся хапаюцца за саломінку), ця­пер я папрасіў бы, калі хто будзе ў Амэрыцы і сустрэціць, бывае, такога сурьёзнаго, думнаго, з невясёлымі але хаваючымі агні, вачамі беларуса, то ніхай прыгледзіцца пільней, можэ ча­сам знайдзіць у ём майго даражэнькаго Ўладзіміра З. Росту ён сярэдняго: валасы цемнаватые, у польку; круглавіды… Адна важная прымета была у яго, ды ноды німа цяпер — гэта прывыч­ка даволі часта прыгаварываць: «Кепства кепствоніс».

Дык вось прашу не забыцца.

Ён хацеў словам адраджаць чэлавека ў беларусе (не ў другім кім, бо ён — сын беларускаго народу і найлепі мог паслужыць Беларусі). Але запала яму неяк у галаву, што, вось, прарокі слова у нас знаходзюцца, а прарокаў-эканамістаў німа.

Ён хацеў так. Сабраць у сьвеці ў адных сваіх руках столькі грошы, каб, напрыклад… купіць усю Вільню, і потым з гэтымі грашамі рабіць эканаміцкае адраджэньне Беларусі. Гэта, у пасьледку, была яго манія, і некаторые лічылі яго блізка што ненармальным.

Быў ён сірата. Матка памёрла дужа рана. Бацька пачаў піць і зара пайшоў ўсьлед. Астаўся адзін хлопчык, маючы усяе радні — нейкаго «сьвецкаго» дзядзьку, што служыў у горадзі бытцым то пісцом. Быў хлопчык і халодзен і га­лодзен, нацерпеўся сярод людзей, служачы у батраках. Потым наўчыўся у аднаго панка троху садоўніцтва і граматы. Служыў у вялікім садзі, пачаў чытаць кніжкі, потым папробаваў пісаць. Далей пісаць абстаўна яго жыцьцё я не магу дзеля таго ж яго «шаноўнаго» сьвецкаго дзядзькі, каторы цяпер працуіць ў канцэлярыі аднаго губэрнатара.

Аб гісторыі яго астатніх часаў скажу каротка. Як там было, але ён злюбіўся незвычайна с паннай Ядзяй К., ядыным адросткам старыннаго беларускаго роду, апалячэннаго не раней 19 ве­ку. Ядзя зрабілася сьвядомай беларускай і разгневала радню, бацьку, мачыху. Яе сілком неку­ды павязьлі, хацелі аддаць замуж за багатыра-памешчыка пана П—го. I яна нібы то памёрла у Італіі… Абставы надта загадковы. Можа яна і жыва, але уцекла ад радні німа ведама куды з Эўропы. Каб не было скандалу у гоноровых польскіх салёнах, паны абвесьцілі, што Ядзя пахавана ужо у Ніццы!

Адно ведама: зара, як дайшоў слых аб Ядзі, не стала й Ўладзіміра, «прапаў» і ён.

Просты народ тутэйшы гадаіць розна. Баць­ка Ядзі пракляў яе, а мачыху прагнаў і жывець адзін-адным у глухім маёнтку. Адзінокі, стары, глухі, нехалюзы…

Ці пачуем калі ізноў аб Ядзі і Ўладку — невядома. Тут, на роднай беларускай зямліцы — яны памёрлі…

I калі жывы (як шэпчуць тут людзі), ці скуюць то за колькі гадоў долю і шчасьце сваё на карысць усей Беларусі? Ці, можэ, і запраўды ужо нябошчыкі на далёкай чужыне? Бог сьвяты ведаіць. Пачую што — напішу тады. Цяпер вось матэр’ялы Ўладзіміра, што крывымі дарогамі патрапілі ка мне.

Я лічу сьвятою павіннасьцю шчыра даць тут з яго пісаньнёў усё, што можна і што пака­зывае нам, які быў Уладзімір. З яго папераў ёсць у мяне два яго напісаных апаведаньня, паказываючые літэратурны напрамак яго, потым запіскі «Да самога сябе», кавалачкі з днеўніка і неколькі пісем да яго ат свьетлай памяці нябошчыцы Ядзі.

Вось яго першае апаведаньне, дзе ён хацеў паказаць страшные часы прыгоншчыны.


ВОЙТ.

«Комкі сьнегу вылеталі с-пад капытоў, засыпалі перадок саней і лажыліся войту на шу­бу. Сьцюдзёны рэзкі вецер сьвістаў яму у вочы і круціў наўкола саней і каня і далей па ўсяму полю, як відзіш, цэлые хмары сьнегу.

Мароз браўся на́ нач ешчэ горшы, ешчэ злейшы.

Добры панскі стаеннік, аж белы увесь ат шэрэні, даволі шпарка бег сярод замятухі па занесеннай дарозі, хуркаў і порскаў белаю параю у бокі. Палозьзя безустаньня скрыпела, звінела, йграла, пеяла, і разам з маўчлівым відам увабраных у белае бяроз, застыхшых абапол дарогі усё наводзіла на пана войта нуду і маркоту.

Пасьля мадэры, што паднесла сама пані, троху вяла ў галаве. У горлі было прыкра-гаркавата пасьля надта масьляных сырнікаў, каторымі частаваў кухар.

«Усё ладна, усё добра, паны здаволены, што патрапілі дагадзіць гасьцям і вясёла прагулялі масьлянку, чаго ж болі?»

Войт сярдзіта варухнуўся і засоп, даргануўшы каня за вожкі.

«Не-е, на канец чорт пацягнуў пана за язык пахваліцца прыгожымі дзеўкамі… На войта нарэканьня, а што тут войту?!.»

Злосна засморгаў вожкамі і збачыў пад узгорак к хатам, што цямнелі там каля рэчкі.

«Яму, старому, трэба езьдзіць за ўсякаю каланіцаю, бытцым німа каму ешчэ з дваровых»…

Конь, пачуўшы цёплы дух, замахаў храпаю з абмёрзлымі вусамі, забарабаніў, зьбегшы з горкі, па вузенькаму мосту і незабавам рухава падвёз санкі к крайняй хаці, гдзе ўжо запалілі лучынку.

Кароткі зімовы дзень мінуў. Неба, цёмнае, пахмурнае, злое, было чырванейшае на захадзі і пагражала аттуль страшэнным марозам.

Войт злез, кінуў каня падляцеўшаму хлопцу і пашоў у хату.

Улез с холадам у невялікіе дзьверы, пахлопаў у парозі валенкамі і хрыпата і важка кінуў, агледаючыся па хаці:

— Добры вечар!

У хаці было ціха. Каля полу вазёкалася нейкая баба; убачыўшы войта, атарапела і завугнавіла:

— Добры вечар, паночку!

— Юрка тут?

На печы зашэвяліўся…

— А-а, ты на печ схаваўся! Пазяб? Пан наказаў, каб ты дзеўку сваю прыслаў у двор к яму; там астатні баль сягоньня будзе, гукаюць дзевак пець ды скакаць, каб паном весялейшэ было… А гдзе ж Тацяна?

Юрка заварочаўся моўчкі на печы, саскочыў на запечак, выгаварыў-ткі: «добры вечар пану войту» і заскроб бараду ў задуменьні: «Чым скончыцца нахаба?»

Войт прыхінуўся к зэдліку, абцягнуў лёд з вусоў, расхінуў шубу, здзеў цёплые рукавіцы, разагрэўся, але так сабе, бо ў хаці было, як у пуні.

С чырвонаго поясу зьвесіўся тоўсты бізун — знак войтаўскай грознай сілы.

— Ці там, ніхай Бог крыіць, без мае Тацяны, німаш каторых бліжэйшых, — адводзіў Юрка бяду........................................



Вось другое апаведаньне, у каторым Ўладзімір хацеў апісаць гістарычные часы Беларусі.

КНЯГІНЯ.

«Чутно княгіні маладой, аж з высокай сьвятліцы чутно, як безустаньня плешчыць і бьецца аб кручы, і стогніць, і выіць неўгамонны Дняпро.

Чутно княгіні-адзіноці у ціхім пакою, аж праз таўстые мураваные замковые сьцены чутно, што вецер над борам грыміць безупынна, гудом-гудзяць і шумяць векавые сосны.

І нудна княгіні, і здаецца ёй, што так і дождж на дварэ, мутненькі, дробненькі, пракурыцца без перэстаньня цалютку ноч, а дужэючы ён без канца будзе бубнець аб рознакалёрные балоны вакенные, наводзячы невясёлые думы…

Буль-бом-бом… Буль-бом-бом…

Дрыжыць-мітусіцца чырвоны агонь у лямпадцы прад суровымі строгімі лікамі сьвятых на старасьвецкіх абразох у цёмным куце. Сьвятлеіцца кут ад лямпадкі. А бліскучые, зьяючые, чорнасрэбраные рызы у ва ўсе бакі, бяз лічбы, іскаркамі сыплюць і маркоту цягуча наганяюць.

Ня лёгка на сэрцы у княгіні Ганны, ня лёгка ды й дужа…

Ціха ў пакою, як заўсёды бязглосна пазіраюць райскіе птушкі і сіне-блакітные васількі з дарагіх тканін, што сьцены імі паўвешаны ад столі да нізу.

Не зьмяты, ня склычэны сукенные посьцілкі на дубовых услонах, бо калі тое было, што сядзелі на іх?

І астатняя стараніца Евангельля сьвятога як ляжыць дык ляжыць на чырвоным аксаміці; а недапісана, бо у апошніе часы не ўдаюцца княгіні узоры-завіткі загалоўных літэраў. Не ўдаюцца… калі ж цяжка на сэрцы ад думак ташлівых, журлівых і недаплецены фарботы прыгожые. Мусіць не плятуцца чагосьці яны. Забыты, закінуты на узорным стале…

І ня сьпіцца княгіні, — адзінотка ж яна.

Непрыхільна сэрцу у ціхамірным, а пустым пакою. О, думачкі, аткуля вы?

Накінула княгіня Ганна кунічую даху на белые плечкі, узьдзела мякка-пушыстые палуботкі на ножкі белые, дэлікатные, па пакою прайшлася, маркотна на пярыны свае зірнула, прысела бязсільна ж саўсім на аббіты куніччымі скурамі зэдлічэк і галоўку прыгожую пакутна схіліла на грудзі.

Скацілася тонкая, беленькая, з дробненькімі кволенькімі Выпраўлена памылка другу: па льчы камі княгініна рука на калена; а валасы, як непрыдумная па сваёй прыгожасьці чыстая, густая кудзеля, рассыпаліся па цёплаватых пухленькіх плечках; с пацямнеўшых ад жалю і смутку вочэк закапалі гарачые, чыстые сьлёзы, як сьветлая раса, сьлёзы…

Плачыць княгіня маладая, прыгожая Ганнуcя.................


Вось і ўсё. А гаспадыня, у каторай жыў Ўладзік, пераказывала мне, што пісаў ён цэлые ночы і ужо меў спісаных колькі сшыткаў. Часта гаварыў гаспадыні, што пішыць гістарычную повесць і зара кончыць. Гдзе яго рукапісы, ці ён спаліў іх з другімі паперамі перад ад’ездам, ці ён узяў іх куды с сабою, хто яго ведае. Астаўся прыпадкова у гаспадыні толькі, відаць, першапачаткавы рукапіс, кінуты ім, каторы я і даў тута.

Апаведаньня сьветчуць, што яго займалі ня токма што грамадзянска-палітычные пытаньня, але і перэжываньня чэлавека, яго псіхалогія. Значыцца тож, любіў ён хараство, прыгожасць, хаця і не любіў паказываць таго занадта, бо па яго сумленьню жыцьцё у наш практычны век вымагаіць іншаго. Але гэта быў такі романтык. Колькі вершаў умеў ён на памяць! З беларускай жа народнай паэзіі найболі ён любіў ціхіе легенды і страшные праданьня; таксама — казкі, у каторых даводзіцца, што некалі праўда возьме верх над злом.

Дальш я даю запіскі яго: «Да самого сябе», каторые пэўне ён мог напісаць толькі для свайго ж чытаньня і па каторых мы можэм больш усяго пазнаць што ён быў за чэлавек.



Ўладзіміравы пісаньня (с папераў, каторые ласкава перэдала мне пані М. — гаспадыня кватэры, гдзе жыў ён астатніе часы).

ДА САМОГА СЯБЕ.

…Дык так, неўдалы Ўладзімірка, у апошніе часы часьцей ды часьцей зьяўляіцца у цябе думка нядобрая, думка аб самагубстві.

На той нядзелі табе, здаецца, якбы й павясялела, і ты пакрыківаў, як цялё, выпушчэнае с пунькі на двор, і пеў у сэрцы: «Жыць! Жыць!»

А заўчора, пасьля абеду, лёг ты ніц на пасьцелю, жарка дыхаў у пярыну, сьцяў зубы, с сударгай апхапіў галаву і мучыўся…

Нудна! Нудна!

Скуль зьявілася тая нуда, што пад канец, у апошніе часы, так неатчэпна грызець тваё сэрцэ і паддаець ламаты і болю галаве тваёй? Чаму не маіш ты цікавасьці к жыцьцю?

Ідэалаў німа у цябе!

Праўда? Не? Не праўда? А вось праўда!!

Ты — вышэй звычайнаго чэлавека па свайму духу, але дух твой цяжка хварэіць, бо сам сабе дайшоў ты сьмерці у філязофіі сваёй.

Не варта жыць, бо німа нічога на сьвеці, што дзержала-б цябе у жыцьці, што гукала-б цябе к жыцьцю…

Так… чаго жыць табе?

Ты ня жыў, а пражыўся. І невядома, ці разжывешся ты ізноў. Німа ведама, ці палепшаеш ты пасьля сваёй хваробы і ці закрасуіш ты? Ці падасі і другім хварэючым гаючае спадзеваньне, што ня ўсё прапала, што можна шчэ паздаравець?

Ўладзімірка! Ты не маіш сярод людзей чэлавека, катораму б раскрыў душу сваю, да катораго б прыхіліўся. Можа аттаго, што ты сам сабе гідак і непрыемен, дык баішся паказацца людзём у шчырасьці сваёй, у брыдоці сваёй.

А ты-ж — ідэаліст…

Ты-ж змалку гнаўся за праўд................. гаротн…

Ад аўтора. Тутака частка паперы згрызена смальлянкамі у часі, калі пісаньня Уладзіміравы лежалі у пані М. на вышках. Потым дальш невялікую мясьцінку пісаньня яго я не даю у друк дзеля таго, што у ёй Уладзімір пішыць аб сабе і дзеля аднаго сябе і такое, што, па мойму, не цікава для грамадзянства і, надрукаванае, не пайшло б на карысць сьветлай памяці майго друга).

................. Душэ мая, душэ мая! Возстані! Што сьпіш? Канец прыбліжаіцца… І імашы смуціціся, — воспрані убо…

Эх, тэмы, тэмы! Ну, Ўладзімірка, вось табе тэма.

Прыгон… Пан і ў яго цьма людзей-рабоў, падданых яго. Пан ужо й ня можэць думку такую мець, каб і смэрдоў лічыць за роўных паном людзей. А смэрды і ня думаюць, што яны — роўны паном, што яны маюць косткі не чарнейшые за паньскіе, што яны такіе ж людзі, як і паны. А калі і памысьлюць аб волі, дык аб такой, каб не хадзіць на прыгон што дня, а толькі дні два у тыдзень… і каб пан ня біўся.

Страшна! Як людзі самі магуць закуваць сябе і дух свой, і цела сваё у страшные зялезы-путы.

Але і ў жывейшых падданых, хоць на грунці недахвату хлеба, і перасолу на сьпіне, і здзекоў над чэсьцю, пачынаіць будзіцца ненавісць да паноў.

У пана ігрышчэ, баль… Многіе госьці заначэвалі. Мужчыны, хлапцы… Пан надумаўся і загадаў войту. Робіцца лепшая прыемнасьць для госьцікаў. Войт ездзіць па вёсках і зганяіць прыгажэйшых дзевак і маладух да паньскаго двору на́ нач.

Бацькі, мужыкі і браты альбо ня думаюць, што робіцца, альбо кіруюцца скарыстаць з гэтаго, альбо, чулые і больш заможные, пачынаюць шляхатаць злосьцю і ненавісьцю да паноў. Помста! помста!

А сілу маюць паны. Як гэта сталася?

Не даюць працаваць на сябе, адбіраюць на свае прыхамаці астатні хлеб, астатнюю адзежынку, астатнюю вольную часінку…

Голад, холад, горэ!

Бізунамі бьюць, у салдаты на ўсё жыцьцё бацек атдаюць, на сабак меняюць. Што хочуць, тое робюць, мучаюць салодка.

Помста, помста!

Ад маткі у песьнях, у казках, у сьлезах, у стагнаньні; ад бацькі у рабскай маўклівасьці, у злых славах, у кляцьбе дзяцёнак убіраіць у душу ненавісць і страшэнную імсцівасць да паноў… Ах! Што б зрабіў ён, сын мужыцкі, усім!

Добра.

Ты, Ўладзька, сын народу. Колькі ты змалку бедаваў! Колькі ты усякаго ліха мысьліў, колькі краў сэрцам ад зласьлівасьці да паноў… Ах, каб меў сілу над панамі! У порах, у пыл!!.

Тады шчэ ня чытаў ты кніжак, недалужка Ўладзімірка, і не хварэў хваробамі інтэлігента.

Добра, і вось ты інтэлігент. А! Рука твая не паднімаецца на заклятых ворагаў тваіх. Ты баішся дайжэ, каб людзі не даведаліся аб думках маленства твайго. Ты пішыш толькі «да самога сябе». Крый Божэ — даведаюцца «інтэлігенты», што на душы у цябе! Стыднінька табе! Стыднінька, што украдня у ночы конікаў вадзіў у панскі лес. Стыднінька, што пакляўся са сьлезамі сам сабе зарэзаць, як вырасьцеш, аб’ешчыка за тое, што ня толькі садраў у ляску хустку у маткі твае за ягады, але і бізуном даў і гідкім, страшным словам зневажыў яе, маму, пры табе, дзяцёнку сінявокім.

Эх, чэлавек, чэлавек! Усё адно не дабіцца табе, аткуля ўсё і што яно…

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Людзі капашацца… Ня ўсё роўна, хто там каго душыць! Я вышэй гляджу!.. Жыцьцё. Дык не варта жыць, бо нудна.

Нудна; цікавасьці німа.........................

(Ад аўтора. Тут ізноў канец ліста аддзёрты. У далейшым лістку — дзіркі і плямы, і па тых словах, што можна прачытаць, не ўдаецца уцяміць, куды кіравалася думка Ўладзіміра; даю тут, што троху многа зразумела у астатніх лістках).

…Па праўдзі, ну чаго ж я буду жыць далей?

Каб толькі не плакала Ш. і не бедаваў Г. (любы хлопчык; які чэлавек у ём!) і* каб толькі ведаў што будзіць цераз 50 гадоў з беларускай справай*[2], — дык ціаністы калі…

Беларуская справа… Што я магу? І што хто можыць? Жыцьцё ідзець, ідзець… да нечэга. Праўда, што мы творым жыцьцё, але калі й праўда, то ці ня ўсё роўна! Людзі!…

А каторые з іх болей варты спагаданьня? Хто іх разьбярэць? Я заступаюся за брата-мужыка, а ён жэ — не сымпатычны, ён жэ мяне крыўдзіў болей, чым хто. А, ты — беларус, ты можыш пісаць, ты павінен працаваць, ты тое — гэта… Пасунь уперад, праслаў родную старонку. Нічога я не маю у сабе; а каб і геній быў я, — ўсё роўна! К чаму? Усё некалі будзіць невядома, усё цяперашнее згініць.

(Ад аўтора. Калі я перэчытаў гэту мясьцінку Валодзіных пісаньнёў, мне узыйшло на думку, што многіе даравітые беларусы асталіся невядомы сьвету праз такіе вось свае погляды, каторые к таму ж, дадам, пануюць сярод многіх беларусаў).

…І ўсё роўна а ні шчасьця мець ня буду, а нічога, бо у думках дайшоў, што німа на сьвеці цікаваго, новаго і такога, з-за чаго б варта жыці мне.

А тэлефон бяз дроту? Ха-ха!

Хто хочэ жыць — ніхай жывець, а хто хочэ памерці — памрэць ніхай…

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

(Ад аўтора. Выкінута, уважаючы на цэнзуру).

…Колькі прыгожых дзяўчын! І колькі з іх шукаюць, як і я, чэлавека сярод людзей. І я, дзякуючы сучаснаму соціяльна-грамадзянскаму ладу, павінен жыць антымаральна.

…Пісаць, — значыць працаваць дзеля людзкога чытаньня.

А мне людзі — прыкрасць. Гордасць? Не…

Ой, гняцець нуда-назола; ой гложыць маркота вялікая сэрцэ маё! Стагнаць… А спакою мне!

Хапіць ціаністаго калі і лежаць спакойна…

Думка аб самагубстві улежылася добра і ладна, —

Значыцца…

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

(Ад аўтора. Гэта усё, як відаць напісана Ўладзімірам да яго знаёмства з Ядзяю. Потым, калі ён з ёю палюбіўся, мусіць, дапісаў ешчэ, што тут ніжэй).

Самагубства ня выйшла. Ды й чаго паміраць, калі я жыў толькі у думках? І толькі у думках прыйшоў да самагубства! Трэба ж самому добра пажыць, добра жыцьцё пазнаць. Можэ яно атказ дасць.

Дык так… Паехаць! Куваць долю. А там — тады тое будзіць.

Як жа з Я? Трэба канешне так ці гэтак… Божэ! Як яна ўсё атдала мне, ўсяго старога адрэклася і пайшла. Сьвятая ты, Я.! Ты ўваскрэсіла мяне. Дай ручку. Пойдзім! Эх, дарогу нам! Мы ідзём долю куваць за моры, акеаны. Вышэй галоўку, Я.!

К жыцьцю!

(Ад аўтора. Звярніця асаблівую увагу на апошніе радкі. Ці ж яны не праўдзюць таго, што гадаў я і гадаю аб долі Ўладзіміра і Ядзі?

Пэўне жывуць яны ў Амэрыцы або ў Аўстраліі).


КАВАЛКІ З ДНЕЎНІКА.

19…

5 студня. Сварыўса з дзядзькам за беларушчыну. Гаворыць, калі ня кіну, не дасць грошы на навуку 1 лютаго. Пачаў чытаць эканомію палітыкі.

10 марца. Бачыў, як хавалі Астапа, што апрогся ад гарэлкі. Жонка, дзеткі — сіроты…

30 красавіка. Сустрэча з Я.К. Яна — лепшая.

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

15 жніўня, Люблю… Што будзе?

7 кастрычніка. Паліція пагледаець за мною. Работа пана К. Паваюем!

6 лютаго. Пералом. Навіна пайшла. Будзім жыць.

(Ад аўтора. Потым ёсць і яшчэ у днеўніку тое-гэта цікавае, але друкаваць ня можна па розных прычынах. Ёсць і ўспаміна у яго, напрыклад).

…Чытаю, працую; сяджу ў вечары.

Думкі цягнуцца… Маленства маё

Граза, на начлег не вядуць, а мяне, батрака, гаспадар выправіў. Павёў я коні у вугол, к лесу; спутаў, а сам лёг пад елкаю. Страшна стала аднаму у буру. І каб не забіў пярун. Лёг у ляшчыні пад буйным дажджом. Ляжу, схаваўшыся пад зніз з галавою, а пад мяне ужо патцекаіць, па зверху, па знізу, як па лубу, дождж: бом-боль-буль… ліп-ліп… Гром: гу-гу-гурр!.. Гручыць.

(Другое. Мама уміраіць. Не разумею, і вясёл. Потым — у павадыры. Дзядзька забраў. Біў кійком. Дворнічыха ратавала; было непагодна, сьцюдзёна, я туляўся па дварэ. Яна узяла, грэла, чаем паіла. «Ногі, як лядні… Лядзень-ляднём… Дзетка маё».

(Трэцьцяе. Сказала мне Я.: «Ты — сільны і справедлівы; я пайду за табою, гдзе хочэш; я усё кіну для цябе. Ты — новы…» Душачка мая, жоначка мая… Божа! дзякую Табе!

(Ад аўтора. Потым даю тут пісьмо Ядзі да яго. Вядома ня поўнасьцю, бо у ім яна зачапіла радню, і я не магу усё друкаваць, каб не было на мяне навалы вялікай).

«…Мой Ўладзя! Мой любы, мой ненаглядны, мой богаданны! Я рада. Так! Ты мой, а я твая, твая на векі. І татка, і мачыха знаюць усё. І ніхай. Кабета-беларуска была і ёсць мучэніца, і я не баюся, я — беларуска. Ня думай, і твая маленькая «жоначка» Ядзя любіць татку, шануіць многіх знаёмых, але не паглядзіць ні на гразьбу, ні на сьлёзы, ні на жалобные словы, ні на што… Усё я зьнясу, і чаму раз дала я веру і па якому раз шляху пайшла, у тое буду верыць і па таму шляху буду іці, іці, іці… Да труны, або пакуль хопіць сілы.........................

Што у нас творыцца, Ўладзя! Мяне схавалі за сем замкоў. Імя тваё забаронена гаварыць. Татуся маўчыць і маўчыць, на людзей не глядзіць. Каго сустрэціць бліжэйшаго са знаёмых паноў, пачынае жаліцца, што «хам» галаву падняў, а моладзь наша бязпрынцыпна і на галаве пашла хадзіць; што ён шануіць працавітаго мужыка і рад памаччы яму, але гэта новая беларушчына — дурната і выдумка шалёных, што ён «хама», хоцьбы й вельмі здольнаго і таланавітаго, у радні ня меў і мець ня будзіць»…

Мачыха… Ой, мілы, я баюся пісаць аб ёй. Сам Сатана муціць яе. Баіцца, што «імя яе прыплятуць к скандалу». А кампаньонка паддаець: «Ніхай бы праваслаўны, ну што ужо там, а хоць бы ж роду шляхоцкаго, а то… Сорам, сорам!»

Нічога, Ўладзік, не тужы: на такой зямле, упагноеннай леташнім сумецьцем, — рунь закрасуіць.

Паедзім, Ўладзік..........................

(Ад аўтора. Адгэтуль ужо пісьмо друкаваць ня можна; але досыць і таго, каб паглядзець на дарагіе мне абразы Ўладзіміра і Ядзі. Дай Божа, каб выйшла на праўду, што я думаю аб іхняй будучыні. Веру я: — куюць сабе шчасьця яны і йшчэ некалі, як сьпелые каласы на добрай ніві, закрасуюць на роднай зямлі нашай…).




  1. Поўную фамілію Уладзіміра пакуль што напісаць не магу па незалежных ад мяне прычынах.
  2. Словы паміж зорак у рукапісу Ўладзіміра закасаваны.