Перайсці да зместу

Рунь (1914)/Атрута

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У лазьні Атрута
Драматычны абразок
Аўтар: Максім Гарэцкі
1914 год
Роднае карэньня
Іншыя публікацыі гэтага твора: Атрута (Гарэцкі).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Атрута.

(Кароткі жалобны абразок).


Людзі:
Дзед
Раман, яго сын.
Ганна, жонка Раманава.
Аўдулька 8 г. Дзеткі Раманавы.
Косьцік 6 г.
Яначка 8 м.
Хрысьцёна, цётка Ганіна.

Усё дзеецца ў старэнькай, закопчэнай вясковай хаці. Налева у ёй — дзьверы у сенцы і дальш у вуглу печ і качарэжнік. Ад печы — пол аж да правай сьцяны, у каторай два вакенцы; ад полу каля гэтай сьцяны ідзець лаўка. Перад лаўкаю водаль ад полу — стол, на стале ляжыць нож, а хлеба німа; к столу прыстаўлен зэдлік. Над ста­лом у куту — абразы с палічкай дзеля сьвечак.

На палу — сувалка, на ей ляжыць дужа хво­рая Ганна пад дзяругай. Каля Ганны вісіць калыска на круку, убітым у столь; у калысцы сьпіць малы Яначка. Пасярод хаты на падлозі — калодачка, на ёй сядзіць дзед, даплетаіць лапаць і за пачопку, калі трэба, калышыць Яначку. У хаці надта бедна.


Праява 1-ая.

Дзед, Ганна, у калысцы Яначка.

Дзед. Божухна-Бацюхна! Ці будзе ж гэтаму калі канец? Пьянства кожны дзень, кожну ноч… Дзеткі плачуць, Ганна хворая ляжыць, — як ей, матцы, глядзець на гэта? А ён? Охо-хо-о… Пакараў ты мяне, Справедлівы Божэ! За грахі мае брудные пакараў ты мяне, бо калісь і я ня меў сумленьня, цягнуў-піў зельля паганае, будзь яно проклятае навекі… (Бярэцца за сьпіну). А-ай, усе костачкі ломюць. Мне, старому бацьку, трэба гараць ехаць во, а ён… ён пьець. Яму і клопату мала. Не-е, сынок, дапьешся, апомнішся, ды каб не было тогды позна… Нікому ніколі ні падаруюцца сьлёзы дзетак, ой, ніколі! А ён пьець, крычыць, бьецца, глуміць, дзіцячы хлеб прапіваіць. Будзе грэх, чую, усімі думкамі чую…

Ну, хіба ісці саху прыснадзіць. (Паклаў лапаць, устаець). Эх, Раманька, Раманька… (Да Ганны з ласкай у гаворцы) Ганна! Ці чуіш, Гануля! Мо ты зьела б чаго-небудзь? Хлеба кум Аўрам пазычыў, учорашняе поліўкі з ложку стаіць. Сербанула-б, Гануля!

Ганна (кранулася, гаворыць-стогне). Ці-ж Раман прыйшоў с карчмы? А-ах…

Дзед. Зара прыдзіць… Дык зьеш чаго крыху, Гануля. Як жэ гэта, Божа мой, трэцьці дзянёк у цябе крошкі у році не было. Смагу, балазе, прогналаб.

Ганна. Не-е-е… Ня трэба. Касьцючку, Аўдульцы ніхай поліўка. Дзетачкі вы ма-е-е… ( Загадалася). Сусолачку зрабі дзіцёнку, нечым карміць яго, майго Я-на-чку. (Дзіцё у люльцы заварушылася і закугакала жаласна). Калышы, калышы, та-ту-леч-ка…

Дзед (калышыць). Забыўся сынок на Бога, забыўся. Зьменяў на гарэлку і сумленасць, і сямейку, і ўсё, усё. Што яму? Абы пляшку купіць, а іншае, — цямся яно! На маткіну памяць забыўся: на імшу не даў, а прапіў грошы… Чую грэх-бяду. Доля, доля… Дажыліся… (Мармочыць нешта далей, ня можна расслухаць).

Ганна. Ні-ма, ні-ма Рамана, ня йдзець… Тата! А дзе Аўдулька, Косьцік? Дзетачкі мае-е…

Дзед. Усё чыста прапіў сынок. Мусіць, забыліся на Бога людзі, не дбаюць на Таго, што сьвет Яго. У коршмі днююць, у коршмі начуюць… Ат, што, — бацька-ж дурэнь, бацька нічога ні знаіць, на што яго слухаць?… Ня слухай, сынку, ня слухай…

Ганна… Тата! Ці ёсць у нас дошкі на… (с натугай і праз сілу) на тру-ну? Акх!..

Дзед (спужаўшыся). Ня думай пра… пра гэта, Ганна! Божа воля на усё: — на Бога і трэба думаць. (Закалыхаў дзіцёнка і адзеваіць дзіравы жупан). У цябе дзеткі, Гануля, маленькіе. Ось лецячка ідзець, падзівуйся, як вясёла на дварэ, як сонейка сьвеціць, птушачкі прыляцелі, лясок зарунеўся, Гануля… Кінь тое думаць… Дзеткі у цябе; што я стары з імі рабіць буду? Мне трэба туды зьбірацца. А, а, а ты… Сонейка во, грэіць, а ты, ты… (Убегаюць у хату Касьцючок і Аўдулька; абодвы босы, чуць адзеты; у Аўдулькі жмуток першых вясеньніх белых красак, у Косьціка медзяные грошы).


Праява 2-ая.

Дзед, Ганна і дзеці.

Косьцік. А у мяне грош! А у мяне грош!

Дзед. Што?

Аўдулька. Ды не: гэта у яго пяць, ажно вун капеек; гэта, гэта… А у мяне вун што, — краскі! На табе, мама! (Кладзець кветкі к матцы).

Дзед. Аткуль грошы?

Косьцік. Каморнік даў… Мама у мяне грош, глянь!

Ганна. Аддай, Косьцік, грошы дзеду. Аддай, сынок. Ён піражок купіць табе… Аддай, дзіцятка, згу-біш… (Косьцік бегаіць, не аддаець грошы і крычыць: «Грош, грош! Каморнік даў!»).

Дзед. Ну кажы нам, Аўдуля, гдзе вы былі, хто грошы даў? А ты, Косьцік, ці-ху! Яначку узбудзіш.

Аўдулька. Мы… мы хадзілі у гаёк вун кветкі ірваць… Там многа ужо кветак… і… і там каморнік ходзіць… З ланцугом, у акулярах, але не страшны. А нейкая труба блішчыць-блішчыць…

Косьцік. А гузікаў жа у яго!..

Аўдулька. І зайца спудзілі! Як пыхнуў уцекаць!

Косьцік. І я бачыў.

Дзед. Ну, ну?

Аўдулька. Мы яму з вёскі вады занясьлі.

Дзед. Каму? Зайцу?

Аўдулька. Не, вун, каморніку. Ён, вун, сказаў нам: «Малайцы!» А як пачуў ад дзядзькі Карпы, што наша, вун, мама хварэіць, дык нешта гаманіў, а тады выняў грошы даў Касьцюку і кажэ: «На, табе, хлопчык, на бублікі».

Ганна. Дзетачкі ма-е-е…

Дзед. Ці падзякавалі-ж вы пану за ласку?

Аўдулька. Мы і яму пралескі рвалі… Я хацела у руку, вун, пацалаваць, дык ён кажыць: «Ня трэба, ня трэба… Я-ж, кажыць, — ня поп і не абраз». І ні даў, вун…

Дзед (успомніўшы). Пара̀, пара̀ гараць. Паеду, Косьцік! твае грошы цэлы будуць, дай — я схаваю іх. (Паклаў грошы на палічку перад абразамі, яны с хаты відны). Ну, Аўдулька, прыгледай матку, Яначку тута калышы, вады мамі падай, калі пабажаіць. Доля наша, доля… Грахі нашы. Пойдзем, Косьцік, і я табе дудачку вырэжу з лазы… (Дзед і хлопчык пайшлі за дзьверы).


Праява 3-ая.

Ганна і Аўдулька (калышыць Янку).

Ганна (маркотна). Дачушка мая, любінькая, памру я, чую сваю сьмертухну… Слухайся, шануй дзеда. А можэ ж і татка твой апомніцца, агоўтаіцца, піць гарэлку перэстаніць… Даглядай Яначку, Косьціка… Дзеткі мае-е… Хораша жыць, калі усё ладна… (Ей трудна гаварыць). Дай піць. (Аўдулька падаець карэц з вадою; Ганна напіўшыся гаворыць крапчэй). Якіе прыгожые красачкі. Каб мне разок яшчэ пабачыць, як жытцо каласіцца, а там… памерці…

Аўдулька (плачыць). Мама, не кажы ж ты так, не кажы пра сьмерць, — мне страшна… Ня трэба нікому уміраць…

Ганна. Ня бойся, дачушка, ні плач… Так ужо Бог даў… Што я сьніла сяньня? Бытцым нябошчыца мама, такая сьветлая, ясная, у беленькай сьвітачцы прыйшла к нам і да таго ж жаласна і сумна кажыць мне: «Ганначка, — кажэ, — галубка, чаго ты так счарнела ды высахла, выпятрыла уся? Рыхтуйся, — кажэ, — бо табе-ж пад вянец пара, заждалася я цябе…» (Маўчыць крыху, сьлёзы коцяцца, як боб). Тут я прачхнулася, і страшна мне, і лёгка-лёгка неяк зрабілася…

Аўдулька. Мамачка, і я памру…

Ганна. Жыві, дачушка. Будзіш мне на могілку кветачэк прыносіць… На Радаўніцу з яечкам прыйдзі хры-сто-са-вацца-а-а… (Горка-горка плачыць).

Аўдулька. Мама! Мамачка!.. (Чутна пьяная песьня пад вакнамі).

Ганна (адыйшла крыху). Нічога, нічога, я так… Што гэта?

Аўдулька (падбегаіць к ваконцу). Тата йдзець! Ай, пьяны, — будзе біцца… (Палезла на пол к матцы).

Ганна. Забыўся на ўсё чэлавек. А некалі-ж кляўся, бажыўся. Ці даўно тое было? І што гэта з ім; ці ні паддаў яму хто? О-о-о…

(Атчыняюцца дзьверы і, дзяржучыся за клямку, хістаіцца на парозі пьяны і, як слова, вясёлы Раман; пяець і прыстаўляіцца пракудай).


Праява 4-ая.

Тые ж і Раман.

Раман (пяець дальш). За-аўтра, за-аўтра, не-е сягоння, — ко-ожны пьяніца пяе-е… (Спыніўся). Добры дзень тату ў хату! Хвароба ў лес, здароўе ў косьці! Стуку-груку, хто тут? (Ідзець па хаці вугнава прыпеваіць).

Адна думка у Рамана,
Што кішэнічка падрана!
Німа грошы, німа дроў, —
А як выпіў — ўжо й здароў!

Не! Йшчэ адна думка ёсць: каб мая сухотніца паднялася. Ато, калі-і ўжо скрэмсалася! (З ласкай да Ганны). Ганна! Ганначка! Жоначка мая любая! (Тужліва) хварэіш? (Жаласна і безнадзейна). Усё хварэіш… Пара ачуняць. Лепшай, галубка мая, а я, я… Во табе сьвяты крыж, — досі жлуктаць гарэлку! Дос, дос і дос. Маё слова сьвята! Ня буду й ня буду, наўсёды заракуся… (Садзіцца на зэдлік і крыху маўчыць). А дзе ж тата? Дзе Кастусь! (Ніхто яму не атгукаіцца). А? (Пачынае злець). Аўдулька! Куды пайшоў дзед? Чуіш? Злазь адтуль тэйчас, нячыстая каланіца, а то я табе! Янку калышы! Я вас! Што вы мне? Што хачу — то й раблю. Ось ешчэ! Соткі ўжо выпіць нельга? Што такое значыць?! (Ходзіць — хістаецца па хаці).

Аўдулька (калышыць Яначку). Дзед с Касцючком пайшоў у поле… Дзед гараць будзе…

Ганна (стогніць). Божухна! Німа сумленнасьці ў чэлавека… Апомніся, Раман! Сьмерць мая, дзеткі нашы малые, ах…

Раман. До, дос ужо! Не стагні, не гнаі ты майго сэрца. Чуў тваю песьню. А тата… Як жэ ён гараць будзе, калі хамут, хамута… Я сам успашу. Ніхай стары ні турбуіцца, час ёсць. Успашым. Не сяньня — заўтра. Сяньня галава баліць, спахмяліцца б, хіба цяпер. Гануля, дзе твая суконная хвустка? Дай на сотку! Не сярдуй.

Ганна. Раман!

Раман. Ну што, што? Ну на̀, забій мяне! Ну на̀, на̀ зарэж мяне, а дай жэ ты мне на сотку, трэба ж мне апахмеліцца!

Ганна. Пабойся Бога. Раман! На хлеб дзеткам німа; што ты сабе ду-ма-іш?

Раман. Не стагні! Голая костка! Ад заможнаго бацькі браў, а што ты мне у гаспадарку прынесла? Сабаку печэнаго… Во захварэла, падла! І здохніш хутка, падажджы… (Ганна ані слова, Аўдулька пачынае плакаць). Ня румзай, Аўдуля! У матку ўдалася! Заступніца… Я табе пакаж-ж-жу! На калені! Маўчы! Што б твайго духу нячутно было! (Аўдулька ціха хліпае і становіцца на калені).

Ганна. Божа! — (Ташнуіць).

Раман. Сыйду і кіну, кіну… Прападайця тут, хвароба на вас. Ссушылі мяне… Пью, — дык я ж вас і кармлю. Ы-ы-ы! (Скрыгочыць зубамі ад злосьці). Пілуюць-пілуюць, смурыжуць за кожну чарку, ці выпіў ці ня выпіў… Зьежця мяне! на зло прапьпю, усё прагуляю! Зарэжуся! Задаўлюся! Зарэжуся!! (Хапаіць са стала тупы нож і шмуляіць па горлу; Аўдулька крычыць, Ганна стогніць дужэй. Але нож сагнуўся, і Раман са злосьцю кідаіць яго на землю).

Ганна. Кепска мне, кепска мне… Ай мляўка… Сьмертухна мая… Аўдулька, па цётку Хрысьцёну… па дзеда… А-а-а… Раман, сьвечку, грам-ні-цу…

Раман (схапіўшыся). Што? Што? Уміраіць? Хіба ж праўда? Аўдулька, бяжы, бяжы, дзетка, па цётку! (Аўдулька пабегла).


Праява 5-ая.

Німа Аўдулькі.

Ганна. А-а-ах…

Раман. Ганначка, пастой… Што, што ты гэта? Прасьці, прасьці мяне, гэта гарэлка пашкодзіла… (Схіляецца над жонкай). Мо даць вады?

Ганна. Ай, ай… Паткаціла пад грудзі… Вады… (Раман пабег у сенцы па ваду, на сустрэчу зняцеўку дзед; Раман атскочыў).


Праява 6-ая.

Ганна, Раман, дзед і Яначка (пачынаіць варушыцца, Раман калышыць).

Раман. Татуля, вады, вады! Нешто з Ганнай… Слаба яна…

Дзед. Цяпер, «татуля!» Апокуль ты, аторва, лежынь ты пятроўскі! (Бярэць карэц і, зачэрпнуўшы ў сенцах вады, нясець). Пьянюга, згубіў жыцьцё маладзіцы, дзяцей абяздоліў… (Даець ваду Ганні). Пракляну, дажджэшся, што пракляну, сынок; папомні! (Маўчыць троху). Раман!!! Дзе хамут? Куды хамут дзеваў? Прапіў! Усё у каршму занёс!..

Ганна (напіўшыся). Ох, тата, адлягло-о… Раман, памру я; калі а-а-ажэнішся у-у-удругі — жалей маіх дзетак, ня крыўдзі і не дазваляй крыўдзіць. Кінь выпіўку… (Раман стаіць, утупіўшы галаву уніз, і цяжка дыхаіць).

Дзед. Каня возьмуць за даўгі, каравёнку прадалі, хамут быў — німа. Усё на гарэлку пайшло. Раман, чуіш ты? Зямлю прадам, сам кіравацца буду, пакуль сілы хопіць, а унукаў пракармлю, а цябе… пракляну, калі не забудзішся шляху да каршмы…

Раман. Тата!

Дзед. Да старэцкаго хатыля бацьку давёў! У старцы астаецца, хіба, мне ісці? Ты ж адзін у нас быў, матка як цябе пеставала, а ты як успамянуў нябошчыцу? Горэ ты маё… Вёсначка на дварэ, жаўранкі пяюць, людзячкі з весялосьцю на полі за сахою ходзюць, а мы, мы праз цябе тут, як у смале, кіпім! Горэ ты маё…

Раман. Тата! Досыць вам, даволі… Апахмялюся я толькі і навекі заракуся! Ці мне ж ня тошна? Атруціла мяне гарэлка, згубіла жыцьцё…

Ганна. Ты малады йшчэ, Раман. Устрапяніся. Ці хочэш, крый Божэ, каб і я с таго сьвету прыходзіла да цябе за дзетак спрэчацца, Рамане! Дай мне спакой.

Раман (пацьвярэзеў). Татуля! Ганна! Ці я-ж нічога не разумею? Ці мне-ж ні баліць? — І ці я ж не зарэкаўся? Але ж яна, як тая салодкая атрута… Як тое сьвятло бягучае купальскае, заводзіць яна чэлавека у такую круч, аткуль німа узвароту… Адбярэць і розум, і сумленьне і жаласьць… Ці я ж не разумею, тата? Ратуйця мяне… (Замарыўся).

Дзед. Праўда! Кара Божа, Раманька! Казаў мне пакойны Габрыель: Ня трэба слухаць тых, што кажуць: «Разумны пьець, ды вум не прапіваіць, а дурэнь і вадою абапьецца…» І разумнаго, і моцнаго, і вялікаго пана, і апошняго мужыка, і пісьменнаго, і працавітаго, і цёмнаго чэлавека, — ўсіх адзінакава, калечыць яна, у ва ўсіх адбіраіць сілы…» Праўда. Бо то-ж кара Божа! За тое, што праз гарэлку чэлавек губіць розум, губіць абраз Божы, робіцца самагубцам… Чуіш ты, Раман?

Раман (ташнуіць праўдзіва). Што мне рабіць? Я німаю сілы, я ні змагу сябе! цяжка мне… Хаджу, як шалёны… Ні хачу іці, ні хачу піць, а… іду і прапіваюся да ніткі… На панахвіду па роднай мамачцы грошы прыблюў і пра-пра-піў-у-ў… (Гудзіць).

Дзед. Маліся, Рамане…

Раман (агоўтаўся ад плаку). Але-ж прысьпеў мой час… Татуля! Ганна! (Бразнуўся на калені перад абразамі і склаў перад тварам рукі далонямі). Божэ міласэрдны! Ты ўсё бачыш і ўсё ведаіш! Памажы мне, Навышні! Клянуся Табе, што ад гэтаго часу ніколі…

Дзед (страшна гаворыць). Сынок! Ні грашы. Ні падманяй Бога! Колькі разоў, шмат разоў ты ўжо заклінаўся, бажыўся — і усё дарма… Дык ня трэба ж! Ня трэба прысягі, калі німа пэўнасьці яе споўніць.

Ганна. Раман, не хітруй з Богам! Пакарае-е… А а-а…

Раман (тварыць сваё)… Ніхай буду я проклят, калі з гэтаго часу ня кіну піць паганае атруты да самае сьмерці!.. Ня меў я долі, шчасьця, калі… (Убачыў на палічцы грошы усхапіўся). Што там? Скуль тут грошы? (Хочэ узяць іх, але дзед схапіў раней і пашоў да Яначкі, каторы плачыць).

Дзед. Рамане! Бог усё відзіць! Успомні, што ты казаў! (Выймаіць спавітога Яначку і дзяржыць яго каля сябе толькі на левай руцэ, у каторай і грошы, а праваю папраўляіць ў калысцы).

Раман. Тата! дай, дай грошы, мне толькі апахмеліцца… Дай, больш ніколі, ніразу ня буду, дай — галава баліць… (Патскочыў к бацьку, і ірвануў з рукі грошы і маланкай пабег за дзьверы; Яначка скаўзануў з дзедавай рукі і грукнуўся галоўкай аб падлогу).

Ганна (усё бачыла). Ай! А-а-а… (Раптам апынулася на падлозі, крыкнула, захлібнулася).


Праява 7-ая.

Дзед і нябошчыкі.

Дзед (схапіўшы мёртвае у крыві дзіцянё). О-о-о!.. Што гэта? Божэ! Дзе-ж праўда? Пакарай, Навышні, губіцеля свае крыві і цела, ні дай яму спакою ніколі за сьмерць непавіннаго дзіцяткі… Німа у мяне больш сына… Праклінаю! Праклінаю!!! (Плачыць, тым часам шпарка бяжыць, бразнула дзьвярмі цётка Хрысьцёна).


Праява 8-ая.

С цёткай Хрысьцёнай.

Хрысьцёна. Сваточак, чаго у вас плак, крык? Што з Яначкам? (Дзіка крычыць). Памёр?! Кроў… А Ганнуся? (Падбегла да Ганны). Няжыва?! (Дзед здрыгнуўся). А Божа ж мой, што ж гэта? Прачыстая матка!.. Вады, вады!.. (Пачынае выць). А ма-е ж вы дзе-тухны, а ма-е ж вы лю-бы-е…

Дзед. Кара Божа! (Паклаў к матцы Яначку, схапіўся за галаву, страшна глядзіць на абразы і нешта шапочыць усё дужэй).