Перайсці да зместу

Рудзін, Дваранскае гняздо (1935)/Рудзін

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Рудзін
Раман
Аўтар: Іван Тургенеў
1855/1935 год
Арыгінальная назва: Рудин (1856)
Пераклад: Васіль Шашалевіч
Дваранскае гняздо
Іншыя пераклады гэтага твора: Рудзін (Тургенеў).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РУДЗІН

РУДЗІН

I

Была ціхая летняя раніца. Сонца ўжо даволі высока стаяла на чыстым небе, але палі яшчэ блішчэлі расой; з нядаўна абуджаных далін веяла душыстай свежасцю, і ў лесе, яшчэ сырым і не шумным, весела распявалі раннія птушкі. На вышыні адхоннага ўзгорку, зверху да нізу пакрытага толькі што закрасаваўшым жытам, віднелася невялікая вёска. Да гэтай вёскі, па вузкай палявой сцежцы, ішла маладая жанчына, у белай кісейнай сукенцы, круглым саламяным капелюшы і з парасонам у руцэ. Казачок здалёку следваў за ёй.

Яна ішла не спяшаючыся і як-бы цешылася сваім гуляннем. Вакол, па высокім, зыбкім жыце, пераліваючыся і срабрыста-зялёным і чырванаватым мітусеннем, з мяккім шолахам беглі даўгія хвалі; у вышыні звінелі жаўранкі. Маладая жанчына ішла з свайго ўласнага сяла, адлягаўшага не болей вярсты ад вёскі, куды яна трымала шлях; звалі яе Александра Паўлаўна Ліпіна. Яна была удава, бяздзетная і давол багатая, жыла разам з сваім братам, адстаўным штаб-ратмістрам Сергеем Паўлычам Валынцэвым. Ён не быў жанаты і загадваў яе маёнткам.

Александра Паўлаўна дайшла да вёскі, спынілася каля крайняй хаткі, вельмі хілай і нізкай, і, паклікаўшы свайго казачка, загадала яму ўвайсці ў яе і запытацца пра здароўе гаспадыні. Ён хутка звярнуўся ў суправаджэнні старога мужыка з белай барадой.

— Ну, што? — спытала Александра Паўлаўна.

— Жыва яшчэ... — праказаў стары.

— Можна ўвайсці?

— Чаму-ж? Можна.

Александра Паўлаўна ўвайшла. ў хату. У ёй было і цесна, і душна, і курна... Нехта закапашыўся і застагнаў на ляжанцы. Александра Паўлаўна азірнулася і ўбачыла ў поўзмроку жоўтую і зморшчаную галаву старэнькай, завязанай клетчатай хусткай. Пакрытая па самыя грудзі цяжкою світкай, яна насілу дыхала, слаба разводзячы худымі рукамі.

Александра Паўлаўна наблізілася да старэнькай і дакранулася пальцамі да яе лоба... ён так і пылаў.

— Як ты сябе адчуваеш, Матруна? — запытала яна, нахіліўшыся над ляжанкай.

— О-ох! — прастагнала старэнькая, угледзеўшыся ў Александру Паўлаўну. — Цяжка, цяжка, родненькая! Смертная гадзіна прышла, галубачка!

— Бог міласэрдны, Матруна: можа быць, ты ачуняеш. Ці прыняла ты лякарства, якое я табе прыслала?

Старэнькая тужліва завохкала і не адказвала, яна недачула запытання.

— Прыняла, — праказаў стары, спыніўшыся ля дзвярэй.

Александра Паўлаўна звярнулася да яго.

— Апрача цябе пры ёй нікога няма? — запытала яна.

— Ёсць дзяўчынка — яе ўнучка, ды ўсё вось адлучаецца. Не пільнуе: такая непаседа. Вады падаць напіцца бабулі — і тое лянуецца. А я сам стары: куды ўжо мне!

— Ці не перавезці яе да мяне ў больніцу?

— Не! Навошта ў больніцу! Усё-ж адно паміраць. Пажыла даволі; відаць, такая ўжо боская воля. З ляжанкі не сыходзіць. Дзе-ж ёй у больніцу! Яе пачнуць падымаць, яна і памрэ.

— Ох, — застагнала хворая: — панічка ты мая прыгожая, сіротачку ты маю не пакінь; паны нашы далёка, а ты...

Старэнькая змоўкла. Яна гаварыла праз сілу.

— Не турбуйся, — прамовіла Александра Паўлаўна, — усё будзе зроблена. Вось, я табе чаю і цукру прынесла. Калі захочацца, напіся... Самавар-жа ў вас ёсць? — дадала яна, зірнуўшы на старога.

— Самавар? Самавара ў нас няма, а дастаць можна.

— Так дастань, альбо я прышлю свой. Ды накажы ўнучцы, каб яна не адлучалася. Скажы ёй, што гэта сорамна.

Стары нічога не сказаў, а скрутак з чаем і цукрам узяў у абедзве рукі.

— Ну, бывай, Матруна! — праказала Александра Паўлаўна: — я да цябе яшчэ прыду, а ты не тужы і лякарства прымай акуратна.

Старая прыпадняла галаву і пацягнулася да Александры Паўлаўны.

— Дай, панічка, ручку, — ледзь чутна сказала яна.

Александра Паўлаўна не дала ёй рукі, нахілілася і пацалавала яе ў лоб.

— Глядзі-ж, — сказала яна, адыходзячы, старому: лякарства ёй давайце абавязкова, як напісана. І чаем яе напаіце...

Стары ізноў ёй нічога не адказаў і толькі пакланіўся.

Вольна ўздыхнула Александра Паўлаўна, апынуўшыся на свежым паветры. Яна раскрыла парасон і хацела было ісці дадому, як раптам з-за вугла хаткі выехаў, на нізенькіх бегавых дрожках, чалавек гадоў трыццаці, у старым паліто з шэрай каламянкі і гэтакай-жа самай шапцы. Убачыўшы Александру Паўлаўну, ён зараз жа спыніў каня і павярнуўся да яе тварам. Шырокі, без румянца, з невялікімі бледнашэрымі вочкамі і белесаватымі вусамі, твар яго падыходзіў пад колер яго адзення.

— Добры дзень, — праказаў ён з лянівай усмешкай: — што гэта вы тут такое робіце, дазвольце ведаць?

— Я наведвала хворую... А вы адкуль, Міхайла Мікайлыч?

Чалавек, які называўся Міхайла Міхайлычам, паглядзеў ёй у вочы і зноў усміхнуўся.

— Гэта вы добра робіце, — прадаўжаў ён: — што хворую наведваеце; толькі ці не лепей вам яе ў больніцу перавезці?

— Яна вельмі слабая: яе няможна крануць.

— А больніцу сваю вы не мяркуеце зніштожыць?

— Зніштожыць? навошта?

— Ды так.

— Што за дзікая думка! З чаго гэта вам у галаву прышло?

— Ды вы вось з Ласунскай усё водзіцеся і, здаецца, знаходзіцеся пад яе ўплывам. А па яе словах, больніцы, школы — гэта ўсё глупства, не патрэбныя выдумкі. Добрадзейнасць павінна быць асабістая, асвета таксама: гэта ўсё справа душы... так, здаецца, яна выказваецца. На чый лад яна пяе, хацеў-бы я ведаць?

Александра Паўлаўна засмяялася.

— Дар'я Міхайлаўна разумная жанчына, я яе вельмі люблю і паважаю; але і яна можа памыляцца, і я не кожнаму яе слову веру.

— І вельмі добра робіце, — адзначыў Міхайла Міхайлыч, усё не злазячы з дрожак: — бо яна сама словам сваім слаба верыць. А я вельмі рад, што сустрэўся з вамі.

— А што?

— Нішто запытанне! Нібыта не заўсёды прыемна вас сустрэць! Сёння вы таксама свежы і хорашы, як гэтая раніца.

Александра Паўлаўна зноў засмяялася.

— Чаму-ж вы смяецеся?

— Як чаму? Калі б вы маглі бачыць, з якой вялай і халоднай мінай вы сказалі ваш камплімент! Дзіўлюся, як вы не пазяхнулі на апошнім слове.

— З халоднай мінай... Вам усё агню патрэбна; агонь нікуды не варты. Успыхне, надыміць і пагасне.

— І сагрэе, — падхапіла Александра Паўлаўна.

— Так... і абпаліць.

— Ну, што ж, што абпаліць! І гэта не бяда. Усё-ж лепей, як...

— А вось я пагляджу, ці тое вы загаворыце, калі хоць раз харашэнька абпаліцеся, — перапыніў яе з прыкрасцю Міхайла Міхайлыч і выцяў лейцамі каня. — Бывайце!

— Міхайла Міхайлыч, чакайце! — крыкнула Александра Паўлаўна, — калі вы ў нас будзеце?

— Заўтра; пакланіцеся вашаму брату.

І дрожкі пакаціліся.

Александра Паўлаўна паглядзела ўслед Міхайлу Міхайлычу.

„Які мяшок!“ падумала яна. Згорблены, запылены, з шапкай на патыліцы, з-пад якой без ладу тырчэлі скіок жоўтых валасоў, ён, сапраўды, быў падобны на вялікі мучны мяшок.

Александра Паўлаўна адправілася паціху назад па дарозе дадому. Яна ішла з апушчанымі вачыма. Блізкі тупат каня прымусіў яе спыніцца і падняць галаву... Ей насустрач ехаў яе брат верхам; побач з ім ішоў малады чалавек невялікага росту, у лёгенькім сурдуце нарасхрыст, легенькім галстучку і лёгенькім шэрым капелюшы з тростачкай у руцэ. Ён ужо даўно ўсміхаўся Александры Паўлаўне, хаця і бачыў, што яна ішла ў развазе, нічога не прыкмячаючы, а як толькі яна спынілася, падышоў да яе і радасна, амаль нежна, сказаў:

— Добры дзень, Александра Паўлаўна, добры дзень!

— А! Канстантын Дыямідыч! добры дзень! — адказала яна. — Вы ад Дар'і Міхайлаўны?

— Точна так-с, точна так-с, — падхапіў з ззяючым тварам малады чалавек: — ад Дар'і Міхайлаўны. Дар'я Міхайлаўна паслала мяне да вас; я палічыў за лепшае ісці пешкам... Раніца такая цудоўная, усяго чатыры вярсты адлегласці. Я прыходжу — вас дома няма-с. Мне ваш брацец кажа, што вы пайшлі ў Семёнаўку, і самі збіраюцца ў поле; я вось з імі і пайшоў-с, да вас насустрач. Так-с. Як гэта прыемна!

Малады чалавек гаварыў па-руску чыста і правільна, але з чужаземным вымаўленнем, хаця і цяжка было вызначыць, з якім менавіта. У рысах яго твара было нешта азіяцкае. Даўгі нос з гарбінкай, вялікія нерухомыя выпуклыя вочы, буйныя чырвоныя губы, пакаты лоб, чорныя як смоль валасы, — усё ў ім паказвала ўсходняе паходжанне, але малады чалавек называўся прозвішчам Пандалеўскі і лічыў сваёю радзімай Одэсу, хаця і выхоўваўся недзе ў Беларусі, на сродкі добрадзейнай і багатай удавы. Другая ўдава прызначыла яго на пасаду. Наогул, дамы сярэдніх год ахвотна рабілі ласку Канстантыну Дыямідычу: ён умеу шукаць, умеу знаходзіць у іх. Ён і цяпер жыў у багатай памешчыцы, Дар'і Міхайлаўны Ласунскай, у якасці прыёмыша ці нахлебніка. Ён быў вельмі ласкавы, дагодлівы, чулы і цішком аматар ласунку, уладаў прыемным голасам, ніштавата іграў на фартэп'яна і меў звычай, калі гаварыў з кім-небудзь, так і ўпівацца ў яго вачыма. Ён апранаўся вельмі чысценька і адзенне насіў надзвычай доўга, старанна галіў свой шырокі падбародак і прычэсваў валасок да валаска.

Александра Паўлаўна выслухала яго прамову да канца і звярнулася да брата.

— Сёння мне ўсё сустрэчы: зараз я гутарыла з Лежневым.

— А, з ім! Ён ехаў куды-небудзь?

— Так; і ўяві, на бегавых дрожках, у нейкім палатняным мяшку, увесь у пылу... Які ён дзівак!

— Так, можа быць; толькі ён слаўны чалавек.

— Хто гэта? Пан Лежнеў? — спытаўся Пандалеўскі, як-бы здзіўляючыся.

— Так, Міхайла Міхайлыч Лежнеў, — адказаў Валынцэў. — Аднак, бывай, сястра: мне час ехаць у поле; у цябе грэчку сеюць. Пан Пандалеўскі праводзіць цябе дадому...

І Валынцэў пусціў каня рысцой.

— З найвялікшай прыемнасцю! — усклікнуў Канстантын Дыямідыч і прапанаваў Александры Паўлаўне руку.

Яна падала яму сваю, і абое адправіліся па дарозе ў яе сялібу.

* * *

Весці пад руку Александру Паўлаўну было, як відаць, вельмі прыемна Канстантыну Дыямідычу; ён выступаў маленькімі крокамі, усміхаўся, а ўсходнія вочы яго нават пакрыліся вільгаццю, што прынамсі, з імі здаралася не рэдка: Канстантыну, Дыямідычу вельмі лёгка было расчуліцца і праліць слязу. І каму б не было прыемна весці пад руку прыгожую жанчыну, маладую і стройную? Пра Александру Паўлаўну ўся...ая губерня аднагалосна гаварыла, што яна сама пекната, і ...ая губерня не памылялася. Адзін яе просты, ледзь-ледзь кірпаты носік мог позбавіць розуму любога смертнага, не кажучы ужо пра яе бархатныя карыя вочкі, залаціста-русыя валасы, ямкі на круглых шчочках і іншых хараствах. Але лепей за ўсё ў ёй было выяўленне яе мілавіднага твара: даверлівае, дабрадушнае і рахманае, яно і расчульвала і вабіла. Александра Паўлаўна глядзела і смяялася, як дзіця; барыні знаходзілі яе просценькай... Ці можна было чаго-небудзь яшчэ жадаць?

— Вас Дар'я Міхайлаўна да мяне прыслала, гаворыце вы? — спытала яна Пандалеўскага.

— Так-с, прыслала-с, — адказаў ён, вымаўляючы літару с, як англійскае th: — яны абавязкова жадаюць і загадалі вас асабліва прасіць, каб вы зрабілі ласку сёння зайсці да іх абедаць... Яны (Пандалеўскі, калі гаварыў пра трэцюю асобу, асабліва пра даму, строга прытрымліваўся множнага ліку): — яны чакаюць да сябе новага госця, з якім абавязкова жадаюць вас пазнаёміць.

— Хто гэта?

— Нехта Муфель, барон, камер-юнкер з Пецербурга. Дар'я Міхайлаўна нядаўна з ім пазнаёміліся ў князя Гарына і з вялікаю хвалою выказваліся аб ім, як аб далікатным і асвечаным маладым чалавеку. Пан барон займаюцца таксама літаратурай, ці лепей сказаць... ах, які прыгожы матылёк! Прашу звярнуць вашу ўвагу.. Лепей сказаць, палітычнай эканоміяй. Ён напісаў артыкул пра нейкае вельмі цікавае пытанне і жадае аддаць яго на суд Дар'е Міхайлаўне.

— Палітыка-эканамічны артыкул?

— З пункту гледжання мовы-с, Александра Паўлаўна, — з пункту гледжання мовы-с. Вам, я думаю, вядома, што і ў гэтым Дар'я Міхайлаўна знаўца-с. Жукоўскі з імі радзіўся, а дабрадзей мой, пражываючы ў Одэсе добрапрыстойны старац Раксалан Медыяравіч Ксандрыка... Вам, напэўна, вядома імя гэтай асобы?

— Ніколькі, і не чувала.

— Не чувалі пра такога мужа? Дзіўная рэч! Я хацеў сказаць, што і Раксалан Медыяравіч вельмі быў заўсёды высокага погляду аб ведах Дар'і Міхайлаўны ў расійскай мове.

— А ці не педант гэты барон? — спытала Александра Паўлаўна.

— Ніякім чынам; Дар'я Міхайлаўна расказваюць, што, наадварот, у ім адразу відаць свецкага чалавека. Пра Бетховена гаварыў з такім красамоўствам, што нават стары князь адчуў захапленне... Гэта я, прызнаюся, паслухаў-бы: гэта-ж па маёй галіне. Дазвольце вам прэзентаваць гэтую прыгожую палёвую кветку.

Александра Паўлаўна ўзяла кветку і, прайшоўшы некалькі крокаў, упусціла яе на дарогу... Да дома яе заставалася крокаў дзвесце, не болей. Нядаўна пабудаваны і выбелены, êн утульна выглядваў сваімі шырокімі, светлымі вокнамі з густой зелені старых ліп і клёнаў.

— Так як жа-с загадаеце паведаміць Дар'ю Міхайлаўну, — загаварыў Пандалеўскі, крыху пакрыўджаны лесам прэзентаванай ім кветкі: — ці прыедзеце вы на абед? Яны і братца вашага просяць.

— Так, мы прыедзем, абавязкова. А што Наташа?

— Наталья Алексееўна, слава богу, здаровы с... Але мы ўжо прайшлі паварот да маёнтка Дар'і Міхайлаўны. Дазвольце мне развітацца.

Александра Паўлаўна спынілася...

— А вы хıба не зойдзеце да нас? — спытала яна нерашучым голасам.

— Душэўна-б жадаў-с, але баюся спазніцца. Дар'е Міхайлаўне пажадана паслухаць новы эцюд Тальберга: так трэба падрыхтавацца і падвучыць. Прытым, я прызнаюся, сумняваюся, каб мая гутарка магла вам даставіць якую-небудзь прыемнасць.

— Ды не... чаму-ж...

Пандалеўскі ўздыхнуў і выразліва апусціў вочы.

— Да пабачэння, Александра Паўлаўна! — праказаў ён, памаўчаўшы крыху, пакланіўся і адступіў крок назад.

Александра Паўлаўна завярнулася і пайшла дадому.

Канстантын Дыямідыч таксама накіраваўся да сябе. З твара яго адразу-ж знікла ўся салодкасць; самаўпэўненая, амаль суровая міна з'явілася на ім. Нават паходка Канстантына Дыямідыча зялася: ён цяпер і шагаў шырэй і наступаў цяжэй. Ён прайшоў вярсты дзве, развязна памахваючы тростачкай і раптам зноў ухмыльнуўся: ён убачыў каля дарогі маладую, досыць прыгожую сялянскую дзяўчыну, якая выганяла цялят з аўса. Канстантын Дыямідыч асцярожна, як кот, падышоу да дзяўчыны і загаварыў з ёй. Тая спачатку маўчала, чырванела і ўсміхалася, нарэшце, закрыла губы рукавом, адварацілася і прамовіла:

— Ідзі, паночку, права...

Канстантын Дыямідыч пагразіў ёй пальцам і загадаў ёй прынесці сабе васількоў.

— Навошта табе васількоў? вянкі, ці што, плесці? —адказала дзяўчына: —ды ну, ідзі-ж, права...

— Паслухай, мая любая красунечка, —пачаў было Канстантын Дыямідыч...

— Ды ну, ідзі, — перапыніла яго дзяўчына: панічы вунь ідуць.

Канстантын Дыямілыч азірнуўся. Сапраўды, па дарозе беглі Ваня і Пеця, сыны Дар' Міхайлаўны; за імі ішоў іх настаўнік, Басістаў, малады чалавек дваццаці двух год, толькі што скончыўшы курс. Басістаў быў рослы малы, з простым тварам, вялікім носам, буйнымі губамі і свінымі вочкамі, непрыгожы і нязграбны, але добры, сумленны і просты. Ён адзяваўся нядбайна, не стрыг валасоў, — не з форсу, а ад ляны; любіў пад'есці, любіў паспаць, але любіў таксама цікавую кнігу, гарачую гутарку і ад душы ненавідзеў Пандалеўскага.

Дзеці Дар'і Міхайлаўны шчыра любілі Басістава і ўжо ніколькі яго не баяліся; з усімі астатнімі у доме ён быў у вельмі блізкіх адносінах, што не зусім падабалася гаспадыні, як яна ні размаўляла аб тым, што для яе прадрассудкаў не існуе.

— Добры дзень, мае любенькія! — загаварыў Канстантын Дыямідыч: — як вы рана сёння гуляць пайшлі! А я, — дадаў ён, звяртаючыся да Басістава: — ужо даўно вышаў; у мяне адно жаданне — захапляцца прыродай.

— Бачылі мы, як вы захапляецеся прыродай, — прамармытаў Басістаў.

— Вы матэрыяліст: ужо зараз бог ведае што думаеце. Я вас ведаю!

Пандалеўскі, калі гутарыў з Басіставым ці падобнымі да яго людзьмі, легка раздражняўся і літару с вымаўляў чыста, нават з маленькім свістам.

— Што-ж, вы у гэтай дзяўчыны, відаць, дарогі пыталіся? — праказаў Басістаў, паводзячы вачыма і ўправа і ўлева.

Ён адчуваў, што Пандалеўскі глядзіць яму проста твар, а гэта яму было надзвычай непрыемна.

— Я паўтараю, вы матэрыяліст і больш нічога. Вы абавязкова жадаеце ва ўсім бачыць адзін празаічны бок...

— Дзеці! — скамандаваў раптам Басістаў: — бачыце вы на сенажаці ракіту: пабачым, хто хутчэй да яе дабяжыць... раз! два! тры!

І дзеці кінуліся ва ўсе ногі да ракіты. Басістаў памкнуўся за імі...

„Мужык! — падумаў Пандалеўскі: — сапсуе ён гэых хлапчукоў... сапраўдны мужык!“

І з самаздавальненнем акінуўшы сваю ўласную, чыстую, зграбную фігурку, Канстантын Дыямідыч выцяў разы два растапыранымі пальцамі па рукаве сурдута, устрасянуу каўнерам і адправіўся далей. Вярнуўшыся да сябе ў пакой, ён надзеў старэнькі халат і з заклапочаным тварам сеў за фартэп'яна.

ІІ

Дом Дар'і Міхайлаўны Ласунскай лічыўся амаль што першым па ўсёй ...ой губерні. Вялізны, каменны, пабудаваны па малюнках Растрэлі ў стылі мінулага стагоддзя, ён урачыста узвышаўся на вяршыні ўзгорку, каля якога працякала адна з галоўных рэк сярэдняй Расіі. Сама Дар'я Міхайлаўна была знатная і багатая барыня, удава тайнага советніка. Хаця Пандалеўскі і расказваў пра яе, што яна ведае ўсю Еуропу, ды і Еўропа яе ведае! — аднак Еўропа яе ведала мала; нават у Пецербургу яна важнай ролі не іграла; але ў Маскве яе ўсе ведалі і ездзілі да яе. Яна належала да вышэйшага свету і мела славу жанчыны некалькі дзіўнай, не вельмі добрай, але надзвычай разумнай. — У маладосці яна была вельмі хараша сабою... Паэты пісалі ёй вершы, маладыя людзі ёю захапляліся, важныя паны валачыліся за ёю. Але з таго часу прайшло год дваццаць пяць ці трыццаць, і ад даўнейшага хараства не засталося і следу. „Няўжо, — пытаўся ў сябе мімаволі кожны, хто толькі бачыў яе ўпершыню: — няўжо-ж гэта хударлявенькая, жоўценькая, востраносая і яшчэ не старая жанчына некалі была красуней? Няўжо гэта яна, тая самая, пра якую звінелі ліры?.." І кожны ўнутрана дзівіўся зменчывасці ўсяго земнага. Праўда, Пандалеўскі знаходзіў, што ў Дар'і Міхайлаўны надзіва захаваліся яе прыгожыя вочы; але той-жа Пандалеўскі запэўняў, што яе ўся Еўропа ведае.

Дар'я Міхайлаўна прыязджала кожнае лета да сябе ў вёску з сваімі дзецьмі (у яе іх было трое: дачка Наталья, семнаццаці год, і два сыны, дзесяці і дзевяці год) і жыла адкрыта, гэта значыць прымала мужчын, асабліва халастых; правінцыяльных барынь яна не магла зносіць. Але і даставалася-ж ёй ад гэтых барынь! Дар'я Міхайлаўна, па іх словах, была і гордая, і распусная, і тыранка страшанная; а галоўнае — яна дазваляла сабе такія вольнасці ў гутарках, што проста жах! Дар'я Міхайлаўна, сапраўды, не любіла чым-небудзь абмяжоўваць сябе на вёсцы, і ў вольнай прастаце яе абыходжання прыкмячалася адценне лёгкай пагарды сталічнай львіцы да акаляўшых яе, даволі цёмных і мізэрных стварэнняў... Яна і з гарадскімі знаёмымі абыходзілася вельмі развязна, нават насмешліва; але адцення пагарды не было.

Дарэчы, чытач: ці не заўважылі вы, што чалавек, надзвычай безуважны ў гуртку падначаленых, ніколі не бывае безуважным з асобамі вышэйшымі? Чаму б гэта? Прынамсі, такія запытанні ні да чаго не вядуць.

Калі Канстантын Дыямідыч, вывучыўшы, нарэшце, Тальбергаўскі эцюд, спусціўся з свайго чыстага і вясёленькага пакоя ў гасціную, ён ужо застаў усіх дамашніх у зборы. Салон ужо распачаўся. На шырокай канапе, падкурчыўшы пад сябе ногі і трымаючы ў руках новую французскую брашуру, размясцілася гаспадыня; каля акна, за пяльцамі, сядзелі: з аднаго боку дачка Дар'і Міхайлаўны, а з другога m-lle Boncourt — гувернантка, старая і сухарлявая дзева год шэсцьдзесят, з накладкай чорных валасоў пад рознакаляровым чапцом і баваўнянай паперай у вушах; у вуглу, ля дзвярэй, змясціўся Басістаў і чытаў газету; каля яго Пеця і Ваня гулялі ў шашкі, а прыхіліўшыся да печкі і заклаўшы рукі за спіну, стаяў чалавек невялікага росту, ускалмачаны і сівы, з смуглым тварам і бегаючымі чорнымі вочкамі — нехта Афрыкан Семёныч Пігасаў.

Дзіўны чалавек быў гэты пан Пігасаў. Раззлаваны супроць усяго і ўсіх — асабліва супроць жанчын — ён сварыўся з раніцы да вечара, часам вельмі трапна, часам досыць тупа, але заўсёды з асалодай. Раздражлівасць яго даходзіла да блазенства; яго смех, гук яго голаса, уся яго істота, здавалася, была прасякнута злосцю. Дар'я Міхайлаўна ахвотна прымала Пігасава: ён забаўляў яе сваімі выбрыкамі. Яны, узапраўды, былі даволі забаўныя. Усё пераўвялічваць было яго маніяй. Напрыклад: пра якое няшчасце пры ім ні гаварылі — альбо расказвалі яму, што перуном спаліла вёску, што вада прарвала млын, што мужык сабе тапаром руку адсек — ён кожны раз з заўзятай лютасцю пытаўся: — „А як яе завуць?“ — гэта значыць, як завуць жанчыну, праз якую здарылася няшчасце, бо, па яго завярэнню, усялякаму няшчасцю прычынай жанчына, варта толькі харашэнька ўнікнуць у справу. Ён аднойчы кінуўся на калені перад амаль незнаёмай яму барыней, якая прыставала да яго з пачастункам, пачаў са слязмі, але з напісанай на твары злосцю ўпрашваць яе, каб яна злітавалася над ім, што ён нічым перад ёю не правініўся і болей у яе ніколі не будзе. Аднаго разу конь, упудзіўшыся, панёс з гары адну з прачак Дар'і Міхайлаўны, скінуў яе ў роў і ледзь не забіў. Пігасаў з таго часу іначай не называў гэтага каня, як „добры, добры канёк“, а самую гару і роў знаходзіў вельмі маляўнічым месцам. Пігасаву ў жыцці не пашанцавала — ён гэтую дурасць і напусціў на сябе. Ён паходзіў ад бедных бацькоў. Бацька яго займаў розныя дробныя пасады, ледзь ведаў грамату і мала непакоіўся пра выхаванне сына; карміў, адзяваў яго — і толькі. Маці яго песціла, але неўзабаве памерла. Пігасаў сам сябе выхаваў, сам паступіў у павятовую школу, потым у гімназію, вывучыў мовы: французскую, нямецкую і нават латынскую і, скончыўшы гімназію з добрым атэстатам адправіўся ў Дэрпт, дзе ўвесь час змагаўся з беднасцю, але вытрымаў трохга довы курс да канца. Здольнасці Пігасава не выходзілі з шэрагу звычайных; цярплівасцю і настойлівасцю ён вызначаўся, але асабліва моцна ў ім было пачуццё ганарлівасці, жаданне папасці ў вышэйшы свет, не адстаць ад іншых, на зло свайму лёсу. Ён і вучыўся старанна, і ў Дэрпцкі універсітэт паступіў з ганарлівасці. Беднасць злавала яго і развіла ў ім назіральнасць і хітрасць. Ён выказваўся своеасабліва; ён змоладу развіў у сабе асаблівы род злоснага і сварлівага красамоўства. Думкі яго не ўзвышаліся над агульным узроўнем; а гаварыў ён так, што мог здавацца не толькі разумным, але нават вельмі разумным чалавекам. Атрымаўшы годнасць кандыдата, Пігасаў намерыўся працаваць у галіне навукі: ён зразумеў, што на ўсякім іншым шляху ён-бы аніяк не змог дагнаць сваіх таварышоў (ён стараўся выбіраць іх з вышэйшага кола і ўмеў да іх падладзіцца, нават дагоджваў ім, хаця ўсё адно сварыўся). Але тут у ім, кажучы папросту, матэрыялу не хапіла. Самавучка не з замілавання да навукі, Пігасаў, у сутнасці, ведаў надта мала. Ён з трэскам праваліўся на дыспуце, тым часам, калі жыўшы з ім у адным пакоі другі студэнт, з якога ён заўжды смяяўся, чалавек вельмі абмежаваны, але атрымаўшы правільнае і сталае выхаванне, святкаваў перамогу. Няўдача гэтая абурыла Пігасава: ён кінуў у агонь усе свае кнігі і сшыткі і застаўся на службе. Спачатку справа ішла нядрэнна: чыноўнік ён быў хоць куды, не вельмі распарадчывы, затое самаўпэўнены і бойкі; але яму захацелася хутчэй выскачыць у людзі — ён заблытаўся, спатыкнуўся і прымушан быў выйсці ў адстаўку. Гады тры прасядзеў ён у сябе ў нажытай ім вёсцы і раптам ажаніўся на багатай, малаасвечанай памешчыцы, якую злавіў на вудачку сваіх развязных і кплівых манер. Але нораў Пігасава ўжо залишне раздражніўся і скіснуў: яму не люба было сямейнае жыццё. Жонка яго, пажыўшы з ім некалькі год, выехала цішком у Маскву і прадала нейкаму спрытнаму аферысту свой маёнтак, а Пігасаў толькі што пабудаваў у ім гасподу. Узрушаны да глыбіні гэтым апошнім ударам, Пігасаў распачаў было цяжбу з жонкай, але нічога не выйграў... Ён дажываў свой век адзінотна, выязджаў да суседзяў, якіх ганіў за вочы і нават у вочы, і якія прымалі яго з нейкім напружана стрыманым рогатам, хаця сур'ёзна яго ніхто не баяўся, — і ніколі кнігі ў рукі не браў. У яго было каля сотні душ; мужыкі яго не гаравалі

— A! Constantіn! — прамовіла Дар'я Міхайлаўна, як толькі Пандалеўскі ўвайшоў у гасціную: — Alexandrіne будзе?

— Александра Паўлаўна прасілі вас дзякаваць і лічаць для сябе за асаблівую прыемнасць, адказаў Канстантын Дыямідыч, ласкава кланяючыся на ўсе бакі і дакранаючыся тоўстай, але белай ручкай з пазногцямі, астрыжанымі трыкутнікам, да дасканальна прычэсаных валасоў.

— І Валынцэў таксама будзе?

— І яны-с.

— Так як-жа, Афрыкан Семёныч, — прадаўжала Дар'я Міхайлаўна, звяртаючыся да Пігасава: — на ваш погляд, усе дзяўчаты ненатуральны?

У Пігасава губы скруціліся на бок, і ён нервічна задзёргаў локцем.

— Я гавару, — пачаў ён павольным голасам, — ён у самым моцным прыпадку злосці гаварыў павольна і выразна: — я гавару, што дзяўчаты наогул — пра прысутных, зразумела, я буду маўчаць...

— Але гэта не перашкодзіць вам і пра іх думаць, — перапыніла Дар'я Міхайлаўна.

— Я пра іх маўчу, — паўтарыў Пігасаў. — Усе дзяўчаты наогул ненатуральны ў вышэйшай ступені — ненатуральны ў выказванні пачуццяў сваіх. Спалохаецца, напрыклад, дзяўчына, ці ўзрадуецца чаму небудзь, альбо засмуціцца, яна абавязкова спачатку надасць целу свайму якую-небудзь гэтакую далікатную позу (і Пігасаў найагіднейшым чынам выгнуў свой стан і адтапырыў рукі) і потым ужо выгукне: ах! альбо засмяецца, ці заплача. Мне, аднак (і тут Пігасаў самаздаволена ўсміхнуўся). удалося такі дабіцца аднойчы сапраўднага, нефальшывага выяўлення адчування ад адной надзвычай ненатуральнай дзяўчыны!

— Якім гэта чынам?

Вочы Пігасава заблішчэлі.

— Я яе садануу у бок асінавым калом адзаду. Яна як завішчыць, а я ей: брава! брава! Вось гэта голас прыроды, гэта быў натуральны крык... Вы і наперад заўжды так рабіце!

Усе ў пакоі засмяяліся.

— Што вы за недарэчнасці кажаце, Афрыкан Семеныч! — усклікнула Дар'я Міхайлаўна. — Хіба паверу я, што вы будзеце дзяўчыну біць калом у бок!

— Далі-бог, калом, вялізным калом, накшталт тых, якія ўжываюцца пры абароне крэпасцей.

— Maіs c'est une horreur ce que vous dіtes là monsіeur[1], — залемантавала m-lle Boncourt, грозна пазіраючы на рагатаўшых дзяцей.

— Ды не верце яму, — прамовіла Дар'я Міхайлаўна: — хіба вы яго не ведаеце?

Але разгневаная францужанка доўга не магла супакоіцца і ўсè нешта мармытала сабе пад нос.

— Вы можаце мне не верыць, — прадаўжаў халоднакроўным голасам Пігасаў: — але я запэўняю, што я сказаў ісціную праўду. Каму-ж гэта ведаць, калі не мне? Пасля гэтага вы мабыць таксама не паверыце, што наша суседка Чапузава, Елена Антонаўна, сама, заўважце, сама мне расказала, як яна замарыла свайго роднага пляменніка?

— Вось яшчэ выдумалі!

— Дазвольце, дазвольце! Выслухайце і мяркуйце самі. Заўважце, я не хачу яе абмаўляць, я яе нават люблю, наколькі, прынамсі, можна любіць жанчыну; у яе ва ўсім доме няма ніводнай кнігі, апрача календара, і чытаць яна не можа іначай як уголас — адчувае ад гэтага практыкавання, што яе кідае ў пот, і скардзіцца потым, што ў яе ночы пупам палезлі... словам, жанчына яна добрая і пакаёўкі ў яе тостыя. Навошта-ж мне яе абмаўляць?

— Ну! — заўважыла Дар'я Міхайлаўна: — узабраўся Афрыкан Семёныч на свайго канька — цяпер не злезе з яго да вечара.

— Мой канёк... А ў жанчын іх цэлых тры, з якіх яны ніколі не злазяць, — хіба калі спяць.

— Якія ж гэтыя тры канькі?

— Папрок, намёк і ўпіка.

— Ведаеце што, Афрыкан Семёныч, — пачала Дар'я Міхайлаўна: — вы нездарма так злосны на жанчын. Якая-небудзь, напэўна, вас...

— Пакрыўдзіла, вы хочаце сказаць? — перапыніў яе Пігасаў. Дар'я Міхайлаўна крыху збянтэжылася: яна ўспомніла пра няшчасны шлюб Пігасава... і толькі галавою кіўнула.

— Мяне адна жанчына сапраўды пакрыўдзіла, — прамовіў Пігасаў: — хоць і добрая была, вельмі добрая.

— Хто ж гэта такая?

— Маці мая, — сказаў Пігасаў, панізіўшы голас.

— Ваша маці? Чым-жа яна магла вас пакрыўдзіць?

— А тым, што радзіла...

Дар'я Міхайлаўна зморшчыла бровы.

— Мне здаецца, — загаварыла яна: — наша гутарка набывае невясёлы характар... Constantіn, сыграйце нам новы эцюд Тальберга... А можа, гукі музыкі ўсміраць Афрыкана Семёныча. Арфей усміраў-жа дзікіх звяроў.

Канстантын Дыямідыч сеў за фартэп'яна і сыграў эцюд вельмі здавальняюча. Спачатку Наталья Алексееўна ўважліва слухала, потым зноў узялася за работу.

— Mersі, c'est charmant[2], —прамовіла Дар'я Міхайлаўна: — люблю Тальберга. Іl est sі dіstіngue[3]. Што вы задумаліся, Афрыкан Семёныч?

— Я думаю, — пачаў павольна Пігасаў, — што ёсць тры катэгорыі эгаістаў: эгаісты, якія самі жывуць і жыць даюць іншым; эгаісты, якія самі жывуць і не даюць жыць іншым; нарэшце, эгаісты, якія і самі не жывуць, і іншым не даюць... Жанчыны, у большасці, належаць да апошняй катэгорыі.

— Як гэта міла! Аднаму я толькі дзіўлюся, Афрыкан Семёныч, якая ў вас самаўпэўненасць у меркаваннях; нібыта вы ніколі памыліцца не можаце.

— Хто гаворыць! І я памыляюся; мужчына таксама можа памыляцца. Але ці ведаеце, якая розніца між памылкаю нашага брата і памылкаю жанчыны? Не ведаеце? Вось якая: мужчына можа, напрыклад, сказаць, што двойчы-два не чатыры, а пяць альбо тры з паловай, а жанчына скажа, што двойчы два — стэарынавая свечка.

— Я ўжо гэта, здаецца, чула ад вас... Але дазвольце спытаць, якія адносіны мае ваша думка адносна трох катэгорый эгаістаў да музыкі, якую вы зараз чулі?

— Ніякага, ды я і не слухаў музыкі.

— Ну, „ты, батюшка, я вижу, неисправим, хоть брось", — адказала Дар'я Міхайлаўна, крыху скажаючы Грыбаедаўскі верш — Што-ж вы любіце, калі вам і музыка не падабаецца? Літаратуру, мабыць?

— Я літаратуру люблю, ды толькі не цяперашнюю.

— Чаму?

— А вось чаму. Я нядаўна пераязджаў Оку на пароме з нейкім барынам. Паром прыстаў да крутога месца: трэба было выцягваць экіпажы на руках. У пана была Фурманка вельмі цяжкая. Пакуль перавозчыкі надсаджваліся, усцягваючы фурманку на бераг, барын так крахтаў і напруджваўся, стоячы на пароме, што нават шкада яго было... Вось, падумаў я, новае дапасаванне сістэмы раздзялення работ! Так і цяперашняя літаратура: адны вязуць, справу робяць, а яна крэкча. Дар'я Міхайлаўна ўхмыльнулася.

— І гэта называецца аднаўленнем сучаснага быту, — прадоўжваў неугамонны Пігасаў: — глыбокім спачуваннем да грамадскіх запытанняў і яшчэ неяк... Ох, ужо-ж гэтыя мне гучныя словы!

— А вось жанчыны, на якіх вы так нападаецетыя, прынамсі, не ўжываюць гучных слоў.

Пігасаў паціснуў плячыма.

— Не ужываюць, бо не умеюць.

Дар'я Міхайлаўна крыху пачырванела.

— Вы пачынаеце гаварыць дзёрзкасці, Афрыкан Семёныч! — заўважыла яна з прымушанай усмешкай.

Усё сціхла ў пакоі.

— Дзе гэта Золатаноша? — запытаўся раптам адзін з хлопчыкаў у Басістава.

— У Палтаўскай губерні, мой любенькі, — падхапіў Пігасаў — у самай Хахландыі. (Ён узрадваўся выпадку змяніць гутарку.) — Вось, мы разважалі пра літаратуру, - прадоўжваў ён:-калі б у мяне былі лішнія грошы, я-б зараз зрабіўся маларасійскім паэтам.

— Гэта што яшчэ? Нішто паэт! — не згадзілася Дар'я Міхайлаўна: — хіба вы ведаеце па-маларасійску?

— Ні кроплі; ды яно і не трэба.

— Як не трэба?

— Ды так, не трэба. Варта толькі узяць аркуш паперы і напісаць зверху: "Дума"; потым пачаць так: "гой, ты доля мая, доля! або "седе казачино Наливайко на кургане!", а там: "по-пид горою, по-пид зеленою, грае, грае, воропае, гоп! гоп!" альбо што небудзь накшталт гэтага. І справа гатова. Друкуй і выдавай. Маларос прачытае, падапрэ рукою шчаку і абавязкова заплача, — такая чулая душа!

— Злітуйцеся! — абурыўся Басістаў. — Што вы такое кажаце? Гэта ні да чаго не варта. Я жыў у Маларосіі, люблю яе, і мову яе ведаю... "грае, грае, воропае" — абсалютная бязглуздзіца.

— Магчыма, а хахол усё-ткі заплача. Вы кажаце: мова... Ды хіба існуе маларасійская мова? Я прасіў раз аднаго хахла перакласці наступную, першую, якая трапілася, фразу: "грамматика есть искусство правильно читать и писать". Ведаеце, як ён гэта пераклаў: "храматыка е выскусьтво правильно чытаты ы пысаты..." Што ж, гэта мова, па-вашаму? Самастойная мова? Ды хутчэй, як з гэтым згадзіцца, я гатоў дазволіць лепшага свайго сябра стаўчы ў ступе...

Басістаў хацеў супярэчыць.

— Пакіньце яго, — праказала Дар'я Міхайлаўна: — вы-ж ведаеце, ад яго апрача парадоксаў нічога не пачуеш.

Пігасаў кпліва ўсміхнуўся. Лёкай увайшоў і даклаў аб прыездзе Александры Паўлауны і яе брата.

Дар'я Міхайлаўна ўстала насустрач гасцям.

— Добры дзень, Alexandrine, — загаварыла яна, падыходзячы да яе: — як вы разумна зрабілі, што прыехалі... Добры дзень, Сергей Паўлыч!

Валынцэў паціснуў руку Дар'і Міхайлаўне і падышоў да Натальі Алексееўны.

— А што, гэты барон, ваш новы знаёмы, прыедзе сёння? — спытаў Пігасаў.

— Так, прыедзе.

— Ён, кажуць, вялікі філасоф; Гегелем так і пырскае.

Дар'я Міхайлаўна нічога не адказала, пасадзіла Александру Паўлаўну на канапу і сама змясцілася каля яе.

— Філасофія, — гаварыў далей Пігасаў: — вышэйшы пункт гледжання! Вось яшчэ смерць мая: гэтыя вышэйшыя пункты гледжання. І што можна ўбачыць зверху? Нябось, калі захочаш каня купіць, не з каланчы на яго глядзець будзеш!

— Вам гэты барон хацеў прывезці артыкул нейкі? — спытала Александра Паўлаўна.

— Так, артыкул, — адказала з пераўвялічанаю абыякавасцю Дар'я Міхайлаўна: — аб адносінах гандлю да прамысловасці ў Рaсіі... Але не бойцеся; мы яе тут чытаць не будзем... Я вас не за гэтым паклікала. Le baron est aussі almable que savant[4]. І так добра гаворыць па-руску! С'est un vraіtorrent... іl vous entraîne[5].

— Так добра па-руску гаворыць, — прабурчэў Пігасаў: — што заслугоўвае французскай пахвалы.

— Сярдуйце яшчэ, Афрыкан Семеныч, сярдуйце... Гэта вельмі пасуе да вашай ускалмачанай прычоскі... Аднак, што-ж ён не едзе? Ведаеце што, messіeurs et mesdames[6], — дадала Дар'я Міхaйлаўна, зірнуўшы вакол: — пойдзем у сад.. Да абеду яшчэ каля гадзіны засталося, а надвор'е слаўнае...

Уся кампанія паднялася і адправілася ў сад.

Сад у Дар'і Міхайлаўны даходзіў да самай ракі. У ім было шмат старых ліпавых прысад, залаціста-цёмных і душыстых, з смарагдавымі прасветамі па канцах, шмат бяседак з акацый і бэзу.

Валынцэў разам з Натальей і m-lle Boncourt забраліся ў самую глыбіню саду. Валынцэў ішоў побач з Натальей і маўчаў. М-lle Boncourt следвала крыху паводаль.

— Што-ж вы рабілі сёння? — спытаўся нарэшце Валынцэў, паскубваючы канцы сваіх прыгожых цёмнарусых вусоў.

Ён рысамі твара быў вельмі падобны на сястру: але ў выяўленні іх было меней гуллівасці і жыцця, і вочы яго, прыгожыя і ласкавыя, глядзелі неяк засмучана.

— Ды нічога, адказвала Наталья: — слухала, як Пігасаў сварыцца, вышывала па канве, чытала.

— А што такое вы чыталі?

— Я чытала... гісторыю крыжовых паходаў, — праказала Наталья з невялікай запінкай.

Валынцэў паглядзеў на яе.

— А! — сказаў ён нарэшце: — гэта мабыць цікава.

Ён сарваў галінку і пачаў круціць ёю у паветры. Яны прайшлі яшчэ крокаў дваццаць.

— Што гэта за барон, з якім ваша маці пазнаёмілася? — зноў спытаўся Валынцэў.

— Камер-юнкер, прыезджы; maman яго вельмі хваліць.

— Ваша маці можа захапляцца.

— Гэта сведчыць, што яна яшчэ вельмі маладая сэрцам, — заўважыла Наталья.

— Так. Я неўзабаве прышлю вам вашага каня. Ён ужо амаль што зусім аб'езджаны. Мне хочацца, каб ён з месца браў у галоп і я гэтага даб'юся.

— Mersi[7]... Аднак, мне совесна. Вы самі яго аб'езджваеце... гэта, кажуць, вельмі цяжка...

— Каб даставіць вам малейшую радасць, вы ведаеце, Наталья Алексееўна, я гатоў... Я... і не на такія драбніцы...

Валынцэў замяшаўся.

Наталья дружалюбна зірнула на яго і яшчэ раз сказала: мersi.

— Вы ведаеце, — зноў пачаў Сергей Паўлыч пасля доўгага маўчання: — што няма такой рэчы... Але навошта я гэта гавару! Вы-ж усё ведаеце.

У гэты момант у доме празвінеў звон.

— Ah! la cloche du diner! — занепакоілася m-lle Boncourt[8], "Quel dommage", падумала сама сабе старая францужанка, узыходзячы на балкон услед за Валынцэвым i Натальей: "quel dommage que ce charmant garçon ait si peu de ressources dans la conversation[9], што можна было б па-руску так перакласці: "ты, мой милый, мил, но плох немножко".

Барон на абед не прыехаў. Яго прачакалі з поўгадзіны. Гутарка за сталом не ладзілася. Сергей Паўлыч толькі пазіраў на Наталью, каля якой сядзеў і старанна наліваў ёй вады ў шклянку. Пандалеўскі дарэмна стараўся заняць суседку сваю, Александру Паўлаўну: ён увесь закіпаў салодкасцю, а яна ледзь не пазяхала.

Басістаў круціў каточкі з хлеба і ні пра што не думаў: нават Пігасаў маўчаў, і калі Дар'я Міхайлаўна заўважыла яму, што ён вельмі неласкавы сёння, хмура адказаў: калі-ж я бываю ласкавым? Гэта не мая справа... І, усміхнуўшыся горка, дадаў: пацярпіце крышку. Я толькі квас, du prostoi рускі квас; а вось ваш камер-юнкер...

— Брава! — ажывілася Дар'я Міхайлаўна. — Пігасаў рэўнуе, загадзя рэўнуе!

Але Пігасаў нічога не адказаў ёй і толькі зірнуў з-пад ілба.

Прабіла сем гадзін і ўсе зноў сышліся ў гасціную.

— Відаць, не будзе, — сказала Дар'я Міхайлаўна...

Але вось пачуўся стук экіпажа, невялікая фурманка ўехала на двор і праз некалькі хвілін лёкай увайшоў у гасціную і падаў Дар'і Міхайлаўне ліст на срэбраным падносе. Яна прабегла яго да канца і, звярнуўшыся да лёкая, спытала:

— А дзе-ж пан, які прывёз гэты ліст?

— У экіпажу сядзіць-с. Загадаеце прыняць-с?

— Прасі.

Лекай вышаў.

— Уявіце, якая шкода, — сказала Дар'я Міхайлаўна: — барон атрымаў загад зараз-жа звярнуцца ў Пецербург. Ён прыслау мне свой артыкул з адным панам Рудзіным, сваім прыяцелем. Барон хацеў мне яго рэкамендаваць-ён вельмі яго хваліў. Але як гэта непрыемна! Я спадзявалася, што барон пажыве тут...

— Дзімітры Нікалаевіч Рудзін, — далажыў лёкай.

III

Увайшоў чалавек год трыццаць пяць, высокага росту, крыху сутулы, кучаравы, смуглы, з тварам няправільным, але выразным і разумным, з жылкім бляскам у быстрых, цемнасініх вачах, з простым шырокім носам і прыгожа акрэсленымі губамі. Гарнітур на ім быў не новы і вузкі, нібыта ён з яго вырас.

Ён жвава падышоў да Дар'і Міхайлаўны, і, пакланіўшыся кароткім паклонам, сказаў ёй, што ён даўно жадаў мець гонар прадставіцца ёй, і што прыяцель яго, барон, вельмі шкадаваў аб тым, што не мог развітацца асабіста.

Тонкі гук голаса Рудзіна не адпавядаў яго росту і шырокім грудзям.

— Сядайце... вельмі рада, — праказала Дар'я Міхайлаўна і, пазнаёміўшы яго з усёй кампаніяй, спытала, тутэйшы ён, або заезджы.

— Мой маёнтак у Т... ой губерні, — адказаў Рудзін, трымаючы капялюш на каленях: — а тут я нядаўна. Я прыехаў па справе і пасяліўся пакуль у вашым павятовым горадзе.

— У каго?

— У доктара. Ён мой стары таварыш па універсітэту.

— А! у доктара... Яго хваляць. Ён, кажуць, сваю справу разумее. А з баронам вы даўно знаёмы?

— Гэтаю зімою ў Маскве я з ім сустрэўся і цяпер правёў у яго каля тыдня.

— Ён вельмі разумны чалавек — барон.

— Так-с.

Дар'я Міхайлаўна панюхала вузельчык насавой хустачкі, надушаны адэкалонам.

— Вы служыце? — спытала яна.

— Хто? я-с?

— Так.

— Не... я ў адстаўцы.

Настала невялікае маўчанне. Агульная гутарка аднавілася.

— Дазвольце пацікавіцца, — пачаў Пігасаў, звярнуўшыся да Рудзіна: — вам вядомы змест артыкула, прысланага панам баронам?

— Вядомы.

— Артыкул гэты трактуе пра адносіны гандлю... альбо не, як яго, прамысловасці да гандлю ў нашай краіне... Так, здаецца, вы пажадалі выказацца, Дар'я Міхайлаўна?

— Так, ён пра гэта, — адказала Дар'я Міхайлаўна і прыклала руку да ілба.

— Я, вядома, у гэтых справах суддзя слабы, — прадоўжваў Пігасаў: — але я павінен прызнацца, што мне самы загаловак артыкула здаецца надзвычай... як-бы гэта сказаць падалікатней?.. надзвычай цёмным і заблытаным.

— Чаму-ж яно вам так здаецца?

Пігасаў усміхнуўся і злёгку зірнуў на Дар'ю Міхайлаўну.

— А вам ён зразумелы? — праказаў ён, зноў звярнуўшы свой лісіны твар да Рудзіна.

— Мне? Зразумела.

— Гм... Вядома, гэта вам лепей ведаць.

— Вам галава баліць? — спытала Александра Паўлаўна Дар'ю Міхайлаўну.

— Не. Гэта ў мяне так... C' est nerveux[10].

— Дазвольце пацікавіцца, — загаварыў зноў насавым галаском Пігасаў: — ваш знаёмы, пан барон Муфель... так, здаецца, іх завуць?

— Якраз так.

— Пан барон Муфель спецыяльна займаецца палітычнай эканоміяй, ці толькі так, ахвяруе гэтай цікавай навуцы свой вольны час, які застаецца сярод свецкіх забаў і заняткаў па службе?

Рудзін зіркліва паглядзеў на Пігасава.

— Барон у гэтай справе дылетант, — адказаў ён, крыху чырванеючы: — але ў яго артыкуле шмат справядлівага і цікавага.

— Не магу супярэчыць вам, не ведаючы артыкула... Але, смею запытаць, твор вашага прыяцеля, барона Муфеля, напэўна, больш трымаецца агульных разважанняў, як фактаў?

— У ім ёсць і факты і разважанні, аснаваныя на фактах.

— Так-с, так-с. Магу паведаміць вас, што, на маю думку... а я магу-такі, пры выпадку, сваё слова сказаць: я тры гады ў Дэрпце выжыў... усе гэтыя так званыя агульныя разважанні, гіпотэзы, там, сістэмы... выбачайце мяне, я правінцыял, праўду-матку рэжу проста... нікуды не варты. Гэта адны вымудры — гэтым толькі людзей марочаць. Перадавайце, панове, факты, і будзе з вас.

— Дзіўная рэч! — адказаў Рудзін. — Ну, а сэнс фактаў перадаваць належыць?

— Агульныя разважанні! — не сунімаўся Пігасаў; — смерць мая гэтыя агульныя разважанні, агляданні, заключэнні! Усё гэта аснавана на так званых перакананнях; кожны размаўляе пра свае перакананні, і яшчэ пашаны да іх патрабуе, носіцца з ім... Эх!

І Пігасаў патрос кулаком у паветры... Пандалеўскі засмяяўся.

— Вельмі добра! — праказаў Рудзін: — значыць, павашаму, перакананняў няма?

— Няма і не існуе.

— Гэта ваша перакананне?

— Так.

— Як-жа вы гаворыце, што іх няма? Вось вам ужо адно на першы выпадак.

Усе ў пакоі ўсміхнуліся і пераглянуліся.

— Дазвольце, дазвольце, аднак, — пачаў было Пігасаў...

Але Дар'я Міхайлаўна запляскала ў далоні, закрычала: — брава, брава! Разбіты Пігасаў, разбіты! — і ціхенька выняла капялюш з рук Рудзіна.

— Пачакайце радавацца, сударыня, паспееце! — загаварыў са злосцю Пігасаў. — Недастаткова сказаць, з выглядам перавагі, вострае слоўца: трэба давесці, абвергнуць... Мы адбіліся ад прадмета спрэчкі.

— Дазвольце, — спакойна заўважыў Рудзін: — справа вельмі простая. Вы не верыце ў карыснасць агульных разважанняў, вы не верыце у перакананні...

— Не веру, не веру, ні ўва што не веру.

— Вельмі добра. Вы скептык.

— Не бачу патрэбы ўжываць такое вучонае слова. Прынамсі...

— Не перапыняйце-ж вы! — умяшалася Дар'я Міхайлаўна.

"Кусі, кусі, кусі!", сказаў сам сабе ў гэты момант Пандалеўскі і шырока ухмыльнуўся.

— Гэта слова выказвае маю думку, — казаў Рудзін. — Вы яго разумееце: чаму не ўжываць яго? Вы ні ў вошта не верыце...

— Чаму-ж верыце вы ў факты?

— Як чаму? Дзіўная рэч! Факты рэч вядомая, кожны ведае, што такое факты... Я мяркую іх па вопыту, па ўласнаму пачуццю.

— А хіба пачуццё не можа ашукаць вас? Пачуццё вам кажа, што сонца вакол зямлі ходзіць... ці, можа быць, вы не згодны з Капернікам? Вы і яму не верыце?

Усмешка зноў прабегла па ўсіх тварах і вочы ўсіх уставіліся на Рудзіна. "А ён чалавек разумны", падумаў кожны.

— Вы ўсё хочаце жартаваць, — загаварыў Пігасаў. — Вядома гэта вельмі арыгінальна, але недарэчна.

— У тым, што я сказаў зараз, — адказаў Рудзін: — на жаль, вельмі мала арыгінальнага. Гэта ўсё даўно вядома і тысячу разоў пра гэта гаварылі. Справа не ў тым...

— А ў чым-жа? — спытаўся не без нахабнасці Пігасаў.

У спрэчках ён спачатку смяяўся з праціўніка, потым рабіўся грубым, а нарэшце злаваўся і змаўкаў.

— Вось у чым, — гаварыў далей Рудзін: — я, прызнаюся, не магу не адчуваць самага шчырага жалю, калі разумныя людзі пры мне нападаюць...

— На сістэмы? — перапыніў Пігасаў.

— Так, хоць сабе і на сістэмы. Чаму вас так палохае гэтае слова? Кожная сістэма аснавана на веданні асноўных законаў, пачаткаў жыцця...

— Ды іх пазнаць, адкрыць іх нельга... Злітуйцеся!

— Дазвольце. Вядома не кожнаму яны даступны, і чалавеку ўласціва памыляцца. Аднак, вы, напэўна, згодзіцеся са мною, што, напрыклад, Нютон адКрыў хаця некаторыя з гэтых асноўных законаў. Ен быў геній, дапусцім; але адкрыцці геніяў тым і вялікі, што робяцца дастаяннем усіх. Імкненне да адшукання агульных пачаткаў у прыватных з'явах ёсць адна з карэнных уласцівасцей чалавечага розуму, і ўся наша асвечанасць...

— Вось вы куды-с! — перапыніў расцягнутым голасам Пігасаў. — Я практычны чалавек і ва ўсе гэтыя метафізічныя тонкасці не даюся і не хачу ўдавацца.

— Вельмі добра! На гэта ваша воля. Але заўважце, што самае вашае жаданне быць выключна практычным чалавекам ёсць ужо своеасаблівая сістэма, тэорыя...

— Асвечанасць! кажаце вы, — падхапіў Пігасаў: — вось яшчэ чым здзівіць задумалі! Дужа патрэбна яна, гэта выхваленая асвечанасць! Граша ломанага не дам я за вашу асвечанасць!

— Аднак, як вы дрэнна спрачаецеся, Афрыкан Семёныч! — заўважыла Дар'я Міхайлаўна, унутрана вельмі задаволеная рахманасцю і тонкай ветлівасцю новага свайго знаёмага. "C'est un homme comme іl faut"[11], падумала яна з добраахвотнай увагай зірнуўшы ў твар Рудзіну. "Трэба яго прыгалубіць". Гэтыя апошнія словы яна ў думках сказала па-руску.

— Асвечанасць я абараняць не стану, — зноў сказаў, памаўчаўшы крыху, Рудзін; — ёй непатрэбна мая абарона. Вы яе не любіце... У кожнага свой густ. Прытым, гэта завяло-б нас вельмі далёка. Дазвольце вам толькі напамянуць старую прыказку: "Юпітэр, ты злуешся: значыць, ты вінаваты". Я хацеў сказаць, што ўсе гэтыя нападкі на сістэмы, на агульныя разважанні і т. д. таму асабліва засмучаюць, што разам з сістэмамі людзі не прызнаюць наогул веды, навуку і веру ў яе, а значыць, і веру ў саміх сябе, у свае сілы. А людзям патрэбна гэтая вера: ім няможна жыць аднымі ўражаннямі, ім грэшна баяцца думкі і не давяраць ёй. Скептыцызм заўжды вызначаўся бясплённасцю і бяссіллем...

— Гэта ўсё словы! — прамармытаў Пігасаў.

— Магчыма. Але дазвольце вам заўважыць, што, кажучы: "гэта ўсё словы!" — мы часта самі жадаем адчапіцца ад неабходнасці сказаць што-небудзь больш путнае за гэтыя словы.

— Чаго-с? — спытаў Пігасаў і прыжмурыў вочы.

— Вы зразумелі, што я хацеў сказаць вам, — адказаў з мімавольнай, але зараз-жа стрыманай нецярплівасцю Рудзін. — Паўтараю, калі ў чалавека няма моцнай асновы, у якую ён верыць, няма глебы, на якой ён стаіць цвёрда, як можа ён уявіць сабе патрэбнасць, значэнне, будучыню свайго народа? Як можа ён ведаць, што ён павінен сам рабіць, калі...

— Гонар і пашана! — адрывіста праказаў Пігасаў, пакланіўся і адышоў у бок, ні на кога не гледзячы.

Рудзін паглядзеў на яго, усміхнуўся крыху і змоўкнуў.

— Ага? Пусціўся наўцёкі! — загаварыла Дар'я Міхайлаўна.

— Не турбуйцеся, любы Дзімітры... Выбачайце, — дадала яна з ветлівай усмешкай: — як вас па бацьку?

— Нікалаіч.

— Не турбуйцеся, любы Дзімітры Нікалаіч! Ён нікога з нас не ашукаў. Ён хоча зрабіць выгляд, што не хоча больш спрачацца... Ён адчувае, што не можа спрачацца з вамі. А вы лепей сядайце да нас бліжэй, ды пагутарымо.

Рудзін падсунуу сваё крэсла.

— Як гэта мы да гэтага часу не пазнаёміліся? — гаварыла Дар'я Міхайлаўна. — Гэта мне дзіўна... Ці чыталі гэтую кніжку? С'est de Tocquevіlle, vous savez[12].

І Дар'я Міхайлаўна працягнула Рудзіну французскую брашуру.

Рудзін узяў тоненькую кніжачку у рукі, перагарнуў у ёй некалькі старонак і, паклаўшы яе назад на стол, адказваў, што ўласна гэтага твора п. Таквіля ён не чытаў, але часта разважаў аб закранутым ім пытанні. Гутарка завязалася. Рудзін спачатку нібыта хістаўся, не не адважваўся выказвацца, не знаходзіў слоў, але нарэшце распаліўся і загаварыў. Праз чверць гадзіны адзін яго голас чуўся ў пакоі. Усе стаўпіліся ў гурток вакол яго.

Адзін Пігасаў заставаўся воддаль, у вуглу, каля каміна. Рудзін гаварыў разумна, горача, дзельна; выказаў шмат ведаў, шмат начытанасці. Ніхто не чакаў знайсці ў ім чалавека выдатнага... Ён быў так звычайна адзеты, пра яго так мала хадзіла чутак. Усім незразумелым здавалася і дзіўным, якім гэта чынам раптам, на вёсцы, мог выявіцца такі разумнік. Тым больш здзівіў ён і, можна сказаць, зачараваў усіх, пачынаючы з Дар'і Міхайлаўны... Яна ганарылася сваёю знаходкай і ўжо загадзя думала пра тое, як яна выведзе Рудзіна ў свет. У першых яе ўражаннях было шмат амаль дзіцячага, не гледзячы на яе гады. Александра Паўлаўна, праўду сказаць, зразумела мала з усяго, што гаварыў Рудзін, але была вельмі здзіўлена і ўзрадвана; брат яе таксама здзівіўся; Пандалеўскі назіраў за Дар'яй Міхайлаўнай і зайздросціў; Пігасаў думаў: "Дам пяцьсот рублёў — яшчэ лепей салаўя дастану!"... Але больш за ўсіх былі здзіўлены Басістаў і Наталья. У Басістава ледзь дух не захапіла; ён сядзеў, увесь час з расчыненым ротам і вытарашчанымі вачыма і слухаў, слухаў, як зроду не слухаў нікога, а ў Натальі твар пакрыўся румянцам, і зрок яе, нерухома накіраваны на Рудзіна, і пацямнеў, і заблішчэў...

— Якія ў яго слаўныя вочы! — шапнуў ёй Валынцэў.

— Так, прыгожыя.

— Шкада толькі, што рукі вялікія і чырвоныя.

Наталья нічога не адказала.

Падалі чай. Гутарка зрабілася больш агульнай, але ўжо з адной нечаканасці, з якой усе змаўкалі, калі толькі Рудзін адкрываў рот, можна было меркаваць аб сіле зробленага ім уражання. Дар'і Міхайлаўне раптам захацелася падражніць Пігасава. Яна падышла да яго і ўпоўголаса праказала: "Што-ж маўчыце і толькі ўсміхаецеся зласліва? Паспрабуйце-ж, шчапіцеся з ім зноў", і, не дачакаўшыся яго адказу, паклікала рукою Рудзіна.

— Вы пра яго яшчэ адной рэчы не ведаеце, — сказала яна яму, паказваючы на Пігасава: — ён страшэнны ненавіснік жанчын, безупынна нападае на іх; калі ласка, звярніце яго на правільны шлях.

Рудзін паглядзеў на Пігасава... мімаволі звысака: ён быў вышэй за яго на дзве галавы. Пігасава аж скаланула са злосці, і жоўчны твар яго збляднеў.

— Дар'я Міхайлаўна памыляецца, — пачаў ён няпэўным голасам: — я не на адных жанчын нападаю, я да ўсяго чалавечага роду не вялікі ахвотнік.

— Чаму ж у вас наконт яго такі дрэнны погляд? — спытаў Рудзін.

Пігасаў зірнуў яму проста ў вочы.

— Мабыць, вывучэнне ўласнага сэрца, у якім Я штодзень знаходжу ўсё болей і болей погані. Я мяркую аб іншых па сабе. Можа быць, гэта і несправядліва, і я значна горш за іншых; але што-ж рабіць? Прывычка!

— Я вас разумею і спачуваю вам,-адказаў Рудзін. — Якая благародная душа не адчувала жадання самаўніжэння? Але не варта застанаўлівацца на гэтым бязвыхадным становішчы.

— Шчыра дзякую за выдачу маёй душы атэстата ў сумленнасці, — адказаў Пігасаў: — а становішча мае нішто, нядрэннае, так што калі нават ёсць з яго выхад, так бог з ім! я яго шукаць не буду.

— Але гэта значыць, — прабачце за выраз, — аддаваць перавагу задаваленню сваёй самалюбасці перад жаданнем быць і жыць у праўдзе...

— О то-ж так! — усклікнуў Пігасаў: самалюбасць — гэта і я разумею, і вы, спадзяюся, разумееце, і кожны разумее: а ісціна — што-ж такое ісціна? Дзе яна, гэтая ісціна?

— Вы паўтараецеся, папярэджваю вас, — заўважыла Дар'я Міхайлаўна.

Пігасаў узняў плечы.

— Так што-ж за бяда? Я пытаюся: дзе ісціна? Нават філосафы не ведаюць, што яна такое. Кант кажа: вось яна што, а Гегель — не, брэшаш, яна вось што.

— А вы ведаеце, што гаворыць пра яе Гегель, — спытаў, не ўзвышаючы голаса, Рудзін.

— Я паўтараю, — не пераставаў распаліўшыся Пігасаў: — што я не магу зразумець, што такое ісціна. Па-мойму, яе зусім і няма на свеце, гэта значыць, слова толькі ёсць, а самай рэчы няма.

— Фі! фі! — усклікнула Дар'я Міхайлаўна: — як вам не сорамна гэта гаварыць, стары вы грэхаводнік! Ісціны няма? Дзеля чаго-ж жыць пасля гэтага на свеце?

— Ды ўжо-ж я думаю, Дар'я Міхайлаўна, — адказаў са злосцю Пігасаў: — што вам у кожным выпадку лягчэй было-б жыць без ісціны, чым без вашага кухара Сцяпана, які такі майстар варыць бульены! І навошта здалася вам ісціна, скажыце на міласць? З яе-ж і чэпчыка сшыць не можна!

— Жарты не супярэчанне, — заўважыла Дар'я Міхайлаўна: — асабліва калі яны збіваюцца на ману.

— Не ведаю, як ісціна, а праўда відаць, вочы коле, — прамармытаў Пігасаў і са злосцю адышоў у бок.

А Рудзін загаварыў аб самалюбасці, і вельмі слушна загаварыў. Ён даводзіў, што чалавек без самалюбасці мізэрны, што самалюбасць — рычаг Архімеда, якім зямлю з месца можна зрушыць, але што тым часам толькі той заслугоўвае назву чалавека, хто умее уладаць сваей самалюбасцю, як верхавы канëм, хто сваю асобу ахвяруе дзеля агульнага шчасця...

— Эгаізм, — так заключыў ён: — самагубства. Эгаістычны чалавек засыхае як адзінокае, бясплоднае дрэва; але самалюбасць, як дзейнае імкненне да палепшання, ёсць крыніца ўсяго вялікага... Так! чалавеку трэба зламаць упарты эгаізм сваёй асобы, каб даць ёй права сябе выказваць!

— Ці не можаце вы пазычыць мне аловачка? — звярнуўся Пігасаў да Басістава.

Басістаў не адразу зразумеў, чаго ў яго пытаўся Пігасаў.

— Навошта вам аловак? — праказаў ён нарэшце.

— Хачу запісаць вось гэтую апошнюю фразу п. Рудзіна. Не запісаўшы, забудзешся, чаго добрага! А, згадзіцеся самі, такая фраза ўсёроўна, што вялікі шлем у ералашы.

— Ёсць рэчы, з якіх смяяцца і кпіць грэшна, — палка праказаў Басістаў, і адвярнуўся ад Пігасава.

Тым часам Рудзін падышоў да Натальі. Яна устала; твар яе выявіў збянтэжанасць.

Валынцаў, сядзеўшы каля яе, таксама ўстаў.

— Я бачу фартэп'яна, — пачаў Рудзін і ласкава, як вандруючы прынц: — ці не вы іграеце мякка на ім?

— Так, я іграю, — праказала Наталья: — але не вельмі добра. Вось, Канстантын Дыямідыч значна лепей за мяне іграе.

Пандалеўскі выставіў свой твар і аскаліў зубы.

— Дарэмна вы гэта кажаце, гэта кажаце, Наталья Алексееўна: вы іграеце зусім не горш за мяне.

— Ці ведаеце вы "Erlkönіg" Шуберта? — спытаў Рудзін.

— Ведае, ведае! — падхапіла Дарья Міхайлаўна. — Сядайце, Constantіn... А вы любіце музыку, Дзімітры Нікалаіч?

Рудзін толькі нахіліў крыху галаву і правёў рукой па валасах, як-бы рыхтуючыся слухаць... Пандалеўскі зайграў.

Наталья стала каля фартэп'яна проста насупраць Рудзіна. З першым гукам твар яго прыняў прыгожы выгляд. Яго цёмнасінія вочы паволі блукалі, зрэдка спыняючыся на Натальі. Пандалеўскі скончыў.

Рудзін нічога не сказаў і падышоў да адчыненага акна. Душыстая імгла ляжала мяккім велюмам над садам; дрымотнай свежасцю дыхалі блізкія дрэвы. Зоркі ціха гарэлі. Летняя ноч і галубілася і галубіла. Рудзін зірнуў у цёмны сад — і абярнуўся.

— Гэтая музыка і гэтая ноч, — загаварыў ён: — нагадалі мне маё студэнцкае жыццё ў Германіі: нашы сходкі, нашы серанады...

— А вы былі ў Германіі? — спытала Дар'я Міхайлаўна.

— Я правёў год у Гейдельбергу і каля года ў Берліне.

— І адзяваліся студэнтам? Кажуць, яны там неяк асабліва адзяюцца.

— У Гейдэльбергу я насіў вялізныя боты са шпорамі і венгерку з шнуркамі, і валасы вырасціў да самых плеч... У Берліне студэнты адзяюцца, як усе людзі.

— Раскажыце нам што-небудзь з вашага студэнцкага жыцця, — прамовіла Александра Паўлаўна.

Рудзін пачаў расказваць. Расказваў ён не зусім удала. У апісаннях яго не хапала фарбаў. Ён не ўмеў смяшыць. Прынамсі, Рудзін ад расказаў пра свае замежныя прыгоды неўзабаве перайшоў да агульных разважанняў аб значэнні асветы і навукі, аб універсітэтах і жыцці універсітэцкім наогул. Шырокімі і смелымі рысамі накідаў ён аграмадную карціну. Усе слухалі яго з глыбокаю ўвагай. Ён гаварыў па-майстэрску, захапляюча, не зусім выразна... але самая гэта невыразнасць надавала асаблівае хараство яго размовам.

Багацце думак перашкаджала Рудзіну выказвацца пэўна і дакладна. Вобразы змяняліся вобразамі; параўнанні, і нечакана смелыя, і на дзіва правільныя, узнікалі за параўнаннямі. Не самазадаволенай тонкасцю спрактыкаванага гаваруна — натхненнем дыхала яго нецярплівая імправізацыя. Ён не шукаў слоў: яны самі паслухмяна і павольна прыходзілі да яго на вусны, і кожнае слова, здавалася, так і лілося проста з душы, палала пераконаннем. Рудзін уладаў амаль што вышэйшай тайнай — музыкай красамоўства. Ён умеў, закранаючы адны струны сэрца, прымушаць смутна звінець і дрыжаць усе іншыя. Часам слухач, мабыць, і не разумеў у дакладнасці, пра што ішла размова; але грудзі яго высока ўздымаліся, якіясьці заслоны адчыняліся перад яго вачыма, штосьці прамяністае запальвалася наперадзе.

Усе думкі Рудзіна здаваліся накіраванымі ў будучыню; гэта надавала ім нешта імклівае і маладое... Стоячы ля акна, не гледзячы ні на кога асабліва, ён гаварыў і, натхнены агульным спачуваннем і ўвагай, блізкасцю маладых жанчын, хараством ночы, захоплены патокам уласных пачуццяў, ён узвысіўся да красамоўства, да паэзіі... Самы гук яго голаса, задумлёны і ціхі, павялічваў зачараванне; здавалася, яго вуснамі гаварыла штосьці вышэйшае, для яго самога нечаканае... Рудзін гаварыў пра тое, што надае вечнае значэнне кароткаму жыццю чалавека.

— Памятаю я адну скандынаўскую легенду, — так скончыў ён: — цар сядзіць з сваімі воінамі ў цёмным і даўгім хляве, вакол агню. Дзея адбываецца ноччу, зімою. Раптам невялікая птушачка улятае ў адчыненыя дзверы і вылятае ў другія. Цар заўважае, што гэтая птушачка — як чалавек на свеце: прыляцела з цемры і адляцела ў цемру, і нядоўга пабыла ў цяпле і святле... "Цар" — адказвае самы стары з воінаў: — птушачка і ў цьме не загіне і гняздо сваё знойдзе..." Так і наша жыццё кароткае і мізэрнае; але ўсё вялікае праходзіць праз людзей. Усведамленне быць зброяй тых вышэйшых сіл павінна замяніць чалавеку ўсе іншыя радасці: у самой смерці знойдзе ён сваё жыццё, свае гняздо...

Рудзін спыніўся і ўтупіў вочы з усмешкай мімавольнай засмучанасці.

— Vous êtes un poéte[13] — упоўголаса праказала Дар'я Міхайлаўна.

І ўсе з ёй унутрана згадзіліся, — усе, выключаючы Пігасава. Не дачакаўшыся канца доўгай прамовы Рудзіна, ён цішком узяў капялюш і, выходзячы, злосна шапнуў стаяўшаму ля дзвярэй Пандалеўскаму:

— Не! Паеду да дурных!

Але ніхто яго не затрымліваў і не заўважыў яго адсутнасці.

Людзі прынеслі вячэру, і праз поўгадзіны ўсе раз'ехаліся і разышліся. Дар'я Міхайлаўна ўпрасіла Рудзіна застацца начаваць. Александра Паўлаўна, вяртаючыся з братам дадому ў карэце, некалькі разоў прымалася ахаць і здзіўляцца незвычайнаму розуму Рудзіна. Валынцэў згаджаўся з ёю, аднак заўважыў, што ён часам выказваецца крыху цёмна... гэта значыць не зусім зразумела, дадаў ён, жадаючы, мабыць, растлумачыць сваю думку; але твар яго азмрочыўся і зрок, накіраваны ў куток карэты, здаваўся яшчэ больш засмучаным.

Пандалеўскі, кладучыся спаць і здымаючы свае вышытыя шоўкам падцяжкі, праказаў уголас: "Вельмі спрытны чалавек!" і раптам, сурова зірнуўшы на свайго казачка-камердынера. загадаў яму выйсці. Басістаў цэлую ноч не спаў і не распранаўся, ён да самай раніцы ўсё пісаў ліст да аднаго свайго таварыша ў Маскву; а Наталья хоць і распранулася, і лягла ў пасцель, але таксама ні на хвіліну не заснула і нават не звяла вачэй. Падпёршы галаву рукою, яна глядзела зіркліва у цемнату; ліхаманкава біліся яе жылы, і цяжкі ўздых часта ўзнімаў яе грудзі.

IV

На другую раніцу, Рудзін толькі што паспеў апрануцца, як да яго з'явіўся чалавек ад Дар'і Міхайлаўны з запрашэннем прыйсці да яе ў габінет і адведаць з ёю чаю. Рудзін застаў яе адну. Яна вельмі ласкава з ім прывіталася, запыталася, ці добра ён правёў ноч, сама наліла яму шклянку чаю, спытала нават, ці досыць цукру, прапанавала яму папяроску і разы два зноў паўтарыла, што здзіўляецца, як яна дано з ім не пазнаёмілася. Рудзін сеў было некалькі воддаль, але Дар'я Міхайлаўна паказала яму на невялікае патэ, стаяўшае каля яе крэсла, і, злёгку нахіліўшыся ў яго бок, пачала распытваць яго аб яго сям'і, аб яго намерах і меркаваннях. Дар'я Міхайлаўна гаварыла абыякава, слухала безуважна; але Рудзін вельмі добра разумеў, што яна захаплялася іх, амаль што не лесціла яму. Нездарма-ж яна на ладзіла гэтае ранішняе спатканне, нездарма апранулася проста, але тонка, à la m-me Récamіer![14] Прынамсі, Дар'я Міхайлаўна неўзабаве перастала яго распытваць: яна пачала яму расказваць пра сябе, пра сваю маладосць, пра людзей, з якімі яна вадзілася. Рудзін з спачуваннем слухаў яе размаўленні, хаця — дзіўная рэч! — пра якую-б асобу ні загаварыла Дар'я Міхайлаўна, на першым плане заставалася ўсё-такі яна, яна адна, а тая асоба неяк скрадвалася і знікала. Але Рудзін даведаўся ў падрабязнасцях, што менавіта Дар'я Міхайлаўна гаварыла якомусьці вядомаму саноўніку, які яна мела ўплыў на якогасьці славутага паэта. Мяркуючы па расказах Дар'і Міхайлаўны, можна было падумаць, што ўсе выдатныя людзі апошняга дваццаціпяцігоддзя толькі пра тое і марылі, як-бы пабачыцца з ёю, як-бы заслужыць яе пашану. Яна гаварыла пра іх проста, без асаблівых захапленняў і пахвал, як пра сваіх, называючы іншых дзівакамі. Яна гаварыла пра іх, і, як багатая аправа вакол дарагога камня, імёны іх клаліся бліскучым абрамленнем вакол галоўнага імя — вакол імя Дар'і Міхайлаўны.

А Рудзін слухаў, пакурваў папяроску і маўчаў, толькі зрэдка ўстаўляючы ў размову балбатлівай барыні кароткія заўвагі. Ён умеў і любіў гаварыць; весці гутарку было не па ім; але ён умеў таксама слухаць. Кожны, каго ён толькі не запужваў спачатку, даверліва распускаўся ў яго прысутнасці: так ахвотна і з спачуваннем сачыў ён за ніццю чужога расказу. У ім было шмат дабрадушнасці, — той асаблівай дабрадушнасці, якую маюць людзі, адчуваючы сябе вышэй за другіх. У спрэчках ён рэдка даваў выказвацца свайму праціўніку і перамагаў яго сваёй імклівай і палкай дыялектыкай.

Дар'я Міхайлаўна выказвалася па-руску. Яна выхвалялася веданнем роднай мовы, хаця галіцызмы, французскія слоўцы трапляліся ў яе часценька. Яна з намерам ужывала простыя народныя звароты, але не заўсёды трапна. Вуха Рудзіна не абражалася дзіўнай пярэстасцю размовы ў вуснах Дар'і Міхайлаўны, ды бадай што ён і не меў на гэта вуха.

Дар'я Міхайлаўна змарылася, нарэшце, і, прыхіліўшыся галавою да задняй падушкі крэсла, накіравала вочы на Рудзіна і змоўкла.

— Я цяпер разумею, — пачаў павольным голасам Рудзін, — я разумею, чаму вы кожнае лета прыязджаеце на вёску. Вам гэты адпачынак патрэбны; вясковая цішыня, пасля сталічнага жыцця, асвяжае і напаўняе вас дужасцю. Я ўпэўнен, што вы павінны глыбока спачуваць хараству прыроды.

Дар'я Міхайлаўна скоса паглядзела на Рудзіна.

— Прырода... так... так, вядома... я страшэнна яе люблю; але ці ведаеце, Дзімітры Нікалаіч, і ў вёсцы нельга без людзей. А тут амаль нікога няма. Пігасаў самы разумны чалавек тут.

— Учарашні сярдзіты старык? — спытаў Рудзін.

— Так, гэты... У вёсцы, прынамсі, і ў ім ёсць патрэба — хоць пазабавіць часам.

— Ён чалавек не дурны, — адказаў Рудзін: — але êн на няправільным шляху. Я не ведаю, ці згодзіцеся вы са мною, Дар'я Міхайлаўна, але ў адмаўленні — у адмаўленні поўным і ўсеагульным — няма дабра. Не прызнавайце нічога, і вы лёгка можаце праславіцца за разумніка: гэты хітры спосаб усім вядомы. Дабрадушныя людзі зараз-жа гатовы заключыць, што вы стаіце вышэй за тое, што адмаўляеце. А гэта часта няпраўда. Па-першае, ва ўсім можна адшукаць плямы, а па-другое, калі нават вы і слушна гаворыце, — вам-жа горай; ваш розум, накіраваны на адно адмаўленне, бяднее, сохне. Задавальняючы сваё самалюбства, вы пазбавіцеся сапраўднай асалоды сузірання; жыццё — сутнасць жыцця — уцякае ад вашага дробнага і злоснага назірання, і вы скончыце тым, што будзеце лаяцца і смяшыць. Ганіць, сварыцца мае права толькі той, хто любіць.

— Voіlà m-r Pіgassoff enterré[15], — праказала Дар'я Міхайлаўна. — Які вы майстар азначаць чалавека! Прынамсі, Пігасаў, напэўна, і не зразумеў-бы вас. А любіць ён толькі ўласную сваю асобу.

— І ганіць яе дзеля таго, каб мець права ганіць іншых, — падхапіў Рудзін.

Дар'я Міхайлаўна засмяялася.

— З хворай.... як гэта кажуць... з хворага на здаровага. Дарэчы, што вы думаеце пра барона?

— Пра барона? Ён добры чалавек, з добрым сэрцам і ведаючы... але ў ім няма характару... і ён увесь свой век застанецца напалову вучоным, напалову свецкім чалавекам, г. зн. дылетантам, г. зн... кажучы проста, — нічым... А шкада!

— Я сама такога-ж погляду, — адказала Дар'я Міхайлаўна. — Я чытала яго артыкул... Entre nous... cela a assez peu de fond[16].

— Хто-ж яшчэ ў вас тут ёсць? — спытаў, памаўчаўшы, Рудзін.

Дар'я Міхайлаўна скінула пятым пальцам попел з папяросы.

— Ды болей амаль нікога няма. Ліпіна, Александра Паўлаўна, якую вы ўчора бачылі: яна вельмі слаўная, — але і толькі. Брат яе — таксама добры чалавек, un parfaіt honnête homme[17]. Князя Гарына вы ведаеце. Вось і ўсё. Ёсць яшчэ два-тры суседы, але тыя ўжо зусім нічога. Альбо крыўляюцца — прэтэнзіі страшэнныя, — альбо дзічацца, альбо ўжо недарэчна развязныя. Барынь я, вы ведаеце, не бачу. Ёсць яшчэ адзін сусед, вельмі, кажуць, асвечаны, нават учоны чалавек, але дзівак страшэнны, фантазер. Alexandrinе яго ведае, і, здаецца, да яго нераўнадушна... Вось, вам-бы заняцца ёю, Дзімітры Нікалаіч: гэта слаўнае стварэнне; яе трэба толькі развіць крыху, абавязкова трэба яе развіць!

— Яна вельмі сімпатычная, — заўважыў Рудзін.

— Сапраўднае дзіця, Дзімітры Нікалаіч, зусім дзіця. Яна была замужам, мais c'est tout comme[18].

— Калі-б я была мужчына, я толькі ў такіх жанчын улюблялася-б.

— Няўжо?

— Абавязкова. Такія жанчыны, прынамсі, свежыя, а пад свежасць падрабіцца не можна.

— А пад усё іншае можна? — спытаў Рудзін і засмяяўся, што з ім бывала вельмі рэдка. Калі ён смяяўся, твар яго выяўляў дзіўную, амаль старэчую міну, вочы жмурыліся, нос зморшчваўся...

— А хто-ж такі гэты, як вы кажаце, дзівак, да якога пані Ліпіна нераўнадушна? — запытаўся ён.

— Нехта Лежнёў Міхайла Міхайлыч, тутэйшы памешчык.

Рудзін здзівіўся і ўзняў галаву.

— Лежнёў Міхайла Міхайлыч? — запытаў ён: — Хіба ён сусед ваш?

— Так. А вы яго ведаеце?

Рудзін памаўчаў.

— Я яго ведаў раней... таму даўно. Ён-жа, здаецца, багаты чалавек? — дадаў ён, пашчыпваючы рукой бахраму кресла.

— Так, багаты, хаця апранаецца жахліва і ездзіць на бегавых дрожках, як прыказчык. Я хацела яго залучыць да сябе: ён, кажуць, разумны; у мяне-ж з ім справа ёсць... Вы-ж ведаеце, я сама загадваю сваім маёнткам?

Рудзін нахіліў галаву.

— Так, сама, — прадоўжвала Дар'я Міхайлаўна: — я ніякіх чужаземных глупстваў не ўвожу, трымаюся свайго, рускага, і, бачыце, справы, здаецца, ідуць нядрэнна, — дадала яна, правёўшы рукою вакол.

— Я заўжды быў пераканан, — заўважыў ветліва Рудзін: — у крайняй несправядлівасц тых людзей, якія адмаўляюць жанчынам у практычным розуме.

Дар'я Міхайлаўна ласкава ўсміхнулася.

— Вы вельмі спагадлівы, — праказала яна: — але што гэта я хацела сказаць? Пра што мы гаварылі? А! Пра Лежнёва. У мяне з ім справа на размежаванню. Я яго некалькі разоў запрашала да сябе, і нават сёння я яго чакаю; але ён, бог яго ведае, не едзе... такі дзівак!

Полаг перад дзвярмі ціха расхінуўся, і ўвайшоў дварэцкі, чалавек высокага росту, сівы і пляшывы, у чорным фраку, белым галстуку і белым жылеце.

— Што ты? — спытала Дар'я Міхайлаўна і, злёгку звярнуўшыся да Рудзіна, дадала ўпоўголаса: — n'est ce pas, comme il ressemble à Canning?[19]

— Міхайла Міхайлыч Лежнёў прыехалі, — паведаміў дварэцкі: — загадаеце прыняць?

— Ах, божа-ж мой! — усклікнула Дар'я Міхайлаўна: — вось лёгкі на ўспаміне. Прасі!

Дварэцкі вышаў.

— Такі дзівак, прыехаў нарэшце, але і тут не да ладу: нашу гутарку перапыніў.

Рудзін падняўся з месца; але Дар'я Міхайлаўна яго застанавіла:

— Куды-ж вы? Мы можам размаўляць і пры вас. А я жадаю, каб вы і яго азначылі, як Пігасава. Калі вы гаворыце, vous gravez comme avec un burin[20]. Застаньцеся.

Рудзін хацеў было нешта сказаць, але падумаў і застаўся.

Міхайла Міхайлыч, ужо знаёмы чытачу, увайшоў у габінет. На ім было тое самае шэрае паліто, і ў загарэлых руках ён трымаў тую самую старую шапку. Ён спакойна пакланіўся Дар'і Міхайлаўне і падышоў да чайнага стала.

— Нарэшце-ж вы наведалі нас, мос'ё Лежнеў! — праказала Дар'я Міхайлаўна. — Прашу садзіцца. Вы, я чула, знаёмы, — дадала яна, паказваючы на Рудзіна.

Лежнёў зірнуў на Рудзіна і неяк дзіўна ўсміхнуўся.

— Я ведаю пана Рудзіна, — прамовіў ён з кароткім паклонам.

— Мы разам былі ва універсітэце, — заўважыў упоўголаса Рудзін і апусціў вочы.

— Мы і пасля сустракаліся, — холадна праказаў Лежнёў.

Дар'я Міхайлаўна паглядзела з нейкім здзіўленнем на абодвух і папрасіла Лежнёва сесці. Ён сеў.

— Вы жадалі мяне бачыць, пачаў ён: — наконт размежавання?

— Так, наконт размежавання, але я і так папросту жадала вас бачыць. Мы-ж з вамі блізкія суседзі і бадай што ці не радня.

— Вельмі вам удзячны, — адказаў Лежнёў: — што-ж датычыць да размежавання, так мы з вашым кіраўніком зусім пакончылі гэтую справу: я на ўсе яго прапановы згодзен.

— Я гэта ведала.

— Але ён мне сказаў, што без асабістага спаткання з вамі дакумента падпісаць нельга.

— Так; гэта ў мяне ўжо такі парадак. Дарэчы, дазвольце запытаць, у вас-жа, здаецца, усе мужыкі на аброку?

— Зусім правільна.

— І вы самі клапоціцеся аб размежаванні? Гэта пахвальна.

Лежнёў памаўчаў.

— Вось я і з'явіўся для асабістага спаткання, — праказаў ён.

Дар'я Міхайлаўна ўсміхнулася.

— Бачу, што з'явіліся. Вы кажаце гэта такім тонам... Вам, напэўна, вельмі не хацелася да мяне ехаць.

— Я нікуды не езджу, — адказаў флегматычна Лежнёў.

— Нікуды? А да Александры Паўлаўны вы ездзіце?

— Я з яе братам даўно знаёмы.

— З яе братам! Аднак, я нікога не прымушаю... Але, выбачайце мяне, Міхайла Міхайлыч, я старэйшая за вас гадамі і магу вас пажурыць: што вам за ахвота жыць гэткім біруком? Альбо ўласна мой дом вам не падабаецца? Я вам не падабаюся?

— Я вас не ведаю, Дар'я Міхайлаўна, і таму вы мне не падабацца не можаце. Дом у вас добры, але, шчыра вам прызнаюся, я не люблю абмяжоўваць сябе. У мяне і фрака прыстойнага няма, пальчатак няма; ды я і не належу да вашага кола.

— Па нараджэнню, па выхаванню вы належыце да яго, Міхайла Міхайлыч! vous êtes des notres[21].

— Нараджэнне і выхаване не да справы, Дар'я Міхайлаўна! Рэч не ў тым..

— Чалавек павінен жыць з людзьмі, Міхайла Міхайлыч! Што за ахвота сядзець, як Дыяген у бочцы?

— Па-першае, яму там было вельмі добра; а па-другое, адкуль вы ведаеце, што я не з людзьмі жыву?

Дар'я Міхайлаўна закусіла губы.

— Гэта іншая справа! Мне застаецца толькі пашкадаваць аб тым, што я не была варта быць у ліку людзей, з якімі вы водзіцеся.

— Мос'е Лежнёў, — умяшаўся Рудзін: — здаецца, пераўвялічвае вельмі пахвальнае пачуццё — замілаванне да свабоды.

Лежнёў нічога не адказаў і толькі зірнуў на Рудзіна. Наступіла кароткае маўчанне.

— Такім чынам, — пачаў Лежнеў, падымаючыся: — я магу лічыць нашу справу скончанай і сказаць вашаму кіраўніку, каб ён прыслаў мне дакументы.

— Можаце... Хаця, прызнацца, вы так няласкавы... Мне варта было-б адмовіць вам.

— Але-ж гэта размежаванне значна выгадней для вас, як для мяне.

Дар'я Міхайлаўна паціснула плячыма.

— Вы не хочаце нават паснедаць у мяне? — спытала яна.

— Шчыра вас дзякую: я ніколі не снедаю, ды і спяшаюся дадому.

Дар'я Міхайлаўна ўстала.

— Я вас не затрымліваю, — прамовіла яна, падыходзячы да акна: — не смею вас затрымліваць.

Лежнёў пачаў развітвацца.

— Бывайце, мос'е Лежнёў! Выбачайце, што патурбавала вас.

— Нічога, калі ласка, — адказаў Лежнёў і вышаў.

— Нішто? — запыталася Дар'я Міхайлаўна ў Рудзіна. — Я чула пра яго, што ён дзівак; але гэта ужо няма ведама што!

— У яго тая-ж самая хвароба, што і ў Пігасава, — праказаў Рудзін: — жаданне быць арыгінальным. Той прыкідваецца Мефістофелем, гэты — цынікам. Ва ўсім гэтым шмат эгаізма, шмат самалюбства і мала праўды, мала любасці. Тут-жа ёсць своеасаблівая рацыя: надзеў чалавек маску абыякавасці і ленасці, а можа, хто-небудзь падумае: вось чалавек, сколькі талентаў у сябе загубіў! А паглядзець уважлівей — і талентаў у ім ніякіх няма.

— Et de deux![22]— праказала Дар'я Міхайлаўна. — Вы жахлівы чалавек на азначэнні. Ад вас не схаваешся.

— Вы думаеце? — праказаў Рудзін. — Аднак, — гаварыў ён далей: — па-сапраўднаму, мне не варта было-б гаварыць пра Лежнёва: я яго любіў, любіў як сябра... але потым, з прычыны розных непаразуменняў...

— Вы пасварыліся?

— Не. Але мы развіталіся, і развіталіся, здаецца, назаўсёды.

— А то-ж, я заўважыла, вы за ўвесь час яго візіта былі нібыта не па сабе... Аднак, я вельмі вам удзячна за сёнешнюю раніцу. Я незвычайна прыемна правяла час. Але не трэба перабіраць меры. Адпускаю вас да снедання, а сама іду займацца справамі. Мой сакратар, вы яго бачылі — Constantin c'est lui qui est mon sécrétaire [23]— мабыць ужо чакае мяне. Рэкамендую яго вам: ен добры, дагадлівы малады чалавек, і ў поўным захапленні ад вас. Да пабачення, cher Дзімітры Нікалаіч! Як я ўдзячна барону за тое, што ён пазнаёміў мяне з вамі!

І Дар'я Міхайлаўна працягнула Рудзіну руку. Ён спачатку паціснуў яе, потым паднёс да губ і вышаў у залу, а з залы на тэрасу. На тэрасе ён спаткаў Наталью.

V

Дачка Дар'і Міхайлаўны, Наталья Алексееўна на першы погляд магла не спадабацца. Яна яшчэ не паспела развіцца, была худая, смуглая, трымалася крыху сутула. Але рысы яе твара былі прыгожы і правільны, хаця залішне вялікія для семнаццацігадовай дзяўчыны. Асабліва прыгожы быў яе чысты і роуны лоб над тонкімі як-бы надломленымі пасярэдзіне бровамі. Яна гаварыла мала, слухала і глядзела ўважліва, амаль зіркліва, — нібыта яна ўсё хацела ўявіць сабе. Яна часта заставалася нерухомай, апускала рукі і задумвалася; на твары яе, выяўлялася тады ўнутраная работа думак... Ледзь прыкметная ўсмешка з'явіцца раптам на губах і знікне; вялікія, цёмныя вочы ціха ўзнімуцца... Qu'avez vous?[24] спытае яе m-lle Bon court і пачне сварыцца на яе, кажучы, што маладой дзяўчыне не да твару задумвацца і рабіць безуважны выгляд. Але Наталья не была безуважная; наадварот, яна вучылася старанна, чытала і работала ахвотна. Яна адчувала глыбока і моцна, але таемна; яна і ў дзяцінстве рэдка плакала, а цяпер нават уздыхала рэдка, і толькі бляднела злёгку, калі што-небудзь яе засмучвала. Маці лічыла яе рахманай, разважнай дзяўчынай, называла яе жартам: mon honnête homme de fille [25] але не была залішне высокага погляду аб яе разумовых здольнасцях. "Наташа ў мяне, на шчасце, халодная, — часам гаварыла яна: — не па мне... тым лепей. Яна будзе шчаслівая". Дар'я Міхайлаўна памылялася. Прынамсі, рэдкая маці разумее дачку сваю.

Наталья любіла Дар'ю Міхайлаўну і не зусім ей давярала.

— Табе няма чаго ад мяне хаваць, — сказала ёй аднойчы Дар'я Міхайлаўна: — а то ты-б таілася: ты-такі хітраватая...

Наталья паглядзела мацеры ў твар і падумала: "чаму-ж не быць хітраватай?"

Калі Рудзін сустрэў яе на тэрасе, яна разам з m-lle Boncourt ішла ў пакой, каб надзець капялюшык і адправіцца ў сад. Ранішнія яе заняткі ужо скончыліся. Наталью перасталі трымаць як дзяўчынку, m-lle Boncourt даўно ўжо не давала ей лекцый з міфалогіі і геаграфіі, але Наталья павінна была штораніцы чытаць гістарычныя кнігі, вандраванні і іншыя навучальныя творы — пры ёй. Выбірала іх Дар'я Міхайлаўна, нібыта прытрымліваючыся асобай, сваёй сістэмы. На справе ж, яна проста перадавала Натальі ўсё, што ёй прысылаў француз-кнігарнік з Пецербурга, выключаючы, зразумела, раманы Дзюма-фіса і Комп. Гэтыя раманы Дар'я Міхайлаўна чытала сама. M-lle Boncourt асабліва строга і кісла пазірала праз акуляры свае, калі Наталья чытала гістарычныя кнігі: на погляд старой францужанкі, уся гісторыя была напоўнена недапушчальнымі рэчамі, хаця яна сама з вялікіх герояў старадаўнасці ведала, чамусьці, толькі аднаго Камбіза, а з навейшых часоў — Людовіка XIV і Напалеона, якога зусім не выносіла. Але Наталья чытала і такія кнігі, існаванне якіх m-lle Boncourt не падазравала: яна ведала напамяць усяго Пушкіна...

Наталья злёгку пачырванела пры сустрэчы з Рудзіным.

— Вы ідзеце гуляць? — запытаў ён яе.

— Так. Мы ідзем у сад.

— Можна ісці з вамі?

Наталья зірнула на m-lle Boncourt.

— Mais certainement, monsieur avec plaisir[26], — спешна праказала старая дзева.

Рудзін узяў капялюш і пайшоў разам з імі.

Натальі было спачатку нязручна ісці побач з Рудзіным па адной сцежцы, потым ёй крыху лягчэй зрабілася. Ён пачаў распытваць пра яе заняткі, пра тое, як ёй падабаецца вёска. Яна адказвала крыху нясмела, але без паспешлівай дзіклівасці, якую так часта і выдаюць і прымаюць за саромлівасць. Сэрца ў яе білася.

— Вам не нудна ў вёсцы? — запытаў Рудзін, акідваючы яе бакавым зрокам.

— Як можна нудзіцца ў вёсцы? Я вельмі рада, што мы тут. Я тут вельмі шчасліва.

— Вы шчаслівы... Гэта вялікае слова. Аднак, гэта зразумела: вы маладыя.

Рудзін сказаў гэта апошняе слова неяк дзіўна: ці то ён зайздросціў Натальі, ці то шкадаваў яе.

— Так! Маладосць! — дадаў ён. — Уся мэта навукі — дайсці свядома да таго, што маладосці даецца задарма.

Наталья ўважліва паглядзела на Рудзіна, яна не зразумела яго.

— Я сёння цэлую раніцу гутарыў з вашай мацер'ю, — гаварыў ён далей: — яна незвычайная жанчына. Я разумею, чаму ўсе нашы паэты даражылі яе дружбай. А вы любіце вершы? — дадаў ён, памаўчаўшы крыху.

"Ён мяне экзаменуе", падумала Наталья і праказала: — так, вельмі люблю.

— Паэзія — мова багоў. Я сам люблю вершы. Але не ў адных вершах паэзія: яна разліта ўсюды, яна вакол нас... Зірніце на гэтыя дрэвы, на гэтае неба — адусюль вее хараством і жыццём; а дзе хараство і жыццё, там і паэзія.

— Сядзем тут, на лавачку, — гаварыў ён далей. — Вось так. Мне чамусьці здаецца, што, калі вы звыкнецеся са мною (і ён з усмешкай паглядзеў ёй у твар), мы будзем прыяцелі з вамі. Як вы думаеце?

"Ён абыходзіцца са мною, як з дзяўчынкай", падумала зноў Наталья і, не ведаючы, што сказаць, спытала яго, ці доўга ён мяркуе застацца у весцы.

— Усё лета, восень, а магчыма і зіму. Я, вы ведаеце, чалавек вельмі небагаты; справы мае расстроены, да таго-ж мне ўжо і надакучыла цягацца з месца на месца. Час адпачыць.

Наталья здзівілася.

— Няўжо вы знаходзіце, што вам час адпачыць? — спытала яна нясмела.

Рудзін абярнуўся тварам да Натальі.

— Што вы хочаце гэтым сказаць?

— Я хачу сказаць, — адказала яна з некаторым смуткам: — што адпачываць могуць іншыя, а вы... вы павінны працаваць, старацца быць карысным. Каму-ж, як не вам...

— Дзякую за пахвальны погляд, — перапыніў яе Рудзін. — Быць карысным... лёгка сказаць! (Ён правёў рукою па твары). Быць карысным! — паўтарыў ён. — Калі-б нават было ва мне цвёрдае перакананне, як я магу быць карысным, калі-б я нават верыў у свае сілы, дзе знайсці шчырыя спачуваючыя душы?..

І Рудзін так безнадзейна махнуў рукою і так сумна звесіў галаву, што Наталья мімаволі спытала сябе: сапраўды, ці-ж гэта яго захапляючыя, дышачыя надзеяй, размовы чула яна напярэдадні?

— Між іншым, не, — дадаў ён, раптам устрахнуўшы сваёй ільвінай грывай: — гэта глупства і вы кажаце праўду. Дзякую вас, Наталья Алексееўна, дзякую вас шчыра. (Наталья аніяк не ведала, за што ён яе дзякуе). Ваша адно слова напомніла мне мой абавязак, паказала мне мой шлях... так. я павінен дзейнічаць. Я не павінен хаваць свой талент, калі ён у мяне ёсць, я не павінен растрачваць свае сілы на адну балбатню, пустую, бескарысную балбатню, на адны словы...

І словы яго паліліся ракой. Ён гаварыў прыгожа, палка, пераканальна — пра ганьбу маладушнасці і ленасць, пра неабходнасць рабіць справу. Ён абсыпаў самога сябе дакорамі, даводзіў, што разважаць наперад пра тое, што хочаш зрабіць, так-жа шкодна, як калоць шпількай паспяваючы плод, што гэта толькі дарэмная страта сіл і сокаў. Ён запэўняў, што няма высокай думкі, якая-б не выклікала спачування, што незразуметымі застаюцца толькі тыя людзі, якія альбо яшчэ самі не ведаюць, чаго хочуць, альбо не варты таго, каб іх разумелі. Ён гаварыў доўга, і скончыў тым, што яшчэ раз падзякаваў Наталью Алексееўну і зусім нечакана сціснуў ёй руку, праказаўшы: — Вы слаўная, добрая сардэчная істота!

Гэта вольнасць здзівіла m-lle Boncourt, якая, не гледзячы на саракагадовае пражыванне ў Расіі, ледзь разумела па-руску і толькі здзіўлялася пры гожай шпаркасці і плаўнасці размовы ў вуснах Рудзіна. Але ён па яе ўяўленню быў нешта накшталт віртуоза альбо артыста; а ад гэтай катэгорыі людзей, на яе думку, немагчыма было патрабаваць захавання прыстойнасці.

Яна ўстала і, парывіста паправіўшы на сабе сукенку, абвясціла Натальі, што пара ісці дадому, тым больш, што monsieur Volinsoff (так яна называла Валынцэва) хацеў быць на снеданні.

— А вось і ён! — дадала яна, зірнуўшы ў адну з прысад, ідучых ад дома.

Сапраўды, Валынцэў паказаўся непадалёку.

Ён падышоў нерашучым крокам, здалёк прывітаўся з усімі і, з балючым выразам на твары звярнуўшыся да Натальі, праказаў:

— А! Вы гуляеце?

— Так, — адказала Наталья: — мы ужо ішлі дадому.

— А! — сказаў Валынцэў. — Што-ж, пойдзем.

І ўсе пайшлі дадому.

— Як здароўе вашай сястры? — запытаўся нейкім асабліва ласкавым голасам Рудзін у Валынцэва. Ён і напярэдадні быў вельмі з ім ласкавы.

— Шчыра дзякую. Яна здарова. Яна сёння, можа быць, будзе... Вы, здаецца, пра нешта разважалі, калі я падышоў?

— Так, у нас была размова з Натальей Алексееўнай. Яна мне сказала адно слова, якое моцна мяне ўсхвалявала...

Валынцэў не запытаў, якое гэта было слова, і ўсе ў глыбокім маўчанні звярнуліся ў дом Дар'і Міхайлаўны.

* * *

Перад абедам зноў наладзіўся салон. Пігасаў, аднак, не прыехаў. Рудзін быў не ў гуморы; ëн усё прымушаў Пандалеўскага іграць з Бетховена. Валынцэў маўчаў і пазіраў на падлогу. Наталья не адыходзіла ад мацеры, і часам задумвалася і зноў бралася за работу. Басістаў не спускаў вачэй з Рудзіна, усё чакаючы, ці не скажа ён чаго-небудзь разумнага? Так прайшло гадзіны тры досыць аднастайна. Александра Паўлаўна не прыехала на абед — і Валынцэў, як толькі ўсталі з-за стала, зараз-жа загадаў запрэгчы сваю фурманку і знікнуў, не развітаўшыся ні з кім.

Яму было цяжка. Ен даўно любіў Наталью і ўсё збіраўся зрабіць ёй прапанову... Яна да яго была прыхільна — але сэрца яе заставалася спакойнае: ён гэта выразна бачыў. Ён і не спадзяваўся ўнушыць ёй пачуццё больш пяшчотнае і чакаў толькі моманту, калі яна зусім звыкнецца з ім, наблізіцца да яго. Што-ж магло усхваляваць яго? Якую змену заўважыў ён за гэтыя два дні? Наталья абыходзілася з ім якраз таксама, як і раней...

Альбо запала яму ў душу думка, што ён, мабыць, зусім не ведае характару Наталь, што яна яму яшчэ чужая, як ён думаў, — ці рэўнасць прачнулася ў ім, ці інстынктыўна ён адчуў нешта нядобрае... але толькі ён мучыўся, як ні ўгаварваў сам сябе.

Калі ён увайшоў да сваёй сястры, у яе сядзеў Лежнёў.

— Чаму-ж ты так рана звярнуўся? — спытала Александра Паўлаўна.

— Так! Надакучыла.

— Рудзін там?

— Там.

Валынцэў кінуў шапку і сеў.

Александра Паўлаўна жвава звярнулася да яго.

— Будзь ласкавы, Сярожа, памажы мне пераканаць гэтага ўпартага чалавека (яна паказала на Лежнёва) у тым, што Рудзін незвычайна разумны і красамоўны.

Валынцэў прамычэў нешта.

— Ды я ніколькі з вамі не спрачаюся, — пачаў Лежнеу: — я не сумняваюся у розуме і красамоўстве п. Рудзіна; я кажу толькі, што ён мне не падабаецца.

— А ты яго хіба бачыў? — спытаў Валынцэў.

— Бачыў сёння раніцой, у Дар'і Міхайлаўны. Ён-жа ў яе цяпер вялікім візірам. Прыдзе час, яна і з ім развітаецца — яна з адным Пандалеўскім ніколі не развітаецца, — але цяпер ён пануе. Бачыў яго, як-жа! Ён сядзіць — а яна мяне яму паказвае: глядзіце, моў, людзі добрыя, якія ў вас водзяцца дзівакі. Я не заводскі конь — да вывадкі не прывыкшы. Я ўзяў, ды паехаў.

— Ды навошта ты быў у яе?

— Па размежаванню; ды гэта глупства: ей проста хацелася паглядзець на маю фізіяномію. Барыня — вядома!

Вас абражае яго перавага — вось што! — горача загаварыла Александра Паўлаўна: — вось што вы яму дараваць не можаце. А я ўпэўнена, што, апрача розуму, у яго і сэрца павінна быць добрае. Вы зірніце на яго вочы, калі êн...

— "Аб чэснасці высокай гаворыць..." — падхапіў Лежнёў.

— Вы мяне расстроіце, і я заплачу. Я ад душы шкадую, што не паехала да Дар'і Міхайлаўны і засталася з вамі. Вы гэтага не варты. Досыць вам дражніць мяне, — дадала яна жаласлівым голасам. — Вы лепей раскажыце мне пра яго маладосць.

— Пра маладосць Рудзіна?

— Ну, так. Вы-ж мне сказалі, што добра яго ведаеце і даўно з ім знаёмы.

Лежнёў устаў і прайшоўся па пакоі.

— Так, — пачаў ён: — я яго добра ведаю. Вы хочаце, каб я расказаў вам яго маладосць? Калі ласка. Радзіўся ён у Т...ве ад бедных памешчыкаў. Бацька яго неўзабаве памёр. Ён застаўся адзін у мацеры. Яна была жанчына дабрэйшая і любіла яго страшэнна. Талакном адным кармілася і ўсе, якія былі ў яе, грошы аддавала на яго. Атрымаў ён сваё выхаванне ў Маскве, спачатку за кошт нейкага дзядзі, а потым, калі ён падрос і апярыўся, за кошт аднаго багатага князька, з якім знюхаўся... Ну, прабачце, не буду... з якім здружыўся. Потым ён паступіў ва універсітэт. Ва універсітэце я пазнаў яго і сышоўся з ім вельмі блізка. Пра наша тагачаснае жыццё-быццё я раскажу вам як-небудзь пасля. Цяпер не магу. Потым ён выехаў за-граніцу...

Лежнеў усе хадзіў па пакоі. Александра Паўлаўна зрокам сачыла за ім.

— З-за граніцы, — гаварыў ён далей, — Рудзін пісаў да сваёй мацеры надзвычай рэдка, і наведаў яе ўсяго адзін раз, дзён на дзесяць... Старэнькая і памерла без яго, на чужых руках, але да самай смерці не зводзіла вачэй з яго партрэта. Я да яе наязджаў, калі жыў у Т...ве. Добрая была жанчына і вельмі гасцінная; вішнёвым варэннем, звычайна, усё мяне частавала. Яна любіла свайго Міцю без памяці. Людзі Печорынскага выхавання скажуць вам, што мы заўжды любім тых, якія самі мала здольны любіць; а мне так здаецца, што ўсе маткі любяць сваіх дзяцей, асабліва адсутнічаючых. Потым я сустрэўся з Рудзіным за граніцай. Там да яго адна барыня прычапілася, з нашых рускіх, сіняя панчоха нейкая, ужо немаладая і непрыгожая, як яно і належыць сіняй панчосе. Ён даволі доўга з ёю валтузіўся, і, нарэшце, яе кінуў... альбо не, перапрашаю: яна яго кінула. і я тады яго кінуў. Вось і ўсё.

Лежнеў змоук, правёў рукою на ілбе і, нібы змораны, апусціўся на крэсла.

— А ці ведаеце што, Міхайла Міхайлыч, — пачала Александра Паўлаўна: — вы, я бачу, ліхі чалавек; сапраўды, вы не лепшы за Пігасава. Я ўпэўнена, што ўсё, што вы сказалі, праўда, што вы нічога не выдумалі, і тым часам, у якім непрыязным святле вы ўсё гэта паказалі! Гэтая бедная бабулька, яе адданасць, яе адзінокая смерць, гэтая барыня... Навошта гэта ўсё?.. Ці ведаеце, што гэтак можна жыццё найлепшага чалавека апісаць у такіх тонах — і нічога не выдумваючы, заўважце, — што ўсе проста жахнуцца. Але-ж гэта тая самая своеасаблівая мана!

Лежнёў устаў і зноў прайшоўся па пакоі.

— Я зусім не хацеў прымусіць вас жахнуцца, Александра Паўлаўна, — праказаў ён нарэшце — Я не пляткар. А прынамсі, — дадаў ён, падумаўшы крыху: сапраўды, у тым, што вы сказалі, ёсць доля праўды. Я не хлусіў на Рудзіна; але — хто ведае! — магчыма ён з таго часу паспеў змяніцца — можа я несправядлівы адносна яго.

— А! вось бачыце... Так абяцайце-ж мне, што вы адновіце з ім знаёмства, пазнаеце яго харашэнька і тады ўжо скажаце мне свой канчатковы погляд на яго.

— Калі ласка... Але што-ж ты маўчыш, Сергей Паулыч? — Валынцэў уздрыгнуў і падняў галаву, нібыта яго абудзілі.

— Што мне гаварыць? Я яго не ведаю. Да таго-ж мне сёння галава баліць.

— Ты, сапраўды, нешта бледны сёння, — заўважыла Александра Паўлаўна: — ці не хворы ты?

— Мне галава баліць, — паўтарыў Валынцэў і вышаў вон.

Александра Паўлаўна і Лежнёў паглядзелі яму ўслед і абмяняліся зрокам, але нічога не сказалі адзін аднаму. Ні для яго, ні для яе не было сакрэтам, што рабілася ў сэрцы Валынцэва.

VI

Прайшло два месяцы з лішкам. На працягу ўсяго гэтага часу Рудзін амаль не выязджаў ад Дар'і Міхайлаўны. Яна не магла абыйсціся без яго. Расказваць яму пра сябе, слухаць яго разважанні зрабілася для яе неабходнасцю. Ён, аднойчы, хацеў выехаць, з той прычыны, што ў яго вышлі ўсе грошы: яна дала яму пяцьсот рублёў. Ён пазычыў таксама ў Валынцэва рублёў дзвесце. Пігасаў болей рэдка, як раней, наведваў Дар'ю Міхайлаўну: Рудзін душыў яго сваёй прысутнасцю. Прынамсі ўціск гэты адчуваў не адзін Пігасаў.

— Не люблю я гэтага разумніка, — не раз гаварыў ён: — выказваецца ён ненатуральна, ні даць, ні ўзяць, асоба з рускай аповесці; скажа я, і расчулены застановіцца... "Я, моў, я..." Словы ўжывае ўсе такія доўгія. Ты чыхнеш, — ён табе зараз-жа пачне даводзіць, чаму ты менавіта чхнуў, а не кашлянуў... Хваліць ён цябе — нібыта чын табе дае... Пачне самога сябе лаяць, з гразёю сябе змяшае, — ну, думаеш, цяпер на свет божы глядзець не будзе. Куды там! Павесялее нават быццам гарэлкай сябе пачаставаў.

Пандалеўскі крыху баяўся Рудзіна і асцярожна да яго падлашчваўся. Валынцэў знаходзіўся ў дзіўных адносінах з ім. Рудзін называў яго рыцарам, выхваляў яго ў вочы і за вочы; але Валынцэў не мог палюбіць яго і штораз адчуваў мімавольную нецярплівасць і прыкрасць, калі той браўся ў яго-ж прысутнасці разбіраць яго вартасць. "Ці не смяецца ён з мяне?" думаў ён, і варожа краталася ў ім сэрца. Валынцэў стараўся зламіць сябе; але ён рэўнаваў да яго Наталью. Ды і сам Рудзін, хаця заўсёды шумна вітаў Валынцэва, хаця называў яго рыцарам і пазычаў у яго грошы, наўрад ці быў да яго прыхільны. Цяжка было выявіць, што ўласна адчувалі гэтыя два чалавекі, калі, сціскваючы па-сяброўску адзін аднаму рукі, яны глядзелі адзін аднаму ў вочы...

Басістаў не пераставаў схіляцца перад Рудзіным і лавіць на-ляту кожнае яго слова. Рудзін мала звяртаў на яго ўвагі. Неяк раз ён правёў з ім усю раніцу, гутарыў з ім пра самыя важныя сусветныя праблемы і задачы, і ўзрушыў у ім найвялікшае захапленне, але потым ён яго кінуў... Відаць, ён толькі на словах шукаў чыстых і адданых душ. З Лежнёвым, які пачаў ездзіць да Дар' Міхайлаўны, Рудзін нават у спрэчкі не ўваходзіў і нібыта ўнікаў яго. Лежнёў таксама абыходзіўся з ім коладна, аднак, не выказваў свайго канчатковага погляду на яго, што вельмі бянтэжыла Александру Паўлаўну. Яна схілялася перад Рудзіным; але і Лежнёву яна верыла. Усе ў доме Дар'і Міхайлаўны пакараліся капрызам Рудзіна: малейшыя яго жаданні выконваліся. Парадак дзённых заняткаў ад яго залежаў. Ніводная раrtie de plaisir[27] не абыходзілася без яго. Аднак, ён невялікі быў ахвотнік раптоўных паездак і выдумак і ўдзельнічаў у іх, як дарослыя ў дзіцячых гульнях, з ласкавым і злёгку нуднаватым спачуваннем. Але ён утыкаўся ўсюды: размаўляў з Дар'яй Міхайлаўнай аб мерапрыемствах па маёнтку, аб выхаванні дзяцей, аб гаспадарцы, наогул, аб справах; выслухоўваў яе меркаванні, не грэбаваў нават дробязямі, прапаноўваў рэформы і ператварэнні. Дар'я Міхайлаўна захаплялася імі на словах — і толькі. У справе гаспадаркі яна трымалася парады свайго кіраўніка, стараватага аднавокага украінца, дабрадушнага і спрытнага махляра. — "Старэнькае — сыценька, маладзенькае худзенька", часта гаварыў ён, спакойна ухмыляю чыся і падміргваючы сваім адзіным вокам.

Пасля самой Дар'і Міхайлаўны Рудзін ні з кім так часта і так доўга не гутарыў, як з Натальей. Ён цішком даваў ёй кнігі, давяраў ёй свае планы, чытаў ёй першыя старонкі будучых артыкулаў твораў. — Сэнс іх часта заставаўся недаступным для Натальі. Аднак, Рудзін, здавалася, і не дужа непакоіўся пра тое, каб яна яго разумела, — абы слухала яго. Блізкасць яго з Натальей была не зусім да спадобы Дар'і Міхайлаўне. "Але, — думала яна, — няхай яна з ім пагутарыць у вёсцы. Яна забаўляе яго, як дзяўчынка. Бяды вялікай няма, а яна ўсё-такі паразумнее... у Пецербургу я гэта ўсё перамяню..."

Дар'я Міхайлаўна памылялася. Не як дзяўчынка гутарыла Наталья з Рудзіным: яна прагна слухала яго размовы, яна старалася зразумець іх значэнне; яна давярала яму свае думкі, свае сумненні; ён быў яе настаўнікам, яе правадыром. Пакуль — адна галава ў яе кіпела... але маладая галава нядоўга кіпіць адна. Якія салодкія імкненні перажывала Наталья, калі, бывала, у садзе, на лавачцы, у лёгкім празрыстым ценю ясеня Рудзін пачне чытаць ёй гётэўскага Фауста, Гофмана, альбо Лісты Бетыны, альбо Наваліса, безупынна слыняючыся і растлумачваючы тое, што ёй здавалася цёмным! Яна па-нямецку гаварыла дрэнна, як амаль усе нашы паненкі, але разумела добра, а Рудзін быў увесь аддаўшыся германскай паэзіі, германскаму рамантызму і філасофіі, і вабіў яе за сабою ў тыя запаветныя краіны. Невядомыя, прыгожыя адкрываліся яны перад яе ўважлівым зрокам; з старонак кнігі, якую Рудзін трымаў у руках, дзіўныя вобразы, новыя, светлыя думкі так і ліліся звонкімі струменямі ёй у душу, і ў сэрцы яе, узрушаным высокай радасцю вялікіх адчуванняў, ціха ўспыхвала і распальвалася святая іскра захаплення...

— Скажыце, Дзімітры Нікалаіч, — пачала яна аднойчы, седзячы каля акна за пяльцамі: — вы-ж на зіму паедзеце у Пецербург?

— Не ведаю, — адказаў Рудзін, апускаючы на калені кнігу, якую перагортваў: — калі збяруся з сродкамі, паеду.

Ён гаварыў вяла: ён адчуваў зморанасць і бяздзейнічаў ад самай раніцы.

— Мне здаецца, як вам не знайсці сродкаў?

Рудзін пакачаў галавою.

— Вам так здаецца!

І ён значна зірнуў у бок.

Наталья хацела была нешта сказаць і сутрымалася.

— Паглядзіце, — пачаў Рудзін, і паказаў ёй рукою ў акно: — бачыце вы гэтую яблыню: яна зламалася ад цяжару і мноства сваіх уласных пладоў. Верная эмблема генія...

— Яна зламалася таму, што ў яе не было падпоры, — не згадзілася Наталья.

— Я вас разумею, Наталья Алексееўна; але чалавеку не так лёгка адшукаць яе, гэтую падпору.

— Мне здаецца, спачуванне іншых... ва ўсякім выпадку, адзіноцтва...

Наталья крыху заблыталася і пачырванела.

— І што вы будзеце рабіць зімою у вёсцы? — паспешна дадала яна.

— Што я буду рабіць? Скончу мой вялікі артыкул — вы ведаеце — аб трагічным у жыцці і мастацтве — я вам пазаўчора план расказваў — і прышлю яго вам.

— І надрукуеце?

— Не.

— Як не? Для каго-ж вы будзеце працаваць?

— А хаця-б для вас.

Наталья апусціла вочы.

— Гэта звыш маіх сіл, Дзімітры Нікалаіч!

— Аб чым, дазвольце спытаць, артыкул? — скромна запытаўся Басістаў, сядзеўшы воддаль.

— Аб трагічным у жыцці і ў мастацтве, — паўтарыў Рудзін. — Вось і п. Басістаў прачытае. Аднак, я не зусім яшчэ зладзіў з асноўнай думкай. Я да гэтага часу яшчэ не досыць уявіў сам сабе трагічнае значэнне кахання.

Рудзін ахвотна і часта гаварыў пра каханне. Спачатку, пры слове: каханне, m-lle Boncourt уздрыгалася і навострывала вушы, як стары палкавы конь, пачуўшы трубу, але потым прызвычаілася і толькі, бывала, падцісне губы і з расстаноўкай панюхае табакі.

— Мне здаецца, — нясмела заўважыла Наталья: — трагічнае ў каханні — гэта няшчаснае каханне.

— Зусім не! — не згадзіўся Рудзін: — гэта хутчэй камічны бок кахання... Пытанне гэта патрэбна зусім іначай паставіць... трэба паглыбей закрануць... Каханне! — гаварыў ён далей: — у ім усё таямніца: як яно прыходзіць, як развіваецца, як знікае. Часам яно з'яўляецца раптам, несумненнае, радаснае, як дзень, часам доўга тлее, як агонь пад залою, і прабіваецца полымем у душы, калі ўжо ўсё зруйнавана; або ўпаўзе яно ў сэрца, як змяя, ці раптам выслізне з яго вон... Так, так; гэта пытанне важнае. Ды і хто кахае ў наш час, хто адважваецца кахаць?

І Рудзін задумаўся.

— Што гэта Сергея Паўлыча даўно не відаць? — спытаў ён раптам. Наталья ўспыхнула і нахіліла галаву да пяльцаў.

— Не ведаю, — прашаптала яна.

— Які гэта найдабрэйшы, найшляхетнейшы чалавек! — праказаў Рудзін, устаючы. — Гэта адзін з лепшых прыкладаў сапраўднага рускага двараніна..

M-lle Boncourt паглядзела на яго скосу сваімі французскімі вочкамі.

Рудзін прайшоўся па пакоі.

— Ці заўважылі вы, — загаварыў ён, крута завярнуўшыся на абсацах: — што на дубе, — а дуб моцнае дрэва, — старыя лісты толькі тады адпадаюць, калі маладыя пачнуць прабівацца?

— Так, — павольна адказала Наталья: — заўважыла.

— Якраз так бывае і з старым каханнем у моцным сэрцы: яно ўжо адмерла, але ўсё яшчэ трымаецца; толькі другое, новае каханне можа яго выжыць.

Наталья нічога не адказала.

"Што гэта азначае?" падумала яна.

Рудзін пастаяў, устрахнуў валасамі і адышоў.

А Наталья пайшла да сябе ў пакой. Доўга сядзела яна ў недаўменні на сваім ложку, доўга раздумвала над апошнімі словамі Рудзіна і раптам сціснула рукі і горка заплакала. Пра што яна плакала — бог ведае! Яна сама не ведала, чаму ў яе так раптоўна паліліся слёзы. Яна выцірала іх, а яны беглі зноў, як вада з даўно перапоўненай крыніцы.

* * *

У той-жа самы дзень і ў Александры Паўлаўны адбывалася гутарка пра Рудзіна з Лежневым. Спачатку ён усё адмоўчваўся; але яна наважылася дабіцца толку:

— Я бачу, — сказала яна яму: — вам Дзімітры Нікалаіч, па-ранейшаму, не падабаецца. Я знарок да гэтага часу вас не распытвала; але вы ужо цяпер паспелі пераканацца ці адбылася ў ім перамена, і я хачу ведаць, чаму ён вам не падабаецца.

— Калі ласка, — адказаў з звычайнай флегмай, Лежнеў: — калі вам ужо так хочацца; толькі, глядзіце, не злуйцеся...

— Ну, пачынайце, пачынайце.

— І дайце мне выказаць усё да канца.

— Калі ласка, калі ласка, пачынайце.

— Такім чынам-с, — пачаў Лежнёў, павольна апускаючыся на канапу: — скажу вам, мне Рудзін, сапраўды, не падабаецца. Ён разумны чалавек...

— А то-ж!

— Ён надзвычай разумны чалавек, хаця па сутнасці пусты...

— Гэта лёгка сказаць!

— Хаця па сутнасці пусты, — паўтарыў Лежнеў: — але гэта яшчэ не бяда: усе мы пустыя людзі. Я нават не вінавачу яго, што ён дэспат у душы, лянівы, невялікі знаўца...

Александра Паўлаўна ўсплёснула рукамі.

— Невялікі знаўца! Рудзін! — усклікнула яна.

— Невялікі знаўца, — тым-жа самым голасам паўтарыў Лежнёў: — любіць пажыць за чужы кошт, разыгрывае ролю, і гэтак далей... гэта ўсё зусім звычайна. Але дрэнна тое, што ён халодны, як лёд.

— Ён, гэта палкая душа, халодны! — перапыніла Александра Паўлаўна.

— Так, халодны, як лёд, і ведае гэта, і прыкідваецца палкім. Дрэнна тое, — не пераставаў Лежнеў, паступова ажыўляючыся: — што ён іграе небяспечную ігру, — небяспечную не для яго, зразумела; сам капейкі, валаска не ставіць на карту, — а іншыя стаўляюць душу...

— Пра каго, што вы кажаце? Я вас не разумею, — праказала Александра Паўлаўна.

— Дрэнна тое, што ён несумленны. Ён-жа разумны чалавек: павінен-жа ён ведаць цану сваім словам, — а вымаўляе іх так, нібыта яны яму што-небудзь каштуюць... Бясспрэчна, ён красамоўны: толькі красамоўства яго не рускае. Ды і, нарэшце, прыгожа гаварыць да твару юнаку, а ў яго ўзросце сорамна пацяшацца шумам уласных размоў, сорамна задавацца!

— Мне здаецца, Міхайла Міхайлыч, для слухача ўсё роўна, задаецеся вы ці не...

— Выбачайце, Александра Паўлаўна, не ўсё роўна. Іншы скажа мне слова, мяне ўсяго пройме, другі тое ж самае слова скажа, альбо яшчэ прытажей, — я і вухам не крану. Чаму гэта?

— Гэта значыць вы не кранеце, — перапыніла Александра Паўлаўна.

— Так, не крану, — адказаў Лежнёў: — хаця, можа быць, у мяне і вялікія вушы. Справа ў тым, што словы Рудзіна так і застаюцца словамі, і ніколі не будуць учынкам, — а тым часам, гэтыя самыя словы могуць засмуціць, згубіць маладое сэрца.

— Ды пра каго, пра каго вы кажаце, Міхайла Мıхайлыч?

Лежнёў спыніўся.

— Вы жадаеце ведаць, пра каго я кажу? Пра Наталью Алексееўну.

Александра Паўлаўна збянтэжылася на момант, але зараз жа ўсміхнулася.

— Злітуйцеся, пачала яна: — якія ў вас заўсёды дзівацкія думкі! Наталья яшчэ дзіця; ды, нарэшце, калі б што-небудзь і было, няўжо вы думаеце, што Дар'я Міхайлаўна...

— Дар'я Міхайлаўна, па-першае, эгаістка і жыве для сябе: а па-другое, яна так упэўнена ў сваім уменні выхоўваць дзяцей, што яна і не падумае непакоіцца пра іх. Фі! як можна! адзін жэст, адзін ганарлівы зірк — і ўсё пойдзе, як па пісанаму. Вось што думае гэтая паня, якая і мецанаткай сябе выабражае, і разумніцай, і бог ведае чым, а на справе яна больш нічога, як свецкая бабуля. А Наталья не дзіця: яна, паверце, часцей і глыбей раздумвае, як мы з вамі. І трэба-ж, каб такая сумленная, палкая і гарачая натура наткнулася на такога актора, на такую какетку! Аднак, і гэта звычайная рэч.

— Какетка! Гэта вы яго называеце какеткай?

— Вядома, яго... Ну, скажыце самі, Александра Паўлаўна, што за роля яго ў Дар'і Міхайлаўны? Быць ідалам, аракулам у доме, утыкацца ў распараджэнні, у сямейныя плёткі і дробязі, — няўжо гэта прыстойна мужчыне,

Александра Паўлаўна з здзіўленнем паглядзела Лежнёву ў твар.

— Я не пазнаю вас, Міхайла Міхайлыч, — праказала яна. — Вы пачырванелі, вы хвалюецеся. — Сапраўды, тут нешта павінна хавацца іншае...

— Ну, так і ёсць! Ты гаворыш жанчыне путнае, па перакананню, а яна да таго часу не супакоіцца, пакуль не выдумае дробнай, пабочнай прычыны, якая прымушае цябе гаварыць якраз так, а не іначай.

Александра Паўлаўна раззлавалася.

— Брава, мос'ё Лежнёў! Вы пачынаеце ненавідзець жанчын не горш п. Пігасава; але, воля ваша, як вы не праніклівы, усё-такі мне цяжка паверыць, каб вы ў такі кароткі час маглі ўсіх і ўсё зразумець. Мне здаецца, вы памыляецеся. Па вашаму, Рудзін — Тарцюф нейкі.

— У тым-та і рэч, што ён нават не Тарцюф. Тарцюф той, прынамсі, ведаў, чаго дабіваўся, а гэты, пры ўсім сваім розуме...

— Штож, што-ж ён? Заканчвайце вашу размову, несправядлівы, гадкі чалавек!

Лежнёў устаў.

— Паслухайце, Александра Паўлаўна, — пачаў ён, — гэта вы несправядлівы, а не я. Вы злуецеся на мяне за маю рэзкую характарыстыку пра Рудзіна: я маю права гаварыць аб ім рэзка! Я, можа быць, не таннаю цаной купіў гэта права. Я добра яго ведаю: я доўга жыў з ім разам. Памятаеце, я абяцаў расказаць вам калі небудзь наша жыццё ў Маскве. Відаць, давядзецца зараз гэта зрабіць. Але ці хопіць у вас цярплівасці мяне выслухаць?

— Гаварыце, гаварыце!

— Ну, калі ласка.

Лежнёў узяўся хадзіць павольнымі крокамі па пакоі, зрэдка спыняючыся і нахіляючы галаву ўперад.

— Вы, можа, ведаеце, — загаварыў ён: — а, можа, і не ведаеце, што я асірацеў рана і ўжо на семнаццатым годзе нікога не меў над сабою старэйшага. Я жыў у доме цëткі, у Маскве, і рабіў, што хацеў. Малы я быў досыць пусты і ганарысты, любіў пазадавацца і пахвастаць. Паступіўшы ва універсітэт, я вёў сябе як школьнік, і неўзабаве са мною здарылася гісторыя. Я вам яе расказваць не буду: не варта. Я схлусіў, і даволі брыдка схлусіў... Мяне вывелі на свежую ваду, злавілі, прысаромілі... Я збянтэжыўся і заплакаў, як дзіця. Гэта было на кватэры аднаго знаёмага, у прысутнасці многіх таварышоў. Усе пачалі рагатаць і кпіць з мяне, усе, выключаючы аднаго студента, які, заўважце, больш за іншых абураўся на мяне, пакуль я ўпінаўся і не прызнаваўся ў сваёй хлусні. Шкода яму мяне зрабілася, ці што, толькі ён узяў мяне пад руку і павёў да сябе.

— Гэта быў Рудзін? — спытала Александра Паўлаўна.

— Не, гэта не быў Рудзін... гэта быў чалавек... ён памёр ужо... гэта быў чалавек незвычайны. Звалі яго Пакорскім. Апісаць яго ў кароткіх словах я не здолею, а пачаўшы гаварыць пра яго, ужо ні пра каго іншага гаварыць не захочаш. Гэта была высокая, чыстая душа, і розуму такога я ужо не сустракаў потым. Пакорскі жыў у маленькім, нізенькім пакойчыку, у мансардзе старога драўлянага доміка. Ён быў дужа бедны і перабіваўся так-сяк лекцыямі. Бывала, ён нават чашкай чаю не мог пачаставаць госця; а адзіная яго канапа да таго правалілася, што была падобна на човен. Але, не гледзячы на гэтыя невыгоды памяшкання, да яго хадзіла шмат народу. Яго ўсе любілі, ён вабіў да сябе нашы сэрцы. Вы не паверыце, як люба і весела было сядзець у яго бедным пакойчыку! У яго я пазнаёміўся з Рудзіным. Ён ужо адстаў тады ад свайго князька.

— Што-ж было асаблівае ў гэтым Пакорскім? — спытала Александра Паўлаўна.

— Як вам сказаць? Паэзія і праўда — вось што вабіла ўсіх да яго. З розумам ясным, абшырным, ён быў слаўны і забаўны, як дзіця. У мяне да гэтага часу звініць у вушах яго светлы смех, і тым часам ён

"Пылал полуночной лампадой
Перед святынею добра...."

Так сказаў пра яго адзін крыху вар'ят і дабрэйшы паэт нашага гуртка.

— А як ён гаварыў? — спытала зноў Александра Паўлаўна.

— Ён гаварыў добра, калі быў у гумары, але не здзіўляюча. Рудзін і тады ў дваццаць разоў быў красамоўней за яго.

Лежнёў астанавіўся і скрыжаваў рукі.

— Пакорскі і Рудзін не былі падобны адзін да аднаго. У Рудзіна было значна больш бляску і траскатні, болей фраз і, мабыць, болей энтузіязма. Ён здаваўся значна таленавіцей за Пакорскага, а на справе ён быў бядняк у параўнанні з ім. Рудзін дасканала развіваў любую думку, спрачаўся па-майстэрску; але думкі яго з'яўляліся не ў яго галаве: ён браў іх у іншых, асабліва ў Пакорскага. Пакорскі быў на выгляд ціхі і мяккі, нават слабы — і любіў жанчын да вар'яцтва, любіў пагуляць, але і крыўды нікому не спусціў-бы. Рудзін здаваўся поўны агню, адвагі, жыцця, а ў душы быў халодны і амаль што нясмелы, пакуль не закраналі яго самалюбства: тут ён на сцены лез. Ён усялякім чынам стараўся пакарыць сабе людзей, але пакараў ён іх у імя агульных асноў і ідей, і, сапраўды, меў моцны ўплыў на шмат каго. Праўда, ніхто яго не любіў; адзін я, мабыць, прывязаўся да яго. Яго прыгнёт цярпелі... Пакорскаму ўсе аддаваліся самі сабой. Але Рудзін ніколі не адмаўляўся разважаць і спрачацца з першым сустрэчным... Ён не вельмі шмат прачытаў кніг, але ва ўсякім выпадку значна больш, як Пакорскі і як усе мы; да таго-ж розум мей сістэматычны, памяць аграмадную, а гэта-ж якраз і дзейнічае на моладзь! Ёй вывады падавай, перспектывы, хоць няправільныя, але перспектывы! Зусім добрасумленны чалавек на гэта няздатны. Паспрабуйце сказаць моладзі, што вы не можаце даць ёй поўнай ісціны, бо самі не ўладаеце ёю... Моладзь вас і слухаць не будзе. Але ашукаць яе вы таксама не можаце. Трэба, каб вы самі хоць напалову верылі, што ўладаеце ісцінай... Таму-ж Рудзін і ўздзейнічаў так моцна на нашага брата. Бачыце, я вам зараз сказаў, што ён прачытаў не багата, але чытаў ён філасофскія кнігі, і галава ў яго была такая, што ён зараз-жа з прачытанага ўспрыймаў усё агульнае, браўся за самы корань рэчы, і ўжо потым праводзіў ад яго ва ўсе бакі светлыя, правільныя ніці думак, адкрываў духоўныя перспектывы. Наш гурток складаўся тады, кажучы праўду, з хлапчукоў — і недавучаных хлапчукоў. Філасофія, мастацтва, навука, самое жыццë — усё гэта для нас былі адны словы, амаль што нават паняцці, прывабныя, прыгожыя, але раскіданыя, раз'яднаныя. Агульнай сувязі іх. гэтых паняццяў, агульнага закона сусветнага мы не ўсведамлялі, не адчувалі, хаця няясна размаўлялі пра яго, прагнулі ўявіць яго сабе. Слухаючы Рудзіна, нам упершыню здалося, што мы нарэшце ўхапілі яе, гэтую агульную сувязь, што паднялася нарэшце заслона! Дапусцім, ён гаварыў не сваё — толькі бяды! Але стройны парадак усяляўся ва ўсё, што мы ведалі, усё раскіданае нечакана злучалася, складвалася, вырастала перад намі, як гмах, усё святлела, дух веяў усюды... Нічога не заставалася бессэнсоўным, выпадковым; ва ўсім выяўлялася разумная неабходнасць і хараство, усё мела значэнне яснае і, тым-жа часам, таемнае; кожная асобная з'ява жыцця гучэла акордам, і мы самі, з нейкім свяшчэнным жахам схіляліся, з салодкім сардэчным трапятаннем, адчувалі сябе як-бы жывымі носьбітамі вечнай ісціны, яе зброяй, закліканай да нечага вялікага... Вам усё гэта не смешна?

— Анічуць! — паволі адказала Александра Паўлаўна: чаму вы гэта думаеце? Я вас не зусім разумею, але мне не смешна.

— Мы з таго часу паспелі паразумнець, вядома, — гаварыў далей Лежнёў: — усё гэта нам цяпер можа здавацца дзяцінствам... Але, я паўтараю, Рудзіну мы тады былі абавязаны многім. Пакорскі быў непараўнана вышэй за яго, бясспрэчна; Пакорскі ўдыкаў у нас усіх агонь і дужасць; але ён часам адчуваў сябе вялым і маўчаў. Чалавек ён быў нервовы, хваравіты; але калі ён распраўляў свае крыллі, — божа! куды не залётваў ён! У самую глыб і блакіт неба! А ў Рудзіна, у гэтым прыгожым і статным малым, было шмат дробязей; ён нават пляткарыў; у яго быў пал ва ўсё утыкацца, усё азначаць і растлумачваць. Яго клапатлівая дзейнасць ніколі не сунімалася... палітычная натура-с!.. Я пра яго гавару, якім я яго ведаў тады. Аднак, ён, на жаль, не змяніўся. Але ён і ў поглядах сваіх не змяніўся... у трыццаць пяць год!.. Не кожны можа сказаць гэта пра сябе.

— Сядайце, — праказала Александра Паўлаўна: — што вы, як маятнік, па пакоі ходзіце?

— Гэтак мне лепей, — адказаў Лежнеў. — Ну-с, папаўшы ў гурток Пакорскага, я, скажу вам, Александра Паўлаўна, я зусім перарадзіўся: сцішыўся, распытваў, вучыўся, радаваўся, пакараўся — адным словам, нібыта ў нейкі храм увайшоў. Ды і сапраўды, як успомню я нашы сходкі, ну, далібог-жа, шмат у іх было добрага, нават чуллівага. Вы ўявіце: сышліся чалавек пяць шэсць хлопчыкаў, адна сальная свяча гарыць, чай падаецца дужа дрэнны і сухары да яго старыя-старыя; а паглядзелі-б вы на ўсіх нас, паслухалі-б нашы размовы! У вачах у кожнага захапленне, і шчок! палаюць, і сэрца б'ецца, і гаворым мы пра бога, пра праўду, пра будучыню чалавецтва, пра паэзію, — гаворым мы часам недарэчнасць, захапляемся глупствам; але толькі бяды!.. Пакорскі сядзіць, падкручыўшы ног, падпірае бледную шчаку рукой; а вочы яго так і свецяцца. Рудзін стаіць пасярэдзіне пакоя і гаворыць, гаворыць прыгожа, выліты малады Дэмасфен перад шумлівым морам; ускалмачаны паэт Субоцін пасылае час ад часу, і як-бы праз сон, адрывістыя выгукі; саракагадовы бурш, сын нямецкага пастара, Шэлер, набыўшы між нас славу найглыбейшага мысліцеля, з прычыны свайго вечнага, нічым непарушанага маўчання, неяк асабліва ўрачыста маўчыць; — сам вясёлы Шчытаў, Арыстафан нашых сходак, сціхае і толькі ўхмыляецца; два-тры навічкі слухаюць з захапленнем і асалодай... А ноч ляціць ціха і плаўна, як на крыллях. Вось ужо і раніца шарзе, і мы разыходзімся, кранутыя, вясёлыя, сумленныя, цвярозыя (віна ў нас ані звання тады не было), — з нейкай прыемнай зморанасцю на душы... Успамінаецца, ідзеш пустымі вуліцамі, увесь расчулены і нават на зоркі неяк даверліва глядзіш, нібыта яны і бліжэй зрабіліся, і больш зразумелы... Эх! Слаўная была пара тады, і не хачу я верыць, каб яна загінула дарэмна! Ды яна і не загінула, — не загінула нават для тых, каго жыццё апошліла потым... Колькі разоў мне даводзілася сустракаць такіх людзей, былых таварышоў! Здаецца, зусім зверам зрабіўся чалавек, а варта толькі выгаварыць пры ім імя Пакорскага — і ўсе рэшткі благародства ў ім закратаюцца, нібы ты ў брудным і цёмным пакоі адкрыў пакінутую шклянку з духамі...

Лежнёў змоўк; яго шэры твар расчырванеўся.

— Але чаму-ж, калі вы пасварыліся з Рудзіным? — загаварыла Александра Паўлаўна, з здзіўленнем гледзячы на Лежнёва.

— Я з ім не пасварыўся; я з ім разышоўся, калі пазнаў яго канчаткова за граніцай. А ўжо ў Маскве я-б мог пасварыцца з ім. Ён са мною ужо тады зрабіў нядобрую рэч.

— Што такое?

— А вось што. Я... як-бы гэта сказаць?.. Да маёй фігуры гэта не пасуе... але я заўжды быў здолен закахацца.

— Вы?

— Я. Гэта дзіўна, ці-ж не праўда? А тым часам, яно так... Ну-с, вось, я і закахаўся тады ў адну дужа слаўненькую дзяўчынку... Ды што вы на мяне так глядзіце? Я б мог сказаць вам пра сябе рэч, яшчэ больш дзіўную.

— Якую гэта рэч, дазвольце ведаць?

— А хоць-бы вось якую рэч. Я, у тую, у маскоўскую пару, хадзіў па начах на спатканне... з кім-бы вы думалі? з маладой ліпай на канцы майго саду. Абыму яе тонкі і стройны ствол, і мне здаецца, што я абымаю ўсю прыроду, а сэрца расшыраецца і млее так, нібыта, сапраўды, уся прырода ў яго ўліваецца... Вось я быў які!.. Ды што! Вы, можа, думаеце, я вершаў не пісаў? Пісаў-с, і нават цэлую драму стварыў, падобную на Манфрэда. У ліку дзеючых асоб была здань з крывёю на грудзях, і не з сваёю крывёю, заўважце, а з крывёю чалавецтва наогул... Так-с, так-с, калі ласка, не здзіўляйцеся... Але я пачаў расказваць пра маё каханне. Я пазнаёміўся з адной дзяўчынай...

— І перасталі хадзіць на спатканне з ліпай? — спытала Александра Паўлаўна.

— Перастаў. Дзяўчына гэта была дужа добранькае і дужа слаўненькае стварэнне, з вясёлымі, яснымі вочкамі і звонкім галаском.

— Вы добра апісваеце, заўважыла з усмешкай Александра Паўлаўна.

— А вы вельмі строгі крытык, — адказаў Лежнëў. — Ну-с, жыла гэтая дзяўчына з старым бацькам... Аднак, я ў падрабязнасці не буду ўдавацца. Скажу толькі, што гэта дзяўчына была сапраўды найдабрэйшая — заўжды, бывала, налье табе тры чверці шклянкі чаю, калі ты просіш толькі палову!.. На трэці дзень пасля першай сустрэчы з ёю, я палаў ужо, а на сёмы дзень не вытрываў і ва ўсім прызнаўся Рудзіну. Маладому чалавеку, закаханаму, немагчыма не прагаварыцца; а я Рудзіну спавядаўся ва ўсім. Я тады знаходзіўся ўвесь пад яго ўплывам, і гэты ўплыў, скажу шчыра, быў для мяне карысны шмат у чым. Ён першы не пагрэбваў мною, абчасаў мяне. Пакорскага я любіў палка і адчуваў некаторы страх перад яго душэўнай чыстасцю; а да Рудзіна я стаяў бліжэй. Даведаўшыся пра маё каханне, ён прышоў у нечуванае захапленне: прывітаў, абняў — зараз-жа кінуўся ўразумляць мяне, растлумачваць мне ўсю важнасць майго новага становішча. Я вушы развесіў... Ну, ды вы-ж ведаеце, як ён умее гаварыць. Словы яго ўздзейнічалі на мяне незвычайна. Пашану я да сябе раптам адчуў непамерную, выгляд зрабіў сур'ёзны і смяяцца перастаў. Здаецца, я нават хадзіць пачаў тады асцярожней, нібы ў мяне ў грудзях знаходзіўся сасуд, напоўнены найкаштоўнейшай вадкасцю, якую я баяўся расплёскаць... Я быў дужа шчаслівы, тым больш, што да мяне была яўная прыхільнасць. Рудзін пажадаў пазнаёміцца з маім прадметам ды бадай што ці не сам я настаяў на тым, каб пазнаёміць яго.

— Ну, бачу, бачу, цяпер, у чым справа, — перапыніла Александра Паўлаўна. — Рудзін адбіў у вас ваш прадмет, і вы да гэтага часу яму дараваць не можаце... Б'юся аб заклад, што не памылілася!

— І прайгралі-б заклад, Александра Паўлаўна: вы памыляецеся. Рудзін не адбіў у мяне мой прадмет, ды ён 1 не хацеў яго ў мяне адбіваць; а ўсё-ж такі ён згубіў маё шчасце, хаця, разважыўшы з спакойным сэрцам, я цяпер гатоў сказаць яму дзякуй за гэта. Але тады я ледзь не звар'яцеў: Рудзін зусім не хацеў пашкодзіць мне, — наадварот! Але з прычыны свайго праклятага звычаю кожны рух жыцця, і свайго, і чужога, прышпільваць словам, як матылька шпількай, ён кінуўся абаім нам растлумачваць нас саміх, нашы адносіны, як мы павінны весці сябе, дэспатычна прымушаў аддаваць сабе адчот у нашых пачуццях і думках, хваліў нас, дакараў, распачынаў нават перапіску з намі, уявіце!.. ну, зусім збіў нас з глузду! Я-б наўрад ці ажаніўся тады з маёю паненкай (на гэта ў мяне яшчэ хапала розуму), але, між іншым, мы-б з ёю слаўна правялі некалькі месяцаў, накшталт Паўла і Віргініі; а тут пайшлі непаразуменні, напружанасці ўсялякія — глупства пайшло, адным словам. Скончылася тым, што Рудзін, адной добрай раніцай, прышоў да таго, пераканання, што ён, як сябра, павінен, выканаць свой доўг сумлення — паведаміць пра ўсё старога бацьку, — і ён гэта зрабіў.

— Няўжо? — усклікнула Александра Паўлаўна.

— Так, і, зауважце, па маёй згодзе зрабіў — вось што дзіўна!.. Памятаю да гэтага часу, які хаос насіў я тады ў галаве: проста ўсё круцілася і перастаўлялася, як у камер-абскуры: белае здавалася чорным, чорнае — белым, мана — праўдай, фантазія — доўгам... Э! нават і цяпер сорамна ўспамінаць пра гэта! Рудзін — той не сумаваў... Куды там! Носіцца, бывала, сярод усялякіх непаразуменняў і блытаніны, як ластаўка над возерам.

— Ітак вы і развіталіся з вашай дзяўчынай? — спытала Александра Паўлаўна, наіўна схіліўшы галоўку на бок і крыху ўзняўшы бровы.

— Развітаўся... і не добра развітаўся, ганебнасорамна, на людзях, і без патрэбы на людзях... Сам я плакаў і яна плакала, і ліха ведае, што вышла... Гордыеў вузел нейкі завязаўся — давялося разрубаць, а больна было! Аднак, усё на свеце ідзе да лепшага. Яна вышла замуж за добрага чалавека і добра жыве цяпер...

— А прызнайцеся, вы усё-ткі не маглі дараваць Рудзіну... — пачала было Александра Паўлаўна.

— Ды што там! — перапыніў Лежнёў: — я плакаў, як дзіця, калі праводзіў яго за граніцу. Аднак, праўду сказаць, семя там у мяне на душы запала тады-ж. І калі я сустрэў яго потым за граніцай... ну, я тады ўжо і пастарэў... Рудзін выявіўся для мяне ў сапраўдным сваім святле.

— Што ж менавіта вы знайшлі у яго?

— Ды ўсё тое, пра што я гаварыў вам з гадзіну таму назад. Аднак досыць пра яго. Можа быць, усё скончыцца добра. Я толькі хацеў давесці вам, што калі я строга асуджваю яго, так не таму, што яго не ведаю... Што-ж датычыць Натальі Алексееўны, я не буду гаварыць лішніх слоў; але вы звярніце ўвагу на вашага брата.

— На майго брата! А што?

— Ды паглядзіце на яго. Хіба вы нічога не прыкмячаеце.

Александра Паўлаўна панурылася.

— Гэта праўда, — праказала яна: — верна... брат... з некаторага часу я яго не пазнаю... Але няўжо вы думаеце...

— Ціха! ён, здаецца, ідзе сюды, — сказаў шопатам Лежнёў. — А Наталья не дзіця, паверце мне, хаця, на жаль, даверліва як дзіця. Вы ўбачыце, гэта дзяўчынка задзівіць усіх нас.

— Якім гэта чынам?

— А вось якім чынам... Ці ведаеце вы, што якраз такія дзяўчынкі топяцца, атручваюцца і гэтак далей? Вы не глядзіце, што яна такая ціхая: жаданні ў яе моцныя, і характар таксама ой-ёй!

— Ну, ужо гэта, мне, здаецца, вы ў паэзію ўдаецеся. Такі флегматык, як вы, мабыць і мяне параўнаеце з вулканам.

— Ну, не! — прагаварыў з усмешкай Лежнёў. — А што да характару, — у вас, слава богу, характару зусім няма.

— Гэта што яшчэ за дзёрзкасць?

— Гэта? Гэта найвялікшы камплімент, што вы!..

Валынцэў увайшоў і падазрона паглядзеў на Лежнёва і сястру. Ён схудаў за апошні час. Яны абое загаварылі з ім; але ён ледзь усміхаўся ў адказ на іх жарты і глядзеў, як выказаўся пра яго аднойчы Пігасаў, — сумным зайцам. Аднак, мабыць, не было яшчэ на свеце чалавека, які, хоць раз у жыцці, не глядзеў яшчэ горш за таго. Валынцэў адчуваў, што Наталья ад яго аддалялася, а разам з ёю, здавалася, і зямля бегла ў яго з-пад

ног.
VII

На другі дзень была нядзеля, і Наталья позна ўстала. Напярэдадні яна была вельмі маўкліва да самага вечара, цішком стыдалася слёз сваіх і вельмі дрэнна спала. Седзячы, поўадзетая перад сваім маленьким фартэп'яна яна і брала акорды, ледзь чутныя, каб не абудзіць м-lle Boncourt, і прыпадала ілбом да халодных клавішаў і доўга аставалася нерухомай. Яна ўсё думала — не пра самога Рудзіна, але пра якое-небудзь слова, ім сказанае, і акуналася ўся ў сваю думу. Зрэдку прыходзіў ёй Валынцу на ўспамін. Яна ведала, што ён яе любіць. Але думка яе зараз-жа яго пакідала.. Дзіўнае яна адчувала хваляванне. Раніцою яна спешна адзелася, сышла ўніз, і, прывітаўшыся з сваёй мацер'ю, улучыла момант і пайшла адна ў сад... Дзень быў гарачы, светлы, прамяністы дзень, не гледзячы на перападаўшыя дожджыкі. Па ясным небе плаўна нясліся, не засланяючы сонца, нізкія, дымлівыя хмары і, часам, пасылалі палям вялікія патокі раптоўнай, імгненнай залевы. Буйныя, бліскучыя каплі сыпаліся шпарка, з нейкім сухім шумам, нібы алмазы; сонца іграла скрозь іх мітуслівую сетку; трава, яшчэ нядаўна ўсхваляваная ветрам, не шавялілася, прагна паглынаючы вільгаць; акропленыя дрэвы томна трапяталі ўсімі сваімі лісточкамі; птушкі не пераставалі спяваць, і радасна было слухаць іх балбатлівае шчабятанне пры свежым гуле і грукаце прабягаўшага дажджу. Пыльныя шляхі курэлі і злёгку пярэсціліся пад рэзкімі ўдарамі частых брызгаў. Але вось, хмарка пранеслася, запырхаў ветрык, смарагдам і золатам пачала зіхацець трава... Прыліпаючы адно да аднаго, празрысцілі лісты дрэваў... Моцны пах падняўся адусюль...

Неба амаль усё ачысцілася, калі Наталья пайшла ў сад. Ад яго веяла свежасцю і цішынёй, той лагоднай і шчаслівай цішынёй, на якую сэрца чалавека адклікаецца салодкім тамленнем таемнага спачування і нявызначаных жаданняў...

Наталья ішла ускрай возера, па доўгай прысадзе срабрыстых таполяў; раптам, перад ёй, нібы з зямлі, вырас Рудзін.

Яна збянтэжылася. Ён паглядзеў ёй у твар.

— Вы адны? — спытаў ён.

— Так, я адна, — адказала Наталья: — але я вышла на хвіліну... Мне час дадому.

— Я вас праваджу.

І ён пайшоў з ёй побач.

— Вы нібыта засмучаны? — прамовіў ён.

— Я?.. А я хацела вам заўважыць, што вы, мне здаецца, не у настроі.

— Магчыма ... гэта са мною бывае. Мне гэта хутчэй можна выбачыць, як вам.

— Чаму-ж? Хіба вы думаеце, што мне няма чаго быць смутлівай?

— У вашы гады трэба цешыцца жыццём.

Наталья зрабіла некалькі крокаў моўчкі.

— Дзімітры Нікалаевіч! — прагаварыла яна.

— Што?

— Памятаеце вы... параўнанне, якое вы зрабілі учора... памятаеце... з дубам.

— Ну, так, памятаю. Што-ж?

Наталья зірнула цішком на Рудзіна.

— Навошта вы... Што вы хацелі сказаць гэтым параўнаннем?

Рудзін нахіліў галаву і накіраваў вочы воддаль.

— Наталья Алексееўна! — пачаў ён, з уласцівым яму стрыманым і важным выразам, які заўжды прымушаў слухача думаць, што Рудзін не выказваў і дзесятай долі таго, што таілася ў яго ў душы. — Наталья Алексееўна! Вы маглі заўважыць, я мала гавару пра сваё мінулае. Ёсць некаторыя струны, да якіх я не дакранаюся зусім. Маё сэрца... каму якая патрэба ведаць пра тое, што ў ім дзеялася? Выстаўляць гэта на паказ мне заўсёды здавалася святатацтвам. Але я з вамі шчыры; вы выклікаеце маё давер'е... Не магу ўтаіць ад вас, што і я любіў і цярпеў, як усе... Калі і як? Пра гэта гаварыць не варта; але сэрца мае перажыло шмат радасцей і шмат пакут...

Рудзін памаўчаў крыху.

— Тое, што я сказаў вам учора, — зноў загаварыу ëн: — магчыма да некаторай ступені прыстасаваць да мяне, да майго цяперашняга становішча. Але, зноў такі, пра гэта гаварыць не варта. Гэты бок жыцця для мяне ўжо знікнуў. Мне застаецца цяпер цягнуцца па душным і пыльным шляху, з станцыі да станцыі, у дрогкай каламажцы... Калі я даеду і ці даеду яшчэ — бог ведае... Пагутарма лепей пра вас.

— Няўжо-ж, Дзімітры Нікалаевіч, — перапыніла яго Наталья: — вы нічога не чакаеце ад жыцця?

— О, не! Я чакаю шмат чаго але, не для сябе... Ад дзейнасці, ад радасці дзейнасці я ніколі не адмоўлюся, але я адмовіўся ад асалоды. Мае надзеі, мае мары — і асабістае маё шчасце не маюць нічога агульнага. Каханне (пры гэтым слове ён паціснуў плячом)... каханне — не для мяне; я... яго не варты; жанчына, якая кахае, мае права патрабаваць усяго чалавека, а я ўжо ўвесь аддацца не магу. Да таго ж, падабацца, — гэта больш да твару юнакам: я залішне стары. Куды мне марочыць чужыя галовы? Дай бог сваю знасіць на плячах!

— Я разумею, — праказала Наталья: — хто імкнецца да вялікай мэты, ужо не павінен думаць пра сябе; але хіба жанчына не зможа ацаніць такога чалавека? Мне здаецца, наадварот, жанчына хутчэй адвернецца ад эгаіста... Усе маладыя людзі, гэтыя юнакі, па-вашаму, усе — эгаісты, усе толькі сабою заняты, нават калі кахаюць. Паверце, жанчына не толькі здольна зразумець самаахвярнасць: яна сама ўмее ахвяраваць сябе.

Шчокі Натальі злёгку зачырванелі, і вочы яе заблішчэлі. Да знаёмства з Рудзіным яна ніколі-б не сказала такой доўгай прамовы і так горача.

— Вы ні разу не чулі майго погляду адносна прызначэння жанчын, — адказаў з усмешкай спачування Рудзін: — вы ведаеце, што, па-мойму, адна Жана д'Арк магла выратаваць Францыю... але не ў тым рэч. Я хацеў пагаварыць пра вас. Вы стаіце на парозе жыцця... Разважаць пра вашае будучае і весела і не бясплённа... Паслухайце: вы ведаеце, я ваш сябра; я бяру ў вас амаль кроўны ўдзел... А таму, я спадзяюся, вы не знойдзеце майго запытання няскромным; скажыце, ваша сэрца да гэтага часу зусім спакойна?

Наталья ўся ўспыхнула і нічога не адказала. Рудзін спыніўся, і яна спынілася.

— Вы не злуецеся на мяне? — спытаў ён.

— Не, — прагаварыла яна: — але я ніяк не чакала...

— Аднак, — зноў сказаў ён: — вы можаце не адказваць мне. Ваша тайна мне вядома.

Наталья амаль з спалохам зірнула на яго.

— Так... так; я ведаю, хто вам падабаецца. я павінен сказаць — лепшага выбару вы зрабіць не маглі. Ён чалавек найдабрэйшы; ён зможа ацаніць вас; ён не змяты жыццём — ён просты і ясны душою... вы будзеце з ім шчаслівы.

— Пра каго кажаце вы, Дзімітры Нікалаіч?

— Нібыта вы не разумееце, пра каго я гавару? Зразумела, пра Валынцэва. Што-ж? Хіба гэта няпраўда?

Наталья адвярнулася крыху ад Рудзіна. Яна зусім збянтэжылася.

— Хіба ён не кахае вас? Што вы! Ён не зводзіць з вас вачэй, сочыць за кожным вашым рухам; ды і, нарэшце, хіба можна схаваць каханне! І вы самі хіба непрыхільны да яго? Наколькі я мог заўважыць, і мацеры вашай ён таксама падабаецца... Ваш выбар...

— Дзімітры Нікалаіч, — перапыніла яго Наталья, у смутку працягваючы руку да бліжэйжага куста; — мне, сапраўды, так непрыемна гаварыць пра гэта, але я вас завяраю... вы памыляецеся.

— Я памыляюся? — паўтарыў Рудзін. — Не думаю... Я з вамі пазнаёміўся нядаўна, але я ўжо добра вас ведаю. Што-ж значыць перамена, якую я бачу ў вас, бачу выразна? Хіба вы такая, якою я застаў вас шэсць тыдняў назад!.. Не, Наталья Алексееўна, сэрца ваша не спакойна.

— Можа быць, — адказала Наталья, ледзь чутна: — але вы ўсё-ж такі памыляецеся.

— Як гэта? — спытаў Рудзін.

— Пакіньце мяне, не пытайце мяне! — адказала Наталья і хуткімі крокамі накіравалася да дому.

Ёй самой зрабілася страшна ўсяго таго, што яна раптам адчула ў сабе.

Рудзін дагнаў і спыніў яе.

— Наталья Алексееўна! — загаварыў ён: — гэтая размова не можа так скончыцца: яна вельмі важна і для мяне... Як мне зразумець вас?

— Пакіньце мяне! — паўтарыла Наталья.

— Наталья Алексееўна, на ўсё святое!

На твары Рудзіна выявілася хваляванне. Ён збляднеў.

— Вы ўсё разумееце, вы і мяне павінны зразумець, — сказала Наталья, вырвала ў яго руку і пайшла, не азіраючыся.

— Адно толькі слова! — крыкнуў ёй услед Рудзін.

Яна спынілася, але не абярнулася.

— Вы мяне пыталі, што я хацеў сказаць учарашнім параўнаннем. Ведайце-ж, я хлусіць вам не хачу. Я гаварыў пра сябе, пра сваё мінулае, — і пра вас.

— Як? Пра мяне?

— Так, пра вас, я, паўтараю, не хачу ашукваць вас... Вы цяпер ведаеце, пра якое пачуццё, пра якое новае пачуццё я гаварыў тады... Да гэтага дня я ніколі-б не адважыўся...

Наталья раптам закрыла твар рукамі і пабегла дадому.

Яна так была ўзрушана нечаканай развязкай размовы з Рудзіным, што і не заўважыла Валынцэва, міма якога прабегла. Ён стаяў нерухома, прыхіліўшыся спіною да дрэва! Чверць гадзіны таму назад ён прыехаў да Дар'і Міхайлаўны і застаў яе ў гасцінай, сказаў словы два, непрыкметна вышаў і адправіўся шукаць Наталью. Кіруемы чуццём, уласцівым закаханым людзям, ён пайшоў проста ў сад і наткнуўся на яе і на Рудзіна ў той самы момант, калі яна вырвала ў яго руку. У Валынцэва пацямнела ў вачах. Правадзіўшы Наталью зіркам, ён аддзяліўся ад дрэва і ступіў разы два, сам не ведаючы, куды і навошта. Рудзін убачыў яго, параўнаўшыся з ім. Абое паглядзелі адзін аднаму ў вочы, пакланіліся і разышліся моўчкі.

„Гэта так не скончыцца", падумалі абое.

Валынцэў пайшоў у самы канец саду. Яму горка і млосна зрабілася; а на сэрцы залёг шрот, і кроў часам падымалася злосна. Дожджык зноў заімжэў. Рудзін звярнуўся да сябе ў пакой. І ён не быў супакойны: думкі ў ім віхрыліся. Даверлівае, нечаканае парыванне маладой, чэснай душы збянтэжыць хоць каго.

За сталом усё ішло неяк няладна. Наталья, уся бледная, ледзь трымалася ў крэсле і не узнімала вачей. Валынцэў сядзеў, як зазвычай, каля яе, і, час-ад-часу, вымушана загаварваў з ёю. Здарылася так, што Пігасаў у той дзень абедаў у Дар'і Міхайлаўны. Ён больш за ўсіх гаварыў за сталом. Між іншым, ён пачаў даводзіць, што людзей, як сабак, можна падзяліць на куртатых і доўгахвостых. Куртатымі бываюць людзі, — гаварыў ён, — і ад нараджэння і па сваёй віне. Куртатым дрэнна: ім нічога не удаецца-яны не маюць самаўпэўненасці. Але чалавек, у якога доўгі пухнаты хвост — шчаслівец. Ён можа быць і горш і слабей за куртатага, але ўпэўнен у сябе; распусціць хвостусе любуюцца. Але-ж вось што варта здзіўлення: хвост-жа зусім бескарысная часць цела, згадзіцеся самі; на што можа прыдацца хвост? А ўсе мяркуюць пра вашыя вартасці па хвасце.

— Я, — дадаў ён, уздыхнуўшы: — належу да ліку куртатых, і, што найбольш прыкра, я сам адсек сабе хвост.

— Гэта значыць, вы хочаце сказаць, заўважыў абыякава Рудзін: — што, прынамсі, ужо даўно да вас сказаў ла-Рошфуко: будзь упэўнен у сабе, іншыя ў цябе павераць. Да чаго тут было прыплятаць хвост, я не разумею.

— Дазвольце-ж кожнаму, — рэзка загаварыў Валынцаў, і вочы яго запаліліся: — дазвольце кожнаму выказвацца, як яму хочацца. Разважаюць пра дэспатызм... Па-мойму, няма горш дэспатызма гэтак званых разумных людзей. Чорт-бы іх узяў!

Усіх здзівіў выпад Валынцэва, усе прыціхлі. Рудзін паглядзеў было на яго, але не вытрываў яго зроку, адвярнуўся, усміхнуўся і рота не разінуў.

"Эге! ды і ты куртаты!" падумаў Пігасаў; а ў Натальі душа замерла ад страху. Дар'я Міхайлаўна доўга з неўразуменнем паглядзела на Валынцэва і, нарэшце, першая загаварыла: пачала расказваць пра нейкага незвычайнага сабаку яе прыяцеля, міністра N. N...

Вылынцэў паехаў неўзабаве пасля абеда. Развітваючыся з Натальей, ён не сцярпеў і сказаў ёй:

— Чаму вы так збянтэжаны, бы вінаваты, Вы ні перад кім не можаце быць вінаватаю!..

Наталья нічога не зразумела, і толькі паглядзела яму ўслед. Перад чаем Рудзін падышоў да яе, і, нахіліўшыся над сталом, нібы разбіраючы газеты, шапнуў:

— Усё гэта як сон, праўда? Мне абавязкова трэба бачыць вас на адзіноце... хаця хвіліну. — Ён звярнуўся да m-lle Boncourt. — Вось, — сказаў ён ёй: — той фельетон, які вы шукалі, — і, зноў нахіліўшыся да Натальі, дадаў шэптам: — пастарайцеся быць каля дзесятай гадзіны каля тэрасы, у бэзавай альтанцы: я буду чакаць вас...

Героем вечара быў Пігасаў. Рудзін уступіў яму месца бойкі. Ён дужа пацяшаў Дар'ю Міхайлаўну; спачатку ён расказваў пра аднаго свайго суседа, які, знаходзячыся пад абсацам сваёй жонкі, да таго абабіўся, што, пераходзячы аднойчы, у прысутнасці Пігасава, маленькую лужыну, занес назад рукі адвëў у бок полы сурдута, як жанчыны гэта робяць з сваімі спадніцамі. Потым ён звярнуўся да другога памешчыка, які спачатку быў масонам, потым меланхолікам, потым жадаў быць банкірам.

— Як-жа гэта вы былі масонам, Філіп Сцяпаныч? — спытаў яго Пігасаў.

— Вядома як: я насіў доўгі пазногаць на пятым пальцы.

Але больш за ўсё смяялася Дар'я Міхайлаўна, калі Пігасаў пусціўся разважаць пра каханне і запэўняць, што і аб ім уздыхалі, што адна палкая немка называла яго нават "апетытным Афрыканчыкам" і "хрыпунчыкам". Дар'я Міхайлаўна смяялася, а Пігасаў не хлусіў: ён сапраўды меў права выхваляцца сваімі перамогамі. Ён сцвярджаў, што нічога не можа быць лягчэй, як закахаць у сябе любую жанчыну: варта толькі паўтараць ёй дзесяць дзён узапар, што ў яе ў вуснах рай, а ў вачах асалода, і што астатнія жанчыны ў параўнанні з ёю простыя трапкі, і на адзінаццаты дзень яна сама скажа, што ў яе ў вуснах рай, а ў вачах асалода, і пакахае вас. Усё на свеце бывае. Скуль ведаць, магчыма, Пігасаў меў рацыю.

А полове дзесятай Рудзін ужо быў у альтанцы. у далёкай і бледнай глыбіні неба толькі што праступалі зоркі; на захадзе яшчэ чырванела — там і небасхіл здаваўся ясней і чысцей; поукруг месяца блішчэў золатам скрозь чорную сетку плакучай бярозы. Іншыя дрэвы альбо стаялі хмурымі волатамі, з тысячай прасветаў, падобных на вочы, альбо зліваліся ў суцэльныя змрочныя грамады. Ні адзін лісток не шавяліўся; верхнія галіны бэзаў і акацый нібы прыслухваліся да нечага і выцягваліся ў цёплым паветры. Дом цямнеў паблізу; плямамі чырванаватага свету маляваліся на ім асветленыя доўгія вокны. Рахманы і ціхі быў вечар; але стрыманы палкі ўздых здаваўся ў гэтай цішыні.

Рудзін стаяў, скрыжаваўшы рукі на грудзях, і слухаў з напружанай увагай. Сэрца ў ім сту. кала моцна, і ён мімаволі стрымліваў дыханне. Нарэшце яму пачуліся лёгкія, спяшлівыя крокі, і ў альтанку ўвайшла Наталья.

Рудзін кінуўся да яе, узяў яе за рукі. Яны былі халодныя, як лёд.

— Наталья Алексееўна! — загаварыў ён трапятлівым шэптам: — я хацеў вас бачыць... Я не мог дачакацца заўтрашняга дня. Я павінен вам сказаць, чаго я не падазраваў, чаго я не сазнаваў нават сёння раніцой: я кахаю вас!..

Рукі Натальі слаба здрыганулі ў яго руках.

— Я кахаю вас, — паўтарыў ён: — І як я мог так доўга ашуквацца, як я даўно не здагадаўся, што кахаю вас!.. А вы?.. Наталья Алексееўна, скажыце, вы?..

Наталья ледзь пераводзіла дух.

— Вы бачыце, я прышла сюды, — прагаварыла яна нарэшце.

— Не, скажыце, вы любіце мяне?

— Мне здаецца... так.. — прашаптала яна.

Рудзін яшчэ мацней сціснуў яе рукі і хацеў было прыціснуць яе да сябе...

Наталья быстра азірнулася.

— Пусціце мяне, — мне страшна — мне здаецца, нехта нас падслухвае... На ўсё святое, будзьце асцярожны. Валынцэў дагадваецца.

— Бог з ім! Вы бачылі, я і не адказваў яму сёння... Ах, Наталья Алексееўна, як я шчаслівы! Цяпер ужо нічога нас не разлучыць!

Наталья зірнула яму ў вочы.

— Пусціце мяне, — прашаптала яна: — мне пара.

— Адна хвіліна, — пачаў Рудзін...

— Не, пусціце, пусціце мяне...

— Вы нібыта мяне баіцеся.

— Не, але мне пара...

— Так паўтарыце, хаця-б, яшчэ раз...

— Вы гаворыце, вы шчаслівы? — спытала Наталья.

— Я? Няма чалавека ў свеце шчаслівей за мяне! Няўжо вы сумняваецеся?

Наталья падняла галаву. Прыгожы быў яе бледны твар, слаўны, малады і ўсхваляваны — у таямнічым ценю альтанкі, пры слабым свеце, падаўшым з начнога неба.

— Ведайце-ж, — сказала яна: — я буду ваша.

— О, божа! — усклікнуў Рудзін...

Але Наталья ўхілілася і пайшла. Рудзін пастаяў крыху, потым вышаў павольна з альтанкі. Месяц ясна асвяціў яго твар; на губах яго блукала ўсмешка.

— Я шчаслівы, — сказаў ён упоўголаса, — Так, я шчаслівы, — паўтарыў ён, як-бы жадаючы пераканаць самога сябе.

Ён выпрастаў свой стан, устрахнуў кудрамі і пайшоў паспешна ў сад, весела размахваючы рукамі.

А тым часам, у бэзавай альтанцы ціханька рассунуліся кусты і паказаўся Пандалеўскі. Ён асцярожна азірнуўся, пакачаў галавою, сціснуў губы, прамовіў важна: "Вось як-с. Гэта трэба будзе давесці да ведама Дар'і Міхайлаўны", і знік.

VIII

Звярнуўшыся дадому, Валынцэў быў такі сумны і хмуры, так неахвотна адказваў сваёй сястры і так скора зачыніўся да сябе ў габінет, што яна наважыла паслаць ганца за Лежнёвым. Яна звярталася да яго ва ўсіх цяжкіх выпадках. Лежнёў перадаў ёй, што прыедзе на наступны дзень.

Валынцэў і да раніцы не павесялеў. Ён хацеў было пасля чаю адправіцца на работы, але застаўся, лёг на канапу і ўзяўся чытаць кнігу, што з ім бывала не часта. Валынцэў да літаратуры нахілу не адчуваў, а вершаў проста баяўся. — Гэта незразумела, як вершы, — часта гаварыў ён, і, у сцвярджэнне сваіх слоў, прыводзіў наступныя радкі паэта Айбулата:

"И до конца печальных дней
Ни гордый опыт, ни рассудок
Не изомнут рукой своей
Кровавых жизни незабудок".

Александра Паўлаўна трывожна пазірала на свайго брата, але не турбавала яго запытаннямі. Экіпаж пад'ехаў да ганка. "Ну, — падумала яна, — слава богу, Лежнёў..." Слуга ўвайшоў і паведаміў аб прыездзе Рудзіна.

Валынцэў кінуў кнігу на падлогу і падняў галаву.

— Хто прыехаў? — спытаў ён.

— Рудзін, Дзімітры Нікалаіч, — паўтарыў слуга.

Валынцэў устаў.

— Прасі, — праказаў ён: — а ты, сястра, — дадаў êн, звярнуўшыся да Александры Паўлаўны: — пакінь нас.

— Але чаму-ж? — пачала яна.

— Я ведаю, — перапыніў ён запальчыва: — я прашу цябе.

Увайшоў Рудзін. Валынцэў холадна пакланіўся яму, стоячы пасярод пакоя, і не працягнуў яму рукі.

— Вы мяне не чакалі, прызнайцеся, — пачаў Рудзін і паклаў капялюш на акно.

Губы яго злёгку дрыжэлі. Яму было нязручна, але ён стараўся захаваць сваё замяшанне.

— Я вас не чакаў, праўда, — адказаў Валынцэў: — я хутчэй, пасля ўчарайшага дня, мог чакаць каго-небудзь-з даручэннем ад вас.

— Я разумею, што вы хочаце сказаць, — праказаў Рудзін, сядаючы: — і вельмі рад вашай шчырасці. Гэтак куды лепей. Я сам прыехаў да вас, як да благароднага чалавека.

— Ці не можна без кампліментаў? — заўважыў Валынцэў.

— Я жадаю растлумачыць вам, чаму я прыехаў.

— Мы з вамі знаёмы: чаму-ж вам і не прыехаць да мяне? Да таго-ж, вы не ўпершыню робіце мне гонар сваім наведваннем.

— Я прыехаў да вас, як благародны чалавек да благароднага чалавека, — паўтарыў Рудзін: — і хачу цяпер спаслацца на ўласны ваш суд... Я давяраю вам зусім...

— Ды ў чым рэч? — прагаварыў Валынцэў, які ўсё яшчэ стаяў у ранейшай позе і хмура глядзеў на Рудзіна, зрэдку пашчыпваючы канцы вусоў.

— Дазвольце... Я прыехаў за тым, каб даць тлумачэнне, канечне; але, усё-такі, гэта няможна адразу.

— Чаму няможна?

— Тут замешана трэцяя асоба...

— Якая трэцяя асоба?

— Сергей Паўлыч, вы мяне разумееце.

— Дзімітры Нікалаіч, я вас зусім не разумею.

— Вам пажадана...

— Мне пажадана, каб вы гаварылі без лішніх слоў! — падхапіў Валынцэў.

Ён пачынаў злавацца не на жарты.

Рудзін нахмурыўся.

— Калі ласка... мы адны... Я павінен вам сказаць — аднак, вы, мабыць, ужо здагадваецеся (Валынцэў нецярпліва паціснуў плячыма) — я павінен вам сказаць, што я кахаю Наталью Алексееўну і маю права меркаваць, што і яна мяне кахае.

Валынцэў збляднеў, але нічога не адказаў, адышоў да акна і адвярнуўся.

— Вы разумееце, Сергей Паўлыч, — гаварыў Рудзін: — што калі-б я не быў упэўнен...

— Што вы! — спешна перапыніў Валынцэў: — я зусім не сумняваюся. Што-ж! На здароўе! Адно я здзіўляюся, з якога ліха вам уздумалася да мяне з гэтай весткай прыехаць... Я ж тут прычым? Якая мне справа, каго вы кахаеце і хто вас кахае? Я проста не магу зразумець.

Валынцэў усё глядзеў у акно. Голас яго гучэў глуха.

Рудзін устаў.

— Я вам скажу, Сергей Паўлыч, чаму я наважыўся прыехаць да вас, чаму я нават не палічыў патрэбным захаваць ад вас нашу... нашу ўзаемную прыхільнасць. Я вельмі глыбока паважаю вас-вось чаму я прыехаў; я не хацеў... Мы абое не хацелі разыгрываць перад вамі камедыю. Пачуцце ваша да Натальі Алексееўны было мне вядома. Паверце, я ведаю сабе цану: я ведаю, як мала варты я таго, каб замяніць вас у яе сэрцы; але, калі ўжо гэтаму суджана было здарыцца, няўжо-ж лепей хітрыць, ашукваць, прыкідвацца? Няўжо лепей быць пад пагрозаю непаразуменняў ці нават магчымасці такой сцэны, якая здарылася ўчора за абедам, Сергей Паўлыч, скажыце самі?

Валынцэў скрыжаваў рукі на грудзях, як-бы стараючыся ўсмірыць самога сябе.

— Сергей Паўлыч! — гаварыў Рудзін: — я засмуціў вас, я гэта адчуваю... але зразумейце нас... зразумейце, што мы не мелі інакшых сродкаў даказаць вам нашу павагу, даказаць, што мы — ўмеем цаніць вашу благародную шчырасць. Адкрытасць, поўная адкрытасць з кім-небудзь іншым была б недарэчы, але з вамі яна робіцца абавязкам. Нам прыемна думаць, што наша тайна ў вашых руках.

Валынцэў вымушана зарагатаў.

— Дзякую за давер'е! — усклікнуў ён: — хаця, прашу заўважыць, я не жадаў ні ведаць вашай тайны, ні сваёй вам выдаць, а вы ёю распараджаецеся, як сваім дабром. Але, дазвольце: вы гаворыце, як-бы ад вас абаіх. Значыць, я магу меркаваць, што Наталья Алексееўна ведае пра ваш візіт і мэту гэтага візіта?

Рудзін крыху збянтэжыўся.

— Не, я не сказаў Натальі Алексееўне майго намеру; але, я ведаю, яна падзяляе мае думкі.

— Усё гэта добра, — загаварыў, памаўчаўшы крыху, Валынцэў і забарабаніў пальцамі па шкле: — хаця, прызнацца, было-б значна лепей, каб вы паменей мяне паважалі. Мне, праўду сказаць, ваша павага ні на якое ліха не трэба; але чаго-ж вы цяпер хочаце ад мяне?

— Я нічога не хачу... альбо, не! Я хачу аднаго: я хачу, каб вы не лічылі мяне няшчырым і хітрым чалавекам, каб вы зразумелі мяне... Я спадзяюся, што вы цяпер ужо не можаце сумнявацца ў маёй шчырасці... Я хачу, Сергей Паўлыч, каб мы развіталіся сябрамі... Каб вы, па-ранейшаму, працягнулі мне руку...

І Рудзін наблізіўся да Валынцэва.

— Прабачайце мяне, шаноўны васпане, — праказаў Валынцэў, абярнуўшыся і адступіўшы крок назад: — я гатоў аддаць поўную справядлівасць вашым намерам, усё гэта добра, дапусцім, нават высока, але мы людзі простыя, ядзім пернікі няпісаныя, мы не ў сілах сачыць за ўзлётам такіх вялікіх розумаў, як у вас... Што вам здаецца шчырым, нам здаецца навязным і няскромным... Што для вас проста і зразумела, для нас заблытана і цёмна... Вы выхваляецеся тым, што мы захоўваем: дзе-ж нам зразумець вас! Прабачайце мяне: і сябрам я вас лічыць не магу, і рукі я вам не падам... Гэта, магчыма, мізэрна; але-ж я сам мізэрны.

Рудзін узяў капялюш з акна.

— Сергей Паўлыч! — прамовіў ён смутліва: — бывайце; я ашукаўся ў сваіх чаканнях. Наведанне маё, сапраўды, даволі дзіўна, але я спадзяваўся, што вы .. (Валынцэў зрабіу нецярплівы жэст)... Выбачайце, я болей гаварыць пра гэта не буду. Разважыўшы ўсё, я бачу, сапраўды: вы маеце рацыю і іначай зрабіць не маглі. Бывайце і да. звольце, прынамсі, яшчэ раз, у апошні раз, запэўніць вас у чыстасці маіх намераў... У вашай скромнасці я пераконан...

— Гэта ўжо занадта! — усклікнуў Валынцэў і ўвесь закалаціўся ад гневу: — я зусім не напрашваўся на ваша давер'е; а таму разлічваць на маю скромнасць вы не маеце ніякага права!

Рудзін хацеў нешта сказаць, але толькі рукамі развёў, пакланіўся і вышаў, а Валынцэў кінуўся на канапу і павярнуўся тварам да сцяны.

— Можна ўвайсці да цябе, — пачуўся каля дзвярэй голас Александры Паўлаўны.

Валынцэў не адразу адказаў і цішком правёў рукою па твары.

— Не, Саша, — праказаў ён злёгку ненатуральным голасам: — пачакай яшчэ крышку.

Праз поўгадзіны Александра Паўлаўна зноў падышла да дзвярэй.

— Міхайла Міхайлыч прыехаў, — сказала яна: ці хочаш ты яго бачыць?

— Хачу, адказаў Валынцэў: — пашлі яго сюды.

Лежнёў увайшоў.

— Што ты хворы? — спытаў ён, усаджваючыся на крэсла каля канапы.

Валынцэў прыпадняўся, апёрся на локаць, доўга, доўга паглядзеў свайму прыяцелю ў твар і тут-жа перадаў яму ўсю сваю размову з Рудзіным, ад слова да слова. Ён ніколі да таго часу і не нагадваў Лежнёву пра свае пачуцці да Натальі, хаця і здагадваўся, што яны ад яго не былі захаваны.

— Ну, брат, здзівіў ты мяне, — праказаў Лежнёў, як толькі Валынцэў скончыў свой расказ. — Шмат дзівацтваў чакаў я ад яго, але ўжо гэта... Аднак, я пазнаю яго і тут.

— Падумай! — гаварыў усхваляваны Валынцэў: — гэта-ж проста нахабнасць! Я-ж ледзь-ледзь яго за акно не выштурхнуў! Пахвастацца, ці што ён хацеў перада мною, альбо спалохаўся? Але з якой рацыі? Як адважыцца ехаць да чалавека...

Валынцэў закінуў рукі за галаву і змоўк.

— Не, брат, гэта не тое, — спакойна адказаў Лежнеў. — Ты вось, мне не паверыш, але-ж ён гэта зрабіў з добрымі намерамі. Праўда.. Яно, бачыш ты, і благародна, і шчыра, ну, ды і паразмаўляць знаходзіцца выпадак, красамоўства ў ход пусціць; а нам-жа вось чаго трэба, вось без чаго мы жыць не ў сілах... Ох, язык яго — вораг яго... Ну, але-ж ён і слуга яму.

— З якой урачыстасцю ён увайшоў і гаварыў, ты сабе ўявіць можаш!..

— Ну, ды без гэтага ўжо не можна. Ён сурдут зашпільвае, нібы свой ганаровы доўг выконвае. Я-б пасадзіў яго на бязлюдны востраў і паглядзеў-бы з-за вугла, як-бы ён там распараджацца пачаў. А ўсё размаўляе аб простасці!

— Ды скажы мне, брат, на ўсё святое, — спытаў Валынцэў: — што гэта такое: філасофія, ці што?

— Як табе сказаць? З аднаго боку, мабыць, гэта сапраўды філасофія — а з другога ўжо гэта зусім не тое. На філасофію ўсялякае глупства звальваць таксама нельга.

Валынцэў зірнуў на яго.

— А ці не схлусіў ён, як ты думаеш?

— Не, сын мой, не схлусіў. Але ці ведаеш што? Даволі разважаць пра гэта. Давай мы, браце, закурым люлькі, ды запросім сюды Александру Паўлаўну. Пры êй і гаворыцца лепей і маўчыцца лягчэй. Яна нас чаем напоіць.

— Хай будзе так, — адказаў Валынцэў. — Саша, уваходзь! — гукнуў ён.

Александра Паўлаўна ўвайшла. Ён схапіў яе руку і моцна прыціснуў яе да сваіх губ.

* * *

Рудзін вярнуўся дадому ў настроі смутным і дзіўным. Ён злаваўся на самога сябе, дакараў сябе ў невыбачнай безгаловасці, у блазенстве. Нездарма сказаў нехта: няма нічога горш за свядомасць толькі што зробленага глупства.

Раскаянне грызла Рудзіна.

"Чорт мяне панёс", шаптаў ён скрозь зубы: — з'ездзіць да гэтага памешчыка! Вось напала думка! Толькі на абразу набівацца!..

А ў доме Дар'і Міхайлаўны тварылася нешта незвычайнае. Сама гаспадыня ўсю раніцу не паказвалася і на абед не вышла: ёй, па словах Пандалеўскага, адзінай дапушчанай да яе асобы, галава балела. Наталью Рудзін таксама амаль не бачыў: яна сядзела ў сваім пакоі з m-lle Boncourt... Сустрэўшыся з ім у сталовай, яна так смутліва на яго паглядзела, што ў яго сэрца сціснула. Яе твар змяніўся, нібы няшчасце звалілася на яе з учарашняга дня. Туга няясных прадчуванняў пачала таміць Рудзіна. Каб як-небудзь забавіцца, ён заняўся з Басіставым, шмат з ім размаўляў і знайшоў у ім гарачага, жвавага малага, з захапляючымі надзеямі і некранутай яшчэ верай. Увечары Дар'я Міхайлаўна з'явілася гадзіны на дзве ў гасцінай. Яна была ласкава з Рудзіным, але трымалася неяк воддаль, і пасмейвалася, і хмурылася, гаварыла ў нос, і ўсё больш намёкамі... Так ад яе прыдворнай дамай і веяла. За апошні час яна нібыта ахаладзела крыху да Рудзіна. — "Што за загадка? думаў ён, гледзячы з боку на яе закінутую галоўку.

Ён не доўга чакаў вырашэння гэтай загадкі. Зварочваючыся, гадзіне а дванаццатай ночы, у свой пакой, ішоў ён па цёмным калідоры. Раптам нехта сунуў яму ў руку запіску. Ён азірнуўся, ад яго аддалялася дзяўчына, як яму здалося, Натальіна пакаёўка. Ён прышоў да сябе, адаслаў чалавека, разгарнуў запіску і прачытаў радкі, напісаныя рукою Натальі:

"Прыходзьце заўтра а сёмай гадзіне раніцы, не пазней, да Аудзюхіна возера, за дубовым лесам. Усякі другі час немагчымы. Гэта будзе наша апошняе спатканне, і ўсё будзе скончана, калі... Прыходзьце. Трэба будзе наважыцца...

P. S. Калі я не прыду, значыць, мы не пабачымся болей, тады я вам паведамлю...

Рудзін задумаўся, пакруціў запіску ў руках, паклаў яе пад падушку, раздзеўся, лёг, але заснуў няскора, спау чуткім сном, і не было яшчэ пятай гадзіны, як ён прачнуўся.

ІX

Аўдзюхін пруд, каля якога Наталья прызначыла спатканне Рудзіну, даўно перастаў быць прудам. Год трыццаць назад яго прарвала, і з таго часу яго закінулі. Толькі па роўным і плоскім дне яру некалі зацягнутым тлустым глеем, ды па рэштках плаціны можна было здагадацца, што тут быў пруд. Тут-жа стаяла сяліба. Яна даўным дауно знікла. Дзве вялізныя сосны нагадвалі пра яе, вецер вечна шумеў і хмура гудзеў у іх высокай, рэдкай зеляніне... У народзе хадзілі таямнічыя чуткі пра страшнае злачынства, нібыта зробленае каля іх кораняў; гаварылі таксама, што ні адна з іх не ўпадзе, не прычыніўшы каму-небудзь смерці; што тут раней стаяла трэцяя сасна, якая ў навальніцу павалілася і задушыла дзяўчынку. Усё месца каля старога млына лічылася нячыстым; пустое і голае, але глухое і хмурае нават у сонечны дзень — яно здавалася яшчэ больш змрочным і глухім ад блізкасці старога дубовага леса, даўно вымершага і засохшага. Рэдкія шэрыя сучастоі вялізных дрэваў узвышаліся нейкімі хмурнымі прывідамі над нізкай пораслю кустоў. Жудасна было тлядзець на іх: здавалася, элыя старыя великаны сышліся і замышляюць нешта нядобрае. Вузкая, ледзь пратаптаная сцежка вілася у баку. Без асаблівай патрэбы ніхто не праходзіў міма Аўдзюхіна пруда. Наталья з намерам выбрала такое самотнае месца. Да яго ад дома Дар'і Міхайлаўны было не больш поўвярсты.

Сонца ўжо даўно ўстала, калі Рудзін прышоў да Аўдзюхіна пруда; але невясёлая была раніца. Хмары млечнага колеру скрозь пакрывалі ўсё неба; вецер хутка гнаў іх з свістам і скавытаннем. Рудзін пачаў хадзіць узад і ўперад па плаціне, пакрытай чэпкім лопухам і счарнелай крапівой. Ён не быў спакойны. Гэтыя спатканні, гэтыя новыя адчуванні займалі, але і хвалявалі яго, асабліва пасля ўчарашняй запіскі. Ён-бачыў, што развязка набліжалася, і ў глыбіні засмучаўся духам, хаця ніхто-б гэтага не падумаў, гледзячы, з якой задумлёнай рашучасцю ён скрыжаваў рукі на грудзях і павадзіў вакол вачыма. Нездарма пра яго сказаў аднойчы Пігасаў, што яго, як кітайскага балванчыка заўжды пераважвала галава. Але з адной галавой, якая-б яна моцная ні была, чалавеку цяжка пазнаць, нават тое, што ў ім самім робіцца... Рудзін, разумны, праніклівы Рудзін, не ў сілах быў сказаць напэўна, ці кахае ён Наталью, ці мучыцца ён, ці будзе мучыцца разлучыўшыся з ёю. Навошта-ж, не прыкідваючыся нават лавеласам — гэтую справядлівасць аддаць яму належыць — навошта засмуціў ён бедную дзяўчыну? Чаму чакаў яе з таемным трапятаннем? На гэта адзін адказ: ніхто так лёгка не захапляецца, як халодныя людзі.

Ён хадзіў па плаціне, а Наталья спяшалася да яго прама праз поле, па мокрай траве.

— Паненачка, паненачка! Вы сабе ногі прамочыце, — гаварыла ёй яе пакаёўка Маша, ледзь паспяваючы за ёй.

Наталья не слухала яе і бегла не азіраючыся.

— Ах, як-бы не падгледзелі нас! — непакоілася Маша. — Ужо і таму дзівіцца трэба, як гэта мы з дома вышлі. Як бы мамзель не прачнулася... Добра, што недалёка... А ўжо яны, чакаюць-с, — дадала яна, убачыўшы раптам статную постаць Рудзіна, у маляўнічай позе стаяўшага на плаціне: — толькі дарэмна яны гэтак на юру стаяць — сышлі-б у лагчыну.

Наталья спынілася.

— Пачакай тут, Маша, каля соснаў, — праказала яна і спусцілася да пруда.

Рудзін падышоў да яе і спыніўся ў здзіўленні. Такога выразу ён яшчэ не прыкмячаў на яе твары. Бровы яе былі ссунуты, губы сціснуты, вочы глядзелі проста і строга.

— Дзімітры Нікалаіч, — пачала яна: — нам часу траціць няма калі. Я прышла на пяць хвілін. Я павінна сказаць вам, што мама ўсё ведае. Пан Пандалеўскі падгледзе трэцяга дня і расказаў ей пра наша спатканне. Ён заўсёды быў шпіёнам у мамы. Яна ўчора паклікала мяне да сябе.

— Божа мой! — усклікнуў Рудзін: — гэта жахліва... Што-ж сказала ваша маці?

— Яна не злавалася на мяне, не сварылася на мяне, толькі папікала мяне за маю лёгкадумнасць.

— Толькі?

— Так, і абвясціла мне, што яна хутчэй згодзіцца бачыць мяне мёртваю, як вашай жонкаю.

— Няўжо яна гэта сказала?

— Так; і яшчэ дадала, што вы самі зусім не жадаеце ажаніцца са мною, што вы толькі так, з нуды, прывалачыліся за мною, і што яна гэтага ад вас не чакала; што яна сама, між іншым, віна вата: навошта дазволіла мне так часта бачыцца з вамі... што яна спадзяецца на маю разважлівасць, што я яе вельмі здзівіла... ды ўжо я і не памятаю ўсяго, што яна гаварыла мне.

Наталья прамовіла ўсё гэта нейкім роўным, амаль бязгучным голасам.

— А вы, Наталья Алексееўна, што вы ёй адказалі? — спытаў Рудзін.

— Што я ей адказала? — паўтарыла Наталья. — Што вы цяпер думаеце рабіць?

— Божа мой! Божа мой! — адказаў Рудзін: — гэта бязлітасна! Так хутка!.. Такі страшны удар!.. і ваша маці прышла у такое абурэнне?

— Так... так, яна і слухаць пра вас не хоча.

— Гэта жахліва! Значыць, ніякай надзеі няма?

— Ніякай.

— Чаму мы так нешчаслівы! Гнусны гэты Пандалеўскі!.. Вы мяне пытаеце, Наталья Алексееўна, што я думаю рабіць? Мне проста галава закруцілася — я нічога разважаць не магу... Я адчуваю толькі сваё няшчасце... дзіўлюся, як вы можаце захоўваць спакойнасць.

— Вы думаеце, мне лёгка? — праказала Наталья.

Рудзін пачаў хадзіць па плаціне. Наталья не зводзіла з яго вачэй.

— Ваша маці вас не распытвала?

— Яна мяне спытала, ці кахаю я вас.

— Ну... і вы?

Наталья памаўчала.

— Я не зманіла.

Рудзін узяў яе за руку.

— Заўжды ва ўсім благародная і велікадушная! О, сэрца дзяўчыны — гэта чыстае золата! Але няўжо ваша маці так рашуча абвясціла сваю волю адносна немагчымасці нашага шлюбу?

— Так, рашуча. Я ужо вам сказала: яна ўпэўнена, што вы самі не думаеце ажаніцца са мною.

— Значыць, яна лічыць мяне за ашуканца! Чым я заслужыў гэта? — І Рудзін узяўся за галаву.

— Дзімітры Нікалаіч — праказала Наталья: — мы марна трацім час. Успомніце, я у апошні раз бачуся з вамі. Я прышла сюды не плакаць, не скардзіцца — вы бачыце, я не плачу... я прышла за парадай.

— Ды якую раду магу я даць вам, Наталья Алексееўна?

— Як якую? Вы мужчына, я прывыкла вам ве рыць, я да канца буду верыць вам. Скажыце мне, якія ў вас намеры?

— Мае намеры! Ваша маці, мабыць, адмовіць мне ад дому.

— Магчыма. Яна ужо ўчора сказала мне, што павінна будзе раззнаёміцца з вамі... Але вы не адказваеце на маё запытанне.

— На якое запытанне?

— Як вы думаеце, што нам трэба цяпер рабіць?

— Што нам рабіць адказаў Рудзін: — зразумела пакарыцца.

— Пакарыцца, — павольна праказала Наталья і губы яе пабялелі.

— Пакарыцца лёсу, — гаварыў Рудзін. — Што-ж рабіць! Я вельмі добра ведаю, як гэта горка, цяжка, балюча; але падумайце самі, Наталья Алексееўна, я бедны... Праўда, я магу працаваць; але калі-б я быў нават багаты чалавек, ці зможаце вы перанесці цяжкую разлуку з вашай сям'ёй, гнеў вашай мацеры?.. Не, Наталья Алексееўна! Пра гэта і думаць няма чаго. Відаць, нам не суджана было жыць разам, і тое шчасце, пра якое я марыў, не для мяне!

Наталья раптам закрыла твар рукамі і заплакала. Рудзін наблізіўся да яе.

— Наталья Алексееўна! любая Наталья! — загаварыў ён палка: — не плачце, на ўсё святое, не мучце мяне, супакойцеся...

Наталья падняла галаву.

— Вы мне кажаце, каб я супакоілася, — пачала яна, і вочы яе заблішчэлі скрозь слёзы: — я не пра тое плачу, пра што вы думаеце... Мне не тое балюча: мне балюча тое, што я ў вас ашукалася.... Як! Я прыхожу да вас за парадай і ў які момант, і першае вашае слова: пакарыцца. Пакарыцца! Так вось як вы прыстасоўваеце на справе вашыя разважанні пра свабоду, пра ахвяры, якія...

Яе голас перарваўся.

— Але, Наталья Алексееўна, пачаў збянтэжаны Рудзін: — успомніце... я не адмаўляюся ад слоў маіх... толькі...

— Вы пыталі мяне, — зноў загаварыла яна з новай сілай: — што я адказала маей мацеры, калі яна абвясціла мне, што хутчэй яна згодзіцца на маю смерць, чым на шлюб мой з вамі; я ей адказала, што хутчэй памру, як выйду за другога замуж... А вы гаворыце: пакарыцца! Значыць, яна праўду сказала; вы, сапраўды, ад няма чаго рабіць, з нуды, пажартавалі са мною...

— Клянуся вам, Наталья Алексееўна... Запэўняю вас... — гаварыў Рудзін.

Але яна яго не слухала.

— Чаму-ж вы не спынілі мяне? Чаму вы самі... Альбо вы не разлічвалі на перашкоды? Мне сорамна гаварыць пра гэта... але-ж, усё ужо скончана.

— Вам трэба супакоіцца, Наталья Алексееўна, — пачаў было Рудзін: — нам трэба разам падумаць, якія меры...

— Вы так часта гаварылі пра самаахвяраванне, — перапыніла яна: — але, ці ведаеце, калі б вы сказалі мне сёння, зараз: "Я цябе кахаю, але я жаніцца не магу, я не адказваю за будучае, дай мне руку і ідзі за мною", — ці ведаеце вы, што я бы пайшла за вамі, ці ведаеце, што я на усё пайшла? Але, мабыць, ад слова да справы яшчэ далёка, і вы цяпер збаяліся якраз таксама, як збаяліся трэцяга дня, за абедам, перад Валынцэвым!

Чырвань кінулася ў твар Рудзіну. Нечаканая захопленасць Натальі яго ўразіла, але апошнія словы зачапілі яго ганарлівасць.

— Вы вельмі расстроены цяпер, Наталья Алексееўна, — пачаў ён: — вы не можаце зразумець, як вы страшна абражаеце мяне. Я спадзяюся, што з часам вы аддадзіце мне справядлівасць; вы зразумееце, чаго мне каштавала адмовіцца ад шчасця, якое, як вы кажаце самі, не накладвала на мяне ніякіх абавязкаў. Ваш спакой мне даражэй за ўсё ў свеце, і я быў-бы чалавекам самым нізкім, калі-б я наважыўся выкарыстаць...

— Можа быць, можа быць, — перапыніла Наталья — можа быць, вы маеце рацыю, а я не ведаю, што гавару. Але я да гэтай пары вам верыла, кожнаму вашаму слову верыла... у далейшым, калі ласка, узважвайце вашыя словы, не кідайце іх на вецер. Калі я вам сказала, што я люблю вас, я ведала, што значыць гэтае слова: я на ўсё была гатова... Цяпер мне застаецца падзякаваць вас за ўрок і развітацца.

— Застанавіцеся, на ўсё святое, Наталья Алексееўна, прашу вас. Я не заслужваю вашай пагарды, клянуся вам. Падумайце-ж і вы пра маё становішча. Я адказваю за вас і за сябе. Калі-б я не кахаў вас самым шчырым каханнем — ды божа мой! Я-бы зараз-жа прапанаваў вам бегчы са мною... Рана ці позна, маці ваша даруе нам... і тады... Але раней як думаць пра сваё шчасце...

Ён спыніўся. Зрок Натальі, проста на яго накіраваны, засмучаў яго.

— Вы стараецеся мне давесці, што вы сумленны чалавек, Дзімітры Нікалаіч, — праказала яна: — я ў гэтым не сумняваюся. Вы не зможаце дзейнічаць з разліку, але хіба я ў гэтым жадала пераканацца, хіба дзеля гэтага я прышла сюды...

— Я не чакаў, Наталья Алексееўна...

— А! вось калі вы прагаварыліся! Так, вы не чакалі ўсяго гэтага — вы мяне не ведалі. Супакойцеся... вы не кахаеце мяне, а я нікому не навязваюся.

— Я вас кахаю! — усклікнуў Рудзін.

Наталья выпрасталася.

— Можа быць; але як вы мяне кахаеце? Я памятаю ўсе вашыя словы, Дзімітры Нікалаіч. Памятаеце, вы мне гаварылі: без поўнай роўнасці няма кахання... Вы для мяне залішне высокі, вы мне не раўня... Я справядліва пакарана. Вас чакаюць заняткі, больш вартыя вас. Я не забуду сёнешняга дня... Бывайце...

— Наталья Алексееўна, вы ідзеце? Няўжо мы так развітаемся?

Ён працягнуў да яе рукі. Яна спынілася. Яго жаласны голас, здавалася, крануў яе.

— Не, — праказала яна нарэшце: — я адчуваю, што ва мне штосьці надламалася... Я ішла сюды, я гаварыла з вамі нібы ў гарачцы; трэба апамятацца. Гэтаму не суджана быць, вы самі сказалі, гэтага не будзе. Божа мой, калі я ішла сюды, я ў думках развітвалася з маім домам, з усім маім мінулым, — і што-ж? Каго я сустрэла тут? Маладушнага чалавека... І скуль вы ведалі, што я не ў сілах буду выцерпець разлуку з сям'ёй? "Ваша маці не згодна... Гэта жахліва!" Вось усё, што я чула ад вас. Ці-ж вы гэта, ці-ж вы гэта, Рудзін? Не! бывайце... Ах! Калі-б вы мяне кахалі, я б адчула цяпер, у гэты момант... Не, не, бывайце!..

Яна хутка завярнулася і пабегла да Машы, якая, ужо даўно пачала непакоіцца і давала ей знакі.

Вы баіцеся, а не я! — крыкнуў Рудзін услед Натальі.

Яна ўжо не звяртала на яго ўвагі і спяшалася праз поле дадому. Яна ўдачна звярнулася да сябе ў спальню; але як толькі пераступіла парог, сілы здрадзілі ёй, і яна без прытомнасці ўпала на рукі Машы.

А Рудзін доўга яшчэ стаяў на плаціне. Нарэшце ён страпянуўся, павольнымі крокамі дабраўся да сцежкі і ціха пайшоў па ёй. Ён быў вельмі асаромлены... і засмучаны. "Нішто?" думаў ён. "У восемнаццаць год!.. Не, я яе не ведаў... Яна незвычайная дзяўчына. Якая сіла волі!.. Яна была справядліва; яна варта не такога кахання, якое я да яе адчуваў... Адчуваў?.." спытаў ён самога сябе. "Хіба я ужо больш не адчуваю кахання? Так вось як гэта ўсё павінна было скончыцца! Які я быў мізэрны і нікчэмны перад ёй!"

Лёгкі стук бегавых дрожак прымусіў Рудзіна падняць вочы. Да яго насустрач, на заўсёдашнім сваім рысачку, ехаў Лежнёў. Рудзін моўчкі з ім прывітаўся, і, як уражаны раптоўнай думкай, звярнуў з дарогі і хутка пайшаў, накіраваўшыся да дома Дар'і Міхайлаўны.

Лежнёў даў яму адыйсці, паглядзеў услед за ім і, падумаўшы крыху, таксама завярнуу свайго каня — і паехаў назад да Валынцэва, у якога правёў усю ноч. Ён застаў яго сонным, не загадаў будзіць яго і, у чаканні чаю, сеў на балкон і закурыў люльку.

X

Валынцэў падняўся гадзіне а дзесятай і, даведаўшыся, што Лежнёў сядзіць у яго на балконе, вельмі здзівіўся і загадаў яго прасіць да сябе.

— Што здарылася? — запытаў ён яго. — Ты-ж хацеў да сябе паехаць?

— Так, хацеў, ды спаткаў Рудзіна... Адзін шагае па полі, і твар такі расстроены. Я ўзяў ды і вараціўся.

— Ты вараціўся таму, што спаткаў Рудзіна?

— Бачыш, праўду сказаць, я сам не ведаю, чаму я вараціўся: мабыць, таму, што пра цябе ўспомніў; хацелася з табою пасядзець; а да сябе я яшчэ паспею.

Валынцэў горка ўсміхнуўся.

— Так, пра Рудзіна не можна цяпер падумаць, не падумаўшы таксама і пра мяне... Чалавек! — крыкнуў ён гучна: — дай нам чаю.

Прыяцелі пачалі піць чай. Лежнёў загаварыў-было пра гаспадарку, пра новы спосаб крыць амбары паперай...

Раптам Валынцэў ускочыў з крэсла і так моцна стукнуў па стале, што чашкі і сподкі зазвінелі.

— Не! — усклікнуў ён: — я гэтага болей вытрываць не ў сілах. Я пашлю выклік гэтаму разумніку, і хай ён мяне застрэліць, альбо ўжо я пастараюся ўляпіць кулю ў яго вучоны лоб.

— Што ты, што ты, супакойся! — прамармытаў Лежнёў: — як можна так крычаць? Я чубук выраніў... Што з табою?

— А тое, што я чуць спакойна імя яго не магу: уся кроў у мяне так і заходзіць.

— Досыць, брат, досыць! Як табе не сорам! — адказаў Лежнёў, падымаючы з падлогі люльку. — Кінь! Ну яго!..

— Ён мяне абразіў, — зноў загаварыў Валынцэў, расхаджваючы па пакоі. — Так! ён абразіў мяне. Ты сам павінен з гэтым згадзіцца. Спачатку я проста згубіўся: ён азадачыў мяне; ды і хто мог чакаць гэтага? Але я яму давяду, што са мною жартаваць нельга... Я яго, праклятага філасофа, як курапатку застралю.

— Многа ты гэтым выгадаеш, як-жа! Я ўжо пра сястру тваю не гавару. Вядома, цябе абурае пал... дзе там табе пра сястру думаць. Ды у дачыненні да другой асобы, што, ты думаеш, забіўшы філосафа, ты справы свае паправіш?

Валынцэў кінуўся ў крэсла.

— Так я паеду куды-небудзь! А то тут туга мне проста сэрца задушыла: проста, месца нідзе знайсці не магу.

— Паедзеш.... вось гэта іншая справа! Вось з гэтым я згодзен. І ведаеш, што я табе прапаную? Давайма паедзем разам — на Каўказ альбо так проста на Украіну, галушкі есці. Слаўная, брат, рэч!

— Так, а сястру-ж з кім пакінем?

— А чаму-ж Александры Паўлаўне не паехаць з намі? Далі-бог, вельмі добра будзе. Хадзіць за ёю, — ужо за гэта я вазьмуся! Ні ў чым недахопу мець не будзе: калі захоча, штовечар серэнаду пад акном наладжу; фурманоў адэкалонам надушу, кветкі па дарозе наторкаю. А ўжо мы, браце, з табою проста перародзімся; так нараскашуемся, бруханамі такімі назад прыедзем, што ніякае каханне ўжо нас не пройме!

— Ты ўсё жартуеш, Міша!

— Зусім не жартую. Гэта табе бліскучая думка ў галаву прышла.

— Не! Глупства! — ускрыкнуў зноў Валынцэў: — я біцца, біцца з ім хачу!..

— Ізноў! Які ты, браце, сёння з колерам!..

Чалавек увайшоў з лістам у руках.

— Ад каго? — спытаў Лежнёў.

— Ад Рудзіна, Дзімітрыя Нікалаевіча. Ласунскіх чалавек прывёз.

— Ад Рудзіна? — паўтарыў Валынцэў: — да каго?

— Да вас.

— Да мяне?.. падай.

Валынцэў схапіў ліст, хутка распячатаў яго. пачаў чытаць. Лежнёў уважліва глядзеў на яго: дзіўнае, амаль радаснае здзіўленне выяўлялася на твары Валынцэва; ён апусціў рукі.

— Што такое? — спытаў Лежнёў.

— Прачытай, — прагаварыў Валынцэў упоўголаса і працягнуў яму ліст.

Лежнёў пачаў чытаць. Вось што пісаў Рудзін:

"Шаноўны васпане, Сергей Паўлавіч!

Я сёння ад'язджаю з дома Дар'і Міхайлаўны, і ад'язджаю назаўсёды. Гэта вас, напэўна, здзівіць, асабліва пасля таго, што адбылося ўчора. Я не магу растлумачыць вам, што менавіта прымушае мяне зрабіць так: але мне чамусьці здаецца, што я павінен паведаміць вам пра мой ад'езд. Вы мяне не любіце, і нават лічыце мяне за нядобрага чалавека. Я не намеран апраўдвацца: мяне апраўдае час. Па-мойму, і няварта мужчыны, і бескарысна даказваць чалавеку з прадузятым поглядам несправядлівасць яго пераконанняў. Хто захоча мяне зразумець, той прабачыць мяне, а хто зразумець не хоча, альбо не можа — абвінавачанні таго мяне не закранаюць. Я ашукаўся адносна вас. У маіх вачах вы, як і раней, застаецеся шляхетным і сумленным чалавекам; але я думаў, вы можаце стаць вышэй за тое асяроддзе, у якім развіліся... Я ашукаўся. Што рабіць?! Не ўпершыню і не ў апошні раз. Паўтараю вам: я ад'язджаю. Жадаю вам шчасця. Згадзіцеся, што гэта жаданне зусім шчыраe, і спадзяюся, што вы цяпер будзеце шчаслівы. Можа быць, з часам зменіце свой погляд на мяне. Ці ўбачымся мы калі-небудзь, не ведаю, але, ва ўсякім выпадку, застаюся шчыра вас паважаючы. Д. Р.

"P.S. Пазычаныя мною ў вас двесце рублёў я вышлю, як толькі прыеду да сябе ў вёску, у Т...ую губерню. Таксама прашу вас не гаварыць Дар'і Міхайлаўне пра гэты ліст".

"P.P.S. Яшчэ адна апошняя, але важная просьба: паколькі я зараз ад'язджаю, то, я спадзяюся, вы не будзеце ўспамінаць Натальі Алексееўне пра маё наведанне ў вас...

— Ну, што ты скажаш? — спытаў Валынцэў, як толькі Лежнёў скончыў ліст.

— Што тут сказаць! — адказаў Лежнёў: — усклікнуць па-ўсходняму: "Алах! Алах!" і пакласці ў рот палец здзіўлення — вось усё, што можна зрабіць. Ён ад'язджае... Ну! папутны вецер у спіну... Але вось што цікава: і гэты-ж ліст ён палічыў за доўг напісаць, і з'яўляўся ён да цябе з пачуцця доўгу... У гэтых людзей на кожным кроку доўг, і ўсё доўг — ды даўгі, — дадаў Лежнёў, з усмешкай паказваючы на post-scriptum[28].

— А якія ён фразы адпускае? — усклікнуў Валынцэў. — Ён ашукаўся адносна мяне: ён чакаў, што я стану вышэй за нейкае асяроддзе... што за бязглуздзіца, божа! Горш за вершы!

Лежнёў нічога не адказаў; адны вочы яго ўсміхнуліся. Валынцэў устаў.

— Я хачу з'ездзіць да Дар'і Міхайлаўны, — праказаў ён: — я хачу даведацца, што ўсё гэта значыць.

— Пачакай, брат: дай яму выбрацца. Навошта табе зноў з ім спатыкацца? Ён-жа знікае, чаго табе яшчэ? Лепей ты-б лёг, ды заснуў; ты-ж, мабыць, усю ноч з боку на бок варочаўся. А цяпер справы твае папраўляюцца...

— З чаго ты гэта заключаеш?

— Ды так, мне здаецца. Сапраўды, засні; а я пайду да тваёй сястры — пасяджу з ёю.

— Я зусім спаць не хачу. З якой рацыі мне спаць... Я лепей паеду, палі агледжу, — сказаў Валынцэў, паправіўшы полы паліто.

— І гэта добра. Паязджай, брат, паязджай, аглядзі палі...

І Лежнёў адправіўся на палову Александры Паўлаўны.

________

Ён застаў яе ў гасцінай. Яна ласкава яго прывітала. Яна заўжды радавалася яго прыходу; але твар яе заставаўся сумным. Яе непакоіла ўчарашняе наведанне Рудзіна.

— Вы ад брата? — спытала яна Лежнёва: — які ён сёння?

— Нішто, паехаў палі аглядаць.

Александра Паўлаўна памаўчала.

— Скажыце, калі ласка, — пачала яна, уважліва разглядаючы ўскраëк насавой хустачкі: — вы не ведаеце, навошта...

— Прыязджаў Рудзін? — падхапіў Лежнёў, — ведаю: ён прыязджаў развітацца.

Александра Паўлаўна падняла галаву.

— Як — развітацца?

— Так. Хіба вы не чулі? Ён выязджае ад Дар'і Міхайлаўны.

— Выязджае?

— Назаўсёды; прынамсі, ён так гаворыць.

— Ды што вы! Як-жа гэта зразумець, пасля vсяго таго...

— А гэта іншая справа! Зразумець гэтага нельга, але яно так. Мабыць, што-небудзь там у іх здарылася. Струну залішне нацягнуў — яна і парвалася.

— Міхайла Міхайлыч! — начала Александра Паўлаўна: — я нічога не разумею; вы, мне здаецца, смяецеся з мяне...

— Далі бог-жа не... Кажуць вам, ён ад'язджае, і нават пісьмова паведамляе пра гэта сваіх знаёмых. Яно, калі хочаце, з некаторага пункту гледжання, нядрэнна; але ад'езд яго перашкодзіў здзейсніцца аднаму надзвычайнейшаму прадпрыемству, пра якое мы пачалі было разважаць з вашым братам.

— Што такое? Якое прадпрыемства?

— А вось якое. Я прапанаваў вашаму брату паехаць, дзеля забавы, вандраваць, і ўзяць вас з сабою. Хадзіць, уласна за вамі, браўся я...

— Вось добра! — усклікнула Александра Паўлаўна: — уяўляю сабе, як-бы вы за мною хадзілі. Ды вы-б мяне голадам замарылі.

— Вы гэта таму так кажаце, Александра Паўлаўна, што вы не ведаеце мяне. Вы думаеце, што я цяльпух, цяльпух абсалютны, дзераўляка нейкая; а ці вядома вам, што я магу таяць, як цукар, дні прастойваць на каленях?

— Вось гэта-б я, прызнаюся, паглядзела!

Лежнёў раптам падняўся.

— Ды выйдзеце за мяне замуж, Александра Паўлаўна, вы ўсё гэта і ўбачыце.

Александра Паўлаўна пачырванела да вушэй.

— Што вы гэта такое сказалі, Міхайла Міхайлыч? — паўтарыла яна збянтэжана.

— А тое я сказаў, — адказаў Лежнёў — што ўжо даўным-даўно і тысячу разоў у мяне на языку было. Я прагаварыўся нарэшце, і вы можаце зрабіць, як ведаеце. Я, каб не перашкаджаць вам, я цяпер выйду. Калі вы хочаце быць маёй жонкай... Адыходжу. Калі вам не прыкра, вы толькі загадайце мяне паклікаць, я ўжо зразумею...

Александра Паўлаўна хацела-было затрымаць Лежнёва, але ён паспешна пайшоў, без шапкі адправіўся ў сад, абапёрся на калітку і пачаў глядзець некуды.

— Міхайла Міхайлыч! — пачуўся за ім голас пакаёўкі, — калі ласка, зайдзіце да пані. Яны вас загадалі паклікаць.

Міхайла Міхайлыч абярнуўся, узяў пакаёўку, на Вялікае ее здзіўленне, абодвума рукамі за галаву, пацалаваў яе у лоб і пайшоў да Александры Паўлаўны.

XI

Звярнуўшыся дадому, зараз-жа пасля сустрэчы з Лежневым, Рудзін зачыніўся ў сваім пакоі і напісаў два лісты: адзін — да Валынцэва (ён ужо вядомы чытачам) і другі — да Натальі. Ён вельмі доўга сядзеў над гэтым другім лістом, шмат у ім перачыркваў і перарабляў і старанна спісаўшы яго на тонкім лісце паштовай паперы, склаў яго як мага драбней і паклаў у кішэню. З смуткам на твары прайшоўся ён некалькі разоў узад і ўперад па пакоі, сеў на крэсла перад акном, падперся рукою; сляза ціха выступіла на яго расніцы... Ён устаў, зашпіліўся на ўсе гузікі, паклікаў чалавека і загадаў спытаць у Дар'і Міхайлаўны, ці можа ён яе бачыць.

Чалавек неўзабаве звярнуўся і паведаміў, што Дар'я Міхайлаўна загадала яго прасіць. Рудзін пайшоў да яе.

Яна прыняла яго ў габінеце, як і ў першы раз, два месяцы таму назад. Але цяпер яна не была адна: у яе сядзеў Пандалеўскі, скромны, свежы, чысты і расчулены, як заўсёды.

Дар'я Міхайлаўна ласкава сустрэла Рудзіна, і Рудзін ласкава ёй пакланіўся, але, толькі зірнуўшы на ўсмешлівыя іх твары, кожны хоць крыху спрактыкаваны чалавек зразумеў-бы, што між імі, калі і не выказалася, так здарылася штосьці неладнае. Рудзін ведаў, што Дар'я Міхайлаўна на яго злуецца. Дар'я Міхайлаўна падазравала, што яму ўжо ўсё вядома.

Данясенне Пандалеўскага вельмі яе расстроіла. Шляхецкі гонар у ёй заварушыўся. Рудзін, бедны, нечыноўны і пакуль невядомы чалавек, адважыўся прызначыць спатканне яе дачцэ — дачцэ Дар'і Міхайлаўны Ласунскай!!

— Дапусцім, ён разумны, ён геній! — гаварыла яна: — ды што-ж з гэтага? Пасля гэтага кожны можа спадзявацца быць маім зяцем?

— Я доўга вачам сваім не верыў, — падхапіў Пандалеўскі. — Як гэта не ведаць свайго месца, дзіўлюся!

Дар'я Міхайлаўна вельмі хвалявалася, і Натальі дасталося ад яе.

Яна запрасіла Рудзіна сесці. Ён сеў, але ўжо не як ранейшы Рудзін, амаль гаспадар у доме, нават не як добры знаёмы, а як госць, і не як блізкі госць. Усё гэта зрабілася ў адзін момант... Так вада раптоўна змяняецца ў лёд.

— Я прышоў да вас, Дар'я Міхайлаўна, — пачаў Рудзін: — падзякаваць вас за вашу гасціннасць. Я атрымаў сёння вестку з маёй вёскі і павінен абавязкова сёння-ж ехаць туды.

Дар'я Міхайлаўна зіркліва паглядзела на Рудзіна.

"Ён папярэдзіў мяне; мабыць, дагадваецца", падумала яна. "Ён вызваляе мяне ад непрыемнай гутаркі; тым лепей. Няхай жывуць разумныя людзі!"

— Няўжо? — праказала яна ўголас. — Ах, як гэта непрыемна! Ну, што-ж рабіць! Спадзяюся ўбачыць вас гэтаю зімой у Маскве. Мы самі неўзабаве адсюль едзем.

— Я не ведаю, Дар'я Міхайлаўна, ці ўдасца мне быць у Маскве; але калі звярнуся з сродкамі, за абавязак палічу з'явіцца да вас.

"Ага! браце! — падумаў у сваю чаргу Пандалеўскі: — ці даўно ты тут панаваў, а цяпер вось як давялося выказвацца!"

— Вы, значыць, нездавальняючыя весткі з вашай вескі атрымалі? — прамовіў ён са звычайнай расстаноўкай.

— Так, — суха адказаў Рудзін.

— Неўраджай, мабыць?

— Не .. іншае... Паверце, Дар'я Міхайлаўна, — дадаў Рудзін: — я ніколі не забуду часу, праведзенага мною ў вашым доме.

— І я, Дзмітры Нікалаіч, заўсёды з прыемнасцю буду ўспамінаць наша знаёмства з вамі... Калі вы едзеце?

— Сёння, пасля абеда.

— Так хутка!.. Ну, жадаю вам шчаслівай дарогі. Аднак, калі вашы справы не затрымаюць вас, можа быць, вы яшчэ нас застанеце тут.

— Я наўрад ці паспею, — адказаў Рудзін і ўстаў. — Прабачце мяне, — дадаў ён: — я не магу зараз выплаціць маю вам пазыку, але, як толькі прыеду ў вёску...

— Што вы, Дзімітры Нікалаіч! — перапыніла яго Дар'я Міхайлаўна: — як вам не сорамна!.. Але якая зараз гадзіна? — спытала яна.

Пандалеўскі дастаў з кішэні жылеткі залаты гадзіннік з эмалью і паглядзеў на яго, асцярожна налягаючы ружовай шчакой на цвëрды і белы каўнерык.

— Дзве гадзіны і трыццаць тры мінуты, — праказаў ён.

— Час адзявацца, — заўважыла Дар'я Міхайлаўна. — Да пабачэння, Дзмітры Нікалаіч!

Рудзін устаў. Уся размова між ім і Дар'яй Міхайлаўнай мела асаблівы характар. Акторы так гавораць свае ролі на рэпетыцыях, дыпламаты так на канферэнцыях абменьваюцца загадзя ўмоўленымі фразамі...

Рудзін вышаў. Ён цяпер ведаў з практыкі, як свецкія людзі нават не кідаюць, а проста не прыкмячаюць чалавека, які зрабіўся ім непатрэбным: як пальчатку пасля бала, як паперку з цукеркі, як нявыйграўшы білет з латарэі-тамболы.

Ён наспех склаўся і з нецярплівасцю пачаў чакаць хвіліны ад'езду. Усе ў доме вельмі здзівіліся, даведаўшыся пра яго намеры; нават людзі глядзелі на яго з неўразуменнем. Басістаў не хаваў свайго жалю. Наталья яўна ўнікала Рудзіна. Яна старалася не сустракацца з ім узрокам; аднак, яму ўдалося ўсунуць ёй у руку свой ліст. За абедам Дар'я Міхайлаўна яшчэ раз паўтарыла, што спадзяецца ўбачыць яго перад ад'ездам у Маскву, але Рудзін нічога не адказаў ёй. Пандалеўскі часцей за ўсіх з ім загаварваў. Рудзіну не раз хацелася кінуцца на яго і пабіць яго квітнеючы і румяны твар. M-lle Boncourt часценька пазірала на Рудзіна, з хітраватым і дзіўным выразам у вачах: у старых, вельмі разумных лягавых сабак можна часам прыкмеціць такі выраз... "Эге!" здавалася, гаварыла яна сама сабе: — вось як цябе!"

Нарэшце, прабіла шостая гадзіна, і падалі фурманку Рудзіна. Ён пачаў спешна развітвацца з усімі. На душы ў яго было дужа прыкра. Не чакаў ён, што так выедзе з гэтага дома: яго нібыта выганялі... "Як гэта ўсё зрабілася! І навошта было спяшацца? Але прынамсі, адзін канец" — вось што думаў ён, кланяючыся на ўсе бакі з вымушанай усмешкай. У апошні раз зірнуў ён на Наталью, і сэрца яго кранулася: вочы яе былі накіраваны на яго з смутлівым развітальным дакорам.

Ён спешна збег па сходках, ускочыў у фурманку. Басістаў захацеў праводзіць яго да першай станцыі і сеў разам з ім.

— Ці памятаеце вы, — пачаў Рудзін, як толькі фурманка выехала са двара на шырокую дарогу, абсаджаную ёлкамі: — памятаеце вы, што гаворыць Дон Кіхот свайму зброеносцу, калі выязджае з палаца герцагіні? "Свабода, — гаворыць ён, — дружа мой Санчо, адзін з найкаштоўнейшых здабыткаў чалавека, і шчаслівы той, каму неба даравала кавалак хлеба, каму не трэба быць за яго абавязаным каму-небудзь!" Што Дон Кіхот адчуваў тады, — я адчуваю цяпер... Дай бог і вам, любы мой Басістаў, выпрабаваць калі-небудзь гэтае пачуццё!

Басістаў сціснуў руку Рудзіну, і сэрца сумленнага юнака забілася ў яго расчуленых грудзях. Да самай станцыі гаварыў Рудзін пра гонар чалавека, пра значэнне сапраўднай свабоды, — гаварыў горача, узвышана і шчыра — і калі надышоў момант разлукі, Басістаў не вытрываў, кінуўся яму на шыю і зарыдаў. У самога Рудзіна паліліся слёзы; але ён плакаў не пра тое, што развітваўся з Басіставым, і слёзы яго былі — самалюбівыя слёзы.

* * *

Наталья прышла да сябе і прачытала ліст Рудзіна:

"Любая Наталья Алексееўна, — пісаў ён ёй, — я наважыўся выехаць. Мне іншага выхаду няма. Я наважыўся выехаць, пакуль мне не сказалі выразна, каб я пакінуў ваш дом. Ад'ездам маім спыняюцца ўсе непаразуменні; а шкадаваць пра мяне наўрад ці будзе хто-небудзь. Чаго-ж чакаць?.. Усё так; але дзеля чаго-ж пісаць вам?

"Я развітваюся з вамі, мабыць, назаўсёды, і пакінуць вам пра сябе ўспамін, яшчэ горшы за той, які я заслугоўваю, было-б залішне горка. Вось чаму я пішу вам. Я не хачу ні апраўдвацца, ні вінаваціць нікога, апроч самога сябе: я хачу, па магчымасці, растлумачыць... Падзеі апошніх дзён так нечаканы, так раптоўны...

"Сёнешняе спатканне паслужаць мне памятным урокам. Так, вы праўду сказалі: я вас не ведаў, а я думаў, што ведаў вас! У працягу майго жыцця я меў справу з людзьмі ўсякіх катэгорый, я збліжаўся з многімі жанчынамі, але, сустрэўшыся з вамі, я ўпершыню сустрэўся з душой зусім чэснай і простай. Для мяне гэта было незвычайна і я не змог ацаніць вас. Я адчуў прыхільнасць да вас з першага дня нашага знаёмства — вы гэта маглі заўважыць. Я праводзіў з вамі гадзіны за гадзінамі, і я не пазнаў вас; я наўрад ці нават стараўся пазнаць вас... і я мог уявіць сабе, што пакахаў вас!! За гэты грэх я цяпер пакараны.

"Я і раней кахаў адну жанчыну, і яна мяне кахала... Пачуццё маё да яе было складана, як і яе да мяне; але таму, што яна сама не была простая, яно і прышлося дарэчы. Праўда мне тады не сказалася: я не пазнаў яе і цяпер, калі яна з'явілася перада мной... Я яе пазнаў, нарэшце, але залішне позна... Мінулага не звернеш... Нашы жыцці маглі б зліцца і не зліюцца ніколі. Як давесці вам, што я мог-бы пакахаць вас сапраўдным каханнем — каханнем сэрца, не ўяўлення, — калі я сам не ведаю, ці здолен я на такое каханне!

"Мне прырода дала шмат — я гэта ведаю, і з фальшывага сораму не буду скромнічаць перад вамі, асабліва цяпер, у такія горкія, у такія ганебныя для мяне хвіліны... Так, прырода мне шмат дала; але я памру, не зрабіўшы нічога вартага сіл маіх, не пакінуўшы за сабою ніякага карыснага следу. Усё мае багацце загіне дарэмна: я не ўбачу пладоў ад семя свайго. Мне не стае... я сам не магу сказаць, чаго менавіта не стае мне... Мне не стае, мабыць, таго, без чаго таксама не можна кіраваць сэрцам людзей, як і авалодаць жаночым сэрцам; а панаванне над аднымі розумамі і не стала, і бескарысна. Дзіўны, амаль камічны мой лёс: я аддаюся увесь, з прагнасцю, зусім — і не магу аддацца. Я скончу тым, што ахвярую сябе за якое-небудзь глупства, у якое нават верыць не буду... Божа мой! у трыццаць пяць год усё яшчэ збірацца нешта зрабіць!..

"Я яшчэ ні перад кім так не выказваўся — гэта мая споведзь.

"Але досыць пра мяне. Мне хочацца гаварыць пра вас, даць вам некалькі парад: больш я ні навошта не здатны... Вы яшчэ маладая; але, сколькі-бы вы ні жылі, следуйце заўжды таму, што падкажа ваша сэрца, не паддавайцеся ні свайму, ні чужому розуму. Паверце, чым прасцей, чым шчыльней кола, па якім прабягае жыццë, тым лепей; не у тым справа, каб знаходзіць у ім новыя бакі, але ў тым, каб усе пераходы яго адбываліся своечасова. "Блажен, кто смолоду был молод"... Але я прыкмячаю, што гэтыя парады адносяцца куды больш да мяне, як да вас.

"Прызнаюся вам, Наталья Алексееўна, мне вельмі цяжка. У мяне ніколі не было ілюзій адносна прыроды таго пачуцця, якое адчувала да мяне Дар'я Міхайлаўна; але я спадзяваўся, што знайшоў хоць часовую прыстань... Цяпер ізноў давядзецца блукаць па свеце. Што мне заменіць вашу размову, вашу прысутнасць, ваш уважлівы і разумны погляд? Я сам вінаваты; але згадзіцеся, што лёс як-бы знарок пасмяяўся з нас. Тыдзень таму назад, я сам ледзь дагадваўся, што кахаю вас. Трэцяга дня, увечары, у садзе, я ў першы раз пачуў ад вас... але навошта нагадваць вам тое, што вы тады сказалі — і вось, ужо я ад'язджаю сёння, ад'язджаю з ганьбой, пасля бязлітаснай размовы з вамі, не ўносячы з сабой ніякай надзеі... І вы яшчэ не ведаеце, да якой ступені я вінаваты перад вамі... Ва мне ёсць нейкая бязглуздая шчырасць, нейкая балбатлівасць... Але навошта гаварыць пра гэта! Я ад'язджаю назаўседы".

(Тут Рудзін расказаў быў Натальі сваё наведанне да Валынцэва, але падумаў і вымараў усе гэта месца, а ў лісце да Валынцэва дадаў другі post-scriptum.)

"Я застаюся адзінокі на зямлі для таго, каб аддацца, як вы сказалі мне сёння раніцой з жорсткаю ўсмешкай, іншым, больш вартым мне заняткам. На жаль! калі-б я мог, сапраўды, аддацца гэтым заняткам, перамагчы нарэшце сваю лень... Але не! Я застануся тым-жа няскончаным стварэннем, якім быў да гэтай пары... Першая перашкода — і я ўвесь рассыпаўся: здарэнне з вамі мне гэта даказала. Калі б я, прынамсі, прынёс маё каханне ў ахвяру маёй будучай дзейнасці, майму прызначэнню; але, я проста спалохаўся адказнасці, якая на мяне падала, і таму я, сапраўды, няварты, вас. Я не варты таго, каб вы для мяне разлучыліся з вашай сферай... Аднак, усё гэта, можа быць, да лепшага. З гэтага выпрабавання я, магчыма, выйду чысцей і дужэй.

"Жадаю вам поўнага шчасця. Бывайце! Часам успамінайце пра мяне. Спадзяюся, што вы яшчэ пачуеце пра мяне.

Рудзін".

Наталья апусціла ліст Рудзіна да сябе на калені і доўга сядзела нерухома, уставіўшыся вачыма ў падлогу. Ліст гэты ясней за ўсе магчымыя доказы даводзіў ёй, як яна была справядліва, калі раніцою, развітаўшыся з Рудзіным, яна мімаволі ўсклікнула, што ён яе не любіць! Але ад гэтага ей не было лягчэй. Яна сядзела не кратаючыся; ёй здавалася, што нейкія цёмныя хвалі без плеску сымкнуліся над яе галавой, і яна ішла на дно, застываючы і нямеючы. Кожнаму цяжка першае расчараванне; але для душы шчырай, не жадаўшай ашукваць сябе, няздольнай на лёгкадумнасць і пераўвелічэнні, яно амаль невыцерпна. Успамінала Наталья сваё дзяцінства, калі, бывала, гуляючы вечарам, яна заўжды старалася ісці ў кірунку да светлага краю неба, там, дзе зара гарэла, а не да цёмнага. Цёмнае стала цяпер жыццё перад ёю, і спіною яна абярнулася да святла...

Слезы паказаліся на вачах Натальі. Не заўсёды карысны бываюць слёзы. Радасны і гаючы яны, калі, доўга накіпеўшы ў грудзях, пальюцца яны нарэшце — спачатку з натугай, потым усё лягчэй, усё мілей; нямое тамленне тугі развязваецца імі... Але ёсць слёзы халодныя, слёзы, якія скупа льюцца. Іх па кроплі выціскае з сэрца цяжкім і нерухомым цяжарам налёгшае на яго гора; яны бязрадасны і не прыносяць палягчэння. Гора плача такімі слязмі, і той яшчэ не быў нешчаслівы, хто не праліваў іх. Наталья пазнала іх у гэты дзень.

Прайшло гадзіны дзве. Наталья сабралася з духам, устала, выцерла вочы, запаліла свечку, спаліла на яе агні ліст Рудзіна да канца і попел выкінула за акно. Потым яна раскрыла наўдачу Пушкіна і прачытала першыя, якія папаліся ёй радкі (яна часта загадвала так па ім). Вось што ей выпала:

"Кто чувствовал, того тревожит
Призрак невозвратимых дней..
Тому уж нет очарований,
Того змея воспоминаний,
Того раскаянье грызет..."

Яна пастаяла, паглядзела з халоднай усмешкай на сябе ў люстра і, зрабіўшы невялікі рух галавою ўверх і ўніз, сышла ў гасціную.

Дар'я Міхайлаўна, як толькі яе ўбачыла, павяла яе ў габінет, пасадзіла ля сябе, ласкава патрапала па шчацэ, а тым часам, уважліва, амаль з цікавасцю, заглядвала ёй у вочы. Дар'я Міхайлаўна адчувала ўпершыню захаванае неўразуменне: ёй прышло ў галаву, што яна дачку сваю, па сутнасці, не ведае. Пачуўшы ад Пандалеўскага аб яе спатканні з Рудзіным, яна не столькі разгневалася, сколькі здзівілася таму, як магла разважлівая Наталья адважыцца на такі ўчынак. Але калі яна яе паклікала да сябе і ўзялася сварыцца на яе — зусім не так, як-бы належыла чакаць ад еўрапейскай жанчыны, а даволі крыкліва і непрыгожа — цвёрдыя адказы Натальі, рашучасць яе ўзрокаў і жэстаў, збянтэжылі, нават спалохалі Дар'ю Міхайлаўну.

Раптоўны, таксама не зусім зразумелы, ад'езд Рудзіна зняў вялікі цяжар з яе сэрца, але яна чакала слёз, істэрычных прыпадкаў... Вонкавая спакойнасць Натальі ізноў збіла яе з толку.

— Ну, што, дзіця, — пачала Дар'я Міхайлаўна: як ты сёння?

Наталья паглядзела на сваю маці.

— Ён-жа паехаў... твой прадмет. Ты не ведаеш, чаму ён так хутка сабраўся?

— Мамуня! — загаварыла Наталья ціхім голасам: — даю вам слова, што, калі вы самі не будзеце спамінаць пра яго, ад мяне вы ніколі нічога не пачуеце.

— Значыць, ты прызнаешся, што была вінавата перад мною?

Наталья апусціла галаву і паўтарыла:

— Вы ад мяне ніколі нічога не пачуеце.

— Ну, глядзі ж! — сказала з усмешкай Дар'я Міхайлаўна. — Я табе веру. А трэцяга дня, памятаеш ты, як... Ну, не буду. Скончана, вырашана і пахавана... Ці-ж не праўда? Вось, я зноў цябе пазнаю; а то-ж я зусім была ўтупік прышла. Ну, пацалуй-жа мяне, мая разумніца!..

Наталья паднесла руку Дар'і Міхайлаўны да сваіх губ, а Дар'я Міхайлаўна пацалавала яе ў нахіленую галаву.

— Слухайся заўсёды маіх парад, не забывай, што ты Ласунская і мая дачка, — дадала яна: — і ты будзеш шчаслівая. А цяпер ідзі.

Наталья вышла моўчкі. Дар'я Міхайлаўна паглядзела ёй услед і падумала: "Яна па мне — таксама будзе захапляцца: mais elle aura moins d'abandon"[29]. І Дар'я Міхайлаўна аддалася ўспамінам пра мінулае пра даўно мінулае...

Потым яна загадала паклікаць m-lle Boncourt і доўга сядзела з ёю, зачыніўшыся ўдвух. Адпусціўшы яе, яна паклікала Пандалеўскага. Ёй абавязкова хацелася дазнацца пра сапраўдную прычыну ад'езда Рудзіна. Але Пандалеўскі яе заспакоіў канчаткова. Гэта было па яго галіне.

* * *

На другі дзень Валынцэў з сястрой прыехаў на абед. Дар'я Міхайлаўна была заўжды вельмі ласкава з ім, а на гэты раз яна асабліва ласкава з ім абыходзілася. Натальі было невыцерпна цяжка; але Валынцэў такі быў ветлівы, так нясмела з ёю загаварваў, што яна ў душы не магла не падзякаваць яго.

Дзень прайшоў ціха, даволі нудна, але ўсе, раз'язджаючыся, адчулі, што папалі ў старую каляіну; а гэта многа значыць, вельмі многа.

Так, усе папалі ў старую каляіну... усе, апроч Натальі. Застаўшыся нарэшце адна, яна насілу дацягнулася да сваёй пасцелі і, змораная, разбітая, упала ніцма на падушкі. Ёй так горка, і брыдка, і пошла здалося жыць, так сорамна ёй зрабілася самой сябе, свайго кахання, свайго смутку, што ў гэты момант яна-бы, напэўна, згадзілася памерці...

Шмат яшчэ стаяла перад ёю цяжкіх дзён, начэй бяссонных, утомных хваляванняў, але яна была маладая — жыццё толькі што пачыналася для яе, а жыццё раней ці пазней сваё возьме. Які-б удар ні ўразіў чалавека, ён у той-жа дзень, ад сілы на другі, — прабачце на слова, — пад'есць, і вось вам ужо першае суцяшэнне...

Наталья гаравала цяжка, яна зазнала гора ўпершыню... Але першае гора, як першае каханне, не паўтараецца, — і слава богу!

XII

Прайшло каля двух год. Надышлі першыя дні мая. На балконе свайго дома сядзела Александра Паўлаўна, але ужо не Ліпіна, а Лежнёва; яна больш года, як вышла замуж за Міхайла Міхайлыча. Яна, па-ранейшаму, была слаўная, толькі папаўнела за апошні час. Перад балконам, ад якога ў сад вялі ступенькі, расхаджвала карміліца з чырвонашчокім дзіцём на руках, у белай шынельцы і з белым пампонам на капелюшы. Александра Паўлаўна час ад часу пазірала на яго. Дзіця не пішчэла, з важнасцю смактала свой палец і спакойна пазірала вакол. Годны сын Міхайла Міхайлыча ўжо выяўляўся ў ім.

Каля Александры Паўлаўны сядзеў на балконе стары наш знаёмы, Пігасаў. Ён прыкметна пасівеў з таго часу, як мы развіталіся з ім, згорбіўся, схудзеў і шыпеў, калі гаварыў: адзін пярэдні зуб у яго вываліўся; шыпенне надавала яшчэ больш злоснасці яго размовам... Злосць не змяншалася ў ім з гадамі, але жарты яго прытупляліся, і ён усё часцей паўтараўся. Міхайла Міхайлыча не было дома; яго чакалі к чаю. Сонца ўжо села. Там, дзе яно закацілася, паласа бледна-залатога, лімоннага колеру цягнулася ўсцяж небасхілу; на процілеглым баку іх было дзве: адна, ніжэй, блакітная, другая, вышэй, чырвона-ліловая. Лёгкія хмаркі таялі ў вышыні. Усё абяцала добрае надвор'е.

Раптам Пігасаў засмяяўся.

— Чаму вы, Афрыкан Семёныч? — спытала Александра Паўлаўна.

— Ды так... Учора, чую я, адзін мужык гаворыць жонцы, — а яна, гэтак, разбалбаталася: — не рыпі!.. Вельмі мне гэта спадабалася. Не рыпі! Ды і сапраўды, пра што можа разважаць жанчына? Я, вы ведаеце, ніколі не кажу пра прысутных. Нашы старыя разумней за нас былі. У іх у казках красуня сядзіць пад акном, у лобе зорка, а сама ні мур-мур. Вось гэта, як трэба. А то-ж, падумайце самі: трэцяга дня наша прарадзіцельніца як з пісталета мне ў лоб стрэліла, кажа мне, што ёй не падабаецца мая тэндэнцыя! Тэндэнцыя! Ну, ці-ж не лепей было-б і для яе і для ўсіх, калі-б якім-небудзь добрадзейным наказам прыроды ў яе раптам адняўся-б язык?

— А вы ўсё-ж такі самы, Афрыкан Семёныч: усё нападаеце на нас, бедных... Ведаеце, гэта-ж своеасаблівае няшчасце, сапраўды. Мне вас шкада.

— Няшчасце? Што вы гэта кажаце! Па-першае, па мойму, на свеце толькі тры няшчасці і ёсць: жыць зімою ў халоднай кватэры, летам насіць вузкія боты, ды начаваць у пакоі, дзе пішчыць дзіця, якога не можна пасыпаць персідскім парашком; а па-другое, змілуйцеся, я самы ціхамірны зрабіўся цяпер чалавек. Хоць узоры з мяне пішы! Вось як я прыстойна сябе вяду.

— Добра вы вядзеце сябе, няма чаго казаць! Не далей, як учора, Елена Антонаўна мне на вас скардзілася.

— Вось як-с! А што яна вам такое гаварыла, дазвольце даведацца?

— Яна гаварыла мне, што вы, у працягу ўсёй раніцы, на ўсе яе запытанні толькі і адказвалі, што "чаго-с, чаго-с?", ды яшчэ такім пісклівым галаском.

Пігасаў засмяяўся.

— Але-ж добрая гэта была думка, праўда, Александра Паўлаўна, а?

— Надзвычайная! Хіба можна быць гэтак з жанчынай няветлівым. Афрыкан Семёныч?

— Як? Елена Антонаўна, па-вашаму, жанчына?

— Што ж яна па-вашаму?

— Барабан, змілуйцеся, звычайны барабан, вось па якім б'юць палкамі...

— Ах, вось яшчэ! — перапыніла Александра Паўлаўна, жадаючы перамяніць гутарку: - вас, кажуць, можна павіншаваць?

— З чым?

— З сканчэннем цяжбы. Гліноўскія сенажаці засталіся за вамі...

— Так, за мною, — хмура адказаў Пігасаў.

— Вы столькі год гэтага дамагаліся, а цяпер нібы нездаволены.

— Скажу вам, Александра Паўлаўна, — паволі праказаў Пігасаў: — няма нічога горай і крыўдней як залішне позна прышоўшае шчасце. Радасці яно ўсё-такі вам прынесці не можа, але адымае ў вас права, найкаштоўнейшае права — скарыцца і праклінаць лёс. Так, васпані, горкая і крыўдная штука — позняе шчасце.

Александра Паўлаўна толькі плячыма паціснула.

— Нянечка, — пачала яна, — я думаю, Мішы час спаць легчы. Дай яго сюды.

І Александра Паўлаўна занялася сваім сынам, а Пігасаў адышоў, мармычачы, на другі вугал балкона.

Раптам нездалёк, па дарозе, ідучай усцяж саду паказаўся Міхайла Міхайлыч на сваіх бегавых дрожках. Перад канем яго беглі два вялізныя дваравыя сабакі: адзін жоўты, другі шэры; ён нядаўна завёў іх. Яны бесперастанку грызліся і жылі ў неразлучнай дружбе. Ім насустрач вышаў з варот стары пёс, раскрыў рот, як-бы збіраючыся забрахаць, а скончыў тым, што пазяхнуў і адправіўся назад, прыхільна памахваючы хвастом.

— Зірні, Саша, — закрычаў Лежнеу здалёку сваёй жонцы: — каго я да цябе вязу...

Александра Паўлаўна не адразу пазнала чалавека, сядзеўшага за спіною яе мужа.

— А! п. Басістаў! — усклікнула яна нарэшце.

— Ён, ён — адказаў Лежнёў: — і якія слаўныя весткі прывёз. Вось, пачакай, зараз даведаешся.

І ён заехаў на двор.

Праз некалькі хвілін ён з Басіставым з'явіўся на балконе.

— Ура! — усклікнуў ён і абняў жонку. — Сярожа жэніцца!

— З кім? — З хваляваннем спытала Александра Паўлаўна.

— Зразумела з Натальей... Вось, прыяцель, прывёз гэту вестку з Масквы, і ліст да цябе ёсць... Чуеш, Мішук? — дадаў ён, схапіўшы сына на рукі: — дзядзька твой жэніцца!.. Гэткая флегма зладзейская! І тут толькі вачыма лыпае!

— Яны спаць хочуць, — заўважыла няня.

— Так-с, — праказаў Басістаў, падышоўшы да Александры Паўлаўны: — я сёння прыехаў з Масквы, па даручэнню Дар'і Міхайлаўны — рахункі па маёнтку рэвізаваць. А вось і ліст.

Александра Паўлаўна спешна распячатала ліст свайго брата. Ён складаўся з некалькіх радкоў. У першым парыванні радасці ён паведамляў сястру, што зрабіў прапанову Натальі, атрымаў яе згоду і Дар'і Міхайлаўны, абяцаўся больш напісаць з першай поштай і завочна ўсіх абыймаў і цалаваў. Відаць было, што ён пісаў у нейкім чадзе.

Падалі чай, пасадзілі Басістава. Распыты пасыпаліся на яго градам. Усіх, нават Пігасава, узрадвала вестка, прывезеная ім.

— Скажыце, калі ласка, — сказаў, між іншым, Лежнёў: — да нас даходзілі чуткі пра нейкага пана Карчагіна, Значыць гэта было глупства?

(Карчагін быў прыгожы малады чалавек — свецкі леў, надзвычай ганарысты і важны: трымаўся ён занадта паважна, нібы ён быў не жывы чалавек, а ўласная яго статуя, збудаваная па грамадскай падпісцы).

— Ну, не, не зусім глупства, — з усмешкай адказаў Басістаў: — Дар'я Міхайлаўна была да яго вельмі прыхільная; але Наталья Алексееўна і слухаць пра яго не хацела.

— Ды я-ж яго ведаю, — падхапіў Пігасаў: — ён-жа махровы балван, з трэскам балван... Змілуйцеся! Калі-б усе людзі былі на яго падобны, трэба было-б вялікія грошы браць, каб згадзіцца жыць... Змілуйцеся!

— Можа быць, адказаў Басістаў: — а ў свеце ён іграе не апошнюю ролю.

— Ну, усё адно! — усклікнула Александра Паўлаўна: — бог з ім! Ах, як я рада за брата!.. І Наталья весела, шчасліва?

— Так-с.. Яна спакойная, як заўсёды — вы-ж яе ведаеце, — але, здаецца, задаволена.

Вечар прайшоў у прыемных і жвавых размовах. Селі за вячэру.

— Дарэчы, — спытаў Лежнёў у Басістава, наліваючы яму лафіту: — вы ведаеце, дзе Рудзін?

— Цяпер напэўна не ведаю. Ён прыязджаў прошлай зімой у Маскву на кароткі час, потым адправіўся з адной сямей у Сімбірск; мы з ім некаторы час перапісваліся: у апошні лісце сваім ён паведамляў мяне, што выязджае з Сімбірска — не сказаў куды — і вось з таго часу я нічога пра яго не чую.

— Не прападзе! — падхапіў Пігасаў: — дзе-небудзь сядзіць ды разважае. Гэты чалавек заўсёды знойдзе сабе двух ці трох прыхільнікаў, якія будуць яго слухаць, разінуўшы рот і пазычаць яму грошы. Пабачыце, ён скончыць тым, што памрэ дзе-небудзь у Царэвакакшайску або ў Чухломе — на руках застарэлай панны ў парыку, якая будзе думаць пра яго, як пра геніяльнейшага чалавека ў свеце...

— Вы вельмі рэзка выказваецеся аб ім, — заўважыў упоўголаса і з нездавальненнем Басістаў.

— Зусім не рэзка! — адказаў Пігасаў: — абсалютна справядліва. На мой погляд, ён, проста, нішто іншае, як лізаблюд. Я забыўся вам сказаць, — прадоўжваў ён, звяртаючыся да Лежнева: — я-ж пазнаёміўся з гэтым Терлахавым, з якім Рудзін за граніцу ездзіў, як-жа, як-жа! Што ён мне расказваў пра яго, вы сабе ўявіць не можэце — умора, проста! Дзіва, што ўсе сябры і прыхільнікі Рудзіна з часам робяцца яго ворагамі.

— Прашу мяне выключыць з ліку такіх сяброў! — палка перапыніў Басістаў.

— Ну, вы — іншая рэч! Пра вас і гутаркі няма.

— А што такое вам расказваў Терлахаў? — спытала Александра Паўлаўна.

— Ды шмат расказваў: усяго не ўспомніш. Але самы лепшы вось які здарыўся з Рудзіным анекдот. Бесперастанку развіваючыся ды развіваючыся (гэтыя людзі ўсё развіваюцца; іншыя, напрыклад, проста спяць, або ядуць — а яны знаходзяцца ў стане развіцця спання або яды; ці-ж не так, п. Басістаў? — Басістаў нічога не адказаў)... Такім чынам, развіваючыся ўвесь час, Рудзін дайшоў, шляхам філасофіі, да таго вываду, што яму належыць закахацца. Пачаў ён шукаць прадмет, варты такога дзіўнага вываду. Фартуна яму ўхмыльнулася. Пазнаёміўся ён з адной францужанкай прыгожанькай мадысткай. Рэч адбывалася ў адным нямецкім горадзе, на Рэйне, заўважце. Пачаў ён хадзіць да яе, насіць ёй розныя кнігі, гаварыць ёй пра прыроду і Гегеля. Можаце сабе ўявіць становішча мадысткі? яна лічыла яго за астранома. Аднак, вы ведаеце, малы ён сабой нішто; ну — чужаземец, рускі — упадабаўся. Вось, нарэшце, прызначае ён спатканне, і вельмі паэтычнае спатканне: у гандоле на рэчцы. Францужанка згадзілася: прынадзелася лепей і паехала з ім у гандоле. Так яны каталіся гадзіны дзве. Чым-жа, вы думаеце, займаўся ён увесь гэты час? Гладзіў францужанку па галаве, задуменна глядзеў у неба і некалькі разоў паўтарыў, што адчувае да яе бацькаўскую пяшчотнасць. Францужанка звярнулася дадому раз'юшаная, і сама потым усё расказала Терлахаву. Вось які ён чалавек!

І Пігасаў засмяяўся.

— Вы стары цынік! — заўважыла з прыкрасцю Александра Паўлаўна: — а я болей і болей пераконваюся ў тым, што пра Рудзіна нават тыя, якія яго лаюць, нічога благога сказаць не могуць.

— Нічога благога? Змілуйцеся! а яго вечнае жыццё на чужы кошт, яго пазыкі... Міхайла Міхайлыч? Ён-жа і ў вас, напэўна, пазычаў.

— Паслухайце, Афрыкан Семёныч! — пачаў Лежнеў, і твар яго прыняў сур'ёзны выраз: — паслухайце: вы ведаеце, і жонка мая ведае, што я за апошні час асаблівай прыхільнасці да Рудзіна не адчуваў і нават проста асуджваў яго. З усім тым (Лежнёў разліў шампанскае па бакалах) вось што я вам прапаную: мы зараз пілі за здароўе дарагога нашага брата і яго нарачонай; я прапаную вам выпіць цяпер за здароўе Дзімітрыя Рудзіна!

Александра Паўлаўна і Пігасаў з здзіўленнем паглядзелі на Лежнева, а Басістаў, устрапянуўся ўвесь, пачырванеў з радасці і вочы вытарашчыў.

— Я ведаю яго добра, — зноў сказаў Лежнёў — заганы яго мне добра вядомы. Яны тым больш выступаюць звонку, што сам ён не дробны чалавек.

— Рудзін — геніяльная натура! — падхапіў Басістаў.

— Геніяльнасць у ім, магчыма, ёсць, — адказаў Лежнёў; — а натура... У тым-та і ўся яго бяда, што натуры ў яго, прынамсі, няма... Але не ў гэтым рэч. Я хачу гаварыць пра тое, што ў ім ёсць добрага, рэдкага. У ім ёсць энтузіязм; а гэта паверце мне, флегматычнаму чалавеку, найкаштоўнейшая якасць у наш час. Мы ўсе зрабіліся нязносна разважлівыя, абыякавыя і млявыя; мы заснулі, мы застылі, і дзякуй таму, хто хоць на хвіліну нас узварушыць і сагрэе! Пара! Памятаеш, Саша, я раз гаварыў з табою пра яго і дакараў яго ў холаднасці. Я быў і справядлівы і несправядлівы тады. Холаднасць гэтая ў яго ў крыві — гэта не яго віна — а не у галаве. Ён не актор, як я называў яго, не ашуканец, не круцель; ён жыве на чужы кошт не як пралаза, а як дзіця... Так, ен, сапраўды, памрэ дзе небудзь у галечы і ў беднаце; але няужо-ж і за гэта кідаць у яго каменем? Ён не зробіць сам нічога менавіта таму, што ў ім натуры, крыві няма; але хто мае права сказаць, што ён не прынясе, не прынёс ужо карысці? Што яго словы не пасеялі шмат добрага семя ў маладыя душы, якім прырода не адмовіла, як яму, у сіле дзейнасці, ва ўменні выконваць уласныя замыслы. Ды я сам, я першы, усё гэта адчуў на сабе... Саша ведае, чым быў для мяне ў маладосці Рудзін. Я, здаецца, таксама сцвярджаў, што словы Рудзіна не могуць дзейнічаць на людзей; але я гаварыў тады пра людзей, падобных на мяне, у цяперашнія мае гады, пра людзей пажыўшых ужо і паламаных жыццём. Адзін фальшывы гук у прамове — і ўся яе гармонія для нас згубілася; а ў маладым чалавеку, на шчасце, слух яшчэ не так развіты, не такі тонкі. Калі сутнасць таго, што ён чуе, яму здаецца прыгожай, што яму за справа да тону! Тон ён сам у сабе знойдзе.

— Брава! брава! — усклікнуў Басістаў: — як гэта справядліва сказана! А што датычыць, да ўплыву Рудзіна, клянуся вам, гэты чалавек не толькі умеў зрушыць цябе, ён з месца цябе зрушваў, ён не даваў табе застанаўлівацца, ён да аснавання пераварочваў, запальваў цябе!

— Вы чуеце? — зноў сказаў Лежнёў, звяртаючыся да Пігасава: якіх вам яшчэ доказаў трэба? Вы нападаеце на філасофію; кажучы пра яе, вы не знаходзіце досыць пагардлівых слоў. Я сам яе не надта шаную і слаба разумею. Але не ад філасофіі нашы галоўныя няўдачы! Філасафічныя вымудры і мары ніколі не ўжывуцца з рускім: на гэта ў яго залішне многа здаровага розуму: але нельга ж дапусціць, каб пад імем філасофіі нападалі на кожнае чэснае імкненне да праўды і да свядомасці. Няшчасце Рудзіна ў тым, што ён Расіі не ведае, і гэта сапраўды, вялікае няшчасце. Расія без кожнага з нас абыйсціся можа, але ніхто з нас без яе не можа абыйсціся. Гора таму, хто гэта думае, два разы большае гора таму, хто сапраўды без яе абыходзіцца! Космапалітызм — глупства, космапаліт — нуль, горш за нуль; без народнасці ні мастацтва, ні праўды, ні жыцця, нічога няма. Без фізіяноміі няма нават ідэальнага твара; толькі пошлы твар магчымы без фізіяноміі. Але зноў-такі скажу, гэта не віна Рудзіна: гэта яго лёс, лёс горкі і цяжкі, за які мы ужо вінаваціць яго не будзем. Нас-бы вельмі далёка завяло, калі-б мы хацелі разабраць, чаму ў нас з'яўляюцца Рудзіны. Але за тое, што у ім ёсць добрага, будзем-жа яму удзячны. Гэта лягчэй, як быць несправядлівым да яго, а мы былі да яго несправядлівы. Караць яго не наша справа, ды і не патрэбна: ён сам сябе пакараў куды больш жорстка, як заслугоўваў... І дай бог, каб няшчасце вытруціла з яго ўсё благое і пакінула ў ім адно добрае! П'ю за здароўе Рудзіна! П'ю за здароўе таварыша маіх лепшых гадоў, п'ю за маладосць, за яе надзеі, за яе імкненні, за яе даверлівасць і сумленнасць, за ўсё тое, з чаго і ў дваццаць год біліся нашыя сэрцы, і лепш за што мы, усё такі, нічога не даведаліся і не даведаемся ў жыцці... П'ю за цябе, залатая пара, п'ю за здароўе Рудзіна!

Усе чокнуліся з Лежнёвым. Басістаў згарача ледзь не пабіў сваю шклянку і асушыў яе ўраз, а Александра Паўлаўна паціснула Лежнёву руку.

— Я, Міхайла Міхайлыч, і не падазраваў, што вы так красамоўны, — заўважыў Пігасаў: — бадай што за самога Рудзіна не горш; нават мяне праняло.

— Я зусім не красамоўны, — адказаў Лежнёў не без прыкрасці: — а вас, я думаю праняць не жарты. Аднак, досыць пра Рудзіна, давайце гаварыць пра што-небудзь іншае... Што... як яго?.. Пандалеўскі ўсё ў Дар'і Міхайлаўны жыве? — дадаў ён, звярнуўшыся да Басістава.

— Як-жа, усё ў яе! Яна дастала яму вельмі выгаднае месца.

Лежнёў усміхнуўся.

— Вось гэты не памрэ ў галечы, за гэта можна ручацца.

Вячэра скончылася. Госці разышліся. Застаўшыся сам на сам з сваім мужам, Александра Паўлаўна з усмешкай паглядзела яму ў твар.

— Які ты слаўны быў сёння, Міша! — праказала яна, песцячы яго рукою па ілбу: — як ты разумна і ўзвышана гаварыў! Але прызнайся, што ты крыху залішне гаварыў на карысць Рудзіна, як раней быў залішне супроць яго...

— Ляжачага не б'юць... а я тады баяўся, як-бы ён табе галаву не замарочыў.

— Не, — простадушна адказала Александра Паўлаўна: — ён мне здаваўся заўсёды залішне вучоным, я баялася яго і не ведала, што гаварыць у яго прысутнасці. Але-ж Пігасаў даволі злосна падсмяяўся з яго сёння, прызнайся?

— Пігасаў? — праказаў Лежнеў. — Я таму менавіта і заступіўся так горача за Рудзіна, што Пігасаў быў тут. Ён асмельваецца называць Рудзіна лізаблюдам! А па-мойму, яго роля, роля Пігасава, у сто разоў горш. Мае значную маёмасць, з усяго кпіць, а ўжо як ліпне да знатных і багатых! Ці ведаеш ты, што гэты Пігасаў, які з такою злосцю ўсё і ўсіх лае, і на філасофію нападае, і на жанчын, — ці ведаеш ты што ён, калі служыў, браў хабары, ды яшчэ як! А! Вось тое яно і ёсць!

— Няўжо? — усклікнула Александра Паўлаўна. — Гэтага я ніяк не чакала!.. Паслухай, Міша, — дадала яна, памаўчаўшы крыху: — што я хачу ў цябе спытаць...

— Што?

— Як ты думаеш? Ці будзе брат шчаслівы з Натальяй?

— Як табе сказаць... магчымасці ўсе ёсць... Камандаваць будзе яна — між намі гэтага хаваць няма чаго — яна разумней за яго; але ён слаўны чалавек і кахае яе ад душы. Чаго-ж болей? Вось-жа, мы адно аднаго кахаем і шчаслівы, ці-ж не праўда?

Александра Паўлаўна ўсміхнулася і сціснула руку Міхайле Міхайлычу.

* * *

У той самы дзень, калі ўсё расказанае намі, адбывалася ў доме Александры Паўлаўны, — у адной з дальніх губерань Расіі цягнулася, у самую спякоту, па вялікім шляху, слабенькая рагожная фурманка, запрэжаная тройкай абыватальскіх коней. На козлах тырчэў, упінаючыся скосу нагамі ў ворчык, сівы мужычок у дзіравай світцы, і час ад часу паторгваў вераўчанымі лейцамі і памахваў пужкай; а ў самай фурманцы сядзеў, на худым чамадане, чалавек высокага росту ў шапцы і старым запыленым плашчы. Гэта быў Рудзін. Ён сядзеў, панурыўшы галаву і насунуўшы казырок шапкі на вочы. Няроўныя штуршкі фурманкі кідалі яго з боку на бок, ён здаваўся зусім непрытомным, нібы драмаў. Нарэшце ён выпрастаўся:

— Калі ж гэта мы да станцыі даедзем? — спытаў ён мужыка, сядзеўшага на казлах.

— А вось, паночку, — загаварыў мужык і яшчэ мацней заторгаў лейцамі: — як на ўзгорачак узбярэмся, вярсты дзве застанецца, не больш... Ну, ты! думай .. Я табе падумаю, — дадаў ён тоненькім голасам, прымаючыся сцебаць правага прыпрэжанага.

— Ты, здаецца, вельмі дрэнна едзеш, — заўважыў Рудзін, — мы з самай раніцы цягнемся і ніяк даехаць не можам. Ты-б хоць спяяў што-небудзь.

— Ды што будзеш рабіць, паночку! Коні, вы самі бачыце, змораныя... ізноў спякота. А пяяць мы не можам: мы не фурманы... Баранчык, а баранчык! — усклікнуў раптам мужычок, звяртаючыся да прахожага ў бурай світчонцы і стаптаных лапціках, саступі з дарогі, баранчык.

— Бач ты... Фурман! — прамармытаў яму ўслед прахожы і спыніўся. — Маскоўская костачка! — дадаў ён голасам, поўным дакору, паківаў галавою і закандыбаў далей.

— Куды ты! — падхапіў мужычок з расстаноўкай, торгаючы карэннага: — ах ты, хітры! сапраўды хітрун...

Змучаныя канягі сяк-так дацягнуліся, нарэшце, да паштовага двара. Рудзін вылез з фурманкі, расплаціўся з мужыком (які яму не пакланіўся і грошы доўга пабразгваў на далоні — відаць, на гарэлку мала дасталося) і сам унёс чамадан у станцыённы пакой.

Адзін мой знаёмы, шмат паездзіўшы ў сваім жыцці па Расіі, зрабіў заўвагу, што, калі ў станцыённым пакоі на сценках вісяць абразкі, маючыя сцэны з "Каўказскага нявольніка" або рускіх генералаў, значыць, коней неўзабаве дастаць можна; але калі на абразках намалявана жыццё вядомага іграка Жоржа-дэ-Жэрмані, значыць вандраўніку няма чаго спадзявацца на хуткі ад'езд: паспее ён надзівавацца на закручаны кок, белую расхрыстаную жылетку і надзвычай вузкія і кароткія нагавіцы іграка ў маладосці, на яго раз'юшаную фізіяномію, калі ён, будучы ўжо старым, забівае, высока ўзмахнуўшы крэслам, у хаце з крутым дахам, свайго сына. У пакоі, куды ўвайшоў Рудзін, віселі як раз гэтыя карціны, з "Трыццаці год, або жыцця іграка". На голас яго з'явіўся сматрыцель, заспаны (дарэчы — ці бачыў хто-небудзь сматрыцеля не заспанага?) і, не чакаўшы нават запытання Рудзіна, вялым голасам абвясціў, што коней няма.

— Як-жа вы кажыце, што коней няма — праказаў Рудзін: — а нават не ведаеце, куды я еду? Я сюды на абыватальскіх прыехаў.

— У нас нікуды коней няма, — адказаў сматрыцель. — А вы куды едзеце?

— У ...ск.

— Няма коней, — паўтарыў загадчык і вышаў вон.

Рудзін з прыкрасцю падышоў да акна і кінуў шапку на стол. Ён не дужа змяніўся, але пажаўцеў за апошнія два гады; срэбраныя ніці заблішчэлі дзе-ні-дзе ў чупрыне, і вочы, усё яшчэ прыгожыя, нібыта сацмелі, дробныя зморшчыны, сляды горкіх і трывожных пачуццяў, ляглі каля губ, на шчоках, на скронях.

Вопратка на ім была зношаная і старая, і бялізны не прыкмячалася нідзе. Час яго красавання відаць прайшоў: ён, як кажуць садоўнікі, пайшоў у семя.

Ён узяўся чытаць надпісы па сценах... вядомая забава пакутуючых з нуды вандраўнікоў... раптам дзверы зарыпелі і ўвайшоў сматрыцель.

— Коней у ...ск няма, і доўга яшчэ не будзе, — загаварыў ён: — а вось у ...оў ёсць зваротныя.

— У...оў? — праказаў Рудзін. — Ды што вы! гэта мне зусім не па дарозе. Я еду у Пензу, а ...оў ляжыць, здаецца, у напрамку да Тамбова.

— Што-ж? Вы з Тамбова можаце тады праехаць, або з ...ова як-небудзь звароціце.

Рудзін падумаў.

— Ну, хіба што, — праказаў ён, нарэшце, — загадайце залрэгчы коней. Мне ўсё роўна; паеду ў Тамбоў.

Коней неўзабаве падалі. Рудзін вынес свой чамаданчык, узлез на фурманку, сеў, панурыўся па-ранейшаму. Было штосьці бездапаможнае і сумна-пакорлівае ў яго нахіленай постаці... І тройка пацягнулася павольнай рыссю, адрывіста пабразгваючы званочкамі.

ЭПІЛОГ

Мінула яшчэ некалькі год.

Быў асенні халодны дзень. Да ганка галоўнай гасцініцы губернскага горада С...а пад'ехала дарожная каляска; з яе, злёгку падцягваючыся і крэкчучы, вылез чалавек яшчэ не стары, але ўжо паспеўшы набыць тую паўнату, якую звычайна называюць паважнай. Падняўшыся па сходнях на другі паверх, ён спыніўся каля ўваходу ў шырокі калідор, і, не бачачы нікога перад сабою, гучным голасам спытаў сабе нумар. Дзверы недзе стукнулі, з-за нізкіх шырмачак выскачыў даўжэзны лёкай і пайшоў уперад спяшлівай бакавой хадою, мільгаючы ў поўзмроку калідора зашмальцаванай спіною і падварочанымі рукавамі. Увайшоўшы ў нумар, праезджы зараз-жа скінуў з сябе шынель і шаль, сеў на канапу і, абапёршыся ў калені кулакамі, спачатку паглядзеў вакол, як-бы спрасонку, потым загадаў паклікаць свайго слугу. Лёкай зрабіў невыразны жэст і знік. Праезджы гэты быў ні хто іншы, як Лежнёў. Рэкруцкі набор выклікаў яго з вёскі ў С...

Слуга Лежнёва, хлапец малады, курчавы і чырвонашчокі, у шэрай шынелі, падперазанай сінім паяском, і мяккіх валенцах, увайшоў у пакой.

— Ну, вось, брат, мы і даехалі, — праказаў Лежнёў: — а ты ўсё баяўся, што шына з кола саскоча.

— Даехалі! — адказаў слуга, стараючыся ўсміхнуцца праз падняты каўнер шынелі: — а ўжо чаму-ж гэтая шына не саскочыла...

— Нікога тут няма? — пачуўся голас у калідоры.

Лежнёў уздрыгнуўся і пачаў прыслухоўвацца.

— Гэй! Хто там? — паўтарыў голас.

Лежнёў устаў, падышоў да дзвярэй і хутка адчыніў іх.

Перад ім стаяў чалавек высокага росту амаль зусім сівы і згорблены, у старым плісавым сурдуце з бронзавымі гузікамі. Лежнёў пазнаў яго адразу.

— Рудзін! — усклікнуў ён з хваляваннем. Рудзін абярнуўся. Ён не мог разгледзець рысы Лежнёва, стаяўшага да святла спіною, і з неўразуменнем глядзеў на яго.

— Вы мяне не пазнаёце? — загаварыў Лежнёў.

— Міхайла Міхайлыч! — усклікнуў Рудзін, і працягнуў руку, але збянтэжыўся і адвёў было яе назад...

Лежнёў спешна ўхапіўся за яе сваімі абодвума.

— Уваходзьце, уваходзьце да мяне! — сказаў ён Рудзіну, і ўвёў яго ў нумар.

— Як вы змяніліся! — прамовіў Лежнёў, памаўчаўшы і мімаволі панізіўшы голас.

— Так, кажуць! — адказаў Рудзін, блукаючы па пакоі зрокам. — Годы... А вось вы — нішто. Як здароўе Александры... вашай жонкі?

— Дзякую, — добра. Але якім чынам вы тут?

— Я? Гэта доўга расказваць. Уласна, сюды я зайшоў выпадкова. Я шукаў аднаго знаёмага. Аднак, я вельмі рад...

— Дзе вы абедаеце?

— Я? не ведаю. Дзе-небудзь у шынку. Я павінен сёння-ж выехаць адсюль.

— Павінны?

Рудзін значна ўсміхнуўся.

— Так-с, павінен. Мяне адпраўляюць да сябе ў вёску, на пражыванне.

— Паабедайце са мною.

Рудзін упершыню зірнуў проста ў вочы Лежнёву.

— Вы мне прапануеце з сабою абедаць? — праказаў ён.

— Так, Рудзін, па-даўнейшаму, па-таварыску. Хочаце? Не чакаў я вас сустрэць, і бог ведае, калі мы ўбачымся ізноў. Не развітацца-ж нам з вамі так.

— Калі ласка, я згодзен.

Лежнёў паціснуў Рудзіну руку, клікнуў слугу, заказаў абед і загадаў паставіць у лёд бутылку шампанскага.

* * *

У працягу абеда Лежнёў і Рудзін, як-бы згаварыўшыся, усё разважалі пра студэнцкую сваю пару, успаміналі шмат што і шмат каго — нябожчыкаў і жывых. Спачатку Рудзін гаварыў неахвотна, але ён выпіў некалькі царак віна, і кроў у ім распалілася. Нарэшце лёкай вынес апошняе блюда. Лежнёў устаў, зачыніў дзверы і, звярнуў: шыся да стала, сеў проста насустрач Рудзіна і паціху абапёрся падбародкам на абедзве рукі.

— Ну, цяпер, — пачаў ён: — расказвайце ж мне ўсё, што з вамі здарылася з таго часу, як я вас не бачыў.

Рудзін паглядзеў на Лежнева.

"Божа мой! — падумаў зноў Лежнёў: — "як ён змяніўся, небарака!

Рысы Рудзіна змяніліся мала, асабліва з таго часу, як мы бачылі яго на станцыі, хаця адзнакі блізкай старасці паспелі ўжо легчы на іх; але выраз іх зрабіўся інакшым. Іначай глядзелі вочы; ва ўсёй істоце яго, у жэстах, і замаруджаных, і бяссвязна парыўчатых, у пахаладзеўшай, як бы разбітай мове, выяўлялася стомленасць канчатковая, сукрыты і ціхі жаль, далёка непадобны на той не зусім шчыры сум, якім ён выхваляўся бывала, як наогул выхваляецца ім моладзь, поўная надзей і даверлівай ганарлівасці.

— Расказаць вам усё, што са мною здарылася? — загаварыў ён. — Усяго расказаць нельга і не варта... Мітусіўся я шмат, бадзяўся не адным целам — душою бадзяўся. У чым і калі я не расчараваўся, бог мой! з кім не збліжаўся! Так, з кім! — паўтарыў Рудзін, заўважыўшы, што Лежнёў з нейкім асаблівым спачуваннем паглядзеў яму ў твар — Колькі разоў мае ўласныя словы рабіліся мне брыдкімі — не кажу ўжо ў маіх вуснах, але і ў вуснах людзей, падзяляўшых мае погляды! Колькі разоў пераходзіў я ад нецярплівасці, ад капрызлівасці дзіцяці да тупой нячуласці каня, які ужо і хвастом не дрыгае, калі яго сцëбае пуга... Колькі разоў я радаваўся, спадзяваўся, ненавідзеў і гнуўся дарэмна! Колькі разоў вылятаў сокалам — і звяртаўся паўзком, як слімак, у якога раздушылі чарапашку!.. Дзе не бываў я, па якіх шляхах не хадзіў!.. А шляхі бываюць брудныя, — дадаў Рудзін, і злёгку адвараціўся. — Вы ведаеце... — гаварыў ён далей...

— Паслухайце, — перапыніў яго Лежнёў: — мы калісьці гаварылі, „ты“ адзін аднаму... Хочаш? аднавім старыну... Вып'ем на ты!

Рудзін устрапянуўся, прыпадняўся, а ў вачах яго прамільгнула нешта, чаго слова выказаць не можа.

— Вып'ем, — сказаў ён: — дзякую табе, браце, вып'ем.

Лежнёў і Рудзін выпілі па келіху.

Ты ведаеш, — пачаў зноў, з націскам на слове „ты“, і з усмешкаю, Рудзін: — ва мне сядзіць нейкі чарвяк, які грызе мяне і смокча, і не дасць мне супакоіцца да канца. Ён наштурхоўвае мяне на людзей, — яны спачатку падпадаюць пад мой ўплыў, а потым...

Рудзін правёў рукою ў паветры.

— З таго часу, як я развітаўся з вамі... з табою, я шмат зазнаў і перажыў... Пачынаў я жыць, браўся за новае разоў дваццаць — і вось бачыш!

— Вытрыманасці ў табе не было, — праказаў, як-бы сам сабе, Лежнёў.

— Як ты кажаш, вытрыманасці ва мне не было. Будаваць я ніколі нічога не ўмеў; ды і не жарты, браце, будаваць, калі і глебы пад нагамі няма, калі самому даводзіцца ўласны свой фундамент ствараць! Усіх маіх прыгод, ці, уласна кажучы, усіх маіх няўдач, я табе апісваць не буду. Перадам табе два-тры выпадкі... тыя выпадкі з майго жыцця, калі, здавалася, поспех ужо ўсміхнуўся мне, або не, калі я пачынаў спадзявацца на поспех, — што не зусім тое самае...

Рудзін адкінуў назад свае сівыя і ужо жыдкія валасы тым самым рухам рукі, якім некалі адкідваў сваю цёмную і густую чупрыну.

— Ну, слухай, — пачаў ён. — Сышоўся я ў Маскве з адным даволі дзіўным чалавекам. Ён быў вельмі багаты і ўладаў абшырнымі маёнткамі; не служыў. Галоўная, адзіная яго манія была любоў да навукі, да навукі наогул. Да гэтага часу не магу я ўцяміць, чаму гэтая манія ў ім праявілася! Так яна была яму да твара, як карове сядло. Сам ён на сілу трымаўся на вышыні розуму і гаварыць амаль не ўмеў, толькі паводзіў выразна вачыма і значна пакачваў галавою. Я, браце, не сустракаў бяздарней і бядней за яго прыроды... у Смаленскай губерні ёсць такія мясціны — пясок і болей нічога, ды зрэдку трава, якую ні адна скаціна есці не будзе. Нічога яму ў рукі не давалася — усё так і паўзло ад яго прэч, падалей; а вар'яцтва яшчэ яго ў тым заключалася, каб усё лёгкае рабіць цяжкім. Калі б гэта залежала ад яго распараджэнняў, у яго-бы людзі елі пяткамі, сапраўды. Работаў, пісаў і чытаў ён няўтомна. Ён хадзіў за навукай з нейкай упартай настойлівасцю, з цярплівасцю страшнай; ганарлівасць у ім была вялізная, і характар ён меу жалезны. Ён жыў адзін і меў славу дзівака. Я пазнаёміўся з ім... ну, і спадабаўся яму. Я, прызнаюся, хутка яго зразумеў; але стараннасць яго мяне кранула. Да таго-ж, уладаў ён такімі сродкамі, столькі можна было праз яго зрабіць дабра, прынесці карысці сапраўднай... Я пасяліўся ў яго і паехаў з ім, нарэшце, у яго вёску. Планы, браце, у мяне былі аграмадныя: я марыў пра розныя ўдасканаленні, навіны.

— Як у Ласунскай, памятаеш, — заўважыў Лежнёў з дабрадушнай усмешкай.

— Якое! там я ведаў у душы, што з слоў маіх нічога не выйдзе; а тут... тут зусім інакшае поле адкрывалася перада мною... Я навëз з сабою агранамічных кніг... праўда, я да канца не прачытаў ніводнай... Ну, і прыступіў да справы. Спачатку яно не пайшло, як я і чакаў, а потым яно нібыта і пайшло. Мой новы сябра ўсё памоўчваў, ды пазіраў, не перашкаджаў мне. г. зн. да пэўнай ступені не перашкаджаў мне. Ён прымаў мае прапановы і выконваў іх, але з упартасцю, туга, з захаванай недаверлівасцю, і ўсё гнуў на сваё. Ён надзвычай даражыў кожнай сваёй думкай. Узбярэцца на яе насілу, як божая кароўка на канец былінкі, і сядзіць, сядзіць на ёй, усё як быццам крыллі распраўляе і паляцець збіраецца — і раптам зваліцца, і зноў палезе... Не здзіўляйся ўсім гэтым параўнанням: яны яшчэ тады накіпелі ў мяне на душы. Так я вось і біўся гады два. Справа пасоўвалася дрэнна, не гледзячы на ўсе мае клопаты. Пачаў я таміцца, прыяцель мой надакучаў мне, я пачаў кпіць з яго, ён душыў мяне, пярына; недаверлівасць яго перайшла ў глухое раздражэнне, непрыязнае пачуццё ахоплівала нас абаіх, мы ўжо не маглі размаўляць ні пра што, ён цішком, але бесперастанку стараўся давесці мне, што болей не знаходзіцца пад маім уплывам, распараджэнні мае або скажаліся, або адмяняліся зусім... Я заўважыў, нарэшце, што знаходжуся ў пана памешчыка ў якасці нахлебніка па галіне разумовых практыкаванняў. Горка мне зрабілася марна траціць час і сілы, горка адчуць, што я зноў і зноў ашукаўся ў сваіх чаканнях. Я ведаў вельмі добра, што я губляў, ад'язджаючы; але я не мог зладзіць з сабою і аднойчы, пасля цяжкай абураючай сцэны, якой я быў сведкай, і якая паказала мне майго прыяцеля ў святле ужо занадта невыгодным, я пасварыўся з ім канчаткова і паехаў, кінуў паныча педанта, злепленага з стэпавай мукі з прымешкай нямецкай патакі...

— Значыць, кінуў надзённы кавалак хлеба, — праказаў Лежнёў і паклаў абедзве рукі на плечы Рудзіну.

— Так, і апынуўся зноў лёгкі і голы ў пустым прасторы. Ляці, куды хочаш... Эх, вып'ем!

— За тваё здароўе, — прамовіў Лежнёў, прыпадняўся і пацалаваў Рудзіна ў лоб. — За тваё здароўе і ва ўспамін Пакорскага... Ён таксама здолеў застацца жабраком.

— Вось табе і нумар першых маіх прыгод, — пачаў, пачакаўшы крыху, Рудзін. — Прадоўжваць, ці што?

— Прадоужвай, калі ласка.

— Эх! ды гаварыць-жа не хочацца. Змарыўся я гаварыць, браце... Ну, аднак, так і быць. Паштурхаўшыся яшчэ па розных месцах... дарэчы, я б мог расказаць табе, як я трапіў быў у сакратары да адной добрасумленнай саноўнай асобы, і што з гэтага вышла; але гэта завяло-б нас залішне далёка... Паштурхаўшыся па розных месцах я наважыў зрабіцца, не смейся, калі ласка... дзелавым чалавекам, практычным. Выпадак так быў: я сышоўся з адным... ты, мабыць, чуў пра яго... з адным Курбеевым... не?

— Не, не чуваў. Але, змілуйся, Рудзін, як-жа ты, з сваім розумам, не дагадаўся, што твае прызначэнне не ў тым, каб быць, прабач за каламбур... дзелавым чалавекам?

— Ведаю, брат, што не у тым; але, прынамсі, у чым яно, мае прызначэнне?.. Але калі-б ты бачыў Курбеева! Ты, калі ласка, не выабражай яго сабе якім-небудзь пустым балбатуном. Кажуць, я быў красамоўны калісьці. Я перад ім проста нічога не варты. Гэта быў чалавек надзвычай учоны, ведаючы, галава, творчая, браце, галава ў галіне прамысловасці і прадпрыемстваў гандлёвых. Праекты самыя смелыя, самыя нечаканыя, так і кіпелі ў яго ў галаве. Мы сышліся з ім і хацелі аддаць свае сілы на агульнакарысную справу...

— На якую, дазволь даведацца?

Рудзін апусціў вочы.

— Ты засмяешся.

— Чаму-ж? Не засмяюся.

— Мы задумалі адну рэчку у К...ой губерні зрабіць суднаходнай, — праказаў Рудзін з саромлівай усмешкай.

— Вось як! Значыць, гэты Курбееў капіталіст?

— Ён быў бядней за мяне, — адказаў Рудзін, і ціха панікнуў сваёй сівай галавой.

Лежнёў зарагатаў, але раптам спыніўся і ўзяў за руку Рудзіна.

— Прабач, мяне, браце, калі ласка, — загаварыў ён. — але я гэтага ніяк не чакаў. Ну, што-ж, гэта прадпрыемства ваша так і засталося на паперы?

— Не зусім. Пачатак выканання быў. Мы нанялі работнікаў... ну, і прыступілі. Але тут сустрэліся розныя перашкоды. Па-першае, уласнікі млыноў ніяк не хацелі зразумець нас, ды апрача таго мы з вадой без машын саўладаць не маглі, а на машыну не хапіла грошай. Шэсць месяцаў пражылі мы ў зямлянках. Курбееў адным хлебам карміўся, я таксама недаядаў. Хаця, я пра гэта не шкадую: прырода там надзіва. Мы біліся, біліся, угаварвалі купцоў, лісты пісалі, цыркуляры. Скончылася тым, што я апошні грош свой даканаў на гэтым праекце.

— Ну! — разважаў Лежнёў: — я думаю, даканаць твой апошні грош было не жарты.

— Не жарты, сапраўды.

Рудзін зірнуў у акно.

— А праект, далі-бог, быў не дрэнны і мог-бы прынесці аграмадныя выгады.

— Куды ж Курбееў гэты падзеўся? — спытаў Лежнёў.

— Ён? Ён у Сібіры зараз, золатапрамыслоўцам зрабіўся. І ты ўбачыш, ён сабе набудзе капітал, ён не загіне.

— Магчыма; але ты, вось, ужо напэўна капіталу сабе не набудзеш.

— Я? Што зробіш! Аднак, я ведаю: я заўсёды на тваю думку быў пустым чалавекам.

— Ты? Што ты, браце!.. Быў час, сапраўды, калі мне ў вочы кідаліся адны твае недахопы: але цяпер, павер мне, я навучыўся цаніць цябе. Ты сабе капіталу не набудзеш... Ды я люблю цябе за гэта... Што ты!

Рудзін слаба ўсміхнуўся.

— Сапраўды?

— Я паважаю цябе за гэта! — паўтарыў Лежнёў: — ці разумееш ты мяне?

Абое памаўчалі.

— Што-ж, пераходзіць да нумара трэцяга? — спытаў Рудзін. — Зрабі ласку.

— Калі хочаш. Нумар трэці і апошні. З гэтым нумарам я толькі цяпер расквітаўся. Але ці не надакучыў я табе?

— Гавары, гавары.

— Вось бачыш, — пачаў Рудзін: — я аднойчы падумаў у вольны час... а вольнага часу ў мяне заўжды шмат было... я падумаў: ведаў у мяне даволі, жадання дабра... паслухай, і ты ж не будзеш адмаўляць мне ў жаданні дабра?

— Вядома!

— У іншых усіх галінах я больш ці менш зрэзаўся... чаму б мне не зрабіцца педагогам, або, кажучы папросту, настаўнікам? Чым так жыць дарэмна...

Рудзін спыніўся і ўздыхнуў.

— Чым жыць дарэмна, ці не лепей пастарацца перадаць іншым, што я ведаю: можа быць, ім будзе ад маіх ведаў хоць якая-небудзь карысць. Здольнасці-ж мае не абыякія, нарэшце, языком я ўладаю... Вось я і наважыўся ахвяраваць сябе гэтай новай справе. Клопатна мне было дастаць пасаду; прыватных лекцый даваць я не хацеў; у ніжэйшых школах мне рабіць было-б няма чаго. Нарэшце, мне ўдалося дастаць пасаду выкладчыка ў тутэйшай гімназіі.

— Выкладчыка — чаго? — спытаў Лежнёў.

— Выкладчыка рускай літаратуры. Скажу табе, ні за адну справу не браўся я з такім палам, як за гэта. Думка ўздзейнічаць на юнацтва запаліла мяне. Тры тыдні прасядзеў я над складаннем уступнай лекцыі.

— Яе няма ў цябе, — перапыніў Лежнёў.

— Няма: згубілася недзе. Яна вышла нядрэнная і спадабалася. Як цяпер бачу маіх гледачоў, — добрых, маладых, з выяўленнем на тварах чыстасардэчнай увагі, спачування, нават захаплення. Узышоў я на кафедру, прачытаў лекцыю як у ліхаманцы; я думаў яе хопіць больш як на гадзіну, а я яе ў дваццаць мінут скончыў. Інспектар тутжа сядзеў — сухарлявы стары у срэбраных акулярах і кароткім парыку; ён зрэдку нахіляў галаву ў мой бок. Калі я скончыў і саскочыў з крэслаў, ён мне сказаў: "Харашо-с, толькі высока крыху, цемнавата, ды і пра самы прадмет мала сказана". А гімназісты з пашанай правадзілі мяне вачыма... Сапраўды... Вось-жа чым слаўна моладзь! Другую лекцыю я прынёс напісаную, і трэцюю таксама... потым я пачаў імправізіраваць.

— І меў поспех? — спытаў Лежнёў.

— Меў вялікі поспех. Слухачы прыходзілі натоўпамі. Я перадаваў ім усё, што ў мяне было ў душы. Між імі было тры-чатыры хлопчыкі, сапраўды надзіва; астатнія мяне разумелі слаба, але, трэба прызнацца, што і тыя, якія мяне разумелі, часам прыводзілі мяне ў замяшанне сваімі запытаннямі. Але я не сумаваў. Любіць — мяне ўсе любілі; я на рэпетыцыях стаўляў поўныя балы ўсім. Але тут пачалася супроць мяне інтрыга... або не! ніякай інтрыгі не было; а я, проста трапіў не ў сваю сферу. Я перашкаджаў іншым, і мяне ўціскалі. Я чытаў гімназістам, як і студэнтам не заўсёды чытаюць; слухачы мае выносілі мала з маіх лекцый... факты я сам ведаў дрэнна. Да таго-ж, я не абмежаваўся колам дзеяння, якое было мне вызначана... ужо гэта, ты ведаеш, мая слабасць. Я хацеў карэнных рэформ, і, клянуся табе, гэтыя рэформы былі і дзельныя і лёгкія. Я спадзяваўся правесці іх праз дырэктара, добрага і сумленнага чалавека, на якога я спачатку меў уплыў. Яго жонка мне дапамагала. Я, браце, у жыцці сваім не шмат сустракаў такіх жанчын. Ёй ужо было год пад сорак; але яна верыла ў дабро, любіла ўсё прыгожае, як пятнаццацігадовая дзяўчынка, і не баялася выказваць свае перакананні ні перад кім. Я ніколі не забудуся на яе шчырую захопленасць і чыстасць.. Па яе парадзе я напісаў быў план... Але тут пад мяне падкапаліся, ачарнілі мяне перад ёю. Асабліва пашкодзіў мне настаўнік матэматыкі, маленькі чалавек, востры, злосны і ні ў вошта не верыўшы, накшталт Пігасава, толькі куды здольней за яго... Дарэчы, што Пігасаў, жыве?

— Жыве і, уяві сабе, ажаніўся з мяшчанкай, якая, кажуць, б'е яго.

— Так яму і трэба! Ну, а Наталья Алексееўна здарова?

— Так.

— Шчасліва?

— Так.

Рудзін памаўчаў.

— Пра што гэта я гаварыў?.. Так! пра настаўніка матэматыкі. Ён мяне узненавідзеў; параўноўваў мае лекцыі з феерверкам, лавіў на-ляту кожны не зусім ясны выраз, раз нават збіў мяне на нейкім помніку XVI стагоддзя... а галоўнае, ён западазрыў мае намеры; апошні мой мыльны пузыр натыкнуўся на яго, як на шпільку, і лопнуў. Інспектар, з якім я адразу не паладзіў, падбухторыў супроць мяне дырэктара; вышла сцэна, я не хацеў спусціць, пагарачыўся, справа дайшла да ведама начальства; я вымушан быў выйсці ў адстаўку. Я гэтым не абмежаваўся, я хацеў паказаць, што са мною нельга абыходзіцца так... але са мною можна было абыходзіцца, як хто хацеў... Я цяпер павінен выехаць адсюль.

Наступіла маўчанне. Абое прыяцелі сядзелі, панурыўшы галовы.

Першы загаварыў Рудзін.

— Так, брат, — пачаў ён: — я цяпер магу сказаць з Кальцова: "Да чаго ты, мая маладосць, давяла мяне, дамыкала, што ўжо кроку ступіць некуды"... А тым часам, няўжо-ж я ні навошта не быў здатны, няўжо для мяне так-такі няма прызначэння на зямлі? Часта я задаваў сабе гэтае запытанне, і як, я ні стараўся сябе знізіць ва ўласных вачах, не мог-жа я не адчуваць у сябе наяўнасці сіл, не ўсім людзям дадзеных! Чаму-ж гэтыя сілы застаюцца бясплённымі? І вось яшчэ што: памятаеш, калі мы з табой былі за граніцай, я быў тады саманадзейны і фальшывы... Праўда, я тады ясна не ўсведамляў, чаго я хацеў, я ўпіваўся словамі і верыў у мары; але цяпер, клянуся табе, я магу ўголас перад усімі выказаць усё, чаго я жадаю. Мне хаваць абсалютна няма чаго: я зусім, і ў самай сутнасці слова, чалавек добрасумленны, я сміраюся, хачу дастасавацца да абставін, хачу малога, хачу дасягнуць мэты блізкай, прынесці хаця маленькую карысць. Не! не ўдасца! Што гэта значыць? Што перашкаджае мне жыць і дзейнічаць, як іншыя?.. Я толькі пра гэта цяпер і мару. Але толькі паспею я ўвайсці ў пэўнае становішча, застанавіцца на пэўным пункце, лёс мой так і сапрэ мяне з яго прэч... Я пачаў баяцца яго, майго лёсу... Чаму ўсё гэта? Вырашы мне гэту загадку!

— Загадку! — паўтарыў Лежнёў. — Так, гэта праўда. Ты і для мяне быў заўсёды загадкай. Нават у маладосці, калі, бывала, пасля якога-небудзь дробнага праступку, ты раптам загаворыш так, што сэрца ўскалынецца, а там зноў пачнеш... ну, ты ведаеш, што я хачу сказаць... нават тады я цябе не разумеў: вось таму-ж я і разлюбіў цябе... Сіл у табе так многа, імкненне да ідэала такое няўтомнае.

— Словы, усё словы! Справы не было! — перапыніў Рудзін.

— Справы не было! Якія ж справы...

— Якія справы? Сляпую бабку і ўсю яе сям'ю сваёю працай пракарміць, як, памятаеш, Пражэнцаў... Вось табе і справа...

— Так; але добрае слова — таксама справа.

Рудзін паглядзеу моўчкі на Лежнева і ціха пакачаў галавой.

Лежнёў хацеў быў нешта сказаць і правёў рукою па твары.

— Значыць, ты едзеш у вёску? — спытаў ён нарэшце.

— У вёску.

— Ды хіба ў цябе засталася вёска?

— Там нешта такое засталося. Дзве душы з паловаю. Куток ёсць, дзе памерці. Ты, мабыць, думаеш у гэты момант: „І тут не абышоўся без фразы!“ Фраза, праўда, мяне згубіла, яна заела мяне, я да канца не мог ад яе адчапіцца. Але тое, што я сказаў, не фраза. Не фраза, браце, гэтыя белыя валасы, гэтыя зморшчыны; гэтыя прадраныя локці — не фраза. Ты заўжды быу строгі да мяне, і ты быў справядлівы; але не да строгасці цяпер, калі ўжо ўсе скончана, і алівы ў лампадзе няма, і сама лампада пабіта, і вось, вось, зараз пагасне агонь... Смерць, браце, павінна памірыць нарэшце...

Лежнёў ускочыў.

— Рудзін! — усклікнуў ён: — навошта ты мне гэта гаворыш? Чым я заслужыў гэта ад цябе? Што я за суддзя такі, і што-б я быў за чалавек, калі-б я, убачыўшы твае ўпалыя шчокі і зморшчыны, мог сказаць сам сабе слова: фраза? Ты хочаш ведаць, што я думаю пра цябе? Калі ласка! Я думаю: вось чалавек... з яго здольнасцямі, чаго б ён не мог дасягнуць, якімі зямнымі выгодамі не ўладаў-бы цяпер, калі-б захацеў!.. а я сустракаю яго галоднага, без прытулку...

— Я выклікаю ў цябе жаль, — праказаў глуха Рудзін.

— Не, ты памыляешся. Ты павагу ва мне выклікаеш — вось што. Хто табе перашкаджаў праводзіць гады за гадамі ў гэтага памешчыка, твайго прыяцеля, які, я цвёрда упэўнен, калі-б ты толькі захацеў пад яго падладжвацца, усталяваў-бы твае становішча, Чаму ты не мог ужыцца ў гімназіі, чаму ты-дзіўны чалавек! — з якімі б замерамі ні пачынаў справу, штораз абавязкова канцаў яе тым, што ахвяроўваў сваю асабістую карысць, не пускаў карэнняў у няўдзячную глебу, якая-б яна тлустая ні была?

— Я нарадзіўся перакаці-полем, — сказаў Рудзін, з сумнай усмешкай. — Я не магу застанавіцца.

— Гэта праўда; але ты не можаш застанавіцца не таму, што ў цябе чарвяк жыве, як ты сказаў мне спачатку... Не чарвяк у цябе жыве, не дух гультайскага непакою: агонь замілавання да праўды ў табе гарыць і відаць, не гледзячы на ўсе твае няўдачы, ён гарыць у табе мацней, як ва многіх, якія нават не лічаць сябе за эгаістаў, а цябе, мабыць, называюць інтрыганам. Ды я першы, на тваім месцы, даўно-б прымусіў змоўкнуць у сябе гэтага чарвяка і прымірыўся б з усім; а ў цябе нават злосці не прыдалося, і ты, я ўпэўнен, сёння-ж, зараз, гатоў зноў узяцца за новую работу, як юнак.

— Не, браце, я цяпер змарыўся, — праказаў Рудзін. — З мяне досыць.

— Змарыўся! Іншы хто памёр-бы даўно. Ты кажаш, смерць прымірае, а жыццë, ты думаеш, не прымірае? Хто пажыў, ды не зрабіўся спачуваючым да іншых, той сам на заслугоўвае спачування. А хто можа сказаць, што яму спачування не трэба? Ты зрабіў, што мог, змагаўся, пакуль былі сілы... Чаго-ж болей? Нашы шлях разышліся.

— Ты, браце, зусім іншы чалавек, як я, — перапыніў Рудзін, уздыхнуўшы.

— Нашы шляхі разышліся, — гаварыў далей Лежнёў: — можа быць якраз таму, што, дзякуючы маёй уласнасці, халоднай крыві, ды іншым шчаслівым варункам, нішто мне не перашкаджала сядзець абібокам, ды заставацца гледачом, злажыўшы рукі; а ты павінен быў выйсці ў поле, закасаць рукавы, працаваць, работаць. Нашы шляхі разышліся... але паглядзі, як мы блізкі адзін ад наму. Мы-ж гаворым з табою амаль адной мовай, з поўнамёку разумеем адзін аднаго, на адных пачуццях выраслі. Ужо-ж мала нас застаецца, браце, мы-ж з табой апошнія магіканы! Мы маглі разыходзіцца, нават сварыцца ў старыя гады, калі яшчэ шмат жыцця заставалася наперадзе; але цяпер, калі натоўп радзее вакол нас, калі новыя пакаленні ідуць міма нас, не з нашымі мэтамі, нам трэба моцна трымацца адзін за аднаго. Чокнемся, браце, і давай па-даўнейшаму Gaudeamus igitur.

Прыяцелі чокнуліся шклянкамі і прапелі расчу ленымі і фальшывымі проста рускімі галасамі старую студэнцкую песню.

— Вось ты цяпер у вёску едзеш, — загаварыў зноў Лежнёў. — Не думаю, каб ты доўга ў ёй застаўся, і не магу сабе ўявіць, чым, дзе і як ты скончыш... Але памятай: што-б з табой ні здарылася, у цябе заўсёды ёсць месца, ёсць гняздо, дзе ты можаш прытуліцца. Гэта мой дом... чуеш, старына? У мыслі таксама ёсць свае інваліды: трэба, каб і ў іх быў прытулак.

Рудзін устаў.

— Дзякую табе, браце, — сказаў ён. Дзякую! Не забуду я табе гэтага. Толькі прытулку я не варты. Сапсаваў я сваё жыццё і не служыў мыслі, як належыць.

— Маўчы! — не пераставаў Лежнеў. — Кожны застаецца тым, чым зрабіла яго прырода, і больш патрабаваць ад яго не можа! Ты назваў сябе Вечным Жыдам... А скуль ты ведаеш, можа, табе і і належыць так вечна вандраваць, можа быць, ты выконваеш гэтым вышэйшае, для цябе самога невядомае прызначэнне: народная мудрасць нездарма кажа, што мы ўсе пад богам ходзім. Ты едзеш, — гаварыў далей Лежнёў, убачыўшы, што Рудзін узяўся за шапку. — Ты не застанешся начаваць?

— Еду! Бывай. Дзякую... А скончу я дрэнна.

— Гэта ведае бог... Ты сапраўды едзеш?

— Еду. Бывай. Не памінай мяне ліхам.

— Ну, не памінай-жа ліхам і мяне... І не забудзься, што я сказаў табе. Бывай...

Прыяцелі абняліся. Рудзін хутка вышаў.

Лежнёў доўга хадзіў узад і ўперад па пакоі, застанавіўся перад акном, падумаў, праказаў упоўголаса: "Небарака!" і, сеўшы за стол, пачаў пісаць ліст да сваёй жонкі.

А на дваря ўзняўся вецер і завыў злавесным скавытаннем, цяжка і злосна стукаючы ў вокны. Надыходзіла доўгая асенняя ноч. Хораша таму, хто ў такія ночы сядзіць пад утулкам дома, у каго ёсць цёплы куток... І памажы божа ўсім беспрытульным вандраўнікам!

__________

У гарачы поўдзень, 26 чэрвеня 1848 года, у Парыжы, калі паўстанне "нацыянальных майстэрняў" было амаль задушана, у адным з цесных завулкаў прадмесця св. Антонія, батальён лінейнага войска браў барыкаду. Некалькі гарматных стрэлаў ужо разбілі яе; яе абаронцы, хто застаўся жывым, яе пакідалі і толькі думалі пра сваё ратаванне, як раптам на самай яе вяршыні, на прадаўленым корабе паваленага амнібуса, з'явіўся высокі чалавек у старым сурдуце, падпяразаным чырвоным шалем, і саламяным капялюшы на сівых раскудлачаных валасах. У адной руцэ ён трымаў чырвоны сцяг, у другой — крывую і тупую шаблю, і крычаў нешта напружаным і тонкім голасам, карабкаючыся ўгару і памахваючы і сцягам і шабляй. Венсенскі стралок прыцэліўся ў яго — стрэліў... Высокі чалавек выпусціў сцяг — і, як мяшок, паваліўся тварам ніцма, нібыта ў ногі некаму пакланіўся... Куля прайшла яму скрозь самае сэрца.

— Tiens! — сказаў адзін з уцякаўшых insurges другому: — on vіent de tuer le Polonais[30].

— Bigre![31] — адказаў той, і абое кінуліся ў сутарэнне дома, у якога ўсе акяніцы былі зачынены і сцены пакрыты слядамі куль і ядраў.

Гэты „Polonaіs“ быў — Дзімітры Рудзін.


  1. Але-ж тое, што вы апавядаеце, гэта жах, судар (фр.)
  2. Дзякую, гэта чароўна (фр.)
  3. Ён такі мілагучны (фр.).
  4. Барон нагэтулькі ласкавы, як і вучаны (фр.).
  5. Гэта сапраўдны паток... ён вас захапляе (фр.).
  6. Паны і дамы (фр.).
  7. Дзякую (фр.).
  8. А, абедзенны званок... вернемся (фр.).
  9. Шкада, што гэты чароўны хлопчык такі няздатны да размоў (фр.).
  10. Гэта нервовае (фр.).
  11. Гэта чалавек, як належыць (фр.).
  12. Гэта Таквіль, як вы ведаеце (фр.).
  13. Вы паэт (фр.).
  14. У стылі мадам Рэкам'е (фр.).
  15. Вось п. Пігасаў і знішчаны (фр.).
  16. Між намі... у ім мала зместу (фр.).
  17. Зусім прыстойны чалавек (фр.).
  18. Але гэта нічога не мяняе (фр.).
  19. Ці-ж не праўда, як ён падобны на Канінга (фр.).
  20. Вы гравіруеце, як разцом (фр.)-
  21. Вы з нашага кола (фр.).
  22. Вось і пра другога (фр.).
  23. Канстантын, — ён мой сакратар (фр.).
  24. Што з вамі? (фр.).
  25. Мая дачка — гэта сапраўды прыстойны чалавек (фр.).
  26. Канечна, судар, з прыемнасцю (фр.).
  27. Вясёлая пагулянка (фр.).
  28. Прыпіска (лац.).
  29. Але яна будзе больш вытрымана (фр.).
  30. Глядзі-ка, паляка забілі (фр.). insurges — паўстанец (фр.).
  31. Чорт пабяры! (фр.).