Перайсці да зместу

Родныя зьявы (1914)/Трывога

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Малады дубок Трывога
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1914 год
На начлезе
Іншыя публікацыі гэтага твора: Трывога (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Трывога.


I.

Ужо два тыдні, як над сялом павіс нейкі страх і трывога, чэканьне чагось страшнаго і неадваротнаго. А што паслужыла першаю прычынаю, дык гэта — вялікая суш. Як толькі пачалася весна, ніводнаго не было дожджыка. Пасеянае збожжэ ў полях і агароды гібелі. На гэтым грунце і пайшлі ўселякіе гутаркі. То тут, то там на вуліцы зьбіраліся мужчыны і жанкі і разьбіралі прычыны, чаму німа дажджу, тут-жэ расказывалі розные страшные здарэньня апошніх дзён. А нідаўна пастушкі бачылі такое дзіва, што і ў лысых падымаліся дыбам валасы: па полі совалася ваўчыца, ў каторай была чэлавечча галава! Апроч гэтаго, ў лесі, як казалі, туляліся катаржнікі, уцёкшые з астрога. І ўсё гэта, ўзятае разам, і радзіла той страх і трывогу, што, як туман, віселі над сялом.

А на ўсё сяло найбольшым трусам быў Мікола Гляк. Такога палахліваго і баязьліваго чэлавека, як ён, трудна знайсьці. Баіцца ён воўка, баіцца магілак, разбойніка, чорта. Хоць вы азалаціце яго, ніколі ня пойдзе ён адзін у ночы праз лес. А калі, бывала, захопіць яго ў дарозе шэрая гадзіна, то каню — беда! І ўжо яго конік сам ведае: чуць толькі пачне зьмеркацца, ён не чэкае, пакуль Мікола будзе тузаць яго лейцамі і паддаваць ахвоты пугай, а сам, пырхнуўшы для сьмеласьці, выгінаў сваю худую шыю с куртатаю грывай і борзда драбязіў таўставатымі ножкамі. А калі Мікалаю даводзілася ў такі час ісьці пяхотам, то ён так шпарка ішоў, што прыходзіў да дому ўвесь мокры. Ішоў ён раз вечэрам. Да сяла ешчэ было вярсты тры. На небі ўжо пачалі ўсходзіць першые зоркі. Раптам с-пад ялаўцоваго куста выляцела птушэчка. Мікола знячэўку стаў, і з яго грудзей, проці яго волі, выляцеў жаласны і доўгі крык:

— А-а-а-й!

II.

Не спалася ў гэту ноч Мікалаю. Ў хаці з ім быў адзін толькі Міхаська, яго сын, хлопчык гадкоў шасьці. Жонка ешчэ ў дзень пайшла да хворай сястры. Пакуль сяло гаманіла, Мікола сяк-так трымаўся і барукаўся са страхам, не даваў яму надта вялікай аблады над сабою. Сон-жэ, як на злосць, ніяк не замыкаў яму вочы. Праўда, ў дзень Мікола даў храпака і выспаўся. „Трэба кінуць гэты паганы звычай спаць у дзень,“ думаў ён і хаваў галаву пад коўдру, плюшчыў вочы, пробаваў нават храпці. Але, храпануўшы раз, ён спалохаўся свайго храпу і зараз-жэ перэстаў. Тым часам сяло моўкла, ноч ўсё цяжэй і глыбей наседала на зямлю.

— Міхась! Міхаська! —

— Га!

— Ты ўжо сьпіш, сынок?

— Сплю, — пачуўся з запечка голас Міхася.

— Можэ-б ты, сынок, зьбегаў да цёткі ды паклікаў-бы матку? Скажы — тату нешта нядобра зрабілася.

— Ого! я баюся!

— Дурэнь ты! чаго баяцца? вось сказаў! — стаў бацька высьмеіваць страхі сына, а сам увесь калоціцца ад страху.

— А як спаткаю ваўчыцу с чэлавечай галавой? — сказаў сын.

— Якую ваўчыцу? што ты пляцеш? сасьніў, ці што?

— Сасьніў! ці-ж ты ня чуў хіба?

— Дзе? што? — спытаў бацька апаўшым голасам, а сам пачуў, як уся скура якбы стала сьцягацца, каб вылужыць яго цела.

А Міхаська стаў расказываць пра ваўчыцу с чэлавечай галавой і расказаў гэта такім тонам, што сьмешна было сумлевацца ў праўдзе.

— Брэшуць! — чуць не плачучы сказаў бацька.

— Даль-Бог, татачка, праўда! Вось, тата, не дасі веры! спытайся, ў каго хочэш.

Але тут у Міколы і язык адняўся. Ён баяўся зірнуць у вакно, бо быў пэўны, што ў вакне ўжо тырчыць страшная галава.

Памаўчалі.

— Міхаська! — зноў аклікнуў бацька сына: — паглядзі ты там на прымурачку мой капшук с тытуном і прынясі мне яго, сынок: нешта закурыць захацелася.

Гаворачы так, Мікола думаў залучыць да сябе сына і палажыць с сабою — ўсё-ж весялей, як чуеш каля сябе жывую душу.

— Даль-Бог-жэ, татачка, не ўстану! Зарэж мяне — не падыймуся: я чуў — нешта шалпатала ў качэргах!

— Цьфу, брыда! — вырвалася у Міколы. Цяпер ён калаціўся, як асінавы ліст, і мусіў трымаць шчэмленай губу, каб не ляскалі зубы. Але быў такі момант, што сіла шчамленьня перэрвалася, і зубы так застукалі, ўсё роўна, як Марцін Паліваны пробаваў на Вялікдзень моц яйца, зьбіраючыся гуляць ў біткі.

А сыну здалося, што гэта нехта бразгае ў ваконніцу. Ён падняў галаву і абапёрся на локці.

— Тата! — голасам, поўным перапуду, аклікнуў цяпер сын бацьку: — нехта трасе ваконніцу!

Ці з вялікаго страху, ці ад гічаноў, каторые бацька еў на вячэру, толькі-ж у жываце ў яго як забурчыць! Як-бы хто ў трубу затрубіў!

— Ай! В-в-в-у! — нема загукаў на ўсю хату Мікалай, ды так страшна і дзіка, што сыну здалося, што ўжо бацьку душаць, і ён с свайго кутка як залякочэ!

А бацьку чорт ведае, што здалося.

— Ай, тата!

— Г-г-гу!

І такі справілі кірмаш, што хата траслася.

Мікола ўсхапіўся с пасьцелі, як непрытомны. Ён нічога ня помніў, звалок с шэстка жончыну спадніцу і накінуў яе на плечы. Бягучы да дзьвярэй, вырваў с коміна заткала і выскачыў на двор. Каля яго, ўляпіўшыся за зрэбные порткі, стаяў Міхаська. А на гэты час праходзіла тут варта. Пачуўшы крык, вартаўнікі так сама перэпалохаліся. Зірнуўшы туды, аткуль нёсся крык, убачылі агонь: Мікалаева суседка, Лэя, пекла булкі і вышла з лучынай у сені.

— Пажар! — загаманіла варта.

Адзін з вартаўнікоў кінуўся на званіцу і давай жарыць у званы. Абудзілася сяло, падняўся крык, гвалт. З усіх двароў забрэхалі сабакі.

Хто гарыць? хто гарыць? — пыталіся, бягучы людзі.

— Мікола Гляк высунуўся з двара на вуліцу з заткалам у руках і з жончынай спадніцай на плечах.

Убачыўшы Мікалая ў такой во́пратцы і з заткалам у руках, цэлая чарада селян аткінулася назад і с крыкам: „Чорт! чорт!“ — пусьцілася на ўцёкі.

Стойце, браткі! гэта-ж я! — загаласіў Мікалай і пабег за імі з заткалам, а за ім і Міхаська. Але на вуліцы ўжо нікога не было. Ахамянуўшыся, Мікалай узяў за руку сына і сказаў:

— Сынок, хадзем да хаты! І маўчы, нікому нічога ані шэп!

А назаўтра ешчэ большая трывога павісла над сялом.