Перайсці да зместу

Родныя зьявы (1914)/На начлезе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Трывога На начлезе
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1914 год
Кажух старога Анісіма
Іншыя публікацыі гэтага твора: На начлезе (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




На начлезі.


I.

Не малады ўжо чэлавек Тамаш Чучка, і не яму-б езьдзіць на начлег. Праўда, начлег не такая ўжо цяжкая рэч: але, што ні кажы, ўсё-ж такі старым косьцям куды лепш было-б лежаць на сяньніку каля печы. Але хто-ж паедзе? Якуб можэ гэтымі днямі прыедзе с плытоў, а покі што трэба зьбірацца. Падапрануўшы кажушок і патперазаўшыся путам, Тамаш вышаў с хаты.

На вуліцы ўжо тупалі капытамі коні, бражджалі званкі сіпаватымі галаскамі. Начлежнікі ехалі шумна. Сярод іх было колькі дзяцюкоў, а найболей ўсё былі дзеці, хлопцы патшывальцы; былі тут і дзеўчаты. Ўся гэта галда крычэла, гаманіла; дзяцюкі, а за імі і жэўжыкі — хлопцы пазвалялі сабе злішняе: ніводнай хаты не прапускалі яны, каб ня выкусіць якой штукі на шчот гаспадара, гаспадыні або іх дачкі.

Едуць, скажэм, каля Дземянавай хаты. Ну, Дземян дык Дземян: чэлавек, як і ўсе людзі. Не! Ім трэба чапіць чэлавека. Ось, пад’ежджае адзін да вакна, спыняе каня і пытае:

— Дземян дома?

— Дома, — чуецца с хаты.

— Тэм-латадэм, Дземян дома! — крычыць распусьнік і едзе далей. За ім едзе, другі, трэці і гэтак усе.

— Дземян дома?

— Тэм-латадэм, Дземян дома! — патхопліваюць усім гуртом.

Усякі ведае, што „Тэм-латадэм“ чорт яго знае, што азначае, але ў канцы Дземяну так намазоліць вушы гэта „Тэм-латадэм“, што ён зрываецца у адных портках і кашулі, хапае качаргу і вылетае, як бура, на вуліцу. Гэтаго толькі і трэба патшывальцам. Яны с крыкам і сьмехам задаюць махні драла верхамі на конях. А Дземян, лаючы і праклінаючы іх, бяжыць за імі вератнёў два, покі дух не захопіць яму. Пад’ехаўшы да Тамаша, начлежнікі зацягнулі песьню:

У нашаго Тамаша
Гной цячэ с капелюша!

— А ты глядзі от — каб у цябе з носу не цякло, — спакойна адазваўся Тамаш, падводзючы каня да плоту, каб сесьці вярхом. Каню, відаць, ня вельмі падабаецца нясьці на сабе гаспадара, і ён, як толькі Тамаш нарыхтуецца сесьці, зараз-жэ уцекаў ад плота. Тамаш крычаў на каня, зноў цягнуў яго да плоту, покі сяк-так не ўсчарэпіўся вярхом. Начлежнікі ужо ад’ехалі далёка, як Тамаш выежджаў з двара. Ды яно і лепей. Якая яму кампанія гэтае блазэнства, толькі выскаляцца будуць, а конь і сам патрапіць за імі.

II.

Начлежнікі выбралі высокі, сухі груд, каб можна было прылегчы і разлажыць агонь. Кожны начлежнік вёз з дому па палену дроў, бо луг быў голы, як бубен. Спыніліся начлежнікі, спыніўся і Тамаш, ён спутаў свайго коніка, павесіў яму на шыю пярэвясла, каб заўтра скарэй знайсьці свайго каня, і прылёг ваодаль ад гэтай маладой галды.

С шумам і гукам раскладалі начлежнікі агонь, штурхаліся, дурэлі. А Тамаш, скінуўшы капялюш і ўзняўшы на неба вочы, гаварыў пацеры. Іншые малітвы ён гаварыў і па каталіцку і па праваслаўнаму — нікому не хацеў крыўды зрабіць Тамаш. Зоры, як Божые матылёчкі, трапыхаліся, дрыжэлі, і іх блеск пераліваўся дзіўнымі колерамі нязлічэных агнёў. За лугам чуць-чуць выступала сваім чорным абрысам зубатая палоска яловаго лесу, а над ім мігацелі чырвоные стужкі трывожных зарніц. Кругом было так спакойна, так ціха і згодна, што душа мімавольна адрывалася ад зямлі і неслася ў невядомую высь, каб зліцца с хараством, з безгранічнасцьцю гэтаго таёмнаго, неразгаданаго сьвету. Тамаш маліўся, і нейкая безпрычынная радасць расходзілася па ўсіх закутках яго цела. Памаліўшыся Богу, Тамаш лёг на сьпіну, падлажыўшы пад галаву рукі. Доўга ён лежаў гэтак і разважаў у сваіх думках. Аб чым думалася, ён і сам не атказаў-бы, каб яго хто спытаў аб гэтым. Думкі самі йшлі і праходзілі, бы тые лёгкіе хмаркі на небі, йшлі і раставалі, як сьняжынкі.

А там, каля агню, варушыліся і бегалі дзеці, адтуль нясліся песьні і вокрыкі. Памалу ўсё супакоілася. Толькі сьмех, дружны і закатны, гаварыў, што каля агню ешчэ не сьпяць. Тамаш зацікавіўся і стаў прыслуховывацца. Пачуўся сабачы брэх, праўдзівы сабачы голас. І зараз-жэ вырваўся дружны рогат начлежнікаў. Тамаш падняўся і падышоў к агню.

Начлежнікі сядзелі ў кружок. Пасярэдзіне гарэў агоньчык, а каля агню сядзеў хлопчык, Пятрусь. Ён і пацешаў начлежнікаў. Пятрусь, як ніхто, умеў паказаць, як брэшэ чый сабака.

— Ну, а як брэшэ Гаронімаў Лыска? — пыталі Пятруся.

Пятрусь брэхаў. І ніхто не падумаў бы, што гэта брэшэ Пятрусь, а не Гаронімаў Лыска.

Тамаш слухаў, і губы яго самі разнімаліся для сьмеху.

— І крошкі пабраў, — сказаў гаркаючы Тамаш.

— Пятрусь! — ня вытрываў Тамаш: — а як брлат мая сучка брлэшэ?

Жулік-Пятрусь зірнуў на Тамаша.

— Гэрл! гэрл! гэрл! — перэдражніў ён Тамаша і яго сучку.

Усе так і паехалі са сьмеху.

— От брладзяга, — сказаў Тамаш і плюнуў. Тамаш пасядзеў ешчэ колькі мінуцін; гаворка начлежнікаў, іх крык і шум нейк адлеталі ад яго і не трывожылі; потым ён прылёг, патпёршы рукою галаву. Сон непрыкметна самкнуў яму вочы, рука аслабела, і галава сама з’ехалася на распрастаную руку.

III.

— Пан Бог з намі, Дух Сьвяты! што са мною? дзе я?

Тамаш узьняў галаву і стаў прыгледацца. Ён чуў, што нешта цяжка навалілася на яго плечы, і павярнуўся. Гэтае мягкое і цяжкое бяз шуму спаўзло з яго. Яму было холадна, ўсе часткі яго цела дрыжэлі ад ранічнай сырасьці. Тамаш успомніў, што тут павінен быць агонь. Але дзе-ж начлежнікі. Ні агню ні начлежнікаў не было і почуту.

— Што за праява? — Тамаш правёў рукою па твары, працёр вочы. Змрок і туман, прадвесьнікі раніцы, густа віселі над зямлёю і ўсё закрывалі ад вачэй. Ўсюды было ціха. Тамаш стаў прыпамінаць мейсцэ, куды прыехалі начлежнікі, прыпомніў вечар, жарты начлежнікаў, Пятруся — брэхуна. Не без пачуцьця крыўды ўспомніў ён гэтаго самаго шэльму, каторы састроіў кпіны з яго, паказаўшы, як брэшэ яго сучка. А што было далей? Ці то яму сьнілася, ці гаварыў хто з начлежнікаў, — тут Тамаш увесь закалаціўся! І вось што цяпер яму ўспомнілася. Было гэта на начлезі. У адным мейсцы тварылася штось страшнае і няўцешнае. Нейкая сіла (ведама, нячыстая), не давала людзям спаць на гэтым мейсцы. Сядзяць, гаворуць — нічога. А як чуць толькі задрэмлеш, зараз-жэ с-пад цябе ляціць к чортавай матары вобраць, шапка, люлька, нават халат здзярэ і закіне так, што ня скора і знайдзеш. Ці не стаўся і ён, Тамаш, ахвярай чортавай сілы?

Тамаш перахрысьціўся — так яму стала страшна — рука яго кранулася чагось мягкаго і сырога; аглянуўся — купіна; яна нібы заварушылася, і на ёй на момэнт бліснуў агоньчык. Шапка ўзнялася, валасы паўставалі на галаве Тамаша, і ён усхапіўся і пусьціўся на уцёкі. Але не прабег Тамаш і дзесяць крокоў, як уляцеў у нейкую багну. Тамаш крута павярнуў назад. Лапаць заеўся ў гразь, і нага вылузалася з яго. Бягучы назад, Тамаш спатыкнуўся на купіну і паваліўся. Тут яго апанавала такая дзікая злосць, што ён пачаў таптаць і мясіць нагамі купіну с такою сілаю, што купіна зраўнялася з долам і толькі чорная пляма асталася сьледам гэтай паганкі. Тамаш чуў, што пад нагамі якбы нешта піснула, але гэта толькі паддавала злосьці. І Тамаш ешчэ доўга, як ашалелы, скакаў па чорной палямі, падгуківаючы.

— Ву! ву! ву!

Зніштожыўшы ў канец купіну, Тамаш скруціў дзьве фігі і сунуў іх у розные канцы сьвету.

— Вось вам, брладзягі!

У Тамаша знайшлася такая ахвота пакрышыць рэбры ешчэ якому-небудзь чорту, што ён, здавалася, і не рад быў, што на ўсходзі пачынала святлець і што заміж чорта звонка паняслося па лузі.

І-і — га-га-га!

Конскае іржаньне прывяло Тамаша да памяці, і ён пашоў у той бок, дзе былі коні. Прайшоўшы колькі вератнёў, Тамаш насунуўся на начлежнікаў. Скорчыўшыся ў тры пагібелі, спалі яны вакруг таго мейсца, дзе быў агонь, а на самым вогнішчы, закрыўшы яго жыватом, лежаў Панас, пярвейшы штукар ва ўсім сяле. Нідалёка хадзілі і коні. Узяўшы вобраць і нікому не сказаўшы і слова, Тамаш пашоў браць каня. Тамаш прыглядаўся шукаючы каня с пярэвяслам на шыі. А, вось ён! Тамаш працяг руку, каб узяць каня за грыву. Конь, ухмыліўшы вушы, павярнуўся задам і намерыўся убрыкнуць Тамаша. Тут толькі разгледзіў ён наравістую кабылу Андрэя Мотуза. Тамашу стала ясна ўсё. Сярдзіта глянуў ён у бок начлежнікаў. Адтуль нёсся прыдушэны рогат Панаса.

— А каб ты ў чыстым полі рагатаў, каб цябе вон нагамі выняслі, як ты мяне нёс, каб на тваю шыю вяроўку завязалі, як завязаў ты перэвясла, гіцлю!