Перайсці да зместу

Родныя зьявы (1914)/Злавіў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Выстагнаўся Злавіў
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1914 год
З днеўніка пана Жылака
Іншыя публікацыі гэтага твора: Злавіў.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Злавіў!


I.

Дапісаўшы апошнюю страніцу прызыўных спіскоў, пісар Па́вал Дурундовіч разагнуў сьпіну і далёка працяг пад сталом ногі.

— Канец і Богу слава! — сказаў пісар і шпурнуў на стол ручку. Зірнуўшы на гадзіннік, ён борзда падняўся, сказаўшы:

— О-о-о!

Было каля поўначы. Стораж Грыгор даўно ужо спаў, разваліўшыся па падлозі каля дзьвярэй. С таго кутка, дзе ён спаў, няслося столькі ўселякіх зыкаў, што трудна было паверыць, каб гэтые зыкі вылеталі з аднаго чэлавека.

Цяпер толькі пісар зьвярнуў на гэта увагу і, зачыняючы шафу, сказаў, зірнуўшы у бок стоража:

— Маладзец, сам іграе і сам ўтурыць! Ігрышчэ дый годзі.

У спальні пісара даўно ужо чэкала ложка з мягкім матарацам на спружынах і з высока ўзбітымі падушкамі; запаліўшы сьвечку, пісар разьдзеўся і лёг у пасьцель, згайдануўшыся разоў пару.

— Хо́раша, чорт вазьмі! — сказаў пісар, пацягаючыся, і прыемнае пачуваньне агульнаго здаволеньня ахапіла ўсё яго цела.

— Стушыўшы сьвечку, пісар да грудзей толькі нацягнуў лёгкую коўдру, бо на дварэ і ў хаці было душна, як у лазьні.

Колькі мінут пісар палежаў спакойна, думаючы аб сім і тым. Яму было добра: непрыемная работа, — прызыўные сьпіскі, — закончэна: земскі начальнік знайшоў усё ў парадку; рэвізія так сам нічога кепскаго не замеціла. Адным словам, пісар папаў у тую паласу жыцьця, калі чэлавеку шанцуе і ўсё ідзе, як па пісанаму. І сон, салодкі сон, з мінуты на мінуту гатоў быў самкнуць яму вочы. Але толькі што стаў ён дрэмаць, як па яго сьпіне борздзенька прасунулася маленькая, чорная, жвавая жывёлка, ўсё роўна, як там закраўся чарток і паказытаў яго каласком. Пісар цопнуў усей жменяй па тым мейсцы, дзе прапоўз няпрошэны госьць, моцна надушыўшы сьпіну. Маленькі вораг пстрыкнуў і прапаў. Чутачку счэкаўшы, зноў пачуў пісар лёгкі сьверб, ужо на назе, якбы хто запускаў туды павольненька тонкую голачку. Прыгнуўшы нагу, каб спрытней было злавіць скочку, пісар раптам накрыў пальцамі сьвярбючае мейсцэ і, крэпка паціснуўшы, павёў па назе. Праклятая жывёлка зноў прапала. Ня ўсьпеў ён, як мае быць, пачухаць нагу, як у яго засьвярбеў зразу і карк і бок, цяпер ужо шмат мацней, якбы яго секанулі крапіваю. Сон пісараў адразу прапаў:

— Бадай вас агонь высмаліў, як вы смаліце, — сказаў пісар, с сілаю хапаючыся за карк.

Пісараў карк быў абросшы густымі валасамі. Ловячы блаху, ён няўмысля скрабянуў сябе за валасы, ды так моцна, што чуць ня крыкнуў ад болю. Гэтак, бывала, як ён быў малы, нябошчык дзядзька яго паказваў яму, „як даюць квасу“. Уся гэта гісторыя кончылася тым, што пісар узлаваўся.

— А каб вас маланка папаліла! — сказаў ён і падняўся. Абмацаўшы на століку серчыкі, пісар запаліў сьвечку і адвярнуў коўдру. Жвавые скочкі разам скаканулі на ўсе бакі і пахаваліся; толькі адна разоў тры кульнулася па падушцы, і пісар разоў тры пакрываў яе рукою, але спрытная скочка кожны раз шчасьліва выкручывалася ад сярдзітай пісарэўскай рукі. Ператрос ён ўсе бэбахі на пасьцелі, але нічога не злавіў. Хоць-бы адна, сьцерва, папалася, хоць-бы злосьць спагнаў. Абрэвізаваўшы пасьцель і ўласные пазухі, пісар зірнуў на сьцяну. Там павольна, не сьпешаючыся поўз клоп. Здавалася, што ён сабраўся у вялікую дарогу, толькі што не было у яго пайкі і клунка.

— А, гад! а пашпарт у цябе ёсьць? — спытаўся пісар і патскварыў яго сьвечкаю.

Падняўшы сьвечку у гару, пісар азірнуў увесь пакой. Праз вокны глядзела чорная ноч. Вакруг было ціха. Толькі з другога ложка даносіўся мерны сап яго жонкі ды з-за сьцяны Грыгор не перэставаў спраўляць ігрышчэ.

— І скачыхі іх не кусаюць, — пазайздраваў пісар і зноў патушыў сьвечку.

Колькі часу пісар лежаў з аткрытымі вачамі. Сон ужо ня йшоў да яго. Але па-маленьку, ён зноў начынаў сьцішывацца, здавалася, ужо цяпер блохі баяліся чапіць пана пісара, і ён ужо забываў пра іх. Якбы гэтаго толькі яны і чэкалі: толькі што ён павярнуўся на другі бок, як нехта крэпка-пякуча укусіў яго за жывот. Пісар увесь аж патскочыў.

— Ах, каб на вас Бог халеру напусьціў, — лаяўся пісар. А тут за сьцегняк яго, як утне!

— Каб на вас мор і упадкі! — сярдзіта бубніў пісар і варочаўся, як мянёк на скаварадзе. Цяпер пісар не выстрэнчываў чухаць пакусаные мейсцы. Усюды яго цялі: за ногі, за рукі, за сьпіну і бакі. Павёўшы правою рукою па левым баку, пісар абмацаў нешта і крэпка прыдушыў пальцам.

— Трасцу ты цяпер вырабішся! — злорадным голасам гаварыў пісар.

Схапіць у пальцы ён не адважываўся, бо чуў, што сто́іць толькі зьмяніць палажэньне пальца, як яго дабыча уцячэ. А пусьціць яе шкада: яна адна можэ дваццаць разоў укусіла яго. Трэба злавіць брыду, і хоць паназьдзеківацца з яе.

Якраз прачхнулася і жонка,

— Ты ня сьпіш, Оля? — пытае пісар жонку, ні адыймаючы рукі.

— Не!

— Дык устань, брат, запалі сьвечку і падыдзі сюды.

— Што там у цябе?

— А вось ідзі — будзеш ведаць.

— Жонка паднялася с пасьцелі.

Запаліўшы сьвечку і зірнуўшы на пісара як ён трымаўся за бок, жонка была спалохалася. Але пісар быў здароў, бо пазіраў вясёла, як і ўсякі, хто злавіў злодзея.

— Ты ведаеш Оля: качаюся гадзін дзьве, ніяк не засну. Блох у нас, як пяску. А цяпер я нешта злавіў, і чорт яго ведае што.

— Аткуль тые блохі? Хіба клешч, бо ты-ж любіш гэтые маёўкі ў лесі. Пакажы!

— Сьвяці сюды!

Сабраўшы усе сілы. пісар ешчэ раз прыдушыў свайго ворага і паволі стаў браць пальцамі. Вабраў. Пацягнуў — не адрываецца.

— Клешч, каб ён згарэў! — сказаў пісар.

— Дай зірну, — сказала жонка і нагнулася, а пісар адняў руку.

— Ну?

— Цьфу, дурэнь: гэта-ж бародаўка!