Родныя зьявы (1914)/Выстагнаўся
← Знайшлі | Выстагнаўся Апавяданьне Аўтар: Якуб Колас 1914 год |
Злавіў → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Выстагнаўся. |
Выстагнаўся.
I.
Іван Кіслы гараваў ўсё сваё жыцьцё. Усё горэ было ў тым, што у гэтаго гора было ешчэ сваё горэ: заўсёды выпадала так, што беднаму Івану ніколі не удавалася выплакацца, выгаравацца, выскардзіцца і гэтым самым выліць з душы ўсю гаркату, усю боль пахілаго жыцьця. І ўсё складалася, як сумыслу, якбы нейчая злая воля неатступна цягнулася за Іванам і не давала яму здарэньня аблягчыць яго душу. Цягнулася яна з даўных-даўных часаў, с тых часаў, калі Івана ешчэ трудна было адлічыць ад Мар’і, іначэй сказаўшы, калі Іван ешчэ пехатой хадзіў пад стол. Разравецца, бывала, Іван… ды каб-жэ разроўся, як людзі: толькі скрывіць губы, глядзіш — ужо маці зьнімае хвартух і мабілізуе паскі на Іванаву сьпіну — „ня сьмей плакаць“. Дзе тая праўда на сьвеці? Чаму Антось як пачне плакаць, то кінецца на сьпіну аб зямлю і барабаніць нагамі так, што яму можэ пазайздросьціць найпершы барабаншчык? Вазьмі-ж ты. Выйдзе Іван на вуліцу, завядзецца с кім біцца — што-ж гэта за чэлавек, калі ні разу ні пабіўся? — паб’юць, пакрыўдзяць Івана. Што-ж бы вы, добрые людзі, рабілі, каб вы самі былі Іванамі? Вы-б заплакалі, і ўсякі-б заплакаў. А чаму не паплакаць Івану? Але-ж ніхай папрабуе заплакаць: засьмяюць, заплююць ды ў прыдачу горш наштурхаюць.
Раз Іван, моцна пакрыўджэны, адважыўся зайці ў кусты на берэг рэчкі. Прышоў Іван, азірнуўся, сеў на беражок, прыслухаўся. Тут, думаў ён, ніхто яму не пашкодзіць атплакацца за усё. Кругом было так сумна, так ціха. Здавалася, ўсё журылася і настроілася слухаць плач Івана. І нешта ў сярэдзіні, каля самаго сэрца, так завіло, так сьціснула, што Іван раптам нагнуў галаву і мімавольна падняў калошы портачэк: яму здавалася, што у яго так многа выцячэ сьлёз, што вада ў берагох ня ўтоўпіцца. І толькі Іван завёў: „А-о-о-а — гы!“ Як с таго берэга паказалася с кустоў галава рыбака Сёмкі.
— Гэта ты прышоў, пужаць мне рыбу, злодзей ты?! Я табе паскавычу.
Так і засталіся нявыплаканые сьлёзы.
II.
Іван асірацеў. Астаўся ён гадзін на сьвеці, бы тая калатоўка. Быў ён на плытох і не бачыў, як хавалі бацькоў, так што і тут Івану не ўдалося паплакаць, як людзі. Сёстры яго павыходзілі замуж, адзін брат выбраўся у Амэрыку, другі паехаў у сьвет шукаць шчасьця і долі. І Іван астаўся адзін гаспадарыць. Ад бацькоў засталася яму хатка, сякая-такая будоўля, надоба, худоба і паўчверці зямлі. Была у Івана на прымеці і дзяўчына. Праз колькі месяцаў посьле сьмерці бацькоў ён зрабіў заручыны, а на Сёмуху было назначэна вясельле. За тыдзень перад Сёмухай Іван занядужэў. Доўга ён не паддаваўся, перэмагаўся, і ўсё-ж такі мусіў, бедны, здацца. У сераду перад Ушэсьцем пад вечар, Іван залёг. Сьвяжыць Іван, а работа ўся стаіць, рабіць некаму, хата непадмецена, ўсюды непарадак. А на што ён, парадак гэты? думае Іван, ўсё роўна ён памрэ; знайдуцца добрые людзі і пахаваюць яго. Івану стала горка, як ніколі. Усё жыцьцё, шэрае, невясёлае жыцьцё, прайшло ешчэ раз прэд яго вачыма. Што-ж? ён памрэ. Яго закапаюць, і згніе ён, забыты скора навекі, і нічые вочы не затуманяцца слязьмі, як яго будуць несьці на могілкі. І гэта называецца жыцьцё; гэта яго век!.. Адна толькі сьветлая мінуціна мігалася яму, як адзінокая зорачка ў безрадасную восень: цяпер яму ніхто не пашкодзіць усім нутром, усею сілаю змучэнай душы аддацца смутку і жалю; хоць цяпер атплачэ ён ўсё горэ жыцьця, атстогне ўсю боль: ласьне чэлавек ні мае права хоць на адну мінуту, сьветлую мінуту, ў жудаснай імгле цёмнаго жыцьця?
Іван паправіўся на пасцелі, зьмяніў палажэньне свайго цела і абвёў поглядам хату. І толькі што ён прыгатаваўся застагнаць, як на парозі паказалася фігура яго маладой. „І хто яе прасіў сюды? Чаго яна тут?“ — падумаў Іван і нахмурыўся.
— Галубок ты мой! што ты выдумаў хварэць? — жаласьліва спытала яго Магда.
— Ня добра мне, Магда. Мусіць і я пайду за бацькамі — сказаў Іван. Яму самому так горка стала ад сваіх гэтых слоў, што сьлёзы гатовы былі самі паліцца з вачэй.
— Ну што ты выдумляеш? паправішся, Іванка, — і Магда прылажыла руку да лба Івана. Ешчэ большы жаль падшыб Івана. Хіба ўзяць ды заплакаць? зараўці на ўсю хату? Не! падумае, што ён — нюня, плаксівая баба; ешчэ і замуж не захоча пайці. А боль так і ходзіць па ўсім яго целі, і яму, Івану, так хочэцца застагнаць. „Ці застагну ці не?“ думае Іван. „Ой, скарэй-бы яна йшла да дому!“
— Мне, Магдачка, ні так ужо і кепска, пачаў разважаць Іван Магду: — паляжу трохі і ўстану.
— Вось маладзец! — сказала Магда і нагнулася, каб пацалаваць хвораго. Дрож прабегла па целу Івана, яму стала надта прыемна. Ды Іван ахамянуўся: гэтак і ахвота пройдзе стагнаць і аддацца смутку.
— Можэ-б табе, Іванка, спарыць гарнушачак малака?
Іван заматаў галавою і павярнуўся на другі бок.
Магда колькі мінуцін пасядзела маўчком, якбы раздумываючы над тым, узлавацца ці не. На ўсякі выпадак яна надзьмула губкі і насупіла крыху бровы. Іван незаметна павярнуў галаву і зірнуў на яе адным вокам; не — не выпадае так рабіць. Не адварочываючыся, Іван падняў руку і палажыў на плячо Магдзі. Гэтаго было даволі, каб Магда змякчэла.
— Паляжы, саколік, а я прыбяру крыху ў хаці, — і, ўзяўшы венік, яна стала падметаць хату, рабіць парадак, стаўляючы кожную рэч на сваё мейсца, а бедны Іван увесь аж кіпеў. Яму раптам зрабілася так ня добра, так заламала яму косьці, якбы хто ціснуў яго апцугамі, аж ён скрыгікаў зубамі, каб стрымаць стагнаценьне, падкорчваў і выпростваў ногі, варушыўся і пакутаваў, як пасолены мянёк. А Магда так павольна варушылася, якбы і ня думала ісьці да дому. Часамі выходзіла яна ў сенцы ды зараз-жэ ізноў паказывалася ў хаці. А Іван, чуць толькі яна выйдзе, таропна углядаўся і прыслухаўся, як далёка адышлася Магда, каб застагнаць хоць адзін разок, і ніяк не ўдавалася.
— Божэ мой! што яна робіць са мною? Скарэй-бы пайшла ўжо адгэтуль — не цярпелася Івану.
— Ну, Іванка, бывай здаровы…
Іван ўзрадаваўся на момэнт, ды зараз-жэ ешчэ горш апаў духам, як Магда скончыла гаварыць:
— Ідзе сюды мама.
Сказаўшы гэта, Магда борздзенька пацалавала ешчэ раз Івана, прыгнула галаву і ціхачом шмыгнула за парог, на задворкі, каб не спатыкацца з маткай, і пашла дамоў.
— Эй, малады, малады! брыдка! Праз тры дні вясельле, а ён расьцягнуўся, як навой! — громка, на ўсю хату, забарабаніла Настуля, Магдзіна маці.
— Што у цябе баліць, Іванка?
— Нічога, — буркнуў сярдзіта Іван.
— Дык чаго-ж ляжыш?
— А што-ж мне рабіць? скакаць?
— На вясельлі скачы, а цяпер ачунівай. Пакажы, сынок, свой лоб. — Іван злосна заварушыўся, лёг на сьпіну і выставіў лоб.
Старая Наста прылажыла руку на лоб, потым збоку, потым з другога.
— Трохі ёсьць агонь, але нічагутка, глупства. Гэта табе з ветру пашкодзіла. Ось я зараз напару ліповаго цьвету с чаборыкам, выпьеш, прапацееш і пройдзе.
— Я і так ужо пацею, — адазваўся хворы.
— Ну, гэтаго мала: трэба, каб спацеў ад зёлак, — стаяла на сваём Наста.
Бачыць Іван, што тут нічога ня зробіш.
— Нічога мне ня трэба. Дайце мне палежаць спакойна, і ўсё пройдзе.
— Хто-ж табе ні дае лежаць? ляжы сабе, а лекарства я табе ўсё-ж такі дам.
— Ведаеця што, — пусьціўся Іванка ў хітрыкі: — мне так заманулася гарэлкі, што здаецца, каб выпіў чарачку, то зразу ачуняў-бы. Каб як сказаць Магдзі, ніхай-бы прынесла мне кручок.
— Гарэлкі зажадалася, кажэш?
— Ой, як хочэцца!
— Ну, то яна напэўна паможэ. Калі хворы чэлавек моцна хочэ чаго, то тое памагае. Я помню, мой Андрэй хварэў на тыфус. Стаў крыху ачуніваць. Зажадалася яму хлеба, як табе, ось, гарэлкі. А дактары — Божэ барані есьці чорны хлеб. Я мусіла хаваць ад яго хлеб, хоць ён і стары, мой Андрэй, але хворы горш малога. Раз ён устаў ціхэнька ў ночы, зайшоў ў камору і чуць што ня цэлы бохан вытрубіў, і што-ж ты думаеш? Як бачыш ачуняў… Ну, я пайду.
Счэкаўшы крыху, Іван падняўся, падышоў да вакна — нікога німа. Тагды Іван паваліўся на пасьцель, накрыўся коўдраю, потым нагамі сьцягнуў яе с сябе, схапіўся за бакі.
— Ой! ой! ой! О-е-ё-ё-й — заойкаў, застагнаў Іван і сам ня верыў гэтаму шчасьцю. Стагнаў ён доўга, стагнаў на ўсе лады і галасы: то высока і тонка, то нізка і тоўста, то каротка, адрывіста, то працяжна і пявуча; пры гэтым ён варочаўся, корчыўся так, што зубамі мог дастаць свае калені, то выцягаўся, колькі дазвалялі яму скура, жылы і косьці.
А як перэстагнаў ўсё, то пачаў высьпевываць свае стогны на манер песьні „Сонцэ ўсходзіць і заходзіць“.
— О-о-о-ей! о-ё-й! — да!
— Вось табе і хворы: ляжыць сабе ды сьпевае, — сказала Настуля, пераступіўшы з Магдай парог хаты. У хвартуху у яе быў гарачы імбрычэк з зёлкамі і паўкварты гарэлкі.
— Выстагнаўся, дык і паправіўся, — сказаў усьміхаючыся Іван.