Перайсці да зместу

Родныя зьявы (1914)/З днеўніка пана Жылака

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Злавіў З днеўніка пана Жылака
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1914 год
Стараста
Іншыя публікацыі гэтага твора: З днеўніка пана Жылака.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З днеўніка пана Жылака.

Запіскі С-го іграка.


Пана Жылака зналі ня толькі ў нашых тутэйшых закутках, але і далёка, навокала. Гэта быў чэлавек, каторы аставіў ва ўсіх надоўга, каб ні сказаць на ўсё жыцьцё, памяць. Яго будуць памятаць і нашы і не нашы. Нават такі чэрствы і шорсткі чэлавек, як наш крамнік Довід Рэзгін, і той уздыхне і пачухае патыліцу ўсякі раз, калі хто ўспамяне імя нябошчыка. Праўда, наш вялікі знавец душы чэлавека, Гаронім Цыбаты, гаворыць, што ўздохі і пачухі патыліцы Довіда Рэзгіна маюць на гэта свае асобые прычыны: нябошчык пакінуў Довіду шмат неаплачэных квіткоў, бо меў звычай браць на павер. Але ні мае граніц людзкая злосьць і лёгка кінуць чорную пляму на добрае імя чэлавека; ды і сам наш душавед, Цыбаты, не сыскаў з нябошчыка 7 руб. 35 кап., каторые той прайграў яму ў карты. Жылака хавалі з вялікім пыхам, а ў вечар таго дня яго сябры устроілі хаўтуры, і ўсю ноч звон чарак далёка нёсся поруч з душою нябошчыка, праводзячы яе туды, гдзе ўжо спрадвеку прыгатавана ёй мейсца і аткуль ужо ніколі ні знайдзе яна дарогі назад.

Я так патрэсены яго сьмерцьцю, што мой язык ня можэ сказаць і цені таго, што выяўляў сабою нябошчык. Каб хоць крыху пазнаёміць вас з яго натураю, я скажу тут тые словы, каторые у вечар былі казаны нашым прамоўцам Антосем Гладышом. Навярнуўшы на званковаго караля 10 кап. медзякамі, 10 срэбрам і патсунуўшы ешчэ залатоўку пад жывот каралю — „мазу“ (якраз гралі у тэхталя), Антось Гладыш падпадняў шклянку піва, нахмурыў лоб, затуманіў вочы і сказаў:

— „Паноўе! Ці трэба казаць вам, якога сябру згубілі мы, якую страту панесла наша кампанія? Гэта быў няўтомны баец за „зялёным сталом.“ Ён аддаваўся картам усей душою. Не задумываючыся прайгрываў ён грошы і ўсю пэнсію за цэлые месяцы ўперад. Ён гатоў быў прайграць усё, пачынаючы сурдутом і канчаючы порткамі. Гэта была натура, каторая не любіла спыняцца на палавіні дарогі“… Шкада толькі, што наш прамовец ня скончыў сваю прамову: ніхто яго ня слухаў, кожны пазіраў на свае карты. А ў гэтым месьці мовы Антосевай якраз вышоў яго званковы кароль у чацьвёртым раду, і Антось Гладыш сам спыніў сябе, адвярнуўшы караля і гукнуўшы: „Руп сорак!“

Мяне бярэ крыўда за зневажэньне памяці нябошчыка. А мне хочэцца паказаць вам нябошчыка ва ўвесь яго рост. Часта, як быў жыў, чытаў мне нябошчык свой днеўнік, куды ён запісываў усё, што было вартае ўвагі. Аднаму мне даверыў ён сваю тайну, тайну свайго пісьменства, і я не магу стрымацца, каб ні падзяліцца з вамі яго багатай спадчынай, аткуль вы самі убачыце, якая душа тулялася у яго кволым целе.

Вечны спакой табе! Ніхай будзе так лёгка табе земля, як была цяжка твая ігроцкая доля!


„Табе аднэй, мая кніжэчка, давераю я мае думкі радасьць і горэ“, — так начынаецца днеўнік Жылака — „ты адна — мой лепшы друг. Нікому не скажэш ты нічога, хоць на кожнай страніцы я пакінуў часьць самога сябе. Эх!..“

1 мая.

Сягоньня я ўвесь дзень вясёлы. Цэлую ноч гралі ў карты у Г. Выйграў 4 руб. 20 кап. Кладучыся спаць, я абмацаў ў камзэльцы тры рублі. Не памятаю, як яны там апыніліся. Усё роўна, як знайшоў іх на вуліцы. З радасьці зайшоў до Пратаса і выпіў дзьве бутэлькі піва.

2 мая.

Чытаў я, ня помню, калі і ня ведаю гдзе, як лісіца ўхапіла курыцу. Вясёлая і давольная, падбегала яна да сваей нары́. Але нагнаў яе каршун і выхапіў яе дабытак. Гэтак сягоньня здарылася і са мною: тое, што ўчора нагаблеваў, сягоньня спусьціў Тамашу — ды ешчэ і сваіх прылажыў пяць рублёў. Мне такі і не хацелася садзіцца — ўсё роўна як чуў. Але нагналі чэрці гэту акулу. Ну, што-ж? адыграюся! Дома перэмацаў ўсе кішэні: чэкай, браце, Петра — будзем сыр есьці. Знайшоў адзін толькі медны траяк. Трэба адыйграцца ды кінуць карты.

3 мая.

Доўга ня мог заснуць учора. А заплюшчыш вочы, — ось так і стаіць у ваччу хрэставы ніжнік, вінная дзесятка і чырвенны кароль. Усю ноч сніліся карты, куча срэбра: Кажуць, сніць срэбра кепска: сьлёзы! Нёж я буду плакаць? І чаго-бы? У Базыля, здаецца, зьбіраецца кампанія. Хіба паваражыць на пальцы, ісьці ці не… Вываражылася ісьці.

6 мая.

Не люблю я іграць, калі банк трымае Андрэй Нагнётка. Як начне габлеваць карты, як стане выкладаць іх! Проста, якбы жылы выцягае с цябе. Тые карты, што астануцца ў калодзі, разложыць на стале і тагды ўжо начынае выкладаць рады. Паложыць і перш пазірае, сваю ці здаў. Калі і па праўдзе свая возьме, ён с такою любоўю аткідае яе. А не дай Божэ свая выйдзе ў апошнім радзі! „А кацянётка ты маё!“ — гукае вясёла ён, скачэ і цалуе карту, а мы ўсе злосна шпурляем свае карты, бо кожнаму хочэцца ўзяць дзевяты рад. Сягоньня мне шанцавала, але я — дурэнь: ня ўмеў ставіць: памажэш, але ня тую. Быў выйграў 12 рублёў, потым спусьціў, засталося толькі 35 кап. Добра, што хоць сваіх не прасадзіў.

9 мая.

Мікола! Даў Бог добрую памяць: як раз успомніў, што сягоньня імяніны у нашаго пісара. Павінен-жэ скора зьявіцца Ёсель. Пашлю праз яго паздароўканьне. (Ад аутора: Ёсель у мястэчку С. — нешта падобнае да швэйцара, або, як у салдатах, да веставога: трэба каго паклікаць ці паслаць куды або папільнаваць адзежы, бяз Ёселя тут не абойдзешся).

Вечэрам у пісара сабралася цэлая кампанія. Былі тут пані і паненкі… Божэ мой! якіе нашы пані! А паненкі! Эх брат, Жылак! закруціла табе голаў пісарава швагерка… Але ось ты маўчы: ніхай сабе твая хата будзе с краю! Сабраўшыся, усе сядзелі моўчкам, якбы Бог зьмешаў усім нам языкі, хоць мы і ня думалі строіць вежу да неба. Ніяк не знаходзілі, аб чым гаварыць. Я пазіраў на кампанію. Бачу, кавалеры і дамы ўсё паціскаюцца ды пазіхаюць; так і відаць, што чагось-то не стае, але ўсе крэпяцца і маўчаць. Урэшці Міхась Заноза не стрываў. — „Што-бы? — кажэ ён: — каб „абразікі“ — („абразікамі“ у нас завуць карты), — то пачалі-б габлеваць“ — Занозу дружна падтрымалі. Прыняслі карты. Ўсе ад’жывіліся, на тварах засьвяцілася жыцьцё. Селі за стол. Зараз усе забразгалі кецкамі, дастаючы грошы. Гралі у дваццаць адно. Усякі раз, як да мяне прыходзіла чырвенная дама (пісарава швагерка), я йшоў па банку і ўсякі раз выйгрываў. Кажуць, калі шанцуе у карты, то не шанцуе ў любошчах. Чорт іх бяры з любошчамі! Посьле вячэры — а за вячэраю выпілі багата — ігра пашла ешчэ жывей: сталі рызыкаваць. Быў тут на імянінах якісь панок з двара. Ён трымаў банк. Антосю Гладышу здалося, што панок махлюе. Нічога не гаваручы, плясь ён яму ў морду! Панок рынуўся на Гладыша. Ўся справа кончылася тым, што панок, катораго трымалі неколькі мужчын, плюнуў праз стол на Гладыша і аплеваў яму нос. Па праўдзі сказаўшы, і трудна так плюнуць, каб не папасьці яму ў нос: Бог ня скрыўдзіў нашаго Гладыша носам, — як шчыт, сядзіць ён на сваім мейсцы і закрывае сабою ўвесь твар. Ня думаю, каб ён надта здаволены быў сваею долею.

30 мая.

Учора ўся наша кампанія моцна пажывілася. Заехаў сюды адзін чыноўнік. Чэлавек ехаў у Мінск і вёз крыху грошэй у казначэйства. Селі іграць у карты. Чыноўніка патпаілі. Як пашоў ён іграць! Якая-то была ігра: як хто хацеў, так і махляваў. На заўтрае чыноўнік пазычыў у свайго знаёмаго на дарогу грошэй і паехаў. Эх, каб ешчэ Бог прывёў хоць са тры такіх чыноўнікаў! Ну, што-ж? „У карцішкі німа брацішкі“.


Рукапіс пана Жылака цягнецца ешчэ сорак страніц. Многа там выказана ўселякіх разумных мыслей і думак. Але там найболей наш пісьменнік гаворыць аб сабе самым, і гэта можэ даць матэр’ялу для цэлаго расказа. Дык адложым хіба да другога разу.