Родныя зьявы (1914)/Знайшлі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дзяліцьба Знайшлі
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1914 год
Выстагнаўся
Іншыя публікацыі гэтага твора: Знайшлі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Знайшлі.


I.

Мікалай не памятае, як ён запрог каня, як сеў на воз і выехаў з Мінска. Суседзі на заўтра казалі, што Мікола сеў ўпоперак воза, так, што адна нага яго была у драбінах, а другая выстаўлена на фасон пісталета. Колькі праехаў ён такім парадкам, ня ведаюць, бо Мікалай скора схаваўся за капаніцамі на павароці. Усё гэта ні так ужо важна — ці мала як едуць с кірмашу людзі! — важна было тое здарэньне ў дарозі, каторае вымагае таго, каб упамянуць, як Мікола выехаў з гораду. Мікалай як праз сон памятае дарогу, тые крамкі на краю горада, тые карчомкі з вывескамі „Піво“, дзе затрымоўваліся селянскіе хурманкі, каб купіць якую-небудзь дробную рэч і ў апошні раз папрашчацца з горадам, хлабыснуўшы на дарогу шклянку піва, Мікалаю нічога гэтаго ня трэба было, і каб яго хто запытаў тагды, што ў яго на карку—капуста, гарбуз ці галава, то ён зразу напэўна не адказаў-бы па тэй прычыне, што ён ня чуў галавы. Скарэй усяго яму здавалася, што на плечах у яго быў кацёл.

Мікалаёў конік, ня чуючы над сабою цьвёрдай гаспадарскай рукі, пачынаў па-трошкі лайдачыць: ён ішоў то адным краем дарогі, то другім, то сярэдзінай, балазе дарога была шырокая; а часамі проста, атпачываў і толькі азіраўся, ці зважае гэта гаспадар, ці не бярэцца ён за пугу; або падыходзіў да чужога воза, цягаў сена, смакаваў канюшыну, вялікі быў ласун на шчот торбы з аўсом. Шукаючы аўса, ён скінуў торбу с сольлю с чужога воза. „Купіў не купіў, а патаргаваць можна“,—разважаў Мікалаёў конь. Праўда, ён дастаў сабе па мордзі, ды ці варта на гэта зьвертаць увагу? А Мікалай ні варушыўся і лежаў як нябошчык. Покі адышоўся конік вярсты тры ад гораду, прайшло добрых тры гадзіны часу. Людзі йшлі і ехалі. Шырокая дарога гаманіла, гула і стагнала ад людзкіх галасоў, груку калёс і стуку капытоў.

На бок! — гукалі часамі Мікалаю, а Мікалай і ў вус сабе ня дуў, бо нічога ня чуў. Яго абганялі, аб’ежджалі, кідалі жарты, бо што возьмеш с п’янаго? А можэ людзі памяталі словы нябошчыка Базыля, каторы вучыў:

— Не чэпай п’янаго: п’яны усё роўна, як сьвяты.

Мікалай быў ужо далёка ад Мінска, як ён крыху ачухаўся і прышоў у памяць. Конік сам даўно зьвярнуў с шырокай дарогі, і да дому аставалася вёрст пяць. Палажыўшы на воз другую нагу, Мікола спыніўся, агледзіў воз і паправіўся. Ўсё было ў возі, не хапала толькі аднэй рэчы: на галаве не было шапкі.

II.

Нідалёка ад тэй павароткі, дзе зьвярнуў Мікалаёў конік, была ешчэ паваротка на права у другую вёску. Мікалай ня ведаў, што у неколькі кроках за ім ехала другая хурманка і што ён не адзін такі на сьвеці, а ёсьць ешчэ ня горш яго дзюбануўшы Нічыпар Каемык. Нічыпар так сама нічога не знаў пра Мікалая і лежаў на возі, як пласт. Лежаў ён галавой к конскаму заду, абняўшы мяшок атрубоў, і гаварыў з ім, як з пярвейшым другам на сьвеці, бо думаў, што гэта быў не мяшок з атрубамі, а яго добры знаёмы, катораго ён узяўся падвязьці.

— Ты кажэш, брат, што гарох у цане? На усё цяпер расьце цана… На лета засею ўсё поле гарохам… Но-о! — гукнуў Нічыпар і хвасануў пугаю па воздусі у той бок драбіны, дзе з роду, не запрагаўся конь.

— Лявон! — гаварыў далеў Нічыпар да мешка: — давай займёмся гарохам, га?.. Што, брат Лявон, ці не казлы ты ўжо дзярэш? Эх, ты слабейка: выпіў, як куранё, а зьвіўся, як вуж, глынуўшы жабу. Гной ты, а не чэлавек. —

Тут Нічыпару ўспомнілася песьня пра Лявона, і ён зацягну

„Ды Лявон мой
Ды павёз гной,
Ды ляцела варона
Ды схапіла Лявона“.

А „Лявон“ лежаў сабе і нібыто таго. Пад’ехаўшы з паўвярсты, Нічыпар палопаў на мяшку і сказаў: — Ось ты, Лявон, і чужы мне чэлавек, а чаму я цябе люблю? А за тым люблю, што ты, як і я, чэлавек бяз хітрыкаў. Што, я буду каго абгаварываць? Зайздросьціць каму? Ці, як Сымон Очэп, буду хадзіць у воласьць жалабы пісаць? Ні с кім я не сварыўся, ня біўся, не судзіўся, бо то апошні чэлавек, хто судзіцца. Ніхай лепш маё пяройдзе. Бог сьвяты, мне верне. А калі трэба выпіць, то і выць, ды розуму не прапью, што тут глаўнае… піць, але не прапіваць розум. Так я кажу?.. Эх, мілы ты мой друг! абмазаліся мы с табой вакруг і сядзімо ў гнаі, як у крэпасьці! — Нічыпар цяжэй налёг на мяшок, абняў і стаў яго цалаваць.

— І сыты-ж ты, ліха твайму ліху, проста, як мянёк! Дзе ты нагуляў гэтулькі сала? Ось як вазьму я цябе, як скіну, як шпурну, то ты ў мяне апынешся… у Сёмкавым гарадку! Што, можэ скажэш не шпурну? Не шпурну? я цябе не шпурну?! Даль-Бог шпурну, так шпурну, што косьці забражджаць! Хто ты мне? бацька або дзядзька? дзяцей я с табою хрысьціў? Вон з майго воза! —

Нічыпар апхапіў мяшок, лёг з ім у рад, узняў таўхануў каленам і кінуў на дарогу.

— Разлёгся-бо, як пан які, — пачаў Нічыпар, каб апраўдацца перад сабою: — Я чэлавек такі: ні с кім не судзіўся, бо судзіцца не люблю раз, раз — і гатова!..

Доўга, бубніў Нічыпар, — покі ахамянуўся, што і ў яго німа на галаве шапкі.

III.

На тым мейсцы, дзе раз’ехаліся Мікалай з Нічыпарам, лежаў стары капялюш. Я колькі разоў бачыў яго на свае вочы, як пехатой ходзіў з Мінска у Беларучы. Гэты капялюш і цяпер ешчэ жыў ў маей памяці. Я ні магу ня ўспомніць пры гэтым майго друга, пісара, каторы першы, можна сказаць, зьвярнуў увагу на капялюш, як сьдедуе быць. Пісар меў на рэдкасьць чулкую душу, мягкае сэрцэ і жывое слова, каторым ён так валадаў, што мог, здаецца, заставіць плакаць каменьня. Ну, што, на праўду, выяўляе сабою стары, спаршывеўшы капялюш, каторы быў вывезены на поле з якога небудзь сьметніка, а потым занесены ветрамі на дарогу? Так пазіраем на рэчы мы, простые людзі, так пытае звычайны чэлавек. Але ня гэтак зірнуў на яго пісар.

— Капялюш! — сказаў пісар і таўхануў мяне локцям: — ляжыш ты цяпер тут адзін, і топчуць цябе людзкіе ногі. Цябе даўно забылі і кінулі аднаго, аднаго на зьдзек цэлаго сьвета. Пячэ цябе сонцэ, дажджы паліваюць, топчуць у гразь, нагой паткідаюць. А ты, маўчалівы, ляжыш сіратою, і ветры сярдзіта шумяць над табою! І ніхто і ніколі цябе не спытае. Што твой за век быў і доля якая. — Тут пісар высмаркаўся, вочы яго былі мокры ад сьлёз.

— А былі-ж і ў цябе сьветлые часы, вясёлые дні, і табе, сіраціна, сьвяцілі агні. Навенькім выйшоў ты з майстравых рук дзе-небудзь у Лодзі, або і ў Варшаві, і цябе не насілі ні Янук, ні Пятрук, а пан які важны, і быў ты у славі…

Ды дзе там?! Я не скажу і дзесятай долі таго, што казаў пісар. Але ці так яно было, як ён казаў, ці іначэй, я ня ведаю. Адно я толькі знаю, што гэты стары капялюш прыцягнуў да сябе двух п’яных гаспадароў.

Зьвярнуўшы каня і трымаючыся за аглобіну, плёўся Мікалай, прыглядаючыся, ці не ляжыць дзе шапка. З другога боку, такім жэ парадкам, пхаўся і Нічыпар. Што было у іх думках, сказаць трудна. Па тым, як яны плёвалі, можна было вывесьці, якое у іх было пачуцьцё.

— Можэ паднялі часамі шапку? — спытаў Мікалай, спаткаўшы трох хлопцаў: конь, воўчае мяса, спудзіўся, нёс з вярсту, і шапку згубіў, ось.

— Не, не паднялі, — атказалі, на момэнт спыніўшыся, дзяцюкі.

— Якая-ж хвароба панесла твайго каня? Ці ня выпіў ён? — спытаў потым адзін.

— Можэ ты без шапкі выехаў з дому?

— Глядзі, яе даўно ужо па этапу павялі — сьмеяліся хлопцы з Мікалая.

— Я бачыў якбы шапку на шляху. Чарнелася нешта; можэ гэта твая, чэлавечэ, шапка, сказаў—ехаўшый на гэты час гаспадар с Паперні.

-- Ото дзякую, ведама мая! -- сказаў Мікалай сеўшы на воз і пагнаўшы коніка. З другога боку так сама і Нічыпар распы- тываў жанок, ці ні бачылі яго шапкі.

— А якая ж твая шапка? старая? — спытала адна.

Нічыпар паглядзеў на кабету: жартуе яна, ці не і гаворыць:

— Равесьніца тваей хустцы.

Жанчына угневалася.

— Ніхай сабе і равесьніца, але мая—на галаве, а тваё за́ткала на шляху валяецца, і ніхто ня хочэ браць такую брыду.

— Брыда, хай брыда, а знайдзецца — не бяда, — вясёла запалашыў Нічыпар.

— Хто пытае, той ня блудзіць, — сказаў Мікола, здалёк угледзіўшы капялюш.

— Тпрру!

— Язык век па балоці скачэ і не гразьне дый ешчэ і ў Кіеў у карчму завядзе,—гукнуў і Нічыпар, так сама убачыўшы капялюш.

— Мікалай і Нічыпар пазлазілі з вазо́ў і разам працяглі рукі да капялюша.

— Ня руш: гэта мая! — асекае Мікалай і тузнуў капялюш.

— Як-то твая? — спытаў Нічыпар.

— А так мая: п’яны быў і згубіў, вярнуўся і знайшоў, ось і мая.

— А я цьвярозы быў і згубіў, дык, значыцца, мая! — упёрся Нічыпар.

— Ну, пусьці! м рвануў дужэй Мікалай.

— Фіў! — сьвіснуў Нічыпар, крэпка трымаючы капялюш.

— Ня тузай, парвеш! — злаваў Мікалай. — Ня рві —патузаеш! — перэдражніў Нічыпар.

— Ось як тузану, то ты і ногі задзярэш! — сусім узлаваўся Мікола і штурхануў Нічыпара плячуком. Нічыпар — Мікалая. І два гаспадары пачалі валтузіцца па полі, не пускаючы з рук капялюша. Патаміліся абодвы, як пеўні. Ні той, ні другі не адыймаў ад капялюша рук. Маўчалі і толькі цяжка саплі, як кавалёвые мяхі.

— Што будзе? — спытаў Мікалай.

— Нічога ня будзе; атпачынем ды ізноў будзем баранаваць, — атказаў Нічыпар: — я чэлавек такі: біцца ні хачу, судзіцца не люблю і я, апроч таго, чэлавек бывалы: быў у кузьні і у млыне. І тут — гу! гу! там — гу! гу! — і нічога разабраць ні магу, — і пашоў і пашоў балабаніць Нічыпар. Мікола перш слухаў, а потым стаў углядацца на тое, што яны трымалі.

— Ты што згубіў: шапку ці капялюш?

— Шапку, — атказаў Нічыпар.

— І я шапку. А гэта, брат, прыгледзься, саўсім не шапка, а дрэнь. І ты дурэнь і я дурэнь.

— Ці-ж?

— На бяры! — пусьціў Мікола капялюш

Павярцеўшы ў руках, Нічыпар шпурнуў яго аб зямлю і зірнуў на Мікалая. Колькі момэнтаў яны не спушчалі адзін з другога вачэй.

— Цьфу! —

— Цьфу! —

— Нічыпар? —

— Мікалай? —

— Бадай ты запаветрылася, — сказаў Мікалай: хоць-бы ніхто не бачыў! І што мы скажэм ім, бабам? заядуць! —

— Ось паедзем у Паперню, аднака блізка, і надумаемся там, што казаць. Ня выпіўшы, не патрапіш. —